Прафілактыка адміністратыўных правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх — клопат многіх міністэрстваў і ведамстваў, грамадскіх аб’яднанняў, грамадства ў цэлым. У тым ліку, безумоўна, Міністэрства ўнутраных спраў, спецыялізаваныя падраздзяленні якога займаюцца выяўленнем падобных злачынстваў. З Алегам Георгіевічам Каразеем, начальнікам упраўлення прафілактыкі МУС Рэспублікі Беларусь, мы сустрэліся ў пачатку новага года. І ўжо ў першыя дні 2014-га ў МУС меліся даныя па названай тэматыцы. Адразу скажу, што лічбы даюць падставы для пэўнага аптымізму: прафілактычныя меры як інспекцый па справах непаўналетніх, так і ўстаноў адукацыі, іншых арганізацый даюць плён. Але прыводзіць такія лічбы трэба ўсё ж з пэўнымі агаворкамі. Чаму? Спытаем аб гэтым у спецыяліста.
— Статыстыка сведчыць, што колькасць злачынстваў сярод непаўналетніх за апошніх дзесяць гадоў знізілася ў тры разы, — гаво-рыць Алег Георгіевіч. — Так, летась скончана расследаванне 2577 злачынстваў, якія здзейснілі непаўналетнія, і тых, што здзейснены пры іх удзеле. У 2003 годзе гэтая лічба складала 8635 злачынстваў па рэспубліцы. Прагрэс? Несумненна. Але мы не павінны забываць, што ў краіне за тыя ж дзесяць гадоў прыкметна зменшылася колькасць дзяцей і падлеткаў. Вось красамоўныя лічбы: у 2003 годзе ў Рэспубліцы Беларусь пражывала 663,5 тысячы непаўналетніх, у 2013 — амаль у два разы менш (371,8 тысячы). Таму больш карэктным з’яўляецца паказчык колькасці злачынстваў (дзеянняў, якія караюцца ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам) на сто тысяч непаўналетніх. Дык вось, у 2003 годзе такіх дзеянняў было зафіксавана 1300 на сто тысяч непаўналетніх, летась — 850. Вынікі не так уражваюць, як у выпадку з абсалютнымі лічбамі, але дынаміка, безумоўна, станоўчая, і гэта не можа не радаваць.
— А калі зрабіць раскладку па рэгіёнах, то дзе летась больш за ўсё выяўлена злачынстваў з удзелам непаўналетніх, дзе менш за ўсё?
— Лепшыя паказчыкі ў гэтым плане ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Найбольш складаная сітуацыя пакуль у Мінску (536 злачынстваў), Гомельскай (425) і Мінскай (404) абласцях. Але пры гэтым, заўважце, работа мінскіх спецыялістаў заслугоўвае павагі: лепшы інспектар па справах непаўналетніх працуе менавіта ў сталіцы — гэта капітан міліцыі Васіль Мікалаевіч Дземідовіч, старшы ўчастковы інспектар ІСН Першамайскага раёна Мінска. Вынікі адпаведнага конкурсу мы падводзілі ў мінулым лістападзе. Пераможцу, каб было зразумела, вызначаем па цэлым шэрагу паказчыкаў: выяўленне дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы; бацькоў, якія не выконваюць належным чынам свае абавязкі; прадаўцоў, што рэалізоўваюць алкаголь непаўналетнім, і г.д.
— Алег Георгіевіч, давайце звернемся да іншых лічбаў і паказчыкаў, даволі сумных, але куды без іх? Якія злачынствы часцей за ўсё здзяйсняюць падлеткі, колькі цяжкіх злачынстваў у гэтай групе насельніцтва зафіксавана летась?
— Што да самых распаўсюджаных злачынстваў, якія здзяйсняюць непаўналетнія, то на першым месцы — крадзяжы, яны складаюць больш за палову (амаль 60%) усіх злачынстваў. Тое ж самае, між іншым, можна сказаць і пра “дарослыя” злачынствы: крадзяжы сярод іх самыя распаўсюджаныя, складаюць прыкладна палову ўсіх злачынстваў. Але вернемся да непаўналетніх. У мінулым годзе яны здзейснілі або пры іх удзеле было здзейснена 1537 крадзяжоў (у 2012 годзе — 2289), гэта значыць, іх стала на 32,9% менш. Што да цяжкіх злачынстваў, то забойстваў летась адбылося 7 (у 2012 годзе — 8), наўмысных прычыненняў цяжкіх цялесных пашкоджанняў непаўналетнімі было зафіксавана 21, як і за год да гэтага, згвалтаванняў было 3 (у 2012 годзе — 6).
У апошнія гады мяняецца не толькі колькасць злачынстваў, што здзяйсняюць падлеткі, але і іх структура. Злачынствы становяцца, калі можна так сказаць, больш складанымі, у пэўных выпадках больш цяжкімі. Напрыклад, вырасла колькасць разбояў (з 17 выпадкаў у 2012 годзе да 28 у 2013), грабяжоў (са 140 да 160 выпадкаў), махлярстваў (132 злачынствы ў мінулым годзе ў параўнанні з 68 у пазамінулым). Крыху павялічылася і колькасць крадзяжоў з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі — з 46 да 58 выпадкаў. Як бачыце, самы вялікі прырост са знакам “мінус” паказалі махлярствы. Вось, скажам, такі прыклад: непаўналетні жыхар сталіцы нейкім чынам угаворваў знаёмых афармляць для яго крэдыты для набыцця мабільных тэлефонаў і іншых гаджэтаў. Па гэтай справе выяўлена больш як 50 фактаў махлярства.
— Баюся, не будзе памылкі, калі скажу, што вырасла і колькасць злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, іншых падобных рэчываў…
— Мне таксама вельмі шкада, але вы маеце рацыю для гэтага сцвярджэння. Калі гаварыць мовай спецыялістаў, гэты від злачынстваў называецца так: “незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсораў”. Летась непаўналетнія здзейснілі 127 такіх злачынстваў, у 2012 годзе — 66. Мы яшчэ выдзяляем такі радок, як незаконны абарот з мэтай збыту: у 2013 годзе адбыліся 24 такія злачынствы (з ліку 127 ужо названых), у 2012 годзе іх было толькі 13. Наўрад ці вы здзівіцеся, калі я скажу, што лідзіруе па названых відах злачынстваў Мінск — 56 выпадкаў у 2013 годзе супраць 23 пазалетась. Вялікі горад — вялікія праблемы. І наша задача, як і іншых міністэрстваў, з якімі мы актыўна супрацоўнічаем па прафілактыцы злачынстваў і адміністратыўных правапарушэнняў сярод непаўналетніх, — барацьба з гэтай з’явай усімі магчымымі сродкамі. Вытворцы так званых курыльных сумесей пастаянна змяняюць склад гэтых рэчываў, формулы, але ж і мы абнаўляем іх спіс, каб мець законную падставу караць за падобныя злачынствы, прымаць адпаведныя меры.
— Мяркую, што маю вопыт непасрэднага ўдзелу ў адным з прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на тлумачэнне небяспекі так званых спайсаў і іншых курыльных сумесей. У школе, дзе вучацца мае дзеці, не так даўно праводзіўся спецыяльны бацькоўскі сход на адпаведную тэму. Сыны расказвалі, што падобныя мерапрыемствы праходзілі і для школьнікаў.
— Так і ёсць. Інспекцыі па справах непаўналетніх цесна супрацоўнічаюць з установамі адукацыі, у тым ліку і па прафілактыцы незаконнага абароту наркотыкаў, ужывання іх непаўналетнімі. Думаю, на бацькоўскім сходзе, пра які вы ўзгадалі, была прадэманстравана і кароткаметражная стужка аб небяспецы курыльных сумесей, знятая адным з беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў. Наша работа наогул немагчыма без самага цеснага супрацоўніцтва з навучальнымі ўстановамі. З Міністэрствам адукацыі мы праводзім шмат прафілактычных мерапрыемстваў, нямала маем планаў на будучыню. Працуем і з грамадскімі арганізацыямі, напрыклад, з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі. Скажам, члены БРСМ ствараюць маладзёжныя атрады аховы правапарадку. У апошнія гады, магу сцвярджаць гэта ўпэўнена, больш працуем і з такімі грамадскімі арганізацыямі, як “Разуменне”.
Калі гаварыць аб прафілактыцы ў больш глабальным маштабе, то МУС разам з міністэрствамі адукацыі, аховы здароўя, Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях лабіравала прыняцце новага Закона “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”. У сярэдзіне красавіка закон уступіць у сілу. Ён ставіць больш задач перад дзяржаўнымі органамі, можна будзе выносіць так званыя ахоўныя прадпісанні. Яны будуць дзейнічаць у адносінах да тых, хто прымяняе насілле да членаў сваёй сям’і (напрыклад, у лік гэтых правапарушэнняў уваходзяць абраза, наўмыснае прычынення цялесных пашкоджанняў). Прадпісанне таксама ўстановіць забарону на здзяйсненне пэўных дзеянняў у адносінах да чалавека, які пацярпеў ад насілля ў сям’і. А такі від насілля — з’ява нярэдкая. Так, у 2012 годзе Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь сумесна з ЮНІСЕФ праводзіў кластарнае даследаванне, якое паказала, што кожны дзясяты чалавек у нашай краіне ў дзяцінстве пераносіць насілле ў сям’і. Адзін з сумных вынікаў такой сітуацыі — тое, што дзеці нярэдка пачынаюць капіраваць паводзіны свайго бацькі, які піў, біў дзяцей і жонку. Яшчэ і з гэтага пункта гледжання магчымасць прымяняць ахоўныя прадпісанні — вельмі важная мера. Як важна і тое, што чалавек, які здзейсніў насілле, будзе абавязаны з’ехаць з жылля, якое ён дзеліць з пацярпеўшымі. Акрамя таго, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы павінны будуць ствараць часовыя прытулкі для тых, хто пацярпеў ад насілля ў сям’і.
— Як, на ваш погляд, ці патрабуюцца пэўныя змяненні ў іншых заканадаўчых дакументах такога кшталту?
— Так, ёсць, напрыклад, пытанне па спагнанні сродкаў з людзей, якія пазбаўлены бацькоўскіх правоў (я зараз гавару аб Дэкрэце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях” ад 24 лістапада 2006 года). Трэба, лічу, павысіць іх адказнасць за неўнясенне такіх сродкаў.
Сёлета мы выходзім з ініцыятывай прыняцця комплекснага закона, які тычыцца прафілактыкі правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Вясной гэты праект будзе разглядацца на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. Гэта вельмі важная падзея для нас, бадай, самая важная ў 2014 годзе.
— Такім чынам, вы, лічу, ужо дастаткова выразна пазначылі адну з галоўных прычын таго, што падлеткі становяцца на крывую сцяжынку, здзяйсняюць тыя ці іншыя злачынствы. Гэта негатыўны ўплыў, які яны адчуваюць у нядобранадзейных сем’ях. А якія яшчэ прычыны правапарушэнняў і меры барацьбы з імі можна назваць?
— Другая найбольш важная прычына вельмі цесна звязана з першай — гэта п’янства. Да 80% цяжкіх злачынстваў і непаўналетнія, і дарослыя здзяйсняюць у стане алкагольнага ап’янення, пры гэтым больш за 30% маладых людзей ва ўзросце ад 15 да 19 гадоў спрабавалі алкаголь. У пакаленнях людзей, якім зараз 40 — 50 і нават 30 гадоў, такі працэнт быў меншым.
Беларускае заканадаўства, канечне, патрабуе дапаўнення ў кірунку барацьбы з п’янствам. Так, эфектыўнай, думаю, была б такая мера, як адабранне ліцэнзіі на гандаль алкаголем у тых арганізацый гандлю, прадаўцы якіх паўторна “папаліся” на продажы спіртных напіткаў непаўналетнім. Летась, прынамсі, за парушэнне правіл гандлю адміністратыўную адказнасць панеслі 1342 прадаўцы. За ўцягванне ў распіццё спіртных напіткаў пакараны 5666 дарослых, 8 тысяч непаўналетніх выяўлены за з’яўленне ў нецвярозым стане і распіццё алкаголю ў грамадскіх месцах. Па даных за мінулы год, беларусы ўжываюць у сярэднім па 11,5 літра алкаголю на душу насельніцтва. Гэта менш, чым у 2012 і 2011 гадах (12,5 і 13,5 літра адпаведна), але ж па разліках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, бяспечным для здароўя нацыі лічацца паказчык у 8 літраў алкаголю. Так што нам у гэтым плане яшчэ працаваць і працаваць, хаця пэўныя станоўчыя крокі робяцца. Так, толькі за мінулы год у рэспубліцы ў два разы зменшылася колькасць магазінаў, якія рэалізоўваюць алкаголь ноччу. З 30 снежня 2013 года ўступілі ў сілу змяненні ў Законе “Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці і абароту алкагольнай, нехарчовай прадукцыі, якая ўтрымлівае спірт і нехарчовы этылавы спірт”. Напрыклад, забаронена гандляваць такой прадукцыяй з выкарыстаннем інтэрнэт-тэхналогій. Любыя адэкватныя меры як на дзяржаўным узроўні, так і на ўзроўні мясцовых улад (скажам, забарона на гандаль спіртнымі напіткамі падчас правядзення выпускных вечароў) дарэчы.
Таму і меры па барацьбе з п’янствам, па выяўленні нядобранадзейных сем’яў — асноўныя ў прафілактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Вядома, маюць значэнне і арганізацыя вольнага часу падлеткаў, і іншыя меры, у тым ліку агульная прафілактыка: тлумачэнне і перакананне. Канечне, пры гэтым кожны падлетак павінен дакладна разумець, што за проціпраўныя дзеянні яго чакае пэўнае пакаранне. Скажам, за дробны крадзеж адміністратыўная адказнасць наступае з 14 гадоў, накладваецца штраф ад 10 да 30 базавых велічынь. Такое ж пакаранне накладваецца за нанясенне лёгкіх цялесных пашкоджанняў. За цяжкія злачынствы (забойства, прычыненне смерці па неасцярожнасці, рабаванне і г.д.) крымінальная адказнасць наступае таксама з 14 гадоў. А з 16 гадоў малады чалавек ужо з’яўляецца паўнапраўным суб’ектам злачынства, нясе адказнасць нароўні з дарослымі.
Канечне, ярлык “раней судзімы” можа сапсаваць усё жыццё. Таму, лічу, мы хутка вернемся да пытання аб ювенальнай юстыцыі, калі вырашэнне спраў па пэўных злачынствах, якія здзяйсняюць непаўналетнія, адбываецца ў дасудзебным парадку (падлеткі нясуць пакаранне, выконваючы пэўныя грамадскія работы). Гэта, думаю, будзе рух у правільным напрамку. Тым больш, некалькі гадоў назад у краіне (пры ўдзеле Міністэрства адукацыі, наколькі я ведаю) быў распрацаваны праект канцэпцыі ювенальнай юстыцыі.