Як можна развіць творчыя здольнасці дзяцей малодшага школьнага ўзросту

- 16:40Образование, Портфолио, Приложение

Дзеці, асабліва малодшага школьнага ўзросту, дыхаюць паветрам творчасці: яны хочуць маляваць, спяваць, прыдумляць. Вучыць дзіця бачыць у кожным прадмеце розныя яго бакі, свабодна фантазіраваць і мысліць трэба пачынаць як мага раней.

Дзеці з задавальненнем уцягваюцца ў працэс творчасці. Яна заўсёды самастойная, новая, незвычайная. Гэта дзіцячы парыў да дабрыні і прыгажосці, увасабленне іх мар, імкненне выказаць свае пачуцці і перажы­ванні.

Развіццё ўяўлення і творчых здольнасцей дзяцей малодшага школьнага ўзросту праз нетрадыцыйныя тэхнікі малявання выяўляецца ў стварэнні новых прадуктаў дзейнасці, якія разнявольваюць дзіця. І яно ўжо не баіцца, што ў яго нешта не атрымаецца.

Вызначальнай лініяй у гэтым напрамку з’яўляецца самастойная творчая дзейнасць вучня, яго індывідуальны густ. Прычым найвышэйшым узроўнем такой творчасці з’яўляецца стварэнне ўласнага твора: ілюстрацый з героямі вывучаных твораў ці ўласных малюнкаў.

У малодшага школьніка ўяў­ленне моцна звязана з яго жыццёвым вопытам, і яно не пасіўнае (фантазіраванне), а паступова становіцца стымулам да дзейнасці. Вобразы і думкі, якія ўзнікаюць, дзіця імкнецца ўвасобіць у рэальныя прадметы (малюнкі, цацкі, розныя вырабы, часам карысныя), над стварэннем якіх трэба папрацаваць. Настаўнік можа і павінен кіраваць развіццём уяўлення сваіх вучняў.

Падчас работы з нетрадыцый­нымі тэхнікамі малявання неабходна выкарыстоўваць розныя метады: метад нагляднасці (разглядванне ілюстрацый, паштовак, відэафільмаў); даследчы метад (накіраваны на развіццё ў дзяцей не толькі самастойнасці, але і фантазіі, творчасці); метад абследавання (самастойны творчы пошук дзецьмі сродкаў выразнасці); часткова пошукавы метад (выкананне невялікіх заданняў, якія патрабуюць самастойнай актыўнасці, уключэння ўяўлення і памяці); гульнявы метад (абыгрыванне прадметаў, выкананага малюнка, няскончанай ­выявы, стыхійнае ўзнікненне вобразаў, правядзенне развіццёвых гульняў).

Выкарыстанне гульнявых прыёмаў, казачных вобразаў, эфектаў нечаканасці дапамагае зацікавіць дзіця, настроіць яго на творчасць. У аснову работы неабходна пакласці ідэю навучання без прымусу, разняволіць дзіця. Крыху тэхнікі, і пляма на аркушы паперы можа ператварыцца ў прыгожае дрэва, казачны персанаж, воблака ці кошку. У аснаш­чэнні прадметна-развіццёвага асяроддзя можна прымяняць непатрэбныя і падручныя цікавыя прадметы: зубныя шчоткі, расчоскі, паралон, пенапласт, ніткі, свечкі, лісточкі розных памераў, палачкі для марожанага, ватныя дыскі і ватныя палачкі, пер’е птушак, вінтавыя накрыўкі.

Важна даваць дзецям як мага больш самастойнасці, пры гэтым дапамагаючы. Не ставіць задачу дакладна паўтарыць узор, а з яго дапамогай імкнуцца выклікаць у дзіцяці жаданне ствараць самому, мяняць узор, удасканальваць.

Найбольш эфектыўнымі нетрадыцыйнымі тэхнікамі развіцця ўяўлення і творчых здольнасцей малодшых школьнікаў з’яўляюцца:

  • маляванне сухой і алейнай пастэллю;
  • маляванне пальчыкамі;
  • эстамп (адбітак фарбы мятай паперай, плёнкай, лісцем дрэў, травой, пялёсткамі);
  • маляванне далонькамі;
  • тэхніка “Сухі пэндзаль” (маляванне жорсткім паўсухім пэндзлем);
  • маляванне маннай, пяском, соллю;
  • маляванне мятай паперай;
  • маляванне па мятай паперы;
  • тэхніка “Манатыпія” (з выкарыстаннем фарбаў і вадкага мыла пры дапамозе адбітка можна атрымаць фактурны малюнак);
  • пластылінавы жывапіс;
  • змешаная тэхніка (выкарыстанне фарбаў, алоўкаў, пастэлі, васковай крэйды і маркераў на адным малюнку);
  • чорна-белы гратаж (прадрапванне малюнка палачкай на паперы, пакрытай воскам і чорнай тушшу);
  • каляровы гратаж (прадрапванне малюнка палачкай на паперы, пакрытай воскам і рознакаляровай гуашшу);
  • кляксаграфія (выдзіманне з дапамогай трубачак з кляксаў розных прадметаў, дэталі якіх можна дамаляваць);
  • ніткаграфія (афарбаванай ніткай шляхам выцягвання за свабодныя кончыкі выконваецца абстрактная работа, дэталі якой можна дамаляваць);
  • напырск (распырскванне фарбы з выкарыстаннем зубной шчоткі, расчоскі або паўсухога пэндзля);
  • маляванне відэльцамі;
  • маляванне губкай і ватнымі палачкамі;
  • маляванне “пухлымі фарбамі”;
  • маляванне спіраллю;
  • маляванне на вільготным лісце паперы;
  • маляванне метадам штурхяля;
  • зентагл (абстрактныя ўзоры і арнаменты чорнай гелевай ручкай у рамках контурнага малюнка).

Выкарыстоўваць нетрадыцыйныя тэхнікі малявання неабходна ў рамках праграмы адукацыйнага працэсу. Таму тэмы ўрокаў выяўленчага мастацтва гучаць аднолькава, адрозненне толькі ў прымяненні тэхнікі. У пачатку ўрока неабходна азнаёміць дзяцей з тым ці іншым спосабам атрымання выявы, растлумачыць і пра­аналізаваць прапанаваныя ўзоры работ, а затым прадэманстраваць прымяненне тэхнікі на практыцы. Такія тэхнікі, як “Пальчыкі — палітра” і адбітак пячаткамі з бульбы, неабходна выкарыстоўваць на ўроках дэкаратыўнага малявання з мэтай адпрацоўкі паняцця “рытм”, на ўроках тэматычнага малявання і маля­вання па памяці і ўяўленні — з мэтай выканання асобных элементаў выявы, а таксама фаніравання. Адбітак мятай паперай, кляксаграфія розных відаў, напырск, адбіткі лісця выкарыстоўваюцца з мэтай падрыхтоўкі аркуша паперы да далейшага малявання (трава, снежнае покрыва), дакладней, падмалёвак да выявы.

У якасці самастойных тэхнік, якія арганізоўваюць цэласную кампазіцыю, можна разглядаць манатыпію, гратаж, кляксаграфію, работу васковай крэйдай, маляванне свечкай. Несумненна, выкарыстанне ў структуры адной работы некалькіх нетрадыцыйных тэхнік малявання, з умовай захавання кампазіцыйнай цэласнасці, дазваляе дасягнуць яе зместавага і тэхнічнага багацця. Гэты від практычнай дзейнасці лепш рэалізоўваць на абагульняючых уроках малявання, а таксама на ўроках замацавання і паўтарэння ведаў, уменняў і навыкаў.

Варыятыўнасць і мастацкая разнастайнасць нетрадыцыйных тэхнік малявання даюць магчымасць творча падыходзяць да іх адбору, да вырашэння вучэбнай задачы канкрэтнага ўрока выяўленчага мастацтва, улічваючы асаб­лівасці тэматычнага, зместавага, тэхнічнага бакоў мастацка-творчай дзейнасці, а таксама спектр інта­рэсаў класа і асобнага вучня.

З іншага боку, навучэнцы атрымліваюць неабмежаваныя магчымасці, каб выявіць у малюнку свае пачуцці, думкі, перажыванні, эмоцыі, настрой, вучацца бачыць у нечаканых спалучэннях колеравых плям і ліній вобразы, афармляць іх да пазнавальных і паглыбляцца ў дзіўны свет творчасці.

Работа з нетрадыцыйнымі тэхнікамі стымулюе станоўчую матывацыю ў дзіцяці, выклікае ра­дасць, знімае страх перад пра­цэсам малявання. У дзіцяці развіваюцца ўпэўненасць, прасторавае мысленне, яно вучыцца свабодна выказваць сваю ідэю, працаваць з разнастайным матэрыялам. Акрамя таго, развіваецца пачуццё кампазіцыі, рытму, каларыту, колераўспрымання, фактурнасці і аб’ёмнасці, дробная маторыка і г.д. Вучні ствараюць малюнкі па ўласнай задуме, работы становяцца ўсё больш цікавымі, змястоўнымі, іх ідэя і задума багацейшыя.

Дзеці набываюць упэўне­насць у сабе, нясмелыя пераадоль­ваюць “хваробу чыстага ліста паперы” і пачынаюць адчуваць сябе маленькімі мастакамі. Прымяняючы і камбінуючы розныя матэ­рыялы і спосабы, можна стварыць унікальныя работы, прыга­жосць якіх немагчыма апісаць. Дзеці з задавальненнем пакры­ваюць плямамі, мазкамі, штрыхамі ­адзін ліст паперы за другім, адлюстроўваючы то асенняе лісце, што круціцца ў паветры, то сняжынкі, якія плаўна апускаюцца на зямлю. Смела бяруцца за мастацкія матэрыялы, іх не палохаюць гэтая разнастайнасць і перспектыва самастойнага выбару. Дзецям прыносіць вялікае задавальненне сам пра­цэс выканання. Яны гатовы шмат­разова паўтарыць тое ці іншае дзеянне. І чым лепш атрымліваецца рух, тым з большай асалодай яны яго паўтараюць, як бы дэманструючы свой поспех, і радуюцца, прыцягваючы ўвагу дарослага да сваіх дасягненняў.

Святлана ЛІТОЎЧЫК,
настаўніца пачатковых класаў
бараўлянскай сярэдняй школы № 3