Як падрыхтаваць стабальніка? Адказ ведаюць івацэвіцкія настаўнікі

- 9:00Главная, Образование

Бліскучыя вынікі сёлета прадэманстравалі выпускнікі ўстаноў адукацыі Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. На іх рахунку — дзесяць стабальных вынікаў па цэнтралізаваных экзаменах, а ў траіх навучэнцаў — па два вынікі ў 100 балаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На першым ЦЭ найвышэйшы вынік — у пяці выпускнікоў івацэвіцкіх школ. Стабальныя вынікі па матэматыцы — у Валерыі Аўрусевіч і Дар’і Івашка з сярэдняй школы № 3 (настаўніца А.В.Чарота), па грамадазнаўстве — у Настассі Брыль з сярэдняй школы № 3 (настаўніца Т.К.Крыштопчык), па біялогіі — у Мікіты Басалая з сярэдняй школы № 4 (настаўніца А.М.Сарока) і па англійскай мове — у Эміліі Мазалеўскай з сярэдняй школы № 1 імя В.Гука (настаўніца А.М.Заранко).

Добрыя вынікі івацэвіцкіх выпускнікоў і на другім ЦЭ. Па другім стабальным выніку — у Валерыі Аўрусевіч па рускай мове (настаўніца І.В.Міцкевіч), Настассі Брыль па беларускай мове (настаўніца Г.А.Паляшчук), Мікіты Басалая па рускай мове (настаўніца А.І.Ляшко). Таксама 100 балаў па рускай мове атрымалі Ірына Вясна з сярэдняй школы № 1 імя В.Гука (настаўніца В.С.Зяленя), па беларускай мове — Настасся Кавалевіч з сярэдняй школы № 4 (настаўніца В.М.Герман).

Асаблівасцямі падрыхтоўкі школьнікаў да цэнтралізаванага экзамену падзяліліся іх педагогі.

Паўтарэнне — маці вучэння

Галіна Анатольеўна Паляшчук, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Івацэвіч:

— Арганізацыя пад­рыхтоўкі вучняў да ЦЭ адбывалася на наступных напрамках: урок, факультатыўныя заняткі, стымулюючыя заняткі, індывідуальная кансультацыя вучняў (у тым ліку і праз сацыяльныя сеткі).

Галоўны сакрэт поспе­ху вучня — гэта матывацыя, захапленне роднай мовай, імкненне да высокіх вынікаў, сістэматычная самастойная работа. Заахвочваю дзяцей на ўроках, выкарыстоўваючы разнастайныя метады пры вывучэнні той ці іншай тэмы. Таксама ўводжу гульнявыя элементы. Важна, каб вучні не толькі бралі гатовыя веды ад нас­таўніка, але і набывалі самі (чыталі тэарэтычны матэрыял, за­вучвалі, нешта для сябе занатоўвалі). Мая стабальніца Настасся Брыль, дарэчы, сама праяўляла ініцыятыву.

Тэсты пачынаю паступова выкарыстоўваць у форме кантролю ведаў з 5 класа. У 10—11 класах, калі вучні ўжо вызначыліся, якую мову будуць здаваць на экзамене, пачынаецца грунтоўная падрыхтоўка, падчас якой імкнуся сістэматызаваць і паглыбіць тэарэтычныя веды школьнікаў па ўсіх раздзелах курса беларускай мовы (на аснове табліц, схем, кластараў). Звяртаю асаблівую ўвагу на словы-выключэнні, на словы, якія неабходна запомніць або правапіс якіх выклікае пытанні; на канструкцыю сказаў, дзе можа ўзнікаць пытанне пастаноўкі знакаў прыпынку.

Матэрыял паўтараецца згодна са складзеным планам, але ў 11 класе на дадатковых занятках можа разбірацца тэма, якую прапаноўваюць самі вучні. Тэарэтычны матэрыял абавязкова замацоўваецца практычна: выконваюцца адпаведныя заданні са зборнікаў.

Абавязковым лічу аналіз з вучнямі тыповых памылак, дапушчаных на тэсціраванні абітурыентамі папярэдніх гадоў. Дабіцца трывалых ведаў дапамагае шматразовае паўтарэнне пройдзенага матэрыялу. Каб ведаць і памятаць, трэба паўтараць. Паўтарэнне право­дзіцца на аснове тэстаў, якія вучні выконваюць паралельна з заданнямі па тэме заняткаў.

Абавязковая ўмова — вядзенне канспектаў, да якіх вучні могуць звярнуцца ў любы момант, каб патлумачыць дапушчаныя памылкі. Пастаянна звяртаецца ўвага на тое, што неабходна ўдумліва і ўважліва чытаць заданне. Падкрэсліваю, што заданні на адно і тое ж правіла могуць утрымліваць розную фармулёўку: “Адзначце словы, якія трэба пісаць разам”; “Адзначце словы, якія трэба пісаць праз злучок”. Выкарыстоўваю тэставыя заданні розных гадоў, каб вучні знаёміліся з варыянтамі фармулёвак заданняў.

Асноўныя метады і прыёмы навучання пры падрыхтоўцы да ЦЭ:

  • работа з падагульняльнымі схемамі і табліцамі па арфаграфіі, сінтаксісе і пунктуацыі;
  • структурна-семантычны і камунікатыўны аналіз сінтаксічных адзінак;
  • выкананне тэставых заданняў па розных тэмах;
  • практыкумы, лінгвістычны эксперымент, прагаворванне тэарэтычнага матэрыялу;
  • арфаграфічныя хвілінкі на паўтарэнне (“Карэктар”, “Лаві памылку”, “Растлумач выдзеленую літару”, “Перакладчыкі”, “Правяраю сябе”);
  • арфаграфічныя і пунктуацыйныя задачы;
  • праблемнае пытанне: “Чым адрозніваюцца сказы “Лета цёплае” і “Цёплае лета”?”;
  • лінгвістычныя загадкі: “Чаму “блакітнавокі” пішацца разам, а “блакітна-шэры” праз злучок?”;
  • прыём параўнання з мэтай выяўлення заканамернасцей: правапіс не (ня) з дзеясловам і дзеепрыслоўем; знакі прыпынку ў сказах з аднароднымі членамі і ў складаназалежных сказах з сузалежным аднародным падпарадкаваннем.

Найбольш прадукцыйнымі для ўрока беларускай мовы падчас падрыхтоўкі да ЦЭ лічу тлумачальна-ілюстрацыйны, рэпрадуктыўны, метад праблемнага выкладання, калі настаўнік у ходзе выкладання новага матэрыялу сістэматычна стварае праблемныя сітуацыі, ставіць пытанні і паказвае шляхі вырашэння вучэбных праблем, пастаянна падахвочвае вучняў да самастойнай пазнавальнай дзейнасці, а таксама часткова-пошукавы метад, калі шляхам лагічна ўзаемазвязаных пытанняў настаўніка і адказаў вучняў ці пошукавай гутаркі вырашаецца новая для вучняў праблема або яе частка.

Пры падрыхтоўцы да ЦЭ калегам рэкамендавала б наступную літаратуру: В.М.Сіўковіч “Беларуская мова. ЦТ за 60 урокаў”, В.М.Сіўковіч “Беларуская мова ў пытаннях і адказах”, артыкул С.Л.Васілевіч “Падрыхтоўка да цэнтралізаванага экзамену па беларускай мове: практычныя заданні з адказамі”, надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”.

Крышачку быць філолагам

Іна Вільгельмаўна Міцкевіч, нас­таўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Івацэвіч:

— Мне вельмі імпануюць словы Сакрата: “У кожным дзіцяці ёсць сонца, толькі дайце яму свяціць”. Імкнуся ў кожным вучню разгледзець штосьці добрае, убачыць яго схільнасці, патэнцыял і развіць іх. Не ўсе дзеці высокаматываваныя, адораныя, але кожнае дзіця неабходна ўзбагаціць ведамі па яго магчымасцях.

Лічу, што падрыхтоўка да ЦЭ і ЦТ будзе прадукцыйнай, калі настаўнік бярэ дзяцей у 5 класе і даводзіць іх да 11 класа. Тады можна бачыць вынік сваёй працы.

Яшчэ ў 5 класе імк­нуся матываваць сваіх выхаванцаў, данесці да іх словы акадэміка Д.Ліхачова пра тое, што кожны інтэлігентны чалавек павінен хаця б крышачку быць філолагам: гэтага патрабуе культура.

На маіх уроках часта прысутні­чаюць гульнявыя моманты. Практыкую бі-тэсты, якія прадугледжваюць у адказах плюс альбо мінус. Яны даюць магчымасць навучэнцу ацаніць тое, наколькі ён засвоіў матэрыял. Тэхналогія развіцця крытычнага мыслення, праблемнае навучанне, дзелавая гульня з’яўляюцца найбольш эфектыўнымі на занятках. Работа з эпіграфам дае магчымасць паўтарыць пытанні фанетыкі, марфалогіі, арфаграфіі. Навучэнцы вя­дуць і лінгвістычныя слоўнікі, куды запісва­юць значэнні слоў, якія выклікаюць цяжкасці. Абавязкова на ўроках прысутнічаюць міжпрадметныя сувязі. У кожным мастацкім тэксце — празаічным ці паэтычным — знаходзім лінгвістычныя моманты, працуем над імі, каб вучні бачылі мову як сістэму.

Пры падрыхтоўцы да ЦЭ самае галоўнае — сістэматычнасць. Каб атрымаць стабальны вынік, трэба працаваць не адзін год. Акрамя вывучэння матэрыялу школьнай праграмы, абавязкова вучні павінны быць захоплены прадметам і спазнаваць значна больш, пашыраць свой кругагляд. З маёй вучаніцай Валерыяй Аўрусевіч мы прайшлі шлях падрыхтоўкі да Рэспуб­ліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры. З 8 класа рыхтаваліся да гэтых спабор­ніцтваў, і ўсе гады на раённым этапе ў яе было 1-е месца. А сёлета на вобласці дзяўчына заваявала дыплом ІІІ ступені. Удзел у алімпіядзе — гэта таксама стымул і значная лінгвістычная падрыхтоўка. Мы ўдзельнічалі ў шматлікіх конкурсах па края­знаўстве, у алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь — гістарычная і культурная еднасць”.

Мэтанакіравана рыхтавацца да ЦЭ мы пачалі ў 10 класе. Праўда, выбарачна заданні цэнтралізаванага тэсціравання прапаноўваліся ўжо ў 7—8 класах пры праходжанні адпаведных тэм школьнай праграмы. Школа прадастаўляе магчымасць арганізацыі стымулюючых і падтрымліваючых заняткаў з вучнямі. Вялікая роля адводзіцца самастойнай рабоце старшакласнікаў. У 10—11 класах настаўнік выступае ў ролі куратара, дае рэкамендацыі, пэўны аб’ём матэ­рыялу, які вучань засвойвае, выконваючы заданні. Дамашняя работа абавязкова правяраецца. Калі дзесьці сустракаецца памылка, то на яе падбіраюцца практыкаванні на замацаванне. І такім чынам правіла адпрацоўваецца да аўтаматызму.

Звычайна ў дзяцей найбольшыя цяжкасці выклікаюць тэмы па словаўтварэнні і заданні, звязаныя з нормамі рускай літаратурнай мовы, бо школьнікі лічаць нормай тое, што чуюць (напрыклад, як спытаць правільна: “С чем пирожок?” альбо “Какой пирожок?”). І задача настаўніка — не ўпусціць гэтыя тэмы на працягу навучання. Не будзе лішнім для старшакласніка наведваць рэпетыцыйныя тэсціраванні і потым па іх выніках праводзіць карэкцыйную работу. На сваіх памылках вучыцца лепш.

Пры падрыхтоўцы да ЦЭ і ЦТ параіла б карыстацца школьнымі падручнікамі, мінулагоднімі тэстамі, а таксама артыкуламі метадычнага прадметнага часопіса, дзе, дарэчы, я дзялілася вопытам.

Працаздольнасць і ўніклівасць

Алена Мікалаеўна Сарока, настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 4 Івацэвіч:

Мне вельмі пашанцавала з навучэнцамі: апошнія два гады ў мяне быў вельмі моцны клас хіміка-біялагічнага профілю. Усе выпускнікі на ЦЭ паказалі вельмі добрыя вынікі. Самы высокі бал быў у Мікіты Басалая, чацвёра вучняў здалі ЦЭ больш чым на 90 балаў.

Звычайна бяру вучняў з 6 класа. І, як правіла, дзеці праяўляюць цікавасць да біялогіі — новага прадмета ў раскладзе. Тут вельмі важна не страціць гэтую цікавасць, знайсці менавіта сваіх вучняў, у якіх гараць вочы, якія задаюць шмат пытанняў, часам нават правакацыйных, на якія не адразу і адкажаш (напрыклад: “Зязюлін лён жыве толькі адзін год. Колькі разоў за лета ён утварае споры?”).

Мае вучні маюць права на памылку і не баяцца выказацца. Мне падабаецца, калі школьнікі дзеляцца рознымі меркаваннямі, нават памылковымі. Разам з класам мы карэкціруем іх і падводзім вучня да правільнага адказу.

Каб прывіць дзецям цікавасць да прадмета, выкарыстоўваю на ўроках літаратурныя творы альбо выразы. Магу пачаць заняткі з відэасюжэта альбо мультфільма і прапанаваць знайсці ў іх біялагічныя памылкі. Напрыклад, школьнікам прапаноўваецца паглядзець фрагмент “Казкі пра рыбака і рыбку” А.Пушкіна і адказаць, чаго не хапае рыбцы ў знешнім выглядзе альбо што гіпербалізаваў аўтар. Часта прапаноўваю вучням цікавыя біялагічныя задачы на разважанне. Дарэчы, рашаць іх дзецям вельмі падабаецца.

Я прыхільніца традыцыйных урокаў, але імкнуся, каб кожныя заняткі не былі падобнымі на папярэднія. Самы прыемны камплімент ад выхаванцаў, калі яны чуюць званок з урока і ўсклікваюць: “Так хутка?!”

Стабальны вынік — гэта работа не аднаго года. Да ЦЭ і ЦТ мы з вучнямі пачалі мэтанакіравана рыхтавацца з 8 класа. Вельмі важна, каб навучэнец быў зацікаўлены, каб у яго былі матыў і мэта. Мы працавалі ў малых групах — па 2—3 чалавекі, індывідуальна. Што тычыцца стабальніка Мікіты Басалая, то працаздольнасці і ўпартасці хлопца можна толькі па-добраму пазайздросціць. З 7 класа ён засвяціўся ў алімпіядным руху. Не прапусціў ніводных дадатковых заняткаў. Мэтана­кіравана займаўся і ў школе, і дома. Акрамя алімпіядных, я давала навучэнцам заданні апераджальнага характару. Ужо з 8 класа мы пачалі прапрацоў­ваць зборнікі ЦТ мінулых гадоў. Другая палова 11 класа была прысвечана менавіта выкананню тэстаў.

Звычайна даю вучням заданне прапрацаваць пэўную тэму дома. Рэкамендую ім пачынаць работу са школьнага падручніка. Калі нейкі тэарэтычны момант незразумелы, адпрацоўваем яго разам. Бяром інфармацыю са старых пад­ручнікаў — часта матэрыял там падаецца больш зразумела. Даю заданні для яго замацавання. Калі ўсё зразумела, выконваем заданні па гэтай тэме з мінулагодніх зборнікаў ЦТ.

Мне вельмі падабаецца ў некаторых вучняў такая якасць, як уніклівасць, скрупулёзнасць, калі яны звяртаюць увагу на дробязі, на выключэнні, якія ў падручніках пададзены ў дужках, і іх можна не заўважыць. Звычайна на іх дзеці не звяртаюць увагі, а потым, калі здаюць тэсты, праколваюцца на простых пытаннях.

Зараз тэсты не маюць завоблачных заданняў, яны адпавядаюць школьнай праграме, і калі вучань працаздольны, настойлівы, то яму рэальна здаць тэст на высокі бал. Лічу, што за два гады пад­рыхтаваць стабальніка магчыма пры ўмове, што гэты вучань мае добрую прадметную базу.

Звычайна ў школьнікаў асаблівыя цяжкасці выклікаюць заданні па тэме “Эвалюцыя”, “Рухальныя сілы эвалюцыі”, “Доказы эвалюцыі” (параўнальна-анатамічныя доказы, гамалогія і аналогія, гамалагічныя і аналагічныя органы і інш.). Часта, выконваючы іх, навучэнцы дапускаюць памылкі. Практыка паказвае, што, як ні парадаксальна, у заданнях па тэме “Расліны” вучні таксама робяць шматлікія памылкі. Таму пры падрыхтоўцы варта звяртаць увагу на чырванакніжнікаў, прадстаўнікоў пэўных атрадаў, класаў, груп раслін альбо жывёл. Засяродзіць увагу таксама неабходна і на тэме “Экалогія”. Зараз задач па экалогіі стала менш, але іх усё роўна трэба рашаць. Заданні па экалогіі, асабліва аб прыстасаванні раслін і жывёл да розных экалагічных фактараў, да іх недахопу альбо лішку, трэба прапрацоўваць дэталёва.

З вучэбнай літаратуры пры падрыхтоўцы да ЦЭ мае выхаванцы карысталіся дапаможнікам М.Лісава “Поўны школьны курс”. Гэта дастойнае выданне з добрай структурай і зместам.

Зрабіць першы крок

Анжаліка Віктараўна Чарота, настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 3 Івацэвіч:

Высокія вынікі даюцца не проста, гэта вялікая праца, прычым не толькі ў 11 класе, а на працягу ўсяго навучання ў школе. Калі, напрыклад, руская мова — гэта цыклічнасць і ў кожным класе дабаўляецца больш ведаў, то матэматыка як лавіна: калі ты не вывучыў штосьці, цябе зацягне ў бездань.  Ды і складаецца царыца навук з абсалютна розных прадметаў: алгебры і геаметрыі. У адным пераважаюць формулы, другі патрабуе ведання тэорыі, прасторавага ўяўлення.

Складнікамі поспеху на ЦЭ ці ЦТ з’яўляюцца сістэматычнасць і паслядоўнасць. Ужо з 8 класа мы з вучнямі пачалі вывучаць матэматыку на павышаным узроўні, працавалі на факультатыўных, дадатковых занятках. Плюс самастойная работа школьнікаў. Усе гэтыя фактары, а яшчэ ўменне сканцэнтравацца ў пэўны момант, і прывялі да поспеху.

У працэсе падрыхтоўкі ўдзельнічаюць два чалавекі: настаўнік і вучань. Я прыходжу на ўрок, і мне не важна, якое перада мной дзіця: я ўсё роўна даю яму матэрыял. Але хтосьці бярэ больш, а хтосьці — менш, бо прырода заклала ў кожнага розныя здольнасці. Прызнаюся, працаваць на ўроку няпроста, нават у профільнай групе, бо і тут выкладанне прадугледжвае розны ўзровень, і заняткі атрымліваюцца вельмі насычанымі. Я не забараняю вучням задаваць пытанні нас­таўніку, адно аднаму, калі яны рашаюць задачу альбо ў іх штосьці не атрымліваецца.

Люблю працаваць з крэйдай і дош­кай. Даю тэарэтычны матэрыял блокамі. Для сістэматызацыі ведаў выкарыстоўваю схемы, табліцы, кластары і інш. Прадукцыйнымі лічу навучанне ў супрацоўніцтве і праблемнае навучанне. Так, рашаючы тэкставую задачу, вучні адчуваюць цяжкасці. Тут на дапамогу прыходзіць графічны метад рашэння, які разглядаецца на дадатковых занятках.

У ідэале падрыхтоўка да ЦЭ павінна пачынацца з 9 класа. Першапачаткова гэта паўтарэнне тэм школьнай праграмы 5—10 класаў. У гэты час можна, не спяшаючыся, пазбавіцца ўсіх прабелаў, пачаць разумець матэматыку. Насамрэч, з разуменнем і формулы запамінаюцца лягчэй, і рашаць задачы прыемней. Апошні год — разбор астатніх тэм і адпрацоўка тэс­тавых заданняў.

Каб на ЦЭ быць упэўненым у сваіх сілах, трэба вывучаць усе матэматычныя формулы і ўмець імі карыстацца. Гэтага магчыма дасягнуць у выніку пастаяннай практыкі. Неабходна перыядычна паўтараць усе тэмы, тэарэтычную інфармацыю. А таму практыкую вядзенне канспектаў.

Звычайна ў рашэнні таго альбо іншага тэставага задання складана зрабіць менавіта першы крок. Напрыклад, мы чытаем стэрэаметрычную задачу, у якой у фігуры дадзена плошча сячэння, і прыходзім да высновы, што ў нас мала даных. Далей уводзім абазначэнні, і працэс рашэння паступова ідзе. Гэта і ёсць той першы крок, які неабходна адпрацоўваць з вучнямі падчас падрыхтоўкі.

Што тычыцца тыповых памылак школьнікаў на ЦЭ, то тут усё індывідуальна. Цяжкасці ў навучэнцаў часцей выклікаюць заданні па геаметрыі, а таксама па тэме “Вытворная”. Большасць памылак узнікае з-за няўважлівасці.

Калегам хачу парэкамендаваць, каб дзеці вывучалі тэорыю, бо без яе нікуды. Важна таксама настаўніку супрацоўнічаць з бацькамі, бо яны мо­гуць аказаць садзеянне ў вучобе дзіцяці, у развіцці яго патэнцыялу.

З арыентацыяй на практыку

Таццяна Канстанцінаўна Крыштопчык, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 3 Івацэвіч:

— Работа па падрыхтоўцы да ЦЭ і ЦТ звычайна пачынаецца з 10 класа. На ўроках па кожнай тэме робім сціслы канспект, выконваем заданні, накіраваныя на завучванне матэрыялу, адпрацоўваем яго праз рашэнне тэстаў. Тэставыя матэрыялы дазваляюць выявіць недахопы, на якія неабходна звярнуць увагу. Потым праводзім карэкцыйную работу: вучні звяртаюцца да тэорыі параграфа альбо да нас­таўніка.

Сам вучэбны дапаможнік пабудаваны вельмі добра. Пасля кожнага раздзела прадугледжаны абагульняючыя заняткі, на якіх навучэнцы паўтараюць асноўны тэарэтычны матэрыял, правяраюць веданне паняццяў і тэрмінаў, рашаюць тэставыя заданні па раздзеле. Звычайна прапаноўваю вучням тэсты, якія распрацоўваю сама, альбо заданні са зборнікаў па падрыхтоўцы да ЦЭ і ЦТ мінулых гадоў.

На ўроку разам з вучнямі выстройваем прычынна-выніковыя сувязі. Каб звязаць розныя канцэпцыі і прадставіць інфармацыю ў больш лагічнай і структураванай форме, малюем схемы, табліцы, графікі, дыяграмы. Іх выкарыстанне дапамагае ві­зуалізаваць інфармацыю і лепш запамінаць яе.

Навучэнцу неабходна дакладна ведаць азначэнне паняццяў і тэрмінаў, улічваць правіль­насць іх напісання. На першых этапах патрабую ад дзяцей іх завучвання, а з цягам часу школьнікі могуць і самі вывесці тое ці іншае азначэнне з самой назвы. На занятках арганізоўваем дэбаты, дыскусіі, ролевыя гульні. Дзеці любяць выконваць міні-даследаванні, якія прапаноўваюцца зага­дзя, і вучні маюць магчымасць праявіць свае здольнасці. Асаблівую ўвагу звяртаем на партрэты вядомых дзеячаў, задзейнічаем зрокавую памяць. Пры падрыхтоўцы выкарыстоўваем анлайн-рэсурс “Рашу ЦТ”.

На факультатыўных ці дадатковых занятках падрыхтоўка да ЦЭ і ЦТ адбываецца па прынцыпе перавернутага навучання, калі тэарэтычны матэрыял вучням прапаноўваецца разгледзець дома, а практычныя заданні яны выконваюць на занятках. Цікавасць да прадмета дазваляюць падтрымліваць інфармацыйныя тэхналогіі. Актыўна выкарыстоўваю відэафрагменты, урыўкі з фільмаў, анлайн-урокі. Выклікаюць цікавасць у старшакласнікаў заняткі практычнай накіраванасці, на якіх яны складаюць рэзюмэ, працоўныя дагаворы і інш.

На ЦЭ і ЦТ найбольшыя цяжкасці ў вучняў выклікаюць эканамічныя заданні, заданні са схемамі і табліцамі. Апошнія хоць самі па сабе нескладаныя, але з-за няўважлівасці дапусціць у іх памылку вельмі лёгка. Сустракаюцца заданні-пасткі, дзе трэба вельмі ўважліва прачытаць заданне, каб не дапусціць памылку, заданні на веданне дэталей, на якія звычайна вучні не звяртаюць увагі пры падрыхтоўцы.

Калегам-педагогам хачу параіць не баяцца брацца ў 11 класе за падрыхтоўку школьнікаў, якія вырашылі здаваць іх прадмет. Падрыхтавацца на высокі бал за год цалкам рэальна. Але тут усё залежыць ад матываванасці вучня. Важна не тое, калі ён пачаў рыхтавацца, а тое, як ён гэта ро­біць. Камусьці ўдаецца вывучыць праграму за некалькі месяцаў да выпрабавання, а хтосьці рыхтуецца з 5 класа, але чамусьці прапускае самыя складаныя і важныя тэмы. Трэба выпрацоўваць методыку выканання заданняў: дзесьці спрацоўвае метад выключэння, дзесьці — лагічнага дадумвання і інш.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара
Здымак на прэўю з архіва рэдакцыі, выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі