Як інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі дапамагаюць павысіць цікавасць школьнікаў да фізікі

- 12:10Образование, Портфолио

Вельмі часта можна пачуць, што фізіка — незразумелы, сухі і сумны прадмет, законы і формулы якога ніяк не звязаны са штодзённым жыццём. Чарговы раз пачуўшы такое, хочацца кінуцца ў абарону сваёй любімай навукі.

Аднак адразу ўспамінаецца ўрок па вывучэнні электрычнага току ў свае школьныя гады: нейкая рамка, правадкі на малюнку, два лісты суцэльнага тэксту, “чытайце-вучыце” — і сказаць у абарону няма чаго. Прыйшоўшы ў школу ўжо ў ролі педагога, я вырашыла, што мне цалкам па сілах зрабіць мой прадмет зай­мальным, запамінальным і зразумелым кожнаму навучэнцу.

Распрацоўваючы ўрокі, заўсёды ставіла перад сабой задачу не загрузіць школьнікаў тэарэтычнымі ведамі, а знайсці сувязь з іх прымяненнем у штодзённым жыцці. Лірыкі з цягам часу забудуць правілы і формулы, але надоўга запомняць, у чым сутнасць той ці іншай фізічнай з’явы, як карыстацца прыборам у штодзённым жыцці, а ўжо для фізікаў формул і азначэнняў на ўроках будзе дастаткова. У памяці будзе лягчэй усплы­ваць вобраз, звязаны з разгледжаным устройствам, з’явай ужывую або з дапамогай візуалізаваных мадэлей, чым звязаны з абстрактнымі тэарэтычнымі азначэннямі. Вынік маёй работы — павышэнне цікавасці да вучэбнага прадмета “Фізіка”, што матывуе дзяцей да паглыбленага вывучэння прадмета ў фізіка-матэматычных перадпрофільных і профільных класах нашай школы.

Сучасны настаўнік вымушаны канкурыраваць з медыяасяроддзем, выкарыстоўваючы тыя ж метады ўздзеяння: яркі і цікавы дызайн, правільны сторытэлінг, гейміфікацыю і іншыя сродкі. Педагог жа павінен не толькі навучыць школьніка вучыцца, але і выхаваць асобу, арыентаваную на самавызначэнне і самаразвіццё. Паспяхова вучыць дзяцей мне дапамагае камбінацыя традыцыйных і інавацыйных метадаў і тэхналогій выкладання.

Выкладанне фізікі, дзякуючы асаб­лівасцям самога прадмета, уяўляе сабой спрыяльную сферу для прымянення сучасных лічбавых рэсурсаў і адукацыйных платформ. Інфармацыйныя тэхналогіі падыдуць для любога этапу ўрока фізікі, паколькі наглядна-вобразныя кампаненты мыслення адыгрываюць выключную ролю ў жыцці чалавека, а іх выкарыстанне ў вывучэнні ці паўтарэнні матэрыялу значна павышае эфектыўнасць навучання.

Фізіка — навука эксперыментальная, таму на сучасных вучэбных занятках не абысціся без элементаў віртуальнай і дапоўненай рэальнасці. Комплекснае выкарыстанне на любым этапе ўрока віртуальных доследаў і дэманстрацый, прадстаўленых на адукацыйных рэсурсах “Навука дзецям” і PhET, павышае інфарматыўнасць урока, эфектыўнасць навучання, надае ўроку дынамізм і выраз­насць. З дапамогай камп’ютара можна паказаць з’явы і эксперыменты, недаступныя непасрэднаму назіранню, напрыклад, эвалюцыю зорак, ядзерныя пераўтварэнні, квантаванне электронных арбіт. Магчыма дэманстрацыя анімацыі і віртуальных мадэлей фундаментальных навуковых эксперыментаў (напрыклад, доследаў Рэзерфорда, Штэрна, Кулона з круцільнымі вагамі і інш.), якія з’яўляюцца недаступнымі для паказу ва ўмовах школьнага асяроддзя.

Прымяненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій дазволіла мне ператварыць галоўнага “ворага” настаўніка — гаджэты — у памочніка на сваіх уроках, зрабіўшы іх паўнавартаснымі ўдзельнікамі вучэбнага пра­цэсу. Так, пры вывучэнні раўнамернага прамалінейнага руху можна выкарыстоўваць крокамеры і секундамеры, а пры вывучэнні атмасфернага ціску — барометр і вышынямер. Прычым з многімі мабільнымі праграмамі лёгка разабрацца, няма неабходнасці каліброўкі.

Смартфоны навучэнцаў таксама выдатна дапамагаюць пры франтальнай праверцы дамашняга задання, замацаванні і паўтарэнні пройдзенага матэрыялу, кантролі вывучанага матэрыялу. З дапамогай сэрвісаў Online Test Pad, “ЯКлас” я распрацавала набор тэстаў па ўзроўнях ­складана­сці­ для асобных тэм вучэбнага прадмета “Фізіка”. Усе заданні адпавядаюць вучэбнай праграме. Навучэнцы хутка асвойваюць асноўныя навыкі работы з формамі і з вялікай цікавасцю выконваюць заданні. Такія сэрвісы дазваляюць настаўніку аўтаматычна атрымліваць інфармацыю аб тых заданнях, на якія часта даюцца няправільныя адказы, а за правільныя адказы наліч­ваць балы і на адрас электроннай пошты дасы­лаць каментарыі для навучэнцаў. Спасылкі з тэстамі зручна размя­шчаць на сайце ўстановы адукацыі, прымацоўваць да дамашняга задання ў электронным журнале, што дазваляе навучэнцам паўторна прахо­дзіць тэст дома.

Прымяненне сэрвісу анлайн-тэсціравання аблягчае работу вучняў, спрыяе індывідуалізацыі вучэбнага працэсу, прывівае дзецям дапытлі­васць, актыўнасць, павышае матывацыю да вучобы і паказвае, што за камп’ютарам можна не толькі гуляць, але і вучыцца.

Мультымедыйныя прэзентацыі, створаныя ў Microsoft PowerPoint, былі аднымі з першых лічбавых адукацыйных рэсурсаў. Яны актуальныя і зараз, бо дазваляюць разнастаіць формы работы на ўроку за кошт адначасовага выкарыстання нагляднага, ілюстрацыйнага і відэаматэрыялу на розных этапах вучэбных заняткаў. Аднак хачу прапанаваць да выкарыстання на ўроках постарную прэзентацыю лічбавай платформы Crello, з дапамогай якой навучэнец прадстаўляе інфармацыю ў выглядзе постара, выкананага з дапамогай тэхнікі калажу. Гэты від прэзентацыі дазваляе атрымаць навыкі работы ў групе, развіць праектныя і прэзентацыйныя ўменні.

Прымяненне лічбавых тэхналогій у праектнай дзейнасці дапамагае разнастаіць вучэбны працэс, бо арыентавана на індывідуальныя асаблівасці дзяцей, дазваляе навучэнцу прымераць на сябе ролю даследчыка. Вучань можа працаваць над праектам сам ці сумесна з іншымі вучнямі, аб’яднаўшыся ў мікрагрупу.

Асноўныя этапы праектнай дзейнасці: арганізацыйна-падрыхтоўчы, пошукавы, выніковы, рэфлексія.

На першым этапе навучэнцам трэба выбраць тэму праекта, вызначыць яе важнасць, мэты і задачы. Задача настаўніка — дапамагчы з выбарам тэмы праекта.

Вучням 9 класа можна прапанаваць наступныя тэмы:

  • “Дыханне з пункту гледжання законаў фізікі”;
  • “Ежа з мікрахвалёўкі: карысць ці шкода?”;
  • “Канструяванне радыёкіруемых аўтамадэлей”;
  • “Малюнкі на пшанічных палях”;
  • “Фізічныя з’явы і працэсы ў фільмах (серыялах, кнігах, гульнях, анімэ);
  • “Фізіка ў малюнках”;
  • “Здымка навуковага роліка для сацсетак”.

Пажадана ўцягваць вучняў у пошук новых тэм для даследавання, падахвочваючы іх назіраць за з’явамі вакол сябе і вывучаць іх.

На другім этапе навучэнцы збіра­юць патрэбную інфармацыю. Гэта можа быць запіс інтэрв’ю, прагляд відэаролікаў і фільмаў, вывучэнне навуковых выданняў. Настаўнік кансультуе вучняў, накіроўвае іх у пошуку, даво­дзіць, што крыніц атрымання інфармацыі вельмі шмат і яны маюць розны фармат.

На трэцім этапе вучань афармляе свой праект і рыхтуецца да яго абароны. Тут важна паказаць, што форм справаздачы шмат: рэфераты, прэзентацыі, макеты, віртуальныя мадэлі, відэадоследы, календары…

Апошні этап — вучні абараня­юць свае праекты. Важнай часткай гэтага этапу з’яўляецца ацэнка праекта самім вучнем: ці ўсіх мэт ён дасягнуў, ці з усімі задачамі справіўся.

Адной з задач выкарыстання лічбавых тэхналогій у адукацыі з’яўляецца ўменне вучняў самастойна іх выкарыстоўваць. У гэтым дапамагае прымяненне методыкі праблемнага навучання, што прадугледжвае стварэнне праблемных сітуацый: пытанняў, задач, эксперыментаў пад кіраўніцтвам настаўніка, актыўную самастойную дзейнасць навучэнцаў па іх вырашэнні, стымуляванне іх да самастойнага пошуку інфармацыі праз інфармацыйныя адукацыйныя платформы (напрыклад, рэспубліканскі інфармацыйна-адукацыйны партал eior.by). Галоўная асаблі­васць гэтай методыкі — выяўленне неадпаведнасцей паміж ужо наяўнымі ведамі і ўменнямі і фактамі, якія прапаноўваюцца.

Напрыклад:

  • 8 клас, “Цеплаёмістасць”. Ці можна закіпяціць ваду ў папяровай шклянцы?
  • 7 клас, “Узаемадзеянне цел”. Калі паміж малекуламі ёсць прамежкі, то чаму яны не распадаюцца на асобныя малекулы?
  • 7 клас, “Плаванне цел”. Чаму жалезная качарга, кінутая ў ваду, патоне, а шматтонны жалезны карабель — не?
  • 8 клас, “Цеплаправоднасць”. Калі тэмпература ўсіх цел у пакоі аднолькавая, то чаму па адчуванні металічная батарэя і стол здаюцца рознай тэмпературы?
  • 9 клас, “Рэактыўны рух”. Што агульнага ў паветранага шарыка і ракеты?

Выніковасць работы праяўляецца ў тым, што разам з павышэннем цікавасці да вучэбнай дзейнасці на занятках па фізіцы з выкарыстаннем лічбавых адукацыйных платформ і рэсурсаў павышаецца паспяхо­васць па прадмеце. Навучэнцы паказва­юць добры ўзровень ведаў і ўменняў на самастойных і кантрольных работах. Да аспектаў выніковасці маёй работы можна аднесці і тое, што многія навучэнцы прымаюць удзел у розных конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях і становяцца іх прызёрамі, а таксама з’яўляюцца аўтарамі праектаў. Работа, пачатая мной, працягваецца, знаходзіць водгук у педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў.

Вольга ЯНУШ,
настаўніца фізікі і матэматыкі

сярэдняй школы № 180 Мінска