Як у маладзечанскай школе № 1 захоўваюць традыцыі мінулага

- 13:55Образование

Перад педагогамі зараз стаіць галоўная задача — сфарміраваць у кожным вучню якасці, уласцівыя сапраўднаму патрыёту, чалавеку, які любіць сваю Радзіму, захоўвае і прымнажае яе традыцыі. Менавіта ў традыцыях знаходзіць адлюстраванне духоўнае багацце народа.

Мы ў сваёй школе на чале з дырэктарам Васілём Уладзіміравічам Маліноўскім не толькі захоўваем традыцыі мінулага, але і закладваем новыя. І ў гэтых традыцыях стараемся выхаваць у навучэнцаў лепшыя якасці беларускага народа: міласэрнасць, душэўнасць, талерантнасць, гатоўнасць падзяліцца тым, што ў нас ёсць, павагу да памяці, любоў да Радзімы.

З 14 жніўня 1957 года наша школа но­сіць імя вядомага беларускага паэта Янкі Купалы, чалавека, які не толькі захаваў, данёс да нас беларускае слова, але і ў сваіх творах вядзе нас па традыцыях беларускага народа. Для нашай школы Янка Купала сам даўно стаў традыцыяй: штогод у нас праходзяць Купалаўскія чытанні, гасцінна адчыняе свае дзверы “пакой Янкі Купалы”, дзе сабраны розныя экспанаты, кнігі пра жыццё і творчасць паэта, не адзін раз тут праходзілі сустрэчы з беларускімі літаратарамі, жонкай Янкі Купалы Уладзіславай Луцэвіч. Частымі гасцямі гэтага пакоя з’яўляюцца і дашкаляты, якія прыходзяць сюды са сваімі выхавальнікамі, бацькамі. Для іх усё тут дзіўна, усё цікава, і яны хочуць сюды вярнуцца яшчэ. І часцей за ўсё вяртаюцца. Але вяртаюцца ўжо школьнікамі.

Але гэта нашы ранейшыя традыцыі. Летась, у год святкавання 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, у нашай школе з’явілася новая традыцыя. Васіль Ула­дзіміравіч Маліноўскі, чалавек, захоплены сваёй прафесіяй, які за кароткі перыяд свайго кіраўніцтва зрабіў шмат для нашай школы, да юбілейнай даты беларускага класіка арганізаваў фестываль мерапрыемстваў, прысвечаных 140-годдзю Янкі Купалы, “Люблю Купалу сэрцам…”. Асаблівасць гэтых мерапрыемстваў у тым, што вядучымі формамі работы з дзецьмі з’яўляюцца сучасныя формы, блізкія дзецям: квест, чэлендж, флэш-моб і інш.

Адкрыццё фестывалю адбылося ў лютым 2022 года ў Дзень роднай мовы. Першым стаў Купала-фэст. У гэты дзень мерапрыемствы праходзілі на ўсіх паверхах школы. З самай раніцы навучэнцы школы ў нацыянальных касцюмах з прыгожымі прывітальнымі словамі на беларускай мове звярталіся да тых, хто заходзіў у школу: наведвальнікам было прапанавана перакласці словы з рускай мовы на беларускую. Гэтая акцыя захапіла ўсіх: дзеці і дарослыя дапамагалі адно аднаму, у выніку не засталося ні аднаго неперакладзенага слова.

Увесь дзень гучала беларуская музыка, песні на беларускай мове. Асноўныя мерапрыемствы праходзілі на другім паверсе. Ты танцор? Хлопчыкі і дзяўчынкі ў беларускіх касцюмах запрашаюць цябе на танец. Не ўмееш — не бяда, навучаць! Ты мастак? Да тваіх паслуг яркія маркеры: падыходзь, малюй, размалёўвай! Ты пісьменнік, паэт? Тады табе знойдзецца справа ля стэнда-сэрца: успомні прыгожае і душэўнае слова на беларускай мове і падзяліся ім на цудоўным стэндзе! А для навучэнцаў пачатковай школы быў арганізаваны квест “Сцяжынкамі Купалы”, які прыдумалі і правялі для іх адзінаццацікласнікі. А калі ты інтэлектуал, то для цябе інтэлектуальная гульня “Смак роднай мовы”, у якой прынялі ўдзел зборныя каманды навучэнцаў 8, 9, 10 класаў і каманда педагогаў.

І гэта быў толькі пачатак шэрага мерапрыемстваў! Усе іх звязвае паміж сабой любоў да мовы продкаў, павага да традыцый беларускага народа і памяці народнага песняра Янкі Купалы. Кожны месяц — новае мерапрыемства.

У сакавіку прайшла школьная акцыя “І вечнасць радка, як вечнасць жыцця”, дзе навучэнцы разам са сваімі класнымі кіраўнікамі рыхтавалі любімыя радкі з твораў Янкі Купалы, прыгожа афармлялі іх. Вызначылі лепшых шляхам анлайн-галасавання: тыя радкі, якія набралі найбольшую колькасць галасоў, знайшлі сваё месца ў фае другога паверха і застануцца там назаўсёды.

У красавіку нашы дзеці прынялі ўдзел у фота-флэш-мобе #ДзеньЯнкіКупалы: ім трэба было пабываць у месцах, звязаных з жыццём або творчасцю Янкі Купалы, сфатаграфаваць іх праз сілуэт беларускай выцінанкі.

У маі прайшоў арт-флэш-моб “Купалаў след”: напярэдадні летніх канікул на асфальце перад школай навучэнцы пакінулі сваім педагогам на развітанне любімыя радкі з вершаў Янкі Купалы.

А выпускнікі нашай школы, далучыўшыся да Купала-фэсту, у якасці развітальнага падарунка заклалі алею Янкі Купалы, падарыўшы нам яшчэ адну традыцыю.

Не заціхаў наш фэст і ў перыяд летніх канікул. Дзеці прынялі ўдзел у чэленджы “Канікулы з Купалам”: з розных мясцін, дзе ім давялося пабываць, яны дасылалі нам свае фатаграфіі з томікам Янкі Купалы ў руках. Аказалася, што кнігі — тыя яшчэ падарожнікі!

У верасні для навучэнцаў быў арганізаваны спартыўны фестываль “Купалаўскі старт”, дзе ў іх была магчымасць пагуляць у рухавыя беларускія гульні, у якія гулялі іх бабулі і дзядулі.

У кастрычніку запаліліся стартавыя агні акцыі “Купалаўскі радок”: дзеці запісвалі выразнае чытанне верша Янкі Купалы, размяшчалі яго на YouTube-канале і падмацоўвалі хэштэгам #купалаўскірадок#первая­thebest.

У лістападзе навучэнцы зноў узброіліся фотаапаратамі, тэлефонамі і іншымі гаджэтамі — іх чакаў фотачэлендж #Што_сэрцу_мiла. Трэба было зрабіць пастановачнае фота — ілюстрацыю да любога твора Янкі Купалы. Не-не ды і прамільгнуць пасля ўрокаў па калідоры дзяўчынкі і хлопчыкі ў беларускіх уборах.

А ў снежні вучнёўскі актыў наведаў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, дзе заўсёды чакаюць з асаблівым задавальненнем нашых дзяцей, “нашчадкаў Купалы” (як спяваецца ў нашым школьным гімне).

Студзень запрашаў дзяцей прыняць ­удзел у Купала-квесце “Я адкрываю Купалу”, у якім сабраліся неабыякавыя да творчасці паэта.

І нібы ў коле часу, 21 лютага ў Дзень роднай мовы адбылося закрыццё марафону. А фінальным акордам стаў Купала-фэст. У гэты дзень у школьных фае працавалі фотазоны, былі арганізаваны гульнявыя майстар-класы: гульнявая праграма “Гульні.BY”, харэаграфічныя замалёўкі “Вясёлы карагод”, інтэлектуальныя гульні “Крыніцы роднай мовы”, гульнявая праграма для малодшых школьнікаў “Крочым разам з роднай мовай”, майстар-клас “Саламяныя карункі”, акцыя “Рускай мове даём разгрузку — размаўляем па-беларуску”, кніга-дайджэст “Чытайце беларускае”, гастра-фэст “Беларуская гасцёўня”.

Галоўнай падзеяй стала канцэртная праграма “Люблю Купалу сэрцам”: удзельнікаў фестывалю і гледачоў парадавалі сваімі выступленнямі індывідуальныя выканаўцы, вакальныя і харэаграфічныя калектывы раёна, фальклорныя ансамблі. А кульмінацыяй фестывалю была цырымонія ўзнагароджання. Усе дзеці, якія прынялі ўдзел у мерапрыемствах, атрымалі дыпломы, а для пераможцаў з іншых устаноў адукацыі былі перададзены салодкія прызы.

Наталля ВЯЖЭВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
маладзечанскай сярэдняй школы № 1
 імя Янкі Купалы