Захапіць дзяцей валейболам настаўніку фізічнай культуры школы №13 Слуцка Аляксею Арцем’еву дапамог уласны прыклад

- 12:43Учитель года

Першы педагагічны вопыт настаўніку фізічнай культуры сярэдняй школы № 13 Слуцка Аляксею Арцем’еву запомніўся тым, як давялося заваёўваць аўтарытэт у навучэнцаў старшых класаў. Замест валейбола, які папулярызуе настаўнік, вучні аддавалі перавагу футболу. Але ўсё змяніў выпадак. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

 Футбол ці валейбол?

Сёння навучэнцы сярэдняй школы № 13 Слуцка кажуць, што ім можна пазайздросціць: так ім пашанцавала з настаўнікам фізкультуры!

Гэта не павінна здзіўляць: Аляксей Арцем’еў — шматра­зовы прызёр і пераможца абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў па класічным і пляжным валейболе, член зборнай каманды Мінскай вобласці і краіны сярод работнікаў адукацыі і навукі.

Захапляцца спортам Аляксей пачаў, калі вучыўся ў пачатковых класах. Тады маленькі хлопчык прыйшоў да бацькоў і сказаў, што хоча вучыцца ў спартыўнай школе.

“Калі прыйшоў у Слуцкую спецыялізаваную дзіцяча-юнацкую школу алімпійскага рэзерву, мне было 8 гадоў, — успамінае настаўнік. — Перш чым зразумеў, што хачу сур’ёзна займацца валейболам, спрабаваў сябе ў розных відах спорту. Спачатку было плаванне, але гэты перыяд доўжыўся нядоўга. Затым на нейкі час захапіўся тэнісам, потым футболам, валейболам, гандболам, лёгкай атлетыкай — было ўсяго патроху. Але больш за ўсё мне падабаліся футбол і валейбол”.

Некалькі гадоў запар школьнік наведваў трэніроўкі ў абе­дзвюх секцыях. Кожны дзень у яго быў распісаны літаральна па мінутах. Нават на выхадных, калі аднакласнікі адпачывалі, Аляксей ха­дзіў на заняткі футболам і валейболам.

“Помню, як у нядзелю пасля заняткаў футболам даводзілася бегчы ў другі канец горада, каб паспець на валейбол, — кажа Аляксей Арцем’еў. — У такім рытме я жыў некалькі гадоў. Потым мяне запрасілі ў Салігорскую раённую дзіцяча-юнацкую спартыўную школу па гульнявых відах спорту “Шахцёр” і паставілі перад выбарам: футбол альбо валейбол? Я выбраў футбол. Валейбол вярнуўся ў маё жыццё, калі аднойчы пазваніў трэнер і запрасіў з’ездзіць на рэспубліканскія спабор­ніцтвы па гэтым відзе спорту ад Мінскай вобласці”.

Менавіта гэты выпадак усё вырашыў. Падчас спаборніцтваў малады чалавек зразумеў, што валейбол — гэта тое, дзе ён зможа сябе рэалізаваць. Калі прыйшоў час выбіраць будучую прафесію, Аляксей Арцем’еў падаў дакументы ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры і спорту.

Пасля заканчэння УВА малады спецыяліст быў размеркаваны ў Ленінскі яслі-сад — сярэднюю школу Слуцкага раёна.

“Першы вопыт запомніўся тым, як прыйшлося заваёўваць аўтарытэт у старэйшых дзяцей, — працягвае педагог. — Дарэчы, усе навыкі, набытыя ў розных відах спорту, акрамя плавання, мне не раз спатрэбіліся. Плаваць я так і не навучыўся, але ў астатніх відах спорту адчуваю сябе як рыба ў ва­дзе. (Усміхаецца.) Валоданне рознымі відамі спорту было дарэчы як падчас спартыўных спаборніцтваў, у якіх прымаў удзел, так і ў педагагічнай дзейнасці, асабліва калі трэба зацікавіць падлеткаў фізкультурай”.

Хлопчыкі са старшых класаў у секцыю па валейболе хадзіць не вельмі хацелі. Як калісьці і іх настаўнік, яны займаліся выключна футболам. Педагогу спатрэбіўся год, каб перавесці вучняў у лік аматараў валейбола, але гэта таксама вырашыў паказальны выпадак. На раённых спаборніцтвах па валейболе, у якіх прымалі ўдзел больш чым 20 школ, каманда Аляксея Арцем’ева (гэта былі выключна дзяўчынкі) стала пераможцай.

“Пасля гэтага ўсе без выключэння старшакласнікі гулялі ў валейбол, — дзеліцца прафесійнымі дасягненнямі настаўнік фізкультуры. — За час работы ў школе я прыйшоў да высновы, што рухавыя і спартыўныя гульні вельмі падабаюцца навучэнцам. Падлеткі цікавяцца не толькі працэсам гульні, але і яе вынікам. А ўлічваючы тое, што мая спецыялізацыя “Валейбол” і я з’яўляюся членам зборнай каманды Мінскай вобласці і Рэспублікі Беларусь сярод работнікаў адукацыі і навукі, неаднаразовым прызёрам і пераможцам абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў па класічным і пляжным валейболе, адным з галоўных напрамкаў маёй педагагічнай дзейнасці лічу папулярызацыю гэтага віду спорту сярод сваіх навучэнцаў не толькі падчас урокаў фізічнай культуры, але і як педагог дадатковай адукацыі”.

Нападаючы ўдар

Самы дзейсны спосаб папулярызаваць валейбол — праз асабісты прыклад. Менавіта так Аляксей Арцем’еў матывуе дзяцей да ўдасканалення тэхнікі гульні.

“Валейбол — гэта цяжкакаардынаваная і цяжкатэхнічная гульня, — тлумачыць яе асаблівасці настаўнік. — Нягледзячы на гэта, валейбол застаецца на працягу многіх дзесяцігоддзяў самым папулярным відам спартыўных гульняў. Можна сказаць, што гэта адзін з пажыццёвых відаў спорту, бо гульня даступная людзям розных узроставых груп і тыпаў целаскладу, і, самае галоўнае, гэта бескантактавы від спорту”.

Урок, на якім дзеці гуляюць у валейбол, пачынаецца з размінкі і бегавых практыкаванняў. Толькі пасля гэтага пачынаецца адпрацоўка розных тэхнічных элементаў.

“Тэхніка валейбола ўключае ў сябе стойкі і перамяшчэнні, падачы і прыём мяча, перадачы, нападаючыя ўдары і блакаванне, — пералічвае А.Арцем’еў. — Для гульні ў валейбол на пачатковым этапе важна добра валодаць трыма элементамі. Спачатку трэба навучыцца стойкам і перамяшчэнню. Пасля гэтага вучым прыём мяча знізу дзвюма рукамі. Трэці, асноўны, этап гульні — падача. Заўсёды нагадваю дзецям: за кім падача, той і дыктуе правілы. Акрамя гэтага, тлумачу навучэнцам, што ў першыя ўдары не трэба ўкладваць усю сваю сілу. Дзеці думаюць, што выканаць удар, прыклаўшы максімальную сілу, будзе правільным, але на самай справе такія ўдары наносяцца ў аўт або ў сетку. Толькі асвоіўшы тэхніку, калі навучэнец будзе правільна наносіць нападаючы ўдар, трэба павялічваць сілу”.

Асабліва эфектыўнай у педагагічнай практыцы Аляксея Арцем’ева з’яўляецца сістэма пад­рыхтоўчых і падводзячых практыкаванняў пры навучанні аднаму з найбольш эфектыўных і цяжкіх спосабаў атакавальных дзеянняў у валейболе — нападаючаму ўдару. Над распрацоўкай і ўкараненнем гэтай сістэмы ў вучэбны працэс настаўнік працуе ўжо чатыры гады.

Вялікае значэнне пры навучанні нападаючаму ўдару мае ўзровень фізічных якасцей падлеткаў. Для іх развіцця вучні выконваюць скачкі на скакалцы, набіваюць мяч, выконваюць скачкі з даставаннем падвешаных прадметаў, баскетбольнага шчыта і кальца. Станоўчы эфект для развіцця фізічных якасцей маюць рухавыя гульні і эстафеты.

“Назіраючы за дзецьмі на ўроках фізічнай культуры падчас навучання валейболу, я заўважыў, што яны часта дапускаюць адны і тыя ж памылкі: неадпавед­насць разбегу хуткасці і траекторыі мяча, няправільны выбар месца адштурхвання, адсутнасць стапорачага кроку і інш.”, — пералічвае А.Арцем’еў.

Сістэма падрыхтоўчых практыкаванняў, якую распрацаваў педагог, дазваляе шмат у чым пазбегнуць гэтых памылак або скарэкціраваць іх, дапамагае стварыць спрыяльныя ўмовы як для правільнага авалодання тэхнічнымі прыёмамі, так і для іх удасканалення ў далейшым.

“Я выкарыстоўваю такія практыкаванні не толькі для развіцця здольнасці дакладна ўзгадніць рух, улічваючы пры гэтым кірунак і хуткасць палёту мяча, — зазначае настаўнік фізкультуры. — Прымяняю іх для развіцця сілы і хуткасці скарачэння мышцаў, якія ўдзельнічаюць у выкананні тэхнічных прыёмаў, для развіцця скакучасці і спецыяльнай вынослівасці (скачковай, хуткасна-сілавой, гульнявой)“.

Падводзячыя заданні робяць складаную тэхніку даступнай для навучэнцаў. Такія практыкаванні на кожным этапе навучання валейболу служаць для выпраўлення памылак, удасканалення асобных частак тэхнічных прыёмаў. Менавіта таму Аляксей Арцем’еў вялікую ўвагу ўдзяляе правільнасці выканання практыкаванняў. Калі педагог бачыць, што нешта патрабуе выпраўлення, ён своечасова ўносіць неабходныя карэктывы.

“Я разумею, што арганізацыйная структура нападаючага ўдару вельмі складаная, таму, перш чым навучаць гэтаму тэхнічнаму прыёму, рыхтую навучэнца да яго ўспрымання”, — падкрэслівае настаўнік.

Каб вызначыць, наколькі эфектыўная распрацаваная сістэма падводзячых і падрыхтоўчых практыкаванняў, настаўнік фізічнай культуры правёў педагагічнае назіранне і кантрольнае тэсціраванне.

“Вынікі сведчаць пра тое, што пры выкарыстанні маёй методыкі, накіраванай на навучанне нападаючаму ўдару, паказчыкі па фізічнай падрыхтоўцы не зніжаюцца, — агучвае вывады А.Арцем’еў. — Такім чынам, па выніках праведзенага педагагічнага назірання і тэсціравання можна зрабіць выснову аб тым, што методыка навучання нападаючаму ўдару ў валейболе, якая ўключае падрыхтоўчыя і падводзячыя практыкаванні, спрыяе эфектыўнасці тэхнічнай падрыхтоўкі і развіццю агульнай фізічнай падрыхтаванасці. Акрамя таго, ускосным паказчыкам эфектыўнасці апісанай сістэмы практыкаванняў з’яўляецца выніковасць выступлення маіх навучэнцаў і мяне асабіста на спаборніцтвах рознага ўзроўню”.

Мяч у рукі

Разважаючы пра тое, чым сёння для яго з’яўляецца валейбол, акрамя формы правядзення ўрока, настаўнік сказаў, што гэта яго настаўніцкае прызванне.

“Як толькі бяру валейбольны мяч у рукі, ён становіцца часткай мяне, — падкрэслівае Аляксей Арцем’еў. — Мне падабаецца быць настаўнікам, трэніраваць сваю каманду. З першага дня, як толькі прыйшоў у школу, я з радасцю вучу дзяцей усяму, што ведаю сам. І яны таксама шмат чаму мяне вучаць. Быць настаўнікам — гэта вучыцца адно ў аднаго, а значыць, не спыняцца на дасягнутым і ўвесь час прафесійна расці”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА