Як эфектыўна арганізаваць работу на ўроках і захапіць кожнага вучня сваім прадметам

- 14:19Образование, Портфолио, Приложение

Вопытам дзеліцца Святлана Урбан, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Дзятлава, якая на працягу 8 гадоў узначальвае школьнае навуковае таварыства навучэнцаў і педагогаў “Пошук”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Вучні 3-й школы Дзятлава ў ліку пастаянных пераможцаў на алімпіядах і даследчых конкурсах у раёне і вобласці, на рэспубліканскіх літаратурных конкурсах і НПК, удзельнічаюць у міжнародных канферэнцыях маладых даследчыкаў. Першую значную перамогу — дыплом І ступені на рэспубліканскім конкурсе (канферэнцыі) работ даследчага характару вучняў у секцыі “Лінгвістыка” — Святлане Уладзіміраўне прынесла ў 2015 годзе вучаніца Дар’я Волкава з работай па даследаванні эматыўных выклічнікаў у творах рускай і беларускай класічнай літаратуры і ў маўленні сучасных носьбітаў мовы. Поспех паўтарыўся і ў гэтым годзе. Толькі цяпер у якасці вучня выступіў сын педагога Яраслаў Урбан, які працягнуў тэму Дашы, даследаваў этыкетныя выклічнікі.

У Яраслава схільнасці да матэматыкі і фізікі. Акрамя таго, ён спартсмен — чатырохразовы пераможца рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакеі “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у дывізіёне Б, — гаворыць Святлана Уладзіміраўна. — Дзякуючы ўзмоцненым трэніроўкам пры падрыхтоўцы да конкурсу, яму таксама ўдалося атрымаць дыплом І ступені на ўзроўні рэспублікі. Яраслаў даследаваў маўленне жыхароў Дзятлава. Апытаў 1000 людзей ад 6 да 94 гадоў (12,3 працэнта ад усіх жыхароў раёна) і выявіў, якія этыкетныя выклічнікі часцей за ўсё яны ўжываюць. Былі апытаны тыя, хто гаворыць і па-руску, і па-беларуску. І ў выніку складзены ўнікальны слоўнік этыкетных выклічнікаў. Калі, напрыклад, у Тлумачальным слоўніку рускай мовы пад рэдакцыяй В.В.Маркоўкіна зафіксавана 30 этыкетных выклічнікаў, то намі выяўлена 168 такіх утварэнняў. 

Адзін з важных момантаў, які аб’ядноўвае творчыя і навуковыя работы вучняў школы — добрыя тэксты, якія яны бліскуча абараняюць. У гэтым ёсць і пэўная заслуга Святланы Урбан, якая праводзіць майстар-класы па рабоце з тэкстам як сродкам фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў, падчас якога дэманструе прыёмы і віды работы з тэкстам. Адметнасцю сваіх урокаў яна лічыць правільна падабраныя тэксты, як правіла, з вялікім выхаваўчым патэнцыялам: тэксты-разважанні, прытчы (тэкставыя або відэапрытчы), вытрымкі з сачыненняў вучняў, прыказкі і прымаўкі, выказванні знакамітых людзей. Такія тэксты раскрыва­юць падзеі, учынкі людзей, закранаюць пытанні дабра і зла, павагі да старэйшых, патрыятызму і грамадзянскасці.

Работа над тэкстам дзеліцца на два этапы:

  1. Прадугледжвае разуменне тэксту, хуткае знаходжанне патрэбных фактаў, выкарыстанне слоўніка пры наяўнасці незнаёмых слоў (а пры яго адсутнасці — уменне разумець новае слова з кантэксту), уменне рабіць высновы па прапанаваным тэксце, выкарыстоўваць асабісты вопыт, веды, культурныя ўяўленні для яго разумення і запамінання, гэта зна­чыць удасканаленне чытацкай дасведчанасці навучэнцаў.
  2. Прадугледжвае работу з моўным матэрыялам згодна з тэмай урока, адпрацоўку пунктуацыйнай і сінтаксічнай нормы. Кожны тэкст можна “нарошчваць” тым моўным матэрыялам, які неабходны для работы ў канкрэтным класе.

— Моўны курс кожнага класа пачынаецца з раздзела “Тэкст”. Тэкстацэнтрычны падыход знаходзіцца ў аснове актуальнага сёння даследавання чытацкай дасведчанасці, — адзначае педагог. — Рабоце з тэкстам магу прысвяціць увесь урок. Пры гэтым мы адпрацоўваем з вучнямі ўсе неабходныя граматычныя, фанетычныя, лексічныя пытанні, паўтараем розныя віды арфаграм і пунктаграм. Напрыклад, калі я хачу праверыць правапіс, зраблю ў словах пропускі літар, калі пунктуацыю і сінтаксіс — прыбяру знакі прыпынку. Адны і тыя ж тэксты магу выкарыстоўваць у розных класах, адаптуючы іх да ўзросту вучняў і тэме ўрока.

Ужо ў 5 класе вучань павінен умець прадставіць сябе вусна і пісьмова, напісаць ліст, анкету, заяву, задаць пытанне, а таксама ведаць, як дзейнічаць у розных сітуацыях зносін.

З 5 класа Святлана Уладзіміраўна вучыць дзяцей вылучаць часткі тэксту і даваць ім назву, вызначаць яго тэму і асноўную думку, тып маўлення, складаць вусныя і пісьмовыя тэксты мастацкага стылю з выкарыстаннем выразных сродкаў. Яе вучні не проста ўзбагачаюць свой слоўнікавы запас, шукаюць у тэкстах сінонімы, антонімы, словы з пераносным значэннем, састарэлыя, дыялектныя, прафесійныя словы, фразеалагізмы, але і тлумачаць, чым матывавана іх ужыванне. Асабліва гэта важна пры падрыхтоўцы да пераказаў і сачыненняў. 

— Для стварэння творчых работ прапаную выканаць заданні на высвятленне значэнняў слоў праз падбор аднакаранёвых слоў, з выкарыстаннем тлумачальнага і этымалагічнага слоўнікаў. Складаем сінанімічныя рады, каб паказаць мэтазгоднасць выбару пэўнага слова, — падкрэслівае педагог. — Эфектыўнымі будуць прыёмы “Карэктар” (выпраўленне маўленчых памылак), “Перакладчык” (замяніць іншамоўнае слова рускім), “Пярэкруты” (замяніць у словазлучэнні галоўнае слова так, каб атрымалася метафара), “Рэстаўратар” (замест кропак уставіць неабходныя словы або часціны мовы). Можна скласці 3—4 звязаныя паміж сабой сказы з прапанаванымі метафарамі або напісаць міні-сачыненне па пачатку тэксту, па прыказцы або вядомай цытаце, ці пачаць сачыненне з рытарычнага пытання.

Святлана Уладзіміраўна выкарыстоўвае прыёмы састаўлення цэлага тэксту з частак, знаходжання меж сказаў, дзялення на абзацы, аднаўлення дэфармаванага тэксту і збірання з фрагментаў. Прапануе вучням вызначыць тэму, галоўную думку і ідэю тэксту, даць яму назву, дапісаць канцоўку, ства­рыць тэксты розных стыляў і тыпаў маўлення. Дзеці таксама выконваюць заданні па аднаўленні ў тэксце прапушчаных слоў-звязак або сказаў, знаходжанні лішняга (па сэнсе) сказа.

Надзея Церахава
Фота аўтара