Сістэматычнае вывучэнне курса гісторыі Беларусі ў школе пачынаецца ў 6 класе. Надзвычай важна ў гэты перыяд зацікавіць дзяцей новым прадметам. Аб гэтым размова карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” са Сцяпанам Цемушавым, доктарам гістарычных навук і аўтарам школьных падручнікаў.
Трымаем у руках навінку — вучэбны дапаможнік па гісторыі Беларусі са старажытных часоў да канца ХV стагоддзя. Яркая вокладка з прыгожым калажам з карцін Мікалая Рэрыха быццам адчыняе сучаснікам акно ў старажытнарускі час, агульную для ўсходніх славян спадчыну, ілюструе штодзённае жыццё людзей, збор даніны, тое, як людзі цягнуць волакам па сушы караблі або купцы едуць па тавар, і г.д. А па баках — ілюстрацыя галоўных тагачасных артэфактаў — Крыжа Ефрасінні Полацкай і мяча як сімвалаў найбольш яркіх з’яў сярэдневякоўя: мірнага жыцця і вайны, хрысціянства і веры ў адзінага Бога.
— Сцяпан Мікалаевіч, раскажыце, як доўга вы пісалі свой падручнік?
— Няпростае пытанне. Калі гаварыць пра чыста тэхнічныя моманты, то падручнік ствараўся на працягу года. Ішло яго рэдагаванне, падрыхтоўка ў выдавецтве, працэдура грыфавання. Падручнік — гэта не проста тэкст з малюнкамі, але і метадычны апарат, які патрабуе распрацоўкі.
Асновай для новага падручніка для 6 класа стала папярэдняе яго выданне 2016 года. Але ж і ў таго падручніка была свая аснова. Першапачаткова ён ствараўся ў суаўтарстве з гісторыкам-медыявістам, археолагам, доктарам гістарычных навук Юрыем Мікалаевічам Боханам і пад яго рэдактарствам. Як навуковец я займаюся далітоўскім перыядам, Старажытнай Руссю. Доўгія часы выкладаў на кафедры гісторыі Расіі. А мая доктарская дысертацыя звязана з фарміраваннем падатковай залежнасці насельніцтва, што, безумоўна, адлюстравана ў падручніку. Тэкст пра ўзнікненне ВКЛ, яго росквіт і развіццё рыхтаваў Юрый Мікалаевіч. На жаль, гэтага навукоўца ўжо з намі няма. А навуковым рэдактарам новага выдання стаў Ігар Аляксандравіч Марзалюк.
— Ці можаце даць параўнальную характарыстыку папярэдняга і новага выдання?
— Выданне 2016 года было ў двух тамах, што дазволіла нам размясціць у ім шмат ілюстрацый, дакументаў, карт. У новым падручніку толькі адна частка, таму колькасць ілюстрацый значна скарочана. Але ж да яго быў зроблены атлас, куды і ўвайшлі шматлікія карты. Мы пакінулі ў выданні даволі вялікі слоўнік. У ім ёсць паняцці, якія выдзелены чырвоным колерам, абавязковыя для засваення, і тыя, што ўпершыню сустракаюцца (выдзелены курсівам). Вялікая работа была зроблена ў НІА па стварэнні навігацыі падручніка. Умоўныя абазначэнні сёння ўніфікаваны для вучэбных дапаможнікаў па ўсіх прадметах, што спрашчае работу з імі.
Калі раней мы пісалі, што з’яўленне найбольш ранняй славянскай археалагічнай культуры — пражскай — датуецца V стагоддзем, то сёння адкрыццё вучоных Інстытута гісторыі НАН Беларусі дазволіла датаваць пражскую культуру IV стагоддзем. Немагчыма дакладна сказаць, калі славяне вылучыліся ў асобны народ. Некаторыя вучоныя мяркуюць, што гэта адбылося ў сярэдзіне І тысячагоддзя да н.э., але пад сваім імем славяне сталі вядомы толькі з VI стагоддзя н.э. Беларускія археолагі знайшлі сведчанні прысутнасці славян на тэрыторыі Палесся з канца IV стагоддзя. Быў удакладнены і час адыходу ледавіка з тэрыторыі Беларусі, ён канчаткова растаяў каля 12 тысяч гадоў назад. Крыху змянілася інтэрпрэтацыя, разуменне гістарычнага значэння старажытных княстваў. Вучонымі Інстытута гісторыі распрацавана канцэпцыя развіцця беларускай дзяржаўнасці. Полацкае і Тураўскае княствы мы разглядаем як першую гістарычную форму дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі.
— Што больш важна для вывучэння гісторыі: запамінанне вялікай колькасці дат, паняццяў або падтрыманне цікавасці з дапамогай папулярнай, даступнай для ўспрымання інфармацыі?
— На фактах і датах, безумоўна, грунтуецца гісторыя. Але ж для мяне галоўным застаецца разуменне гістарычных працэсаў, прычынна-выніковых сувязей, чаму адбываецца так ці інакш і да чаго гэта можа прывесці. Напрыклад, у чым былі прычыны з’яўлення дзяржавы, паражэнняў у тых ці іншых войнах, бітвах, якімі былі наступствы Крэўскай уніі, мангольскага нашэсця, націску нямецкіх рыцараў у Прыбалтыцы і г.д. Гэта адлюстравана ў матэрыялах падручніка: заданнях, схемах, табліцах. У гэтым бачыцца прагнастычная функцыя гісторыі. Навошта мы ўвогуле яе вывучаем? Каб памылкі, якія рабілі нашы продкі, каб вопыт іх жыцця мы выкарыстоўвалі дзеля нашай сучаснасці і будучыні. Менавіта ў мінулым бачацца вытокі таго, што адбываецца зараз. Арганізацыя грамадства, улады, працэсу кіравання — агульныя прынцыпы захоўваюцца і сёння. Сярэдневяковая дзяржава вырашала ўсе пытанні з дапамогай сваіх механізмаў, няхай і прымітыўных для нашага ўспрымання, але ж гэта былі, напрыклад, тыя самыя функцыі абароны насельніцтва, якія існуюць і зараз. Мы вучым дзяцей думаць лагічна, паказваем розныя аспекты развіцця грамадства.
Тым не менш настаўнік можа прадставіць гісторыю ў даступнай для дзяцей форме. У сувязі з гэтым прыгадваецца першабытны час. Паспрабуйце разам з вучнямі здабыць агонь або зрабіць самы прымітыўны механізм — лук са стралой. Гэта будзе не проста зброя — з яе дапамогай, напрыклад, можна зрабіць адтуліну ў драўніне. Пашыйце касцюмы часоў сярэдневякоўя, выканайце прыгожую вышыўку, дзе прысутнічаюць элементы міфалогіі, змайструйце скроневае кольца крывічанак і г.д. Можна спалучыць творчы працэс з урокамі працоўнага навучання, абаперціся на міжпрадметныя сувязі, веды па розных прадметах, галоўным чынам па літаратуры, геаграфіі, мастацтве. “Які вершаваны твор з тых, што вы вывучалі на рускай літаратуры, ілюструе гэты малюнак?” — з такім пытаннем у падручніку мы звяртаемся да вучняў. Магу параіць настаўнікам праводзіць інтэграваныя ўрокі. Невычэрпны рэсурс для вувучэння прадмета — правядзенне экскурсій. Пасля кожнага раздзела ў падручніку прапануецца наведаць цікавыя мясціны, музеі, прагуляцца турыстычнымі маршрутамі.
— Час ад часу гучаць меркаванні, што падручнікі па гісторыі занадта складаныя для школьнікаў?
— За час, пакуль дзейнічала першае выданне падручніка для 6 класа, была зроблена яго доследная праверка. Настаўнікі выказалі свае заўвагі, якія былі ўлічаны ў новым выданні. Зроблены пэўныя спрашчэнні. Сёння назіраецца тэндэнцыя да таго, каб менш дат, паняццяў і персаналій уключаць у падручнікі. Не магу з гэтым пагадзіцца. Дакладная інфармацыя дазваляе арыентавацца ў часе і прасторы, разумець, якія падзеі, знакавыя фігуры былі раней або пазней, а якія сінхронна. Неабавязкова запамінаць усе даты, але ж яны павінны быць пэўным арыенцірам. Калі ж вучань апантаны гісторыяй — такім калісьці быў і я, то яму, наадварот, захочацца не спрашчаць, а даведацца як мага больш інфармацыі пра той ці іншы перыяд.
Гісторыя — гэта не казка, а навука. Лічу, што вучню, каб атрымаць добрыя вынікі, трэба прыкласці пэўныя намаганні, а настаўніку — знайсці спосабы растлумачыць складанае. Згодны, што ёсць цяжкія тэмы. Напрыклад, сацыяльна-эканамічнае развіццё, феадальныя адносіны. Магчыма, камусьці здадуцца непад’ёмнымі пытанні культуры са шматлікімі прыкладамі. Але ж усе дзеці любяць чытаць пра штодзённае жыццё людзей у далёкія часы. Мяркую, што гэты кірунак варта развіваць.
— Якія матэрыялы падрыхтаваны ў дапамогу настаўнікам і вучням? Над чым вы зараз працуеце?
— Для вучняў 6 класа створаны атлас і контурныя карты па гісторыі Беларусі, хутка выйдуць рабочыя сшыткі. Раю звярнуць увагу на хрэстаматыю пад маім аўтарствам на беларускай мове. У ёй размешчаны шматлікія дакументы або іх фрагменты, навуковыя каментарыі, вытрымкі з навуковых твораў, спасылкі на крыніцы і г.д. Зараз у маіх планах — скласці хрэстаматыю па перыяду ВКЛ. Выйшлі таксама дыдактычныя і дыягнастычныя матэрыялы для настаўнікаў. З цягам часу з’явяцца сцэнарыі ўрокаў, дзе акцэнт будзе зроблены на творчых заданнях, праектнай і даследчай дзейнасці.
Даведка
Сцяпан Мікалаевіч Цемушаў — загадчык кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта БДУ, галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі гісторыка-грамадазнаўчай і сацыякультурнай адукацыі НІА. За апошнія тры гады навуковец стаў аўтарам і суаўтарам больш чым 60 дапаможнікаў па гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі для школ і ўніверсітэтаў: падручнікаў, атласаў, контурных карт, рабочых сшыткаў, метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў, насценных наглядных матэрыялаў. Сцяпан Мікалаевіч — адзін з аўтараў вучэбнага дапаможніка “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці” для студэнтаў.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара