Як сфарміраваць у малышоў станоўчае стаўленне да роднай мовы

- 10:02Образование

Фарміраванне ўстойлівай цікавасці да беларускай мовы ў дзяцей дашкольнага ўзросту набывае сёння асаблівую значнасць. Але як сфарміраваць у малышоў станоўчае стаўленне да роднай мовы?

Педагагічны калектыў нашай дашкольнай установы ўпэўнены: трэба пастаянна ўкараняць у арганізацыю адукацыйнага працэсу найбольш прадукцыйныя метады і прыёмы.

Прааналізаваўшы навукова-метадычную літаратуру і перадавы педагагічны вопыт, мы падабралі найбольш эфектыўныя сродкі навучання. У тэарэтычную аснову ляглі тэхналогіі нашых айчынных даследчыкаў — Н.С.Старжынскай і Д.М.Дубінінай. У іх навуковых работах адзначана ўнікальнасць маўленчага развіцця дзяцей у Беларусі, якое ажыццяўляецца ў руска-беларускім двухмоўі. З-за гэтага існуючы запас слоў беларускай мовы ў дзяцей дашкольнага ўзросту носіць у асноўным пасіўны характар. Пры арганізацыі любога віду дзейнасці выхаванцы мала ініцыятыўныя: яны баяцца памыліцца, няправільна вымавіць сказ, фразу, слова або гук.

Гэтае сцвярджэнне пацвярджаецца на практыцы. Вынікі назіранняў за дзецьмі гаварылі пра неабходнасць пошуку эфектыўнай формы работы ў гэтым напрамку, якая б актывізавала жаданне малышоў гаварыць па-беларуску.

Вырашэннем праблемы стала стварэнне міні-музея “Беларуская хатка”. У інтэр’еры сялянскай хаты мінулых гадоў мы пасялілі беларускамоўных лялек — хлопчыка Янку і дзяўчынку Арынку. Работу пачалі са знаёмства дзяцей з беларускай хаткай і яе жыхарамі. Ад імя гаспадароў на беларускай мове мадэлявалі рэальныя сітуацыі зносін: гутаркі, сюрпрызныя моманты або праблемныя сітуацыі, што стымулявала малышоў прымаць актыўны ўдзел у іх вырашэнні. Усё гэта спрыяла станаўленню зносін дзяцей на беларускай мове, развівала ўменне будаваць выказванні, а таксама ўзбагачала і актывізавала іх слоўнікавы запас.

У “Беларускай хатцы” ёсць печ, посуд, мэбля. Гэта дае магчымасць у гульнявой форме знаёміць дзяцей з назвамі прадметаў побыту на беларускай мове, іх уласцівасцямі, матэрыяламі, з якіх яны зроблены.

Цяжка пераацаніць ролю мастацкай літаратуры і фальклору ў фарміраванні ўстойлівай цікавасці да беларускай мовы. Па гэтай прычыне жыхары “Беларускай хаткі” праз гутаркі, загадванне загадак стымулююць у дзяцей жаданне азнаёміцца з народнымі песенькамі і пацешкамі, літаратурнымі творамі беларускіх аўтараў і творамі фальклору. Таксама міні-музей актыўна выкарыстоўваецца ў рабоце з выхаванцамі пры драматызацыі гэтых твораў, у ходзе якой выхаванцы далучаюцца да жывога беларускага слова, знаёмяцца з выразнымі сродкамі роднай мовы на ўзроўні пачуццяў.

Асаблівую ўвагу ўдзяляем правільнаму вымаўленню дзецьмі спецыфічных гукаў беларускай мовы: фрыкатыўнага [г], [г’], зацвярдзелага [ч], [р], гука [ў] у словах і фразах, а таксама знаёмству з падобнымі словамі ў беларускай і рускай мовах. Жыхары “Беларускай хаткі” прапануюць выхаванцам маўленчыя практыкаванні для аўтаматызацыі вымаўлення гукаў і дыдактычныя гульні.

Выхаванцам даецца магчымасць выступіць у якасці экскурсавода і правесці па “Беларускай хатцы” невялікае падарожжа ў мінулае. Ад імя жыхароў “Беларускай хаткі” дзецям прапаноўваецца пагуляць у беларускія народныя гульні, выкарыстанне якіх дазваляе замацоўваць асобныя словы і іх вымаўленне. Дзеці ўзнаўляюць музыч­насць, напеўнасць беларускай мовы, авалодваюць яе трапнасцю і вобразнасцю. Акрамя таго, яны малююць, лепяць ці канструююць паводле матываў беларускіх казак, апавяданняў і вершаў. Таксама арганізоўваюцца выставы сумеснай творчасці з бацькамі, дзе дзеці дзеляцца ўражаннямі на беларускай мове, дэманструюць і апісваюць свае работы.

Пры фарміраванні першапачатковага ўяўлення аб беларускіх народных святах таксама выкарыстоўваем “Беларускую хатку”: падрабязна расказваем малышам пра нацыянальныя святы, гісторыю іх узнікнення. Падчас свят дзеці размаўляюць па-беларуску, адказваюць на пытанні дарослых і самастойна выказваюцца, з задавальненнем чыта­юць беларускія вершы і спяваюць песні, гуляюць у народныя гульні, прымаюць удзел у інсцэніроўках.

Шырокае выкарыстанне “Беларускай хаткі” забяспечыла больш высокі ўзровень авалодання выхаванцамі роднай мовай. Вынік нашай работы паказаў, што дзеці сталі актыўна выкарыстоўваць у свабодных зносінах беларускія назвы навакольных прадметаў, правільна вымаў­ляць у словах спецыфічныя беларускія гукі, дапасоўваць прыметнікі да назоўнікаў, добра пераказ­ваць кароткія казкі і апавяданні, вырашаць пэўныя камунікатыўныя задачы. “Беларуская хатка” пастаянна папаўняецца новымі дапаможнікамі, дыдактычнымі гульнямі і вырабамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, што дазваляе разнастаіць не толькі формы работы з дзецьмі дашкольнага ўзросту, але і з педагагічнымі работнікамі.

Таццяна МЕЛЬНІКАВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада № 3 Круглага