Як сфарміраваць лічбавую дасведчанасць

- 12:46Навука і інавацыі

Напярэдадні Новага года ў адукацыйным цэнтры ImaguruStart-upHub у Мінску адбылася прэзентацыя глабальнага даследавання ЮНІСЕФ “Дзеці ў лічбавым свеце”. У адкрытай дыскусіі па тэме даследавання прынялі ўдзел прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі Рашэд Мустафа Сарвар, намеснік дырэктара адукацыйнага цэнтра Парка высокіх тэхналогій Ірына Васільева і кіраўнік групы па сувязях з грамадскасцю ААТ “Мабільныя ТэлеСістэмы” Вольга Ткачэнка.

Усё пачынаецца з сям’і

Сучаснае пакаленне школьнікаў называюць лічбавым за прыхільнасць да мультымедыя і тэхналогій. Знаходзіць падыход да лічбавага пакалення настаўнікам стала больш складана: проста чытаць і пісаць дзецям усё менш цікава. Усё больш часу яны праводзяць у інтэрнэце. Аднак ні адно дзіця не абаронена ад рызыкі, звязанай са знаходжаннем у глабальнай сетцы. Сёння хуліганам, злачынцам, гандлярам людзьмі прасцей вызначыць, хто з дзяцей з’яўляецца найбольш уразлівым. Як жа пазбегнуць небяспекі? Як сфарміраваць лічбавую дасведчанасць дзяцей і падлеткаў? Як падрыхтаваць педагогаў да работы ва ўмовах лічбавай трансфармацыі?

Кіраўнік групы па сувязях з грамадскасцю ААТ “Мабільныя ТэлеСістэмы” Вольга Ткачэнка расказала прысутным аб праектах, якія рэалізоўваюцца кампаніяй МТС у межах дамоўленасці з Міністэрствам адукацыі. Адзін з іх — праект “Дзеці ў інтэрнэце” для школьнікаў малодшых класаў. Урокі па бяспечных паводзінах у сетцы інтэрнэт наведалі ўжо каля 7 тысяч дзяцей. Сёлета плануецца падключыць да праекта навучэнцаў сярэдняга звяна. У межах праекта разам з ЮНІСЕФ будзе праведзена даследаванне аб асаблівасцях выкарыстання сеткі інтэрнэт.

Другі праект — “Адказныя паводзіны настаўнікаў у сетцы” — адрасаваны настаўнікам і прызваны тлумачыць ім правілы паводзін у сацыяльных сетках, дапамагчы карэктна і без рызыкі для сваёй рэпутацыі ўзаемадзейнічаць з вучнямі. Пры падтрымцы і ўдзеле МТС былі распрацаваны метадычныя рэкамендацыі, арганізаваны семінары для педагагічных работнікаў устаноў.

Парк высокіх тэхналогій таксама ўжо больш за 6 гадоў рэалізоўвае адукацыйныя праекты, сярод якіх — “Адзін вучань — адзін камп’ютар”, “Праграмаванне — другая пісьменнасць”. “Гэтыя праекты носяць двухбаковы характар, — адзначыла намеснік дырэктара адукацыйнага цэнтра Парка высокіх тэхналогій Ірына Васільева. — З аднаго боку, мы вучым педагогаў, з другога — педагогі вучаць дзяцей. Гэта вельмі ўдалы падыход, бо без навучання педагогаў немагчыма трансліраваць веды. Але тут важна ўсё не перакладаць на плечы педагогаў і школы, бо нашы дзеці выйшлі з сям’і, таму ў першую чаргу гэта адказнасць сям’і, як дзіця сябе паводзіць, як яно выхавана, з якім багажом ведаў і ўменняў прыходзіць у першы клас. Зразумела, калі тата пастаянна сядзіць у планшэце, а мама — у тэлефоне ці камп’ютары ў інтэрнэт-магазіне, то дзіця не пойдзе за кніжкай і не будзе чытаць. Яно будзе імкнуцца быць падобным да сваіх бацькоў. І калі такое дзіця прыходзіць у школу, узнікаюць вялікія праблемы. У яго адбываецца сапраўдная ломка: яркасць уражанняў ад убачанага ў электроннай прыладзе вышэй за тыя эмоцыі, якія ён атрымае з падручніка, якім бы дасканалым, добра ілюстраваным і інфарматыўным той ні быў. Таму асноўныя напрамкі дзейнасці — работа з дзецьмі (прывіць ім навыкі адэкватных паводзін у інтэрнэце, навучыць іх правільна карыстацца пошукам у сетцы і адборам патрэбнай інфармацыі), работа з бацькамі. Думаю, што ўжо настаў той момант, калі адным з першых урокаў навучальнага года трэба праводзіць урок, прысвечаны бяспечным паводзінам у сетцы інтэрнэт”.

Што тычыцца таго, як фарміраваць навыкі правільных паводзін у сетцы — забаронай на выкарыстанне тэхналогій ці ўказаннем адключыць гаджэты, калі ўзнікае пэўная праблема, прыцягненнем да адказнасці бацькоў (у Эстоніі дзіця, натыкаючыся на непрыглядны кантэнт, закрывае яго, бо ведае, што аштрафуюць яго бацькоў), акцыямі, уласным прыкладам і інш., — удзельнікі мерапрыемства прыйшлі да высновы, што ўсе сродкі прыдатныя.

Ва ўстановах адукацыі краіны работа ў гэтым напрамку таксама вядзецца — працуюць 19 інавацыйных пляцовак у 4 абласцях: “Мадэль суправаджэння сацыялізацыі падлеткаў у інтэрнэт-прасторы: класны кіраўнік у сацыяльных сетках”, “Фарміраванне культуры карыстальніка”, “Фарміраванне прадпрымальніцкіх навыкаў праз сеткавыя суполкі”.

Немалаважнае значэнне для фарміравання культуры паводзін дзяцей у інтэрнэце мае ўласны прыклад педагогаў. А таму яшчэ адно пытанне, якому была ўдзелена ўвага, — адказныя паводзіны настаўніка ў сетцы інтэрнэт. Зразумела, прысутнасць педагога ў інтэрнэце — справа добраахвотная. Ёсць настаўнікі, якія гэтага хочуць. Ім недастаткова сродкаў і традыцыйных школьных рэсурсаў, каб самавыявіцца, пазіцыянаваць сябе як прафесіянала. Аднак тут вельмі важна раздзяляць асабістае жыццё, асабістую прастору ад прасторы, у якой чымсьці можна падзяліцца з тымі, хто цябе акружае. І рэпутацыя настаўніка ў многім складваецца з таго, як ён паводзіць сябе ў сацыяльных сетках. Па меркаванні большасці прысутных, настаўнік і ў сацыяльных сетках павінен заставацца настаўнікам. І калі ён жадае выкласці канфідэнцыяльную інфармацыю для пэўнага кола людзей, то павінен зрабіць яе закрытай.

Твой партрэт у сацыяльнай сетцы

Як у 90-я гады модна было насіць малінавы пінжак і мець прыдпрымальніцкую жылку, у 2000 — быць банкірам, так і зараз модна быць айцішнікам. І многія маладыя людзі мараць ужо да 9 класа закончыць ІТ-курсы і зарабляць вялікія грошы. Аднак, як паказвае практыка, рынак працы не чакае несфарміраванага шаснаццацігадовага падлетка без адпаведнай адукацыі. На думку Рашэда Мустафы Сарвара, сёння важна, каб школа давала не толькі акадэмічныя веды, але і вучыла жыццёва неабходным навыкам — камунікатыўным, навыкам рабоце ў камандзе, выхоўвала канкурэнтаздольнага паспяховага грамадзяніна.

Па меркаванні дацэнта кафедры эканамічнай сацыялогіі Інстытута сацыяльна-гуманітарнай адукацыі БДЭУ Галіны Бядулінай, праблемы ў інтэрнэце — праблемы жыццёва важных навыкаў. У глабальнай сетцы адчувае насілле той, хто неабаронены ў рэальнасці, а той, хто з’яўляецца агрэсарам у жыцці, будзе праяўляць насілле і ў інтэрнэце. Важна наладзіць камунікацыю ў рэальным жыцці, каб інтэрнэт не сустрэў грубай нечаканасцю.

Вольга Ткачэнка лічыць, што бацькі павінны ўсведамляць сваю бацькоўскую значнасць і не перакладаць адказнасць за выхаванне дзяцей на школу, дзяржаву, рэальнасць — ім варта развіваць сваіх дзяцей самастойна. Зараз ёсць шмат рэсурсаў, якімі можна скарыстацца. Толькі трэба дапамагаць дзецям верыць у свае сілы і магчымасці, правільна іх накіроўваць, матываваць.

Як адзначалася, вучням з 13 гадоў вельмі важна прывіць разуменне таго, што яны робяць зараз у інтэрнэце: якія каментарыі пакідаюць, якія выстаўляюць фотаздымкі і ілюстрацыі, бо гэта потым можа адыграць дрэнную ролю. Ужо даўно сацыяльныя сеткі перасталі быць чымсьці свабодным, усё гэта адно вялікае рэзюмэ — гісторыя таго ці іншага чалавека. І варта глядзець за сабой у інтэрнэце так, як за сваім знешнім выглядам, прытрымлівацца норм этычных паводзін, быць ветлівым і пісьменным, бо невядома, хто назірае за табой збоку, магчыма, будучы работадаўца.

Удзельнікі мерапрыемства прыйшлі да высновы, што, толькі аб’яднаўшы намаганні ўсіх зацікаўленых, можна вырашыць праблемы бяспекі школьнікаў у інтэрнэце. Было прапанавана ініцыіраваць штогадовае мерапрыемства, якое тычыцца бяспечных паводзін дзяцей у лічбавым свеце.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.