Як умацаваць псіхалагічнае здароўе падлетка? Ведаюць самі падлеткі

- 10:54Новости

Сем праектаў, якія закліканы дапамагчы падлеткам спраўляцца з цяжкімі жыццёвымі сітуацыямі і ўмацоўваць псіхалагічны дабрабыт, сталі пераможцамі рэспубліканскага трэнінгу па сацыяльным праектаванні АПШИФТ і атрымаюць фінансаванне на рэалізацыю. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Распрацавалі праекты юнакі і дзяўчаты 14—17 гадоў. Усяго на суд журы было прадстаўлена 20 работ.

Трэнінгавая праграма, накіраваная на ўмацаванне псіхалагічнага дабрабыту падлеткаў і моладзі, была рэалізавана Інстытутам псіхалогіі БДПУ ў супрацоўніцтве з Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі.

Павысіць узровень камунікатыўных навыкаў падлеткаў і ўпэўненасці ў сабе прапанавалі ў сярэдняй школе № 16 Баранавіч. Вучні 10—11-х класаў распрацавалі праект RAZMOVA, які спалучае мабільную гульню і жывыя зносіны. Іх куратарам стала педагог-псіхолаг Святлана Кірык.

— «Свабодныя зносіны з аднагодкамі — гэта ключ да раскрыцця свайго патэнцыялу і пабудовы здаровых адносін» — цытата, якая генерыруецца з кожным уваходам у дадатак RAZMOVA, — расказалі юныя члены каманды. — Пасля таго як створана гульнявая прастора для ўсіх удзельнікаў, вядучы гулец кідае ігральны кубік, які вызначае від дыялогу: 1 — адно пытанне — адзін адказ; 2 — інсцэніроўка; 3 — калі б я быў табой; 4 — гісторыя і крытыка; 5 — інтэрв’ю. Калі выпала 6, то самому можна выбраць від дыялогу. Далей той жа гулец выцягвае картку з пытаннем і абмяркоўвае яго з папярэднім удзельнікам (калі дазваляе від дыялогу).

Галоўным памочнікам у дадатку з’яўляецца чыбі-герой. Гулец пасля рэгістрацыі профілю можа стварыць маленькую версію сябе, выбраць для яе розныя ўборы і аксесуары, а таксама настрой. У канцы кожнага месяца карыстальніку будзе прыходзіць статыстыка аб тым, якія пачуцці ў яго былі часцей, а якія радзей. Праз «Дарадцу» удзельнік зможа атрымаць рэкамендацыю ад свайго маленькага сябра. Напрыклад: «Смейцеся часта — смех сапраўды з’яўляецца лякарствам для цела і душы; ён запускае эндарфіны, якія прымушаюць нас адчуваць сябе добра». У распрацоўцы прадугледжаны асабісты дзённік, на які можна паставіць ключ-код. Карыстальнік можа ўпрыгожыць яго малюнкамі, цытатамі, рознымі шрыфтамі.

***

У лік пераможцаў увайшла і каманда гімназіі № 1 Віцебска з праектам па стварэнні школьнай нагляднай друкаванай прадукцыі — коўчынг-бука «Азбука вырашэння падлеткавых канфліктаў». Папярэдне гімназісты вызначылі найбольш тыповыя падлеткавыя канфлікты, знялі пастановачныя відэасюжэты, якія іх дэманструюць, усебакова прааналізавалі сітуацыі з падлеткамі (праз чэк-ліст пытанняў), падабралі практыкаванні па арт-тэрапіі, гульнявыя практыкаванні для фарміравання навыкаў канструктыўных бесканфліктных зносін, парады-рэкамендацыі. У змест коўчынг-бука ўвайшлі відэа «Чаму бацькі не разумеюць падлеткаў?» і тэст «Ці разумеюць вас бацькі?».

— Тыя, хто скарыстаецца нашым дапаможнікам, будуць ведаць, як паводзіць сябе ў канфліктных сітуацыях, навучацца кантраляваць эмоцыі, захаваюць сваё псіхалагічнае здароўе, палепшаць адносіны з аднагодкамі, бацькамі і настаўнікамі, — адзначае педагог-куратар Васіліна Кузняцова, намеснік дырэктара гімназіі па выхаваўчай рабоце. — Наш дапаможнік будуць выкарыстоўваць валанцёры гімназіі ў рабоце з падлеткамі (роўны навучае роўнага). Спасылку на яго размесцім на сайце ўстановы і ў сацыяльных сетках.

***

Каманда сярэдняй школы № 2 Бараўлян выйграла з праектам žyccio (жыццё), які прадухіліць булінг, псіхалагічнае і фізічнае насілле сярод удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

— Асноўная мэта — павелічэнне колькасці навучэнцаў, якія будуць звяртацца па дапамогу да псіхолага і наведваць факультатыў «Мой псіхалагічны дабрабыт і дапамога аднагодкам у крызіснай сітуацыі», — расказала кіраўнік каманды Вольга Грамыка, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце школы. Педагогам-куратарам праекта выступіла педагог-псіхолаг Настасся Пянкрат.

У школе праз апытанне было выяўлена, што большасць вучняў адмаўляюцца звяртацца да псіхолага для вырашэння сваіх праблем з-за недаверу да спецыялістаў, стэрэатыпаў і недастатковай інфармаванасці.

Хлопцы і дзяўчаты вырашылі павысіць узровень прэстыжнасці псіхалагічнай дапамогі. Для гэтага яны створаць і размесцяць у сацсетках 7 рэкламных сацыяльных ролікаў, адзін з якіх прарэкламуе факультатыў па псіхалогіі, а астатнія раскрыюць 6 асноўных тэм факультатыву.

Дарэчы, сёння ў школе № 2 Бараўлян рэалізуецца рэспубліканскі праект «Апрабацыя мадэлі стварэння дружалюбнага і падтрымліваючага асяроддзя ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі». Беларуская мадэль накіравана на прадухіленне булінгу, псіхалагічнага і фізічнага насілля сярод удзельнікаў адукацыйнага працэсу і з’яўляецца вынікам навукова-даследчай работы па адаптацыі харвацкай мадэлі «Бяспечнае і падтрымліваючае асяроддзе ў школах». Рэалізуецца гэтая мадэль БДПУ ў партнёрстве з прадстаўніцтвам Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) пры садзейнічанні Міністэрства адукацыі Беларусі.

У лік пераможцаў рэспубліканскага трэнінгу па сацыяльным праектаванні АПШИФТ увайшла каманда вучняў сярэдняй школы № 1 Лагойска. Яна прадставіла інтэрактыўны дапаможнік з аўдыязапісамі ПОДРОSTOK.FM, дзе можна даведацца аб інструментах самадапамогі ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Мінская гімназія № 56 прэзентавала мабільны дадатак SUNLITE па развіцці ў падлеткаў навыкаў зносін, знаёмства адно з адным, пошуку аднадумцаў і павышэнні ўзроўню здароўя. У сярэдняй школе № 2 Салігорска плануюць выпусціць картачную гульню «Давай вырашым цяжкасці разам» па пошуку канструктыўных спосабаў вырашэння канфліктных сітуацый з бацькамі. А каманда школы № 45 Мінска — воркбук «Я спраўлюся», каб сфарміраваць у падлеткаў навык самадапамогі, умення спраўляцца са стрэсавымі сітуацыямі праз пэўныя практыкаванні, дыхальныя і фізічныя практыкі.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота прадастаўлены суразмоўнікамі і Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі