Чаму маладыя спецыялісты не хочуць надоўга заставацца ў вёсках? Як зрабіць жыццё ў малых населеных пунктах больш прывабным? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні шукалі на II Рэспубліканскім форуме сельскай моладзі, які праходзіў 14— 15 кастрычніка на базе Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках Магілёўскай вобласці.
Гаворачы аб практычнай значнасці гэтых двух дзён, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Якжык адзначыў: “Першы форум, які адбыўся ў мінулым годзе, быў пілотным праектам, але ён атрымаўся настолькі прадукцыйным, што стала зразумела: працягу быць. Так, многія з агучаных тады пытанняў былі прыняты да ўвагі пры стварэнні Закона “Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі”. Вопыт перадавых гаспадарак, у якіх няма праблем з замацаваннем маладых спецыялістаў, быў пераняты калегамі з іншых рэгіёнаў. Вядома, працаваць яшчэ ёсць над чым, але ўжо цяпер, дзякуючы пэўным праграмам, што рэалізоўваюцца ў краіне, дзякуючы форуму, нам удаецца станоўча ўплываць на сітуацыю”.
Горацкая сельгасакадэмія ў якасці новага месца прапіскі форуму была абрана невыпадкова: тут куюцца галоўныя сельскагаспадарчыя кадры краіны.
У двухдзённай дыскусіі, насычанай круглымі сталамі, пленарнымі пасяджэннямі і тэматычнымі секцыямі, узялі ўдзел дэлегаты розных абласцей Беларусі, а таксама госці з Валагодскага і Бранскага рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі і Азербайджанскай Рэспублікі. На ўрачыстым адрыцці прысутных віталі рэктар БДСГА Павел Саскевіч, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Якжык, першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Алег Стэльмашок і галоўны спецыяліст аддзела адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадраў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Ірына Батура, якія ў сваіх выступленнях падкрэслілі важнасць гэтага форуму для развіцця інтэрнацыянальных сувязей і міжнароднага маладзёжнага супрацоўніцтва, а таксама ўдасканалення форм узаемадзеяння органаў улады, адукацыйных устаноў, камерцыйных і грамадскіх арганізацый у працы па сацыяльным развіцці вёскі, папулярызацыі сельскагаспадарчай працы i сельскага ладу жыцця.
Факт застаецца фактам: 76% маладых людзей у сучаснай Беларусі жывуць у гарадах, і прычын гэтаму шмат: больш развітая інфраструктура, больш высокі ўзровень заработнай платы, магчымасць кар’ернага росту. Але, як адзначыла начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля Пшанічная, “корміць нас сяло”, таму трэба прыкладаць усе намаганні, каб прыцягнуць туды як мага больш моладзі.
На пасяджэнні “Моладзь — Інавацыі — Рэгіён” удзельнікі абмеркавалі пытанні рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі, значэнне прафсаюза ў працоўнай дзейнасці моладзі АПК, спосабы актывізацыі дзейнасці сельскай моладзі і сакрэты поспеху маладога кіраўніка ў вёсцы.
У прыватнасці, вядучы спецыяліст па міжнароднай і прававой рабоце Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК старшыня Маладзёжнага савета Юлія Ляўко расказала аб метадах стымулявання і заахвочвання маладых кадраў у сельгаспрадпрыемствах краіны: устанаўленні 10%-ных даплат за вядзенне здаровага ладу жыцця, забеспячэнні жыллём, аказанні дадатковай матэрыяльнай дапамогі пасля трох гадоў працы на прадпрыемстве, выплатах для арганізацыі адпачынку ў санаторыях, стварэнні ўмоў для заняткаў фізічным спортам і культурай.
Вопытам арганізацыі вольнага часу сельскай моладзі падзялілася галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Полацкага раённага выканаўчага камітэта Аксана Грыб, якая расказала аб спартыўных і забаўляльных мерапрыемствах, што праходзяць у раёне: спаборніцтвах сярод прадпрыемстваў рознага профілю, конкурсе “Першы хлопец на вёсцы”, альтэрнатыўнай маладзёжнай творчай прэміі, канцэртах рок-гуртоў Полаччыны, “Кавуновым марафоне”.
У рамках форуму адбыўся таксама круглы стол “Актуальныя пытанні рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь”, арганізаваны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з Прадстаўніцтвам Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі, падчас якога былі абмеркаваны асноўныя напрамкі рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў нашай краіне на найбліжэйшы час.
Асобнай часткай праграмы форуму сталі секцыйныя пасяджэнні, а таксама спартыўная эстафета, у якой перамагла каманда Брэсцкай вобласці, і наведванне горацкіх раённых музеяў.
Кацярына КАРПІЦКАЯ.
Фота Міхаіла ЛЯЎЦОВА і Аляксандра ГУРЫКАВА.