Як у Цэнтры тэхнічнай адукацыі Гомельшчыны рыхтуюць інжынераў

- 13:12Абитуриент, Образование, Приложение

Як у Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В.Сухога рыхтуюць інжынерныя кадры для энергетыкі, машынабудавання, металургіі, электронікі і інфармацыйных тэхналогій, эканомікі, даведалася карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

ГДТУ лічыцца мужчынскім універсітэтам, бо зараз там вучыцца 75% юнакоў і толькі 25% дзяўчат, якія часам нават лепш працаўладкоўваюцца, бо больш педантычныя і ўважлівыя да дробязей.

— Паспяховае развіццё нашага ўніверсітэта — гэта і паспяховае развіццё ўсёй Гомельскай вобласці, бо нашы выпускнікі ў асноўным застаюцца працаваць у рэгіёне, — адзначыў першы прарэктар ГДТУ Алег Асенчык. — Сёння ўсё вельмі хутка мяняецца, а таму развіваемся і мы, больш разнастайнымі становяцца нашы адукацыйныя праграмы. Універсітэт своечасова рэагуе на сучасныя тэндэнцыі, а часам нават апярэджвае іх. За апошнія 15 гадоў спіс спецыяльнасцей абнавіўся на 40%, бо ІТ-тэхналогіі, аўтаматызацыя, лічбавізацыя вельмі моцна пусцілі карані ва ўсіх напрамках.

Штогод ГДТУ выпускае каля 400 спе­цыялістаў як на дзённым аддзяленні, так і на завочным. Толькі ў мінулым годзе выпускнікі былі размеркаваны ў амаль 200 арганізацый Гомельшчыны.

Фізікам і матэматыкам шлях у ГДТУ

У гэтым годзе ўніверсітэт будзе ажыццяў­ляць набор па 18 спецыяльнасцях дзённай формы, 8 спецыяльнасцях завочнай і 6 спецыяльнасцях скарочанай формы атрымання вышэйшай адукацыі.

Па дзённай форме спецыялістаў рыхтуюць 5 факультэтаў. Самы вялікі з іх — факультэт аўтаматызаваных і інфармацыйных сістэм. Тут прафесіямі авалодваюць будучыя інжынеры, праграмісты і электронікі. Яны вывучаюць метады праграмавання робататэхнічных і аўтаматызаваных сістэм, праграмаванне нейракамп’ютарных сістэм, метады абароны інфармацыі, асновы тэсціравання праграмнага забеспячэння, а таксама асвойваюць распрацоўку гульняў на спецыяльнасці “Праектаванне і распрацоўка інтэрактыўных і гульнявых дадаткаў”.

Другі па велічыні факультэт — энергетычны. У нашай краіне ўсяго толькі два буйныя цэнтры па падрыхтоўцы энергетыкаў: у БНТУ і ў нас. Яшчэ ў нас ёсць два падобныя факультэты: машынабудаўнічы і механіка-тэхналагічны. На апошнім у гэтым годзе мы адкрываем новую спецыяльнасць “Інжынерна-тэхнічнае праектаванне і вытворчасць матэрыялаў і вырабаў з іх”. Гэта своеасаблівы гібрыд некалькіх старых спецыяльнасцей, на якія ў апошнія гады набору не было. А сёлета мы вырашылі, што інтэграваная спецыяльнасць будзе выглядаць прывабна і дасць нам магчымасць сфарміраваць цікавы план для падрыхтоўкі ўніверсальных інжынераў, — расказаў Алег Данілавіч.

Паводле яго слоў, кампетэнцыі, якія атрымаюць студэнты спецыяльнасці “Інжынерна-тэхнічнае праектаванне і вытворчасць матэрыялаў і вырабаў з іх”, дазволяць праектаваць высокатэхналагічныя вырабы ў розных сферах вытворчасці, выконваць дызайн-праектаванне прадукцыі з унікальнымі ўласцівасцямі, распрацоўваць бізнес-праекты па вытворчасці інавацыйных вырабаў і г.д. Такія інжынеры змогуць працаваць у розных сферах: машынабудаванні, аўтамабілебудаванні, аэракасмічнай і металургічнай прамысловасці.

