Аб дзейнасці Міністэрства адукацыі і падведамасных арганізацый па ахове працы, пажарнай і прамысловай бяспецы карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў намеснік начальніка ўпраўлення развіцця матэрыяльнатэхнічнай базы галіновага міністэрства Ігар Міцкевіч.
— Ігар Уладзіміравіч, якая нарматыўная прававая база распрацавана Міністэрствам адукацыі для арганізацыі мэтанакіраванай і сістэматычнай работы па забеспячэнні здаровых і бяспечных умоў працы работнікаў сістэмы адукацыі?
— Забеспячэнню паспяховай работы ў гэтым напрамку спрыяе безумоўнае выкананне асноўных палажэнняў па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы працы і выканання патрабаванняў нарматыўных прававых актаў, якія тычацца адукацыйнай галіны. У Міністэрстве адукацыі распрацаваны і зацверджаны 03.06.2019 галіновы план мерапрыемстваў па рэалізацыі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11.03.2004 № 1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”. Ва ўстановах адукацыі і арганізацыях, падпарадкаваных нашаму міністэрству, вядзецца аналіз выканання патрабаванняў дырэктывы, праводзіцца ацэнка эфектыўнасці іх дзейнасці, арганізаваны неабходны кантроль.
Акрамя таго, распрацавана Палажэнне аб сістэме кіравання аховай працы ў Міністэрстве адукацыі, упраўленнях і арганізацыях адукацыі, зацверджанае загадам міністра адукацыі ад 14.02.2020 № 123. У ім закладзены асноўныя патрабаванні, якія прад’яўляюцца да сістэмы кіравання аховай працы, парадак арганізацыі гэтай работы, а таксама выкладзены пэўныя абавязкі службовых асоб па забеспячэнні функцыянавання гэтай сістэмы ў самім Міністэрстве адукацыі і падпарадкаваных арганізацыях. У адпаведнасці з загадам міністра адукацыі ад 27.03.2018 № 230а “Аб захаванні пажарнай бяспекі ва ўстановах адукацыі” арганізавана работа ў гэтым напрамку згодна з тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі патрабаваннямі.
Сістэмна арганізавана метадычная і кансультатыўная дапамога ўстановам адукацыі для паляпшэння ўмоў і аховы працы, дакладнага выканання заканадаўства ў сферы бяспекі, папярэджання вытворчага траўматызму, кіравання прафесійнымі рызыкамі. Ажыццяўляецца кантроль за своечасовым праходжаннем праверкі ведаў па пытаннях аховы працы кіраўнікамі арганізацый, адпаведнымі спецыялістамі і членамі камісіі Міністэрства адукацыі па ахове працы, пасяджэнні якой праводзяцца штомесяц. Так, летась было праведзена 11 пасяджэнняў камісіі, дзе праверку ведаў прайшлі 145 чалавек.
Ход работы па прафілактыцы і зніжэнні ўзроўню вытворчага траўматызму, захаванні пажарнай і прамысловай бяспекі разглядаецца на пасяджэннях калегій і на службовых нарадах у Міністэрстве адукацыі і рэгіянальных органах кіравання ў сферы адукацыі.
— Якія меры прымаюцца, каб стварыць бяспечныя ўмовы працы? Як вядзецца навучанне і павышэнне кваліфікацыі адпаведных спецыялістаў?
— Ва ўстановах адукацыі і арганізацыях распрацаваны і рэалізуюцца мерапрыемствы, накіраваныя на паляпшэнне ўмоў працы работнікаў, зніжэнне ўздзеяння шкодных і небяспечных вытворчых фактараў. Праводзіцца сістэмная работа па навучанні, павышэнні кваліфікацыі і праверцы ведаў работнікаў па пытаннях аховы працы, асветніцтве, прапагандзе бяспечных прыёмаў і метадаў іх дзейнасці. На падставе загада міністра адукацыі ад 16.06.2014 № 545 у Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы створаны аддзел бяспекі працы. Пад кіраўніцтвам міністэрства аддзел удзельнічае ў мерапрыемствах па ўдасканаленні дзяржаўнага кіравання ў сферы аховы працы, ажыццяўляе маніторынг выканання мерапрыемстваў Дырэктывы № 1 і стану працы па пытаннях аховы працы, пажарнай, прамысловай і радыяцыйнай бяспекі. У 2023 годзе ў адпаведнасці з зацверджаным графікам быў праведзены маніторынг у 10 арганізацыях. Выяўленыя недахопы (парушэнні) даведзены ў форме ўказанняў з прапановамі па іх выкараненні да кіраўніцтва правераных арганізацый.
Для кіраўнікоў і спецыялістаў у Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы арганізаваны і штомесяц праводзяцца, у тым ліку дыстанцыйна, курсы павышэння кваліфікацыі па пытаннях аховы працы і іншых сфер бяспекі. На базе РІВШ, Акадэміі адукацыі праводзяцца семінары па пытаннях змянення заканадаўства ў галіне аховы працы, пажарнай і прамысловай бяспекі па тэмах: “Патрабаванні пажарнай бяспекі для ўстаноў адукацыі”, “Правілы правядзення абавязковых і пазачарговых медыцынскіх аглядаў працуючых”, “Змяненні ў заканадаўстве аб ахове працы” і інш. Адметна, што ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, дзе праходзіць падрыхтоўка спецыялістаў для вытворчых галін (інжынерных, будаўнічых і транспартных спецыяльнасцей), у вучэбных праграмах на вывучэнне пытанняў аховы працы прадугледжваецца не менш за 2% ад агульнай колькасці вучэбных гадзін. Для іншых спецыяльнасцей на вывучэнне названых пытанняў адведзена не менш як 0,5% ад агульнай колькасці вучэбных гадзін.
У 93,5% арганізацый (за выключэннем мікраарганізацый) у адпаведнасці з характарам дзейнасці распрацаваны, укаранёны і функцыянуюць сістэмы кіравання аховай працы, у якіх адлюстраваны падыходы да арганізацыі прафілактыкі вытворчага траўматызму. У іх аб’яднаны 3 напрамкі, якія тычацца бяспекі, гігіены працы і дабрабыту работнікаў на ўсіх узроўнях вытворчасці згодна з Канцэпцыяй “Нулявы траўматызм”.
— А што прадугледжвае “Тыдзень нулявога траўматызму”, арганізаваны галіновым міністэрствам?
— З мэтай захавання бяспекі і здароўя работнікаў на рабочых месцах, прадухілення выпадкаў вытворчага траўматызму галіновае міністэрства арганізавала правядзенне не менш за 2 разы на год мерапрыемстваў “Тыдзень нулявога траўматызму” ва ўстановах адукацыі і адпаведных арганізацыях. Мерапрыемствы накіраваны на паляпшэнне ўмоў працы работнікаў, зніжэнне ўздзеяння шкодных і (або) небяспечных вытворчых фактараў. У рамках выканання патрабаванняў Дырэктывы № 1 ва ўстановах адукацыі і арганізацыях рэгулярна праводзяцца праверкі выканання работнікамі рэжыму рабочага часу і аналіз стану працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, вядзецца растлумачальная работа аб адказнасці работнікаў за парушэнне грамадскага парадку і дысцыпліны.
Так, у мінулым годзе праведзена больш як 930 праверак стану вытворча-тэхналагічнай, выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны, захавання рэжыму рабочага часу. За парушэнні правіл у гэтай сферы да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты некаторыя работнікі і кіраўнікі.
— Як арганізавана работа па захаванні бяспекі дарожнага руху ў сферы адукацыі?
— У гэтым кірунку арганізавана мэтанакіраваная работа, прызначаны службовыя асобы, якія адказваюць за бяспечную эксплуатацыю транспартных сродкаў. Згодна з устаноўленым парадкам, праводзяцца перадрэйсавыя і іншыя медыцынскія абследаванні вадзіцеляў і майстроў вытворчага навучання па ваджэнні механічных транспартных сродкаў. Арганізавана праверка ведаў правіл дарожнага руху ў адпаведнасці з патрабаваннямі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 лістапада 2005 г. № 551 “Аб мерах па павышэнні бяспекі дарожнага руху” пры допуску вадзіцеляў да самастойнай работы. Эксплуатацыя транспартных сродкаў, машын і механізмаў, якія не адпавядаюць нарматыўным патрабаванням бяспекі, забаронена. Сістэматычна праводзімая работа ў галіне аховы працы дае магчымасць стварыць спрыяльныя ўмовы для працы работнікаў і прадухіліць узнікненне вытворчых траўм.
— Наколькі мінімізавана ўзнікненне надзвычайных сітуацый, звязаных з узгараннямі? Як у гэтым дапамагае “Маланка”?
— Каб паменшыць колькасць пажараў і ліквідаваць недахопы, выкрытыя пры праверках (маніторынгах) нагляднымі органамі, Міністэрствам адукацыі арганізаваны кантроль за прыняццем кіраўнікамі адпаведных арганізацый неабходных мер па прывядзенні аб’ектаў у адпаведнасць з патрабаваннямі тэхнічных нарматыўных прававых актаў у галіне пажарнай бяспекі. Пытанні падрыхтоўкі аб’ектаў да пажаранебяспечнага перыяду, павышэння ўзроўню пажарнай бяспекі арганізацый, абсталявання аб’ектаў сістэмамі пажарнай аўтаматыкі штогод разглядаюцца на пасяджэнні камісіі па надзвычайных сітуацыях Міністэрства адукацыі.
У адпаведнасці з графікам рабочая група міністэрства штогод праводзіць маніторынг выканання заканадаўства аб пажарнай бяспецы ва ўстановах адукацыі. У ходзе маніторынгу асаблівая ўвага ўдзяляецца праверцы выканання даручэнняў урада ў частцы выкаранення парушэнняў тэхнічных нарматыўных прававых актаў сістэмы супрацьпажарнага нарміравання і стандартызацыі на аб’ектах з масавым знаходжаннем людзей, у тым ліку завяршэння абсталявання такіх аб’ектаў сістэмамі аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі абвяшчэння людзей аб пажары, сістэмамі перадачы абвяшчэння аб пажары “Маланка”. Праводзімая ў галіне пажарнай бяспекі работа дае магчымасць мінімізаваць узнікненне надзвычайных сітуацый, звязаных з узгараннямі на аб’ектах арганізацый. У мэтах прывядзення іх у пажарабяспечны стан і забеспячэння супрацьпажарнага рэжыму ў арганізацыях выконваецца шэраг мерапрыемстваў.
З персаналам арганізацый, з грамадзянамі, якія пражываюць у інтэрнатах, пазаштатнымі пажарнымі дружынамі (дзяжурнымі і іншымі службамі) праводзяцца заняткі і трэніроўкі па адпрацоўцы дзеянняў у выпадку ўзнікнення пажараў і іншых надзвычайных сітуацый. Таксама выконваюцца мерапрыемствы па мадэрнізацыі і капітальным рамонце сістэм пажарнай сігналізацыі. Напрыклад, у мінулым годзе выкананы работы па мадэрнізацыі і капітальным рамонце сістэм пажарнай аўтаматыкі на 40 аб’ектах. На 53 аб’ектах устаноўлена сістэма перадачы паведамленняў аб пажары “Маланка”, а на 2 аб’ектах праведзена мадэрнізацыя і капітальны рамонт сістэмы супрацьдымнай абароны. Па пытаннях пажарнай бяспекі ажыццяўляецца падрыхтоўка кіраўнікоў і спецыялістаў арганізацый. Летась навучанне па пытаннях пажарнай бяспекі прайшлі 1563 работнікі.
На супрацьпажарныя мерапрыемствы штогод плануюцца і выдзяляюцца сродкі рэспубліканскага бюджэту. Толькі за мінулы год на гэтыя мэты зрасходавана 2 млн 902 тысячы 934 руб.
Ала КЛЮЙКО
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі