Яго стыхія — мовазнаўства

- 14:59Навука і інавацыі

Імя беларускага лінгвіста прафесара Уладзіміра Іванавіча Коваля добра вядома за межамі нашай краіны, а яго ўклад у мовазнаўства велізарны. Работы вучонага ў галіне лексікалогіі, фразеалогіі, міфалогіі не толькі маюць навуковую каштоўнасць, але і змястоўна цікавыя.

Прафесар Коваль занесены ў лік заслужаных работнікаў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. З гэтай установай звязана ўсё яго жыццё. Выбраўшы філалагічны факультэт пасля заканчэння школы, Уладзімір Іванавіч больш не пакінуў яго. Ужо больш як 40 гадоў ён вучыць студэнтаў і вядзе актыўную навуковую дзейнасць. Амаль 30 гадоў узначальвае кафедру рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства філалагічнага факультэта.

Зараз пад кіраўніцтвам Уладзіміра Коваля выкладчыкі кафедры выконваюць навуковую тэму “Слоўнікавы склад рускай мовы ў яго роднасных і кантактных сувязях: гісторыя і сучаснасць”. Загадчык кафедры кіруе таксама тэмай “Устойлівыя славесныя комплексы рускай і беларускай моў у святле камп’ютарных тэхналогій: склад, рэпрэзентацыя, функцыянаванне”, якая фінансуецца дзяржавай, а таксама сумесным навуковым праектам з Бранскім дзяржаўным універсітэтам імя акадэміка І.Г.Пятроўскага “Традыцыйныя і сучасныя практыкі сацыяльнай рэгламентацыі паводзін моладзі ў сферы любоўна-шлюбных адносін на тэрыторыі Усходняга Палесся: этнакультурны і лінгвагендарны аспекты”.

Варта адзначыць, што кафедра пад кіраўніцтвам Уладзіміра Коваля пастаянна развіваецца, асвойвае новыя кірункі дзейнасці, важнасць якіх дыктуе зменлівы час. Цесныя навуковыя сувязі, наладжаныя з роднаснымі кафедрамі замежных універсітэтаў, узаемадзеянне з пасольствамі дае магчымасць абменьвацца вопытам, пераймаць лепшыя напрацоўкі і заяўляць аб сваіх дасягненнях.

На філалагічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта даволі сур’ёзна вывучаецца кітайская мова, і ў гэтым вялікая заслуга доктара філалагічных навук прафесара Уладзіміра Коваля. Пад яго кіраўніцтвам пры кафедры быў створаны кабінет кітаязнаўства, які ў мінулым годзе перарос у кабінет Канфуцыя. Ведаючы энтузіязм Уладзіміра Іванавіча, можна не сумнявацца, што на гэтым ён не спыніцца. Гэта яго мара, якая нарадзіліся яшчэ на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі, ужо ўзначальваючы кафедру, вучоны адправіўся ў Кітай выкладаць рускую мову ў Пекінскім сталічным педагагічным універсітэце.

Але самае галоўнае, што прафесар далучае да навукі моладзь. У яго ёсць сапраўдны талент бачыць тых, хто гатовы паглыбіцца ў свет мовазнаўства, развівацца і рабіць уклад у навуку, вызначаючы і даследуючы новыя кірункі.

Многія былыя філфакаўцы адкрылі сябе з дапамогай загадчыка кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства. Адны сталі добрымі настаўнікамі, другія зрабілі бліскучую кар’еру ў іншых сферах дзейнасці, трэція мэтанакіравана пайшлі па слядах любімага выкладчыка. Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Коваля абаронены пяць кандыдацкіх дысертацый па лексікалогіі, фразеалогіі і этналінгвістыцы. І ён ганарыцца сваімі выхаванцамі. А ім у сваю чаргу ёсць чаму вучыцца ў навуковага кіраўніка. Уладзімір Іванавіч — аўтар больш як 200 навуковых і вучэбна-метадычных артыкулаў, манаграфій, слоўнікаў і даведачных дапаможнікаў у галіне рускай і ўсходнеславянскай фразеалогіі і лексікалогіі, гендарнай лінгвістыкі, этналінгвістыкі і міфалогіі. Яго публікацыі змяшчаюцца ў навуковых выданнях Расіі, Украіны, Польшчы, Славакіі, Літвы, Латвіі, Германіі.

Сакрэт прафесара Коваля — у яго неабыякавасці да ўсяго, чым ён займаецца. Выбраўшы аднойчы мовазнаўчую навуку сваёй справай, ён зрабіў яе сэнсам жыцця. Зрэшты, партрэт вучонага не будзе поўным, калі не дадаць да ўсяго сказанага яго чалавечыя якасці, добрае пачуццё гумару і жыццялюбства. Сёння Уладзімір Іванавіч ставіць перад сабой новыя задачы, спрабуе зазірнуць у будучыню, каб своечасова прадаставіць навуковай грамадскасці адказы на тыя пытанні, якія з’явяцца з часам.

Наталля ЛУТЧАНКА.