Якія адзнакі пераважаюць у вучняў Нараўлянскай гімназіі па гісторыі і чаму педагог можа прынесці на ўрок… граблі, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Настаўнік гісторыі і грамадазнаўства гімназіі Нароўлі Дзяніс Музычанка ўмее захапіць сваім прадметам навучэнцаў і прывесці да перамогі адораных і матываваных дзяцей на прадметнай алімпіядзе. На ўроках ён выкарыстоўвае новыя тэхналогіі, але не забывае багаты вопыт савецкай школы.
“Сузор’е” сям’і
— Першыя ўрокі гісторыі стаў праводзіць, калі быў студэнтам Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна. На 5 курсе працаваў настаўнікам гісторыі ў Вербавіцкім дзіцячым садзе — базавай школе Нараўлянскага раёна. Адпрацаваўшы 5 гадоў, разам з жонкай, настаўніцай рускай мовы і літаратуры, перайшоў у гімназію, — расказвае педагог.
Дарэчы, са сваёй жонкай Нінай Ігараўнай герой публікацыі пазнаёміўся яшчэ ва ўніверсітэце. Яна родам з Мазыра, ён з Нароўлі. Ніна Музычанка — прадстаўніца педагагічнай дынастыі, выбраць высакародную прафесію вырашыла дзякуючы маці і сястры.
— Цешча, другая яе дачка і зяць працуюць у адной школе ў Мазыры, — працягвае суразмоўнік. — Маглі і мы аб’яднацца дружнай сям’ёй пад дахам установы адукацыі, але я патрыёт малой радзімы. Люблю Нараўляншчыну, маляўнічы край над Прыпяццю. З іншага боку, не падабаюцца вялікія гарады сваёй дынамічнасцю. У Нароўлі ўсё спакойна, ціхі і мерны лад жыцця падыходзіць для сям’і. Не так даўно мы з жонкай сталі бацькамі другі раз, выхоўваем цудоўных сына і дачку.
— Чаму вырашылі стаць настаўнікам гісторыі?
— Гэта звязана з маёй настаўніцай, якая выкладала прадмет, — адказвае Дзяніс Віктаравіч. — Я вучыўся ў сярэдняй школе № 3 і, дзякуючы Наталлі Пятроўне Ятчанка, вельмі палюбіў гэты прадмет, удзельнічаў у абласных этапах прадметнай алімпіяды. Менавіта яна прывіла любоў і цікавасць да гісторыі. Калі ўзгадаць некаторыя фрагменты з дзяцінства, то памятаю, што з цікавасцю глядзеў гістарычныя праграмы па тэлевізары, сачыў за апошнімі навінамі, заўсёды быў у курсе таго, што адбываецца.
Трымаць баланс
Сёння трэба ісці ў нагу з часам, каб захапіць дзяцей сваім прадметам.
— Вядома, для сучасных дзяцей неабходны новыя падыходы ў навучанні, — лічыць Дзяніс Музычанка. — Нельга сказаць, што настаўнікі працуюць па тых прынцыпах і метадах, якія выкарыстоўваліся 30—40 гадоў назад. Сучасная беларуская школа і нацыянальная адукацыя імкліва развіваюцца, усё часцей выкарыстоўваюцца найноўшыя тэхналогіі на ўроках. Аднак іх укараненне не прымушае педагогаў адмаўляцца ад старых метадаў. Галоўныя атрыбуты любога ўрока — дошку і крэйду — нічым не замяніць. Мяркую па сабе: трымаю баланс, каб не забыць старое, але і акуратна ўкараняю новае. Выкарыстоўваю камбінацыю — сінтэз вопыту савецкай школы і імклівае развіццё навукі і камунікацыйных тэхналогій. Інтэрнэт, штучны інтэлект адыгрываюць вялікую ролю ў падрыхтоўцы і правядзенні ўрока, ды і навучэнцаў ёсць чым зацікавіць на занятках.
Па словах педагога, кожны раз, калі ён пераступае парог вучэбнага класа, імкнецца прыпаднесці фішкі, каб прыцягнуць увагу да вывучэння гісторыі.
— Калега неяк падзяліўся лайфхакам: на першы ўрок гісторыі ў 5 класе прынёс у кабінет граблі і паклаў іх каля школьнай дошкі, — расказвае педагог пра цікавы вопыт з практыкі. — На першых занятках гісторыі дзецям расказваюць, што гэта за навука, што дае вывучэнне гэтага прадмета. Граблі былі патрэбны для эксперымента… Настаўнік паказаў дзецям, што будзе, калі ён наступіць на іх. І калі ён спытаў у пяцікласнікаў, хто хоча зрабіць гэтак жа, загадзя ведаючы вынік, дзеці аднагалосна адмовіліся. Думаю, гэты фрагмент урока дапамог ім запомніць, што гісторыя — гэта навука, якая дазваляе нам не рабіць памылак, якія людзі рабілі ў мінулым. Таму вельмі важна ведаць гісторыю, умець аналізаваць і праецыраваць розныя сітуацыі, пралічваць ход падзей.
Лічу, што настаўнік павінен быць для вучняў найперш старэйшым таварышам, які вучыць, дапамагае вызначыцца з жыццёвым арыенцірам. Заўсёды на ўроку стараюся і пажартаваць, і падтрымаць дзяцей.
А яшчэ на маіх занятках пануе добразычлівая атмасфера, няма месца строгасці. Дзеці прыходзяць з упэўненасцю, што тут ім адкрыецца новая старонка для вывучэння чагосьці цікавага і раней невядомага. З іншага боку, калі ў вучня ёсць нейкія праблемы, гэта адразу бачна. У такіх сітуацыях імкнуся падысці на перапынку і даведацца, у чым прычына і як я магу дапамагчы.
З дыялогу становіцца зразумела, што Дзяніс Віктаравіч зусім не строгі настаўнік, дзеці на гісторыю і грамадазнаўства прыходзяць падрыхтаваныя, а ў дзённіках не знайсці нізкіх адзнак.
— Не заніжаю адзнакі, у гэтым плане я добры настаўнік, — з усмешкай прамаўляе гісторык. — Ацэньваючы вынік праведзенай падрыхтоўкі, ці то гэта вуснае апытанне, ці то пісьмовая работа, заўсёды пайду насустрач вучню. І кожны з гімназістаў разумее, што калі на гэты раз ён крыху недапрацаваў, то на наступны ўрок дакладна не падвядзе. Ды і не ва ўсіх гуманітарны склад розуму, камусьці лепш даюцца хімія, фізіка і матэматыка. Разумею гэта. І такім дзецям таксама трэба ўдзяляць увагу, відаць, што дзіця стараецца, але не заўсёды ўсё ў яго атрымліваецца на ўсе 100%.
А калі вучань не падрыхтаваўся да ўрока? Трэба разумець, што ў яго на гэта могуць быць сур’ёзныя прычыны. Я заўсёды ведаю, хто з выхаванцаў не гатовы адказваць. І яны бачаць, што я гэта разумею. Абавязкова пацікаўлюся, у чым прычына: магчыма, навучэнец не зразумеў матэрыял ці сапраўды нешта адбылося. Заўсёды стаўлю задачу ўвайсці ў сітуацыю. Імкнуся стварыць пры гэтым камфортныя ўмовы, каб вучань потым прыходзіў на заняткі з радасцю. Думаю, найперш трэба з дзецьмі размаўляць і заўсёды ісці насустрач. Гледзячы на сучасных дзяўчынак і хлопчыкаў, заўважаю, што не заўсёды ёсць магчымасць пагаварыць з бацькамі і нешта расказаць, не заўсёды на дапамогу прыходзяць аднакласнікі або аднагодкі, таму часта дзеці замыкаюцца ў сабе. І я як настаўнік стараюся працягнуць руку дапамогі кожнаму, хто мае ў гэтым патрэбу.
Праваднік у свет педагогікі
— Гімназісты гатовы паказаць свае веды па прадмеце ў алімпіядным руху. Адшліфоўваем веды на факультатывах, стымулюючых і падтрымліваючых занятках, — адзначае настаўнік. — На працягу 4 гадоў пераможцам абласнога этапу алімпіяды становіцца Антон Дзімчак. Дарэчы, ён жа ўдзельнік i пераможца тэлевізійнага інтэлектуальнага шоу “Я ведаю!”. Глеб Барысенка летась быў удастоены дыплома ІІІ ступені на трэцім этапе прадметнай алімпіяды па гісторыі.
Таксама ідзе сістэмная падрыхтоўка да ЦЭ па гісторыі і грамадазнаўстве. Матывацыя навучэнцаў да дасягнення мэты — адзін з фактараў добрага выніку. Плюс штодзённая работа, як самастойная, так і з дапамогай настаўніка, зацікаўленасць бацькоў — усё ў сукупнасці вядзе да запаветнага дыплома і сертыфіката з высокімі баламі. Старшакласнікі ведаюць, што ім трэба паступаць, яны імкнуцца папоўніць багаж ведаў не для птушачкі, а рэальна, дзеля паспяховага выніку ў будучыні.
Дарэчы, за апошнія 5 гадоў па выніках ЦТ, ЦЭ навучэнцы Нараўлянскага раёна ў абласным рэйтынгу ўваходзяць у пяцёрку, нават у тройку лідараў.
У 2020/2021, 2022/2023, 2023/2024 навучальных гадах самы высокі сярэдні бал па выніках ЦТ і ЦЭ быў у навучэнцаў Нараўлянскага раёна.
10—11-я класы вучацца толькі на базе гімназіі, таму вынікі стараннай работы педагагічнага калектыву адлюстроўваюць падрыхтоўку ўсяго раёна.
— Падабаецца працаваць па падрыхтоўцы гімназістаў да ЦЭ, — падкрэслівае педагог. — Ёсць у мяне шмат розных фішак, аднак выкарыстанне тых ці іншых прыёмаў напрамую залежыць ад узроўню падрыхтоўкі дзяцей. Больш увагі ўдзяляю рабоце з тэкстам падручніка. Рыхтую заданні, у якіх мэтанакіравана дапускаю памылкі, каб самі вучні маглі знайсці недакладнасці і выправіць іх. Гісторыя цесна звязана з геаграфіяй. Мы карыстаемся картамі на кожным уроку. Калі гаворым пра нейкія краіны, трэба ж уяўляць, дзе яны знаходзіліся ці знаходзяцца. Каб зразумець стратэгію палкаводца, таксама трэба звярнуцца да карты. А яшчэ працуем са схемамі, табліцамі, што дазваляе задзейнічаць зрокавае ўспрыманне. У сучаснай педагогіцы вялікую ролю адыгрывае візуалізацыя. Часам ілюстрацыі лепш дапамагаюць дзецям скласці лагічны ланцужок, запомніць факты і падзеі.
Для некаторых навучэнцаў настаўнік стаў правадніком у свет педагогікі. Так, выпускнік сельскай школы Сяргей Стральчук выкладае гісторыю ў роднай установе, у якой некалі пачынаў свой працоўны шлях Дзяніс Музычанка. Выпускнік Арцём Полаз працуе ў сярэдняй школе № 2 імя І.М.Шаўрэя намеснікам дырэктара і кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара