Як стымуляваць прыродную патрэбу дзіцяці ў пазнанні, развіваць у яго ўменне шукаць новае?

- 17:02Образование, Портфолио

Як стымуляваць прыродную патрэбу дзіцяці ў пазнанні, развіваць у яго ўменне шукаць новае? У гэтым дапамагае арганізацыя вучэбнай даследчай дзейнасці.

Для выжывання ў сучасным свеце чалавек усё радзей можа абапірацца на адпрацаваныя яго продкамі і ім самім стэрэатыпы. Перадаючы дзецям “нічыйныя” веды, далёкія ад іх уласнага вопыту, школа выхоўвае спажыўца, у лепшым выпадку ўсёзнайку-энцыклапедыста і страчвае пры гэтым творцу і дзеяча. Гэта прыводзіць да аслаблення ўнутранай матывацыі, пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў, да незапатрабаванасці іх творчых здольнасцей. Адсюль — нежаданне дзяцей вучыцца.

Неабходна не проста забяспечваць навучэнцаў гатовымі ведамі, а развіваць іх асобу, фарміраваць здольнасці да творчага мыслення, самастойнасці ў прыняцці рашэнняў, ініцыятыўнасці.

Калі школа будзе толькі трансліра­ваць навучэнцам існуючыя дасягненні чалавецтва, то хто ж і як навучыцца ствараць новыя? Як грамадства зможа падрыхта­ваць людзей да вырашэння сваіх праблем? Неабходна вучыць школьнікаў бачыць праблемы, вылучаць гіпотэзы, зада­ваць пытанні, назіраць, эксперымента­ваць, рабіць вывады, класіфікаваць, да­ваць азначэнні паняццям, правільна выказваць і абараняць свае мэты. Даследчая дзей­насць як адзін з відаў нетрадыцыйнай формы навучання і выхавання дазваляе найбольш поўна праявіць сябе як настаўніку, так і навучэнцам.

Адным з эфектыўных метадаў арганізацыі даследчай дзейнасці з’яўляецца метад праблемна-даследчага навучання. Яго сутнасць заключаецца ў тым, што настаўнік або наогул не дае гатовых ведаў, або дае веды толькі асаблівага прадметнага зместу — новыя веды, уменні і навыкі навучэнцы набываюць самастойна, пры вырашэнні своеасаблівых задач, якія называюць праблемнымі. Метад праблемна-даследчага навучання выклікае з боку навучэнцаў жывыя спрэчкі, абмеркаванні, эмоцыі, дазваляе стварыць атмасферу захопленасці, роздуму, пошуку.

Я заклікаю сваіх навучэнцаў з 1 класа самім планаваць свае дзеянні, адбіраць матэрыял для дасягнення мэты, кантраляваць сваю дзейнасць і ацэньваць яе вынікі. Гэта станоўча адбіваецца на іх стаўленні да вучобы. Лічу, што адным з эфектыўных спосабаў з’яўляецца сістэматычнае прымяненне праблемна-даследчага метаду на ўроку-даследаванні, у выкладанні розных вучэбных прадметаў.

Галоўнай асаблівасцю ўрока-даследавання з’яўляецца складанасць яго канструявання. Сюды ўваходзяць падбор матэрыялу, прагназаванне вынікаў, арганізацыя работы дзяцей, падрыхтоўка прэзентацыі работы. Але найбольш складаным этапам такога ўрока з’яўляецца параджэнне праблемы, бо толькі пры правільна сфармуляванай праблеме можа быць праведзена сапраўднае даследаванне. Арганізацыя такога ўрока патрабуе ад настаўніка асаблівага майстэрства.

Хачу вылучыць асноўныя этапы ўрока-даследавання. Перш за ўсё вучу навучэнцаў адрозніваць пастаноўку пытання і праблемы. Яны павінны разумець, што адказ на простае пытанне патрабуе толькі наяўнасці ведаў, у той час як вырашэнне праблемы патрабуе вылучэння магчымых гіпотэз ці здагадак (што мы можам атрымаць у выніку), абмеркавання шляхоў іх праверкі (якія гіпотэзы можна адкінуць як памылковыя, якая здагадка пацвярджаецца).

Ужо з 1 класа стараюся закладваць у дзяцей асновы даследчай дзейнасці. А пачынаю сваю работу з простых пытанняў і заданняў, накіраваных на авалоданне агульналагічнымі ўменнямі (аналіз, сінтэз, класіфікацыя, параўнанне, абагульненне), уменнем вылучаць гіпотэзы. Урок-даследаванне дазваляе ставіць сур’ёзныя праблемныя пытанні, даследчыя задачы, а цяга дзіцяці да таямніц ператварае яго ў даследчыка. У сваёй рабоце выкарыстоўваю гульні і заданні, якія дазваляюць актывізаваць даследчую дзейнасць вучняў, праводжу трэніровачныя заняткі з класам, якія даюць магчы­масць азнаёміць кожнае дзіця з алгарытмам правядзення даследавання. Навучэнцы даведваюцца, адкуль можна атрымаць інфармацыю: спытаць дарослага чалавека, знайсці ў кнігах, паназіраць, паглядзець у інтэрнэце, правесці дослед і г.д. Напрыклад, прапаноўваю падрыхта­ваць аповед аб незвычайнай расліне. Тэма спецыяльна не канкрэтызуецца, бо інтарэсы ў дзяцей розныя. Вызначаем паслядоўнасць выканання работы. Высвятляем, што ўсім яшчэ цяжка рабіць шмат запісаў, таму шукаем выйсце з гэтай праблемнай сітуацыі: можна зра­біць малюнак і запі­саць толькі апорныя словы.

У 2 класе на ўроках выкарыстоўваю пошукавыя і праблемныя метады, прапаноўваю заданні на выяўленне розных уласцівасцей, дзеянняў прадметаў, мноства прадметаў, на ўстанаўленне прычынна-выніковых сувязей. Дзеці вучацца назіранню і апісанню з’яў і прадметаў. Фармірую ў іх уменне бачыць праблемы, задаваць пытанні, даваць азначэнні паняццям, назіраць, праводзіць эксперыменты.

Для выяўлення праблемы вучу дзяцей мяняць уласны пункт гледжання, глядзець на аб’ект даследавання з розных бакоў. Тады абавязкова ўбачыш тое, што хаваецца ад традыцыйнага погляду і часта не заўважаецца. Для гэтага выкарыстоўваю практыкаванні, якія лічу найбольш эфектыўнымі на гэтым этапе: “Прадоўжы няскончаны аповед”, “Складзі аповед ад імя іншага персанажа”, “Уяві, што на нейкі час ты стаў кропелькай вады” і г.д. Лепшы варыянт пастаноўкі праблемы, калі яе агуч­ваюць самі навучэнцы. Але калі яны не могуць усвядоміць супярэчнасць і сфармуляваць праблему, выкарыстоўваю два віды дыялогу.

Пры арганізацыі даследчай дзейнас­ці важна вучыць дзяцей вылучаць свае гіпотэзы. Напрыклад, фармулюем гіпотэзу: “Птушкі — гэта тыя, хто лятае”. Я накіроўваю навучэнцаў з дапамогай навадных меркаванняў: “Давайце падумаем”, “У якой паслядоўнасці будзеце вырашаць праблему?”, “Выкажыце свой пункт гледжання”, “Якія ёсць здагадкі, меркаванні?” і інш. Калі навучэнцы не вылучылі сваіх гіпотэз, прапаноўваю свае (сярод іх свядома могуць быць памылковыя).

Уменне задаваць пытанні таксама з’яўляецца найважнейшым уменнем для правядзення даследавання, бо любое пазнанне пачынаецца з пытання. Для фарміравання гэтага ўмення прапаноўваю на ўроках наступныя заданні: “Угадай, пра што спытаў снег”, “Пра што спыталі свой­скія жывёлы?”, “Вы здзіўлены? Чаму?”, “Што цікавага заўважылі?”, “Якія ўзніка­юць пытанні?” і г.д.

Абавязковай умовай для развіцця даследчай дзейнасці з’яўляецца ўменне даваць азначэнне паняццям. Звычайныя загадкі і крыжаванкі служаць для гэтага лепшымі практыкаваннямі. Адзін з любімых заняткаў маіх вучняў — складанне загадак і крыжаванак, якія яны выкарыс­тоўваюць на ўроках.

Прымяняючы праблемна-даследчы метад, прыцягваю вучняў не толькі да індывідуальнага, але і да групавога, сумеснага пошуку невядомага. Пры такой пабудове працэсу навучання забяспечваецца развіццё ў дзяцей камунікатыўнай сферы, іх здольнасцей да супрацоўніцтва, разумення іншых людзей і саміх сябе. Навучэнцы набываюць такія разумовыя і даследчыя ўменні, без якіх немагчыма больш ці менш самастойнае выкананне даследчай або праектнай работы, а ў канчатковым выніку ўменне вучыцца, і не толькі ў школе — на працягу ўсяго жыцця.

Выніковасць прымянення праблемна-даследчага метаду навучання можна ацаніць з дапамогай наступных крытэрыяў:

  •  наяўнасць у навучэнца станоўчага матыву да дзейнасці ў праб­лемнай сітуацыі (“Хачу паспраба­ваць свае сілы”, “Хачу пераканацца, ці змагу вырашыць гэтую сітуацыю”);
  • наяўнасць у навучэнца станоўчых змяненняў у эмацыянальна-валявой сферы (“Я адчуваю радасць, задавальненне ад дзейнасці”, “Мне гэта цікава”, “Магу намаганнем волі сканцэнтраваць сваю ўвагу”);
  • перажыванне навучэнцамі суб’ектыўнага адкрыцця (“Я сам атрымаў гэты вынік”, “Я сам справіўся з гэтай праблемай”);
  • усведамленне вучнем засваення новага як асабістай каштоўнасці (“Мне гэта патрэбна”, “Мне будуць патрэбны гэтыя веды”);
  • авалоданне абагульненым падыходам да вырашэння праб­лемных сітуацый, які ўключае ў сябе аналіз фактаў, вылучэнне гіпотэз для іх тлумачэння, праверку іх правільнасці і атрыманне выніку дзейнасці.

Вынікам выкарыстання ў рабоце праб­лемна-даследчага метаду з’яўляецца пас­пяховы ўдзел навучэнцаў у гарадскім конкурсе пошукавых, творчых і даследчых работ дзяцей 4—10 гадоў “На вачах ва ўсіх”. Так, у 2021/2022 навучальным годзе даследчая работа “Цудоўныя цаглінкі” (як у хатніх умовах вырабіць пластылін) атрымала дыплом пераможцы; у 2022/2023 навучальным годзе работа “Клейкія гісторыі” (выраб клею з харчовых прадуктаў, вывучэнне яго ўласцівасцей, выкарыстанне ў быце) — таксама дып­лом пераможцы.

 Алена КАСЬЯНЕНКА,
настаўніца пачатковых класаў

сярэдняй школы № 13 Магілёва