Дзеці, асабліва малодшага школьнага ўзросту, дыхаюць паветрам творчасці: яны хочуць маляваць, спяваць, прыдумляць. Вучыць дзіця бачыць у кожным прадмеце розныя яго бакі, свабодна фантазіраваць і мысліць трэба пачынаць як мага раней.
Дзеці з задавальненнем уцягваюцца ў працэс творчасці. Яна заўсёды самастойная, новая, незвычайная. Гэта дзіцячы парыў да дабрыні і прыгажосці, увасабленне іх мар, імкненне выказаць свае пачуцці і перажыванні.
Развіццё ўяўлення і творчых здольнасцей дзяцей малодшага школьнага ўзросту праз нетрадыцыйныя тэхнікі малявання выяўляецца ў стварэнні новых прадуктаў дзейнасці, якія разнявольваюць дзіця. І яно ўжо не баіцца, што ў яго нешта не атрымаецца.
Вызначальнай лініяй у гэтым напрамку з’яўляецца самастойная творчая дзейнасць вучня, яго індывідуальны густ. Прычым найвышэйшым узроўнем такой творчасці з’яўляецца стварэнне ўласнага твора: ілюстрацый з героямі вывучаных твораў ці ўласных малюнкаў.
У малодшага школьніка ўяўленне моцна звязана з яго жыццёвым вопытам, і яно не пасіўнае (фантазіраванне), а паступова становіцца стымулам да дзейнасці. Вобразы і думкі, якія ўзнікаюць, дзіця імкнецца ўвасобіць у рэальныя прадметы (малюнкі, цацкі, розныя вырабы, часам карысныя), над стварэннем якіх трэба папрацаваць. Настаўнік можа і павінен кіраваць развіццём уяўлення сваіх вучняў.
Падчас работы з нетрадыцыйнымі тэхнікамі малявання неабходна выкарыстоўваць розныя метады: метад нагляднасці (разглядванне ілюстрацый, паштовак, відэафільмаў); даследчы метад (накіраваны на развіццё ў дзяцей не толькі самастойнасці, але і фантазіі, творчасці); метад абследавання (самастойны творчы пошук дзецьмі сродкаў выразнасці); часткова пошукавы метад (выкананне невялікіх заданняў, якія патрабуюць самастойнай актыўнасці, уключэння ўяўлення і памяці); гульнявы метад (абыгрыванне прадметаў, выкананага малюнка, няскончанай выявы, стыхійнае ўзнікненне вобразаў, правядзенне развіццёвых гульняў).
Выкарыстанне гульнявых прыёмаў, казачных вобразаў, эфектаў нечаканасці дапамагае зацікавіць дзіця, настроіць яго на творчасць. У аснову работы неабходна пакласці ідэю навучання без прымусу, разняволіць дзіця. Крыху тэхнікі, і пляма на аркушы паперы можа ператварыцца ў прыгожае дрэва, казачны персанаж, воблака ці кошку. У аснашчэнні прадметна-развіццёвага асяроддзя можна прымяняць непатрэбныя і падручныя цікавыя прадметы: зубныя шчоткі, расчоскі, паралон, пенапласт, ніткі, свечкі, лісточкі розных памераў, палачкі для марожанага, ватныя дыскі і ватныя палачкі, пер’е птушак, вінтавыя накрыўкі.
Важна даваць дзецям як мага больш самастойнасці, пры гэтым дапамагаючы. Не ставіць задачу дакладна паўтарыць узор, а з яго дапамогай імкнуцца выклікаць у дзіцяці жаданне ствараць самому, мяняць узор, удасканальваць.
Найбольш эфектыўнымі нетрадыцыйнымі тэхнікамі развіцця ўяўлення і творчых здольнасцей малодшых школьнікаў з’яўляюцца:
- маляванне сухой і алейнай пастэллю;
- маляванне пальчыкамі;
- эстамп (адбітак фарбы мятай паперай, плёнкай, лісцем дрэў, травой, пялёсткамі);
- маляванне далонькамі;
- тэхніка “Сухі пэндзаль” (маляванне жорсткім паўсухім пэндзлем);
- маляванне маннай, пяском, соллю;
- маляванне мятай паперай;
- маляванне па мятай паперы;
- тэхніка “Манатыпія” (з выкарыстаннем фарбаў і вадкага мыла пры дапамозе адбітка можна атрымаць фактурны малюнак);
- пластылінавы жывапіс;
- змешаная тэхніка (выкарыстанне фарбаў, алоўкаў, пастэлі, васковай крэйды і маркераў на адным малюнку);
- чорна-белы гратаж (прадрапванне малюнка палачкай на паперы, пакрытай воскам і чорнай тушшу);
- каляровы гратаж (прадрапванне малюнка палачкай на паперы, пакрытай воскам і рознакаляровай гуашшу);
- кляксаграфія (выдзіманне з дапамогай трубачак з кляксаў розных прадметаў, дэталі якіх можна дамаляваць);
- ніткаграфія (афарбаванай ніткай шляхам выцягвання за свабодныя кончыкі выконваецца абстрактная работа, дэталі якой можна дамаляваць);
- напырск (распырскванне фарбы з выкарыстаннем зубной шчоткі, расчоскі або паўсухога пэндзля);
- маляванне відэльцамі;
- маляванне губкай і ватнымі палачкамі;
- маляванне “пухлымі фарбамі”;
- маляванне спіраллю;
- маляванне на вільготным лісце паперы;
- маляванне метадам штурхяля;
- зентагл (абстрактныя ўзоры і арнаменты чорнай гелевай ручкай у рамках контурнага малюнка).
Выкарыстоўваць нетрадыцыйныя тэхнікі малявання неабходна ў рамках праграмы адукацыйнага працэсу. Таму тэмы ўрокаў выяўленчага мастацтва гучаць аднолькава, адрозненне толькі ў прымяненні тэхнікі. У пачатку ўрока неабходна азнаёміць дзяцей з тым ці іншым спосабам атрымання выявы, растлумачыць і прааналізаваць прапанаваныя ўзоры работ, а затым прадэманстраваць прымяненне тэхнікі на практыцы. Такія тэхнікі, як “Пальчыкі — палітра” і адбітак пячаткамі з бульбы, неабходна выкарыстоўваць на ўроках дэкаратыўнага малявання з мэтай адпрацоўкі паняцця “рытм”, на ўроках тэматычнага малявання і малявання па памяці і ўяўленні — з мэтай выканання асобных элементаў выявы, а таксама фаніравання. Адбітак мятай паперай, кляксаграфія розных відаў, напырск, адбіткі лісця выкарыстоўваюцца з мэтай падрыхтоўкі аркуша паперы да далейшага малявання (трава, снежнае покрыва), дакладней, падмалёвак да выявы.
У якасці самастойных тэхнік, якія арганізоўваюць цэласную кампазіцыю, можна разглядаць манатыпію, гратаж, кляксаграфію, работу васковай крэйдай, маляванне свечкай. Несумненна, выкарыстанне ў структуры адной работы некалькіх нетрадыцыйных тэхнік малявання, з умовай захавання кампазіцыйнай цэласнасці, дазваляе дасягнуць яе зместавага і тэхнічнага багацця. Гэты від практычнай дзейнасці лепш рэалізоўваць на абагульняючых уроках малявання, а таксама на ўроках замацавання і паўтарэння ведаў, уменняў і навыкаў.
Варыятыўнасць і мастацкая разнастайнасць нетрадыцыйных тэхнік малявання даюць магчымасць творча падыходзяць да іх адбору, да вырашэння вучэбнай задачы канкрэтнага ўрока выяўленчага мастацтва, улічваючы асаблівасці тэматычнага, зместавага, тэхнічнага бакоў мастацка-творчай дзейнасці, а таксама спектр інтарэсаў класа і асобнага вучня.
З іншага боку, навучэнцы атрымліваюць неабмежаваныя магчымасці, каб выявіць у малюнку свае пачуцці, думкі, перажыванні, эмоцыі, настрой, вучацца бачыць у нечаканых спалучэннях колеравых плям і ліній вобразы, афармляць іх да пазнавальных і паглыбляцца ў дзіўны свет творчасці.
Работа з нетрадыцыйнымі тэхнікамі стымулюе станоўчую матывацыю ў дзіцяці, выклікае радасць, знімае страх перад працэсам малявання. У дзіцяці развіваюцца ўпэўненасць, прасторавае мысленне, яно вучыцца свабодна выказваць сваю ідэю, працаваць з разнастайным матэрыялам. Акрамя таго, развіваецца пачуццё кампазіцыі, рытму, каларыту, колераўспрымання, фактурнасці і аб’ёмнасці, дробная маторыка і г.д. Вучні ствараюць малюнкі па ўласнай задуме, работы становяцца ўсё больш цікавымі, змястоўнымі, іх ідэя і задума багацейшыя.
Дзеці набываюць упэўненасць у сабе, нясмелыя пераадольваюць “хваробу чыстага ліста паперы” і пачынаюць адчуваць сябе маленькімі мастакамі. Прымяняючы і камбінуючы розныя матэрыялы і спосабы, можна стварыць унікальныя работы, прыгажосць якіх немагчыма апісаць. Дзеці з задавальненнем пакрываюць плямамі, мазкамі, штрыхамі адзін ліст паперы за другім, адлюстроўваючы то асенняе лісце, што круціцца ў паветры, то сняжынкі, якія плаўна апускаюцца на зямлю. Смела бяруцца за мастацкія матэрыялы, іх не палохаюць гэтая разнастайнасць і перспектыва самастойнага выбару. Дзецям прыносіць вялікае задавальненне сам працэс выканання. Яны гатовы шматразова паўтарыць тое ці іншае дзеянне. І чым лепш атрымліваецца рух, тым з большай асалодай яны яго паўтараюць, як бы дэманструючы свой поспех, і радуюцца, прыцягваючы ўвагу дарослага да сваіх дасягненняў.
Святлана ЛІТОЎЧЫК,
настаўніца пачатковых класаў
бараўлянскай сярэдняй школы № 3