На механіка-тэхналагічным факультэце ГДТУ адкрываецца новая спецыяльнасць “Інжынерна-тэхнічнае праектаванне і вытворчасць матэрыялаў і вырабаў з іх”. Кваліфікацыя — “інжынер”.

Яшчэ адзін факультэт — гуманітарна-эканамічны. Тут рыхтуюць спецыялістаў па трох спецыяльнасцях: “Эканоміка і кіраванне”, “Маркетынг” і “Інжынерная эканоміка”, якая мае дзве прафілізацыі: “Кіраванне бізнес-працэсамі прамысловых прадпрыемстваў” і “Кіраванне дызайн-праектамі на прадпрыемстве”.

У адпаведнасці з абноўленым класіфікатарам змяніліся назвы многіх нашых спецыяльнасцей. Некаторыя аб’ядналіся ў адну, напрыклад, спецыяльнасці “Энергетычныя сістэмы і сеткі” і “Электразабеспячэнне” цяпер сталі “Электраэнергетыкай і электратэхнікай”. Акрамя таго, зараз у нас з’явілася магчымасць адкрываць прафілізацыі, чым мы таксама скарысталіся, — акцэнтаваў увагу А.Д.Асенчык. — Дарэчы, спецыяльнасць “Кіраванне дызайнпраектамі на прадпрыемстве” таксама новая, першы набор на яе быў у мінулым годзе.

Выпускнікі гэтай спецыяльнасці бу­дуць кампетэнтнымі ў эканамічнай, дызайнерскай, вытворча-тэхналагічнай, арганізацыйна-кіраўнічай, інавацыйнай дзейнасці. Яны змогуць распрацоўваць канцэптуальныя рашэнні любога дызайн-праекта — ад прынцыпова новых вырабаў любога ўзроўню складанасці і рознага прызначэння (прамысловых, спажывецкіх) да прэзентацыйных і эксплуатацыйных матэрыялаў, упакоўкі, рэкламы, якія садзейнічаюць паспяховаму прасоўванню прадукцыі.

— Сёлета будзе толькі трэці набор на спецыяльнасць “Вытворчасць вырабаў з кампазіцыйных матэрыялаў”. Яе мы адкрылі па просьбе нашай рэгіянальнай даследчай установы — Інстытута механікі металапалімерных сістэм імя У.А.Белага. Увогуле, апошнім часам узрасла неабходнасць выкарыстання ў канструкцыях машын і механізмаў (ад касмічных караблёў да прадметаў хатняга ўжытку) новых палімерных і кампазітных матэрыялаў, здольных пераўзыходзіць металы па сваіх якасцях, — дадаў Алег Данілавіч.

Ён звярнуў увагу, што сёння вышэйшая тэхнічная адукацыя ў першую чаргу практыкаарыентаваная, а таму вучыць маладых спецыялістаў выконваць неабходныя функцыі ў выбранай прафесіі і рыхтуе іх да зменлівых патрабаванняў знешняга свету.

Нашым абітурыентам пры выбары прафесіі я раю пастарацца зразумець, што іх сапраўды цікавіць і ці будзе душа ляжаць да гэтага, у адпаведнасці з чым вызначыць сферу дзейнасці, а далей і спецыяльнасць, пры гэтым абавязкова азнаёміўшыся з яе вучэбным планам. А ўвогуле, калі ў юнакоў і дзяўчат ёсць схільнасць да матэматыкі і фізікі, калі цікава нешта ствараць, праграмаваць, канструяваць, то запрашаем да нас, — сказаў першы прарэктар установы.

Добрае пачынанне

Сярод сёлетніх новаўвядзенняў ГДТУ — правядзенне ўніверсітэцкай алімпіяды па матэматыцы сярод вучняў 11-х класаў. У снежні прайшоў першы этап алімпіяды. Яго ўдзельнікамі сталі больш за 200 старшакласнікаў. 18 лютага адбыўся заключны этап, у які прайшлі 150 чалавек. Пераможцамі сталі 49 чалавек. Яны ўзнагароджаны дыпломамі I, II і III ступені і цяпер маюць права быць залічанымі ва ўніверсітэт без уступных экзаменаў на 10 спецыяльнасцей: “Сістэмы кіравання інфармацыяй” (факультэт аўтаматызаваных і інфармацыйных сістэм); “Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей”, “Цеплаэнергетыка і цеплатэхніка” (энергетычны факультэт); “Тэхналогія машынабудавання, металарэжучыя станкі і інструменты”, “Робататэхнічныя сістэмы”, “Распрацоўка і эксплуатацыя нафтавых і газавых радовішчаў”, “Гідрапнеўмасістэмы мабільных і тэхналагічных машын і абсталявання”, “Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей” (машынабудаўнічы факультэт); “Вытворчасць вырабаў з кампазіцыйных матэрыялаў”, “Вытворчасць вырабаў на аснове трохвымерных тэхналогій” (механіка-тэхналагічны факультэт).

— Сярод гэтых спецыяльнасцей ёсць і тыя, якія сярод абітурыентаў крыху менш папулярныя, хоць усіх выпускнікоў мы стапрацэнтна размяркоўваем і працаўладкоўваем, — падкрэсліў Алег Данілавіч. — Да таго ж універсітэт можа жыць толькі тады, калі мы забяспечваем уласнае ўзнаўленне кадраў. І чым больш матываваны чалавек паступае да нас, тым большая верагоднасць, што ён потым застанецца ў нас і стане выкладчыкам або навукоўцам. Алімпіяда — вельмі добрае пачынанне, якое паспрыяе адбору такіх маладых людзей, якія будуць зацікаўлены ў атрыманні канкрэтнай спе­цыяльнасці.

Студэнцкія гады — гэта не толькі вучоба і навуковая дзейнасць, але і яркае культурнае, спартыўнае жыццё, напоўненае незабыўнымі момантамі. У ГДТУ праводзіцца шмат разнастайных мерапрыемстваў, дзейнічаюць калектывы мастацкай самадзейнасці: ансамбль народнай песні “Славяне”, студыя эстраднай песні “Стыль”, калектыў сучаснага танца “Чилл”, студыя моды і дызайну сцэнічнага адзення, клуб інтэлектуальных гульняў, літаратурна-музычная гасцёўня, студыя канферансу. Калектывы дасягаюць значных поспехаў у канцэртнай дзейнасці, займаюць прызавыя месцы ў рэс­публіканскіх і міжнародных конкурсах.

Паспяховае развіццё ГДТУ — гэта і паспяховае развіццё ўсёй Гомельшчыны.

Спартыўны клуб універсітэта запрашае ­займацца армрэслінгам, баскетболам, валейболам, гандболам, гіравым спортам, лёгкай атлетыкай, міні-футболам, настольным тэнісам, аэробнай гімнастыкай, паўэрліфтынгам. Ва ўстанове праводзіцца круглагадовая спартакіяда студэнтаў па розных відах спорту.

Восенню ГДТУ адзначыць 55-годдзе. За гэты час у яго сценах падрыхтавана больш за 36 тысяч высокакваліфікаваных спецыялістаў, і можна смела гаварыць, што гэтая ўстанова ўнесла значны ўклад у фарміраванне інтэлектуальнага патэнцыялу не толькі Гомельскага рэгіёна, але і ўсёй краіны.

Мы і далей будзем развіваць інтэграцыю з арганізацыямі высокатэхналагічнага сектара эканомікі. Намаганні ж нашага навукова-педагагічнага калектыву будуць сканцэнтраваны на галоўнай задачы — падрыхтоўцы высокакваліфікаваных інжынераў з сучаснымі ведамі і кампетэнцыямі, — рэзюмаваў Алег Асенчык.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара