Як падрыхтаваць вучня да алімпіяды? Ведае Юлія Багдасарава з гімназіі № 2 Брэста

- 9:00Главная, Образование

Як падрыхтаваць вучня да алімпіяды? Адказ на гэтае пытанне ведае настаўніца гімназіі № 2 Брэста Юлія Багдасарава. Яе вучань Мікалай Місіюк стаў абсалютным пераможцам EGeo-­2024. Да таго ж сёлета юнак атрымаў “серабро” на XX Міжнароднай геаграфічнай алімпіядзе ў Ірландыі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

 У сваёй рабоце з дзецьмі Юлія Віктараўна выкарыстоўвае праблемна-развіццёвае навучанне, работу ў малых групах і парах, рознаўзроўневыя заданні, праектна-даследчую дзей­насць, гульнявыя тэхналогіі (дзелавыя гульні і падарожжы), ІКТ (інтэр­актыўныя карты, прэзентацыі, трэнажоры), модульную тэхналогію навучання, а таксама творчыя і нестандартныя заданні. Настаўніца ўзначальвае навуковае таварыства навучэнцаў “ЮнИс”, рыхтуе ўдзельнікаў і пераможцаў алімпіяд і конкурсаў.

— Дазвольце расказаць падрабязней пра прымяненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, — гаворыць педагог. — Калі я тлумачу новую тэму, то часта выкарыстоўваю ілюстрацыйны матэрыял — малюнкі і фатаграфіі. Напрыклад, урокі, прысвечаныя прыродным зонам Зямлі і асобным мацерыкам, немагчыма ўявіць без фатаграфій саміх прыродных зон і іх прадстаўнікоў — раслін і жывёл. Зрабіць тлумачэнне больш наглядным і зразумелым дапамо­гуць відэаўрокі. Іх працяг­ласць не больш за 15 мінут. Часцей выбіраю асобныя фрагменты відэаўрока, напрыклад, па тэме “Унутраная будова Зямлі”, дзе вучні слухаюць прафесара Глобусенкіна.

Выдатны інструмент для тлумачэння складаных працэсаў, напрыклад, цыклонаў і антыцыклонаў, — гэта анімацыі — сучасныя аналагі звыклых фрагментаў мультфільмаў. Праз інтэрактыўныя электронныя карты (“Сусветная тэктанічная карта”, “Сусветная фізічная карта”, “Кліматычныя паясы свету”, “Карта акіянаў”) можна наблізіць участкі зямной паверхні для дэталёвага вывучэння. Ярка і запамінальна матэрыял падаецца ў мультымедыйных прэзентацыях. У іх можна ўключаць заданні для замацавання (з выбарам адказу), а таксама работу з трэнажорамі. Скажам, пры вывучэнні геаграфічнага становішча Паўночнай Амерыкі можна скарыстацца трэнажорам https://learningapps.org/view1499841, дзе падчас вір­туальнага падарожжа ўздоўж узбярэжжа вучні вызначаць пэўныя геаграфічныя аб’екты. Інтэрактыўныя гульні таксама дазво­ляць хутка і наглядна паўтарыць тэму. Так, Юлія Віктараўна прапануе гульню “Знайдзі пару” (https://learningapps.org/­view2899434) выкарыстоўваць пры вывучэнні клімату Афрыкі. У ёй трэба сумясціць кліматаграму з назвай кліматычнага пояса мацерыка. Яшчэ адзін спосаб праверыць веды вучняў — даць ім разга­даць крыжаванку. На сайце “Фабрыка крыжаванак” можна хутка скласці або згенерыраваць заданні. Напрыклад, па тэме “Унутраныя воды Афрыкі” настаўніца прапаноўвае крыжаванку, створаную ў гэтай праграме (http://puzzlecup.com/?guess=C19AA98129CCB5AU).

Юлія Віктараўна прапаноўвае дзецям творчыя заданні. Напрыклад, узгадаць краіну па апісанні або па малюнку, скласці тэкст з геаграфічнымі памылкамі па пэўнай тэме, падрыхтаваць прэзентацыю або напісаць геаграфічнае сачыненне “Маё падарожжа па…”. Лагічным працягам творчых работ становяцца даследчыя заданні і міні-праекты, якія часам перарастаюць у паўнавартасныя навуковыя даследаванні. Тое, што Юлія Багдасарава з’яўляецца аспірантам другога года навучання БрДУ імя А.С.Пушкіна, пашырае яе магчымасці для навуковай работы з гімназістамі. Кожны год ва ўстанове адукацыі арганізуюцца канферэнцыі, у якіх дзеці прадстаўляюць вынікі сваіх даследаванняў. Лепшыя вучні прымаюць удзел у раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і канферэнцыях.

Сярод самых значных перамог яе падапечных — дыпломы на рэспубліканскіх конкурсах: біёлага-экалагічных работ навучэнцаў, работ даследчага характару навучэнцаў па геаграфіі, а таксама конкурсах краязнаўчых работ. 

— Наша гімназія супрацоўнічае з кафедрай гарадскога і рэгіянальнага развіцця і кафедрай біялагічных і хімічных тэхналогій БрДУ імя А.С.Пушкіна, — гаворыць Юлія Віктараўна. — Супрацоўнікі ўніверсітэта аказваюць дапамогу ў навуковым кансультаванні і арганізацыі даследчай работы на базе сваіх лабараторый і вучэбных кабінетаў, у тым ліку кабінета геалогіі.

Вучні пад кіраўніцтвам педагога ствараюць уласныя картаграфічныя работы. Напрыклад, у праекце дзевяцікласніка (на той момант) Ільі Вярэніча “Асаблівасці ветравога рэжыму Брэсцкай і Віцебскай абласцей як фактар развіцця ветраэнергетыкі” для гэтага выкарыстоўваліся праграмы Surfer32 і CorelDrawX4. З дапамогай серыі графікаў параўноўвалася паўтаральнасць ветру па хуткасцях і напрамках. Работа адзначана дыпломам ІІ ступені на Рэспубліканскім конкурсе біёлага-экалагічных работ навучэнцаў.

У ходзе работы над тэмай “Абліцавальныя горныя пароды ў горадабудаўніцтве Брэста” Карына Багдасарава, дачка маёй сураз­моўніцы, стварыла (у праграме ArcGIS Online і дадатку Story Map Shortlist) інтэрактыўную вэб-карту “Музей каменя пад адкрытым небам горада Брэста”, дзе сабрала найбольш значныя аб’екты горада, пры будаўніцтве і абліцоўванні якіх выкарыстоўваліся горныя пароды. Дзяўчына атрымала дыплом ІІІ ступені на Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару навучэнцаў. Сёння Карына з’яўляецца студэнткай факультэта прыродазнаўства БрДУ імя А.С.Пушкіна. 

У мінулым навучальным го­дзе дыплом І ступені на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ навучэнцаў па геаграфіі атрымаў праект адзіна­ццацікласніцы Ксеніі Палто “Стравы беларускай нацыянальнай кухні на прыкладзе Брэсцкага рэгіёна”, у якім сабраны ўнікальныя рэцэпты бабуль і прабабуль гімназістаў. Кожная страва была адабрана ў адпаведнасці са святам, да якой яе гатавалі. Да таго ж дзяўчына распрацавала кулінарныя календары і кулінарную карту (https://arcg.is/11ivOe).

 Пяць прынцыпаў паспяховай падрыхтоўкі
да алімпіяд ад Юліі Багдасаравай

  1. Максімальная самастойнасць. Самыя трывалыя веды — гэта тыя, якія набываюцца ў выніку ўласных намаганняў, у працэсе работы з літаратурай і рашэння заданняў. Гэты прынцып прадугледжвае тактоўны кантроль з боку настаўніка, калектыўны разбор і аналіз нявырашаных задач, а таксама падвядзенне вынікаў у працэсе рашэння.
  2. Прынцып актыўнасці ведаў. Усе веды, якімі валодаюць вучні, павінны быць у пастаянным актыўным выкарыстанні. Падчас падрыхтоўкі да алімпіяд гэты працэс бесперапынны: веды паглыбляюцца, удакладняюцца і пашыраюцца. Таму адной з эфектыўных форм падрыхтоўкі вучняў да паспяховага ўдзелу ў алімпіядах з’яўляецца разбор алімпіядных заданняў мінулых гадоў і пытанняў, якія сустракаліся на розных конкурсах.
  3. Прынцып апераджальнага ўзроўню складанасці. Каб паспяхова выступіць на алімпіядзе, неабходна рашаць заданні павышанай складанасці. Пры падрыхтоўцы да раённых алімпіяд мы разбіраем задачы, аналагічныя тым, што сустракаюцца на абласных.
  4. Аналіз вынікаў мінулых алімпіяд. Вывучэнне вынікаў папярэдніх алімпіяд дапамагае выявіць хібы, недахопы і новыя ідэі, якія можна выкарыстоўваць у далейшай рабоце настаўніка і вучня.
  5. Індывідуальны падыход. Выбар для кожнага вучня неабходнага мінімуму ведаў. Аб’ём заданняў павінен быць такім, каб яго можна было рашыць.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА