Як “разагрэць” навучэнцаў на пачатку ўрока і настроіць іх на рабочы лад, ведае настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 1 Глуска Алена Дзядзюля. У ход ідуць розныя педагагічныя знаходкі, хітрыкі, ажыўлялкі, лічылкі, скорагаворкі, загадкі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Сітуацыя поспеху
Па словах Алены Васільеўны, да выбару педагагічнай прафесіі яна прыйшла не адразу. Да 9 класа хацела звязаць сваё жыццё з медыцынай, аднак, паспрабаваўшы свае сілы ў алімпіядным руху па хіміі, прыйшла да высновы, што гэта не зусім яе стыхія.
— Вельмі хацелася, каб будучая прафесія была звязана з работай з людзьмі. Так я і апынулася ў педагогіцы, — расказвае А.Дзядзюля. — А замежная мова была выбрана дзякуючы майму настаўніку з вялікай літары Наталлі Мікалаеўне Каранеўскай. Менавіта яна захапіла і ўцягнула ў цудоўны свет замежнай мовы.
У школу настаўніца прыйшла працаваць, яшчэ калі была студэнткай 4-га курса філалагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава і ўжо 13 гадоў выкладае англійскую мову вучням.
— Самы вялікі плюс работы ў школе — усведамленне таго, што ты сапраўды прыносіш карысць: грамадству, краіне, а галоўнае, вучням. Калі бачыш у вачах дзяцей, што ты ім патрэбен, то адчуваеш сябе неабходным у іх жыцці. Бо яны часам абдзелены бацькоўскай увагай з-за занятасці татаў і мам, — працягвае суразмоўніца. — Школа і школьны калектыў — гэта жывы і пастаянна зменлівы арганізм, гэта новыя прафесійныя выклікі, якія дазваляюць быць у тонусе сучаснага жыцця. Гэта ўдзел з вучнямі ў канферэнцыях, конкурсах, алімпіядах. Пошук, работа, памылкі, поспехі, перамогі. А таму маё жыццёвае крэда — “Ніколі не спыняцца на дасягнутым”.
На ўроках педагога эфектыўнасць вызначаецца падрыхтаванасцю навучэнцаў да міжкультурнай камунікацыі, гэта значыць, уменнем прымяняць веданне англійскай мовы ў зносінах, ці то гэта дыялог, маналог, палілог, ці то пісьмовая мова.
— Перадумова паспяховага ўрока — складанне плана, — лічыць Алена Дзядзюля. — Эфектыўнасць урока залежыць ад яго структуры — этапаў урока, кожны з якіх нясе вельмі важную метадычную функцыю. Заўсёды пачынаю ўрок з этапу warming-up activity. Гэты момант цудоўна “разагравае” навучэнцаў, рыхтуе да работы на ўроку. Я прымяняю розныя хітрыкі: гульні, мікрадыялогі, эмацыянальныя песенькі. Часта выкарыстоўваю лічылкі, вершы, скорагаворкі, рэбусы, загадкі. Карыстаюся імі, каб з першых мінут прыцягнуць увагу навучэнцаў да тэмы, настроіць іх органы маўлення на гаварэнне на англійскай мове.
На ўроках настаўніца выкарыстоўвае розныя ажыўлялкі, як валеалагічныя, аздараўленчыя (гімнастыка для вачэй, цікавыя гульнявыя фізпаўзы), так і разнастайныя рухавыя гульні.
У навучанні Алена Васільеўна аддае перавагу вуснаму маўленню, хаця чытанню і перакладу таксама ўдзяляе шмат увагі. Літаральна з першых мінут навучання імкнецца пераканаць дзяцей у тым, што трэба пераадолець страх гаварэння на англійскай мове.
— Лічу, што дзецям неабходна спачатку добра засвоіць лексіку. Веданне слоў імкнуся рознымі спосабамі даводзіць да аўтаматызму. Школьнікі вывучаюць словы так, што на ўроку здольны перакладаць словы з рускай мовы на англійскую і наадварот на час. Пасля асваення лексікі пераходзім да вуснага маўлення і пісьма. Добра засвоіўшы словы, дзеці з лёгкасцю могуць перакладаць на мову цэлыя апавяданні. Яны хутка складаюць дыялогі, маналогі, — расказвае педагог.
Для падтрымання матывацыі дзяцей да вывучэння мовы Алена Дзядзюля стварае сітуацыю поспеху. Адчуваючы пачуццё паспяховасці ў камунікатыўнай дзейнасці, вучань перажывае радасць, эмацыянальны ўздым. У яго з’яўляецца ўпэўненасць ва ўласных сілах, павышаецца самаацэнка, з’яўляецца жаданне зноў дасягнуць добрых вынікаў.
— Для навучання ўменню пісьмова выкладаць свае думкі падбіраю такія фармулёўкі заданняў, якія змяшчаюць пабуджальны матыў да пабудовы выказвання, — тлумачыць педагог. — Спачатку актывізую лексічны і граматычны матэрыял, з мэтай пазбягання магчымых памылак асноўныя граматычныя структуры прадстаўляю на дошцы ці ў табліцы. Для некаторых заданняў (розныя віды пісем) абавязковы ўзор, а таксама магчыма складанне плана выказвання, выкарыстанне выяўленчай нагляднасці (пры апісанні жылля, горада).
Прыёмы візуалізацыі, як традыцыйныя (схемы, апорныя канспекты, табліцы), так і новыя (воблака слоў, інфаграфіка), настаўніца падбірае з улікам канкрэтных вучэбных задач на розных этапах урока: пры тлумачэнні новага матэрыялу, замацаванні, абагульненні і сістэматызацыі ведаў і інш.
Імклівая інфарматызацыя грамадства прывяла да карэнных змяненняў у разнастайных сферах дзейнасці чалавека, у тым ліку паспрыяла фарміраванню ў малодшага пакалення новага тыпу мыслення — кліпавага. Так, дзеці, якія выраслі ў эпоху высокіх тэхналогій, па-іншаму глядзяць на свет. Іх успрыманне не паслядоўнае і не тэкставае. Яны бачаць малюнак у цэлым і ўспрымаюць інфармацыю па прынцыпе кліпа. У выніку пры арганізацыі заняткаў існуе неабходнасць візуалізацыі інфармацыі. Прымяненне разнастайных сродкаў і прыёмаў нагляднасці робіць урок больш эфектыўным, бо дазваляе задзейнічаць розныя каналы ўспрымання інфармацыі.
Дамашні рэлакс
Пяць гадоў Алена Васільеўна рыхтуе вучняў да конкурсаў даследчых работ і алімпіяд.
— Несумненна, каб паспяхова падрыхтаваць навучэнца да любога інтэлектуальнага конкурсу, настаўнік павінен прадаставіць яму моцную дыдактычную базу. Таму нямала часу займае аналіз работ мінулых гадоў, складанне і падбор заданняў па актуальных тэмах. І абавязкова планаванне работы: па кожным класе вызначаюцца тэмы на вывучэнне і складаецца план работы на навучальны год. З практыкі відаць, што чым раней пачынаецца работа, тым лепшы вынік паказвае навучэнец. Так, ужо з 3 класа прыглядаюся да дзяцей, у якіх ёсць здольнасці, лінгвістычнае чуццё і цікавасць да замежнай мовы, — заўважае педагог. — Калі гаварыць пра даследчыя работы, то тут трэба ісці ў нагу з часам, знайсці такую тэму, якая актуальная ў сучасным свеце і абавязкова мае практычную значнасць. Толькі пры такой умове можна атрымаць высокія вынікі. Летась Дар’я Урбанская праводзіла даследаванне “Вывучэнне замежнай мовы праз сетку інтэрнэт”, а сёлета Ілья Васілеўскі — “Дыялекты Глуска на замежнай мове”.
Мэтанакіраваная работа прыносіць станоўчыя вынікі. Выхаванцы настаўніцы з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі раённых прадметных алімпіяд, конкурсаў даследчых работ. Так, Ілья Васілеўскі сёлета на раённым этапе алімпіяды стаў уладальнікам дыплома І ступені, а Карына Буклей — дыплома ІІІ ступені.
— Школа — такі ўнікальны механізм, што, вярнуўшыся з яе, працягваеш працаваць і дома. Планы, канспекты, сшыткі — гэта, так бы мовіць, віды дамашняга рэлаксу. Але калі ёсць магчымасць, ніколі не адмаўляюся ад прагулак на свежым паветры. Такі від правядзення вольнага часу дапамагае перазарадзіцца і набрацца сіл, — гаворыць педагог.
Алена Дзядзюля з’яўляецца пераможцай раённага этапу конкурсу метадычных распрацовак па замежнай мове, накіраваных на развіццё чытацкай адукаванасці. Яна прызнаецца, што сітуацыя поспеху не дае сядзець склаўшы рукі, таму ў планах — працягнуць работу па падрыхтоўцы вучняў да інтэлектуальных спаборніцтваў, а таксама да паспяховай здачы ЦЭ і ЦТ.
І стымул, і матывацыя
Актыўна ў сваёй дзейнасці Алена Дзядзюля прымяняе інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі.
ІКТ дазваляюць скараціць часавыя выдаткі пры падрыхтоўцы да заняткаў, павысіць шчыльнасць урока, павялічыць уздзеянне на розныя каналы ўспрымання і апрацоўкі інфармацыі, узбагаціць нагляднасць, якая забяспечвае ўсвядомленасць і асэнсаванасць вучэбнага матэрыялу, які ўспрымаецца дзецьмі.
Урокі з выкарыстаннем інтэрактыўнай дошкі выклікаюць у навучэнцаў непадробленую цікавасць. Заняткі праходзяць у гульнявой форме, дзецям прасцей запамінаць тую ці іншую інфармацыю. Матэрыялы, прадстаўленыя на інтэрнэт-платформах Wordwall, LearningАpps і інш., накіраваны на развіццё навыкаў гаварэння, чытання, пісьма, на ўспрыманне іншамоўнага маўлення на слых і яго разуменне. Прычым названыя рэсурсы карысныя яшчэ і тым, што падабраць матэрыял можна не толькі па тэме ўрока, а і па ўзроўні ведаў вучняў.
Для правядзення таго ці іншага віду кантролю педагог прымяняе рэсурсы платформ Islcollective і Liveworksheets, на якіх ёсць шмат тэстаў, практыкаванняў рознага ўзроўню, з дапамогай якіх у навучэнцаў можна праверыць як лексіку, так і граматыку, навыкі чытання і вуснага маўлення. Практыкаванні педагог спампоўвае, раздрукоўвае і дае кожнаму навучэнцу індывідуальна. Часам, выкарыстоўваючы мультымедыйны праектар, арганізуе франтальную работу і работу ў групах. Калі-нікалі звяртаецца і да відэаўрокаў, якія ў асноўным згрупаваны па граматычных тэмах. Па ходзе прагляду з’яўляюцца пытанні для праверкі разумення альбо адпрацоўкі граматыкі.
Мабільныя дадаткі, якія ўстаноўлены на тэлефонах, выхаванцы Алены Васільеўны выкарыстоўваюць пераважна дома. У дзяцей з’яўляецца магчымасць замацаваць атрыманыя на ўроках веды і навыкі. І не проста адпрацаваць, але і разабраць свае памылкі. У большасці дадаткаў ёсць зваротная сувязь: яны выдаюць не толькі правільныя адказы, але і разбіраюць памылкі і даюць тлумачэнне.
У практыку работы настаўніцы ўвайшлі віктарыны, дыспуты, дэбаты, якія дапамагаюць рэалізаваць выхаваўчы патэнцыял урока, практыкуе педагог і перавернутае навучанне. Напрыканцы вывучэння кожнага раздзела школьнікам прапаноўваецца выканаць праект, які можа быць як групавым, так і індывідуальным. Навучэнцы разумеюць, што паспяховае выкананне праекта залежыць ад кожнага ўдзельніка, таму актыўнасць і праяўленне свайго пункту гледжання вельмі неабходны. Акрамя таго, дзеці вучацца працаваць у камандзе, у кожнага ўдзельніка ёсць свае абавязкі, неабходнасць правільнага ацэньвання зробленага, сваёй работы і работы аднакласнікаў. А гэта вялікі стымул для актыўнага засваення ведаў.
Формы работы для праектнай дзейнасці вельмі разнастайныя: навучэнцы бяруць інтэрв’ю, шукаюць інфармацыю праз прагляд відэа, друкаваныя крыніцы. У выніку ў іх развіваюцца навыкі чытання, гаварэння, пісьма.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара