Як ператварыць відэаролік у дзейсны сродак духоўна­-маральнага выхавання, ведае Марына Варабей

- 17:14Образование

Як ператварыць відэаролік у дзейсны сродак духоўна­-маральнага выхавання, ведае класны кіраўнік Марына Варабей з Бярозавіцкай сярэдняй школы Пінскага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На рахунку педагога шмат класных і інфармацыйных гадзін, розных выхаваўчых мерапрыемстваў і экскурсій, але аднойчы Марына Макараўна заўважыла ў вучнёўскіх вачах адсутнасць цікавасці і здзіўлення. Гэта прымусіла сур’ёзна задумацца над сваёй работай, звярнуцца да тэматычнай літаратуры і майстар-класаў калег. Уважліва прааналізаваўшы вопыт іншых, педагог вырашыла разнастаіць пазаўрочную дзейнасць.

— Падчас чарговай класнай гадзіны я напісала на дошцы словы “падкаст”, “скрынкаст”, “храмакей” і “футаж”, папрасіўшы дзяцей растлумачыць іх, — расказвае Марына Варабей. — Вучні рас­тлумачылі толькі слова “храмакей”, з якім сустракаліся на ўроках інфарматыкі. Тады я раскрыла сэнс і астатніх слоў. Так, падкаст — гэта асобны файл ці серыя файлаў аўдыя- ці відэафармату. Скрынкаст — відэазапіс дзеянняў, якія адбываюцца на экране. Футаж — гатовы невялікі відэафрагмент з анімацыяй ці відэарадам. Даволі часта футажы ўтрымліваюць зялёны ці празрысты фон, што дазваляе ўбудоўваць у гатовы відэафрагмент уласныя відэакадры.

Гэтым разам класны кіраўнік з радасцю ўбачыла, што здзівіла вучняў, і прапанавала ім запусціць праект “Сам сабе рэжысёр”. Калі раней падчас выхаваўчых мерапрыемстваў педагог са школьнікамі выкарыстоўвала прэзентацыі з гатовымі відэаролікамі, то цяпер вырашыла ствараць іх з вучнямі самім.

— Першыя відэролікі хлопчыкі і дзяўчынкі здымалі на любыя тэмы, спрабуючы сілы ў новым ві­дзе работы: “Мая вёска”, “Мая сяброўка”, “Мая школа”, “Мой свет”, “Мой любімы кот”, — працягвае Марына Варабей. — Канечне, відэаролікі былі яшчэ недасканалымі, але я ўбачыла, што работа над імі вельмі захапіла дзяцей.

Затым педагог звярнулася па дапамогу да настаўніка інфарматыкі, дзякуючы якому істотна палепшыўся тэхнічны бок справы. Але галоўнае — змяніўся сэнсавы кантэкст відэаролікаў.

— Успомніўшы словы Яна Амоса Каменскага пра тое, што асноўная місія настаўніка ў тым, каб уласнай высокай маральнасцю і любоўю да людзей і Радзімы, працавітасцю і іншымі якасцямі стаць узорам для пераймання і сваім прыкладам выхоўваць у вучнях чалавечнасць, я прапанавала дзецям стварыць відэаролік паводле маіх вершаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, “Пра вайну я ведаю не па кніжках”. Гэтая работа была доўгай і цяжкай. У ёй удзельнічалі вучні рознага ўзросту. Але калі мы завяршылі агульную справу і паказалі яе вынікі іншым, то атрымалі шмат станоўчых водзываў. Усім наша работа вельмі спадабалася.

Сваю задачу як класнага кі­раўніка Марына Варабей бачыць у тым, каб скіроўваць дзейнасць выхаванцаў у рэчышча духоўнасці і маральнасці. Пад кіраўніцтвам педагога дзеці стварылі шэраг цікавых і пазнавальных відэаролікаў: “Храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Бярозавічы”, “Мая маленькая радзіма”, “Энергазберажэнне — вось галоўнае рашэнне”, “9 мая — святая дата”, “Наш клас — нумар адзін”, “Мы — піянеры, а гэта азначае…”, “Я маму пакрыўдзіў…”, “Мая мама лепшая на свеце”, “Бацька і сын”, “Патрыёт. Радзіма. Я”, “Віртуальныя экскурсіі па…” і інш.

— Я вучу дзяцей, а яны — мяне, — заўважае педагог. — Здзіўляем адно аднаго. А здзіўленне сцірае ўзроставыя асаблівасці, дазваляе ўбачыць свет не столькі вачыма, колькі сэрцам. Тэматычныя відэаролікі, створаныя ў любой тэхніцы, пашыраюць кругагляд, дапамагаюць раскрыць творчыя здольнасці і самарэалізавацца, а яшчэ фарміруюць актыўную жыццёвую пазіцыю і развіва­юць уяўленне. Агульная карысная справа яшчэ больш аб’яднала класны калектыў. Мы разам вучыліся здымаць, абразаць кад­ры, накладваць музыку, ствараць субтытры, правільна выкарыстоўваць гук…

Спачатку школьнікі паказвалі відэаролікі ў сваім класе, потым у іншых, а затым дапамагалі ствараць іх для розных конкурсаў. Важна, што падчас работы дзеці навучыліся аддзяляць добрае ад дрэннага, смешнае ад непрыстойнага. 

— Мы паказваем, які цудоўны навакольны свет, у якім мы жывём, і працягваем яго адкрываць, а значыць, і далей будзем здзіў­ляцца і здзіўляць іншых, — падагульняе Марына Варабей.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