У вядучым тэхнічным універсітэце краіны адкрылася ўнікальная лабараторыя — новая адукацыйная пляцоўка для студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, выкладчыкаў, вучоных і нават школьнікаў. У ёй паказваюць і тлумачаць працэсы, якія адбываюцца з вадой і з-за вады. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Падрыхтоўка будучых інжынераў складаецца з тэарэтычнай і практычнай фаз, якія немагчыма ажыццявіць без высокапрафесійных выкладчыкаў і абсталявання па апошнім слове тэхнікі. Усё гэта ёсць у БНТУ, бо там перакананы, што комплекснае выкарыстанне аснашчаных сучасным абсталяваннем лабараторый дасць магчымасць павысіць якасць падрыхтоўкі спецыялістаў, забяспечыць больш высокі ўзровень вучэбна-даследчай работы ў межах курсавога і дыпломнага праектавання, навуковай і інавацыйнай дзейнасці студэнтаў і супрацоўнікаў УВА.
Усяму гэтаму будзе спрыяць і цэнтр тэхнічнай гідрамеханікі і гідрамашын, які адкрыўся ў пачатку верасня на кафедры гідратэхнічнага і энергетычнага будаўніцтва, воднага транспарту і гідраўлікі факультэта энергетычнага будаўніцтва. Дарэчы, другога такога цэнтра няма нідзе ў краіне, прычым аналаг наўрад ці знойдзецца на ўсёй постсавецкай прасторы.
Новы цэнтр размешчаны ў галоўным корпусе ўніверсітэта. Складаецца ён з трох лабараторый. У іх створаны вучэбныя модулі, прызначаныя для правядзення навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ, зманціраваны сучасныя металапалімерныя гідрадынамічныя латкі, помпавыя сістэмы, доследныя трубаправоды, устаноўкі для даследавання элементаў струменістай гідраўлікі, станцыі фільтрацыі і водападрыхтоўкі, сучасныя макеты меліярацыйных сістэм, шлюзы для пропуску суднаў і многае іншае. У лабараторыях таксама ўстаноўлена мноства вымяральных прыбораў і сістэм, прызначаных для вызначэння ціску патоку вадкасці, расходу, хуткасці, магутнасці, ККД пры розных рэжымах руху вады, у тым ліку хвалевых уздзеянняў патокаў на паверхні водапрапускных збудаванняў.
— Ствараўся цэнтр два гады. Ён сапраўды ўнікальны, бо за аснову ўзяты распрацоўкі нашых выкладчыкаў, якія апошнія 80 гадоў уваходзілі ў склад калектыву БНТУ. Дзякуючы найноўшаму айчыннаму абсталяванню, студэнты практычна могуць вывучаць механіку вадкасці, газу і ўзаемадзеянне вады з рознымі гідратэхнічнымі збудаваннямі, механізмамі, караблямі і г.д. Усё гэта важна пры падрыхтоўцы інжынераў розных профіляў. Вада выкарыстоўваецца ў розных галінах народнай гаспадаркі, таму вывучэнне такіх тэхналогій — фундаментальная аснова падрыхтоўкі інжынерных кадраў для краіны, — паведаміў дэкан факультэта энергетычнага будаўніцтва БНТУ Дзмітрый Ліванскі.
У стварэнне цэнтра нямала сіл уклаў загадчык кафедры Ігар Качанаў. Праводзячы экскурсію па памяшканнях лабараторый, ён адзначыў, што ўстаноўленае тут абсталяванне адпавядае патрабаванням не толькі сённяшняга, але і заўтрашняга дня.
— Выдатная аснашчанасць цэнтра дазволіць якасна арганізаваць вучэбны працэс і падрыхтаваць спецыялістаў высокага ўзроўню з усімі неабходнымі кампетэнцыямі. У цэнтры студэнты будуць спасцігаць законы гідраўлікі і механікі, якія выкарыстоўваюцца для таго, каб будаваць нашы гідрастанцыі, плаціны, удасканальваць гідрамашыны і г.д. Сёння ў лабараторыях функцыянуюць новыя гідрадынамічныя латкі, у якіх можна правесці гідраўлічныя выпрабаванні розных мадэлей вадазліваў, вадаскідаў, аб’ектаў воднага транспарту. Тут таксама можна апрацаваць атрыманыя эксперыментальныя даныя і правесці практычныя заняткі са студэнтамі, — расказаў Ігар Уладзіміравіч.
Ён нагадаў, што рэкі Беларусі — аснова харчовай бяспекі нашай краіны. Таму адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці цэнтра стануць навуковыя даследаванні ў галіне гідраўлікі сучасных гідратэхнічных збудаванняў, меліярацыйных сістэм, уключаючы гідраўлічныя даследаванні па аптымізацыі работы абсталявання, якое выкарыстоўваецца ў прамысловых, энергетычных, будаўнічых сектарах народнай гаспадаркі.
— З дапамогай сучаснага абсталявання студэнты будуць вучыцца вырашаць праблему паводак, праектаваць умацаванне берагавых адкосаў рэк, каналаў і азёр, прадумваць усё да дробязей, каб канструкцыя была бяспечнай і праслужыла не адзін дзясятак гадоў, — адзначыў І.Качанаў. — А яшчэ пакажам студэнтам наглядна, як функцыянуюць розныя тыпы ГЭС. У сваіх навуковых работах яны потым змогуць праектаваць аналагічныя міні-канструкцыі з новымі рашэннямі і матэрыяламі, якія здольны павысіць іх эфектыўнасць.
Дарэчы, у межах работы цэнтра БНТУ плануе заключэнне дагавораў аб супрацоўніцтве з вядучымі праектнымі і навуковымі, даследчымі арганізацыямі Беларусі і Саюзнай дзяржавы. Гэта дазволіць пашырыць спектр магчымасцей для навучэнцаў і супрацоўнікаў БНТУ.
Канечне, адразу пра ўсё, што ёсць у цэнтры тэхнічнай гідрамеханікі і гідрамашын, не расказаць, лепш прыйсці і ўбачыць усё на свае вочы. Прычым зрабіць гэта можа любы жадаючы.
— Да нас можна трапіць па папярэдняй дамоўленасці. Мы з задавальненнем усё пакажам і раскажам. Да таго ж мы гатовы да супрацоўніцтва з інжынернымі класамі, якія могуць прайсці тут навучанне, выканаць лабараторныя работы, правесці эксперыменты. Усё гэта дапаможа старшакласнікам пагрузіцца ў прафесію. А яшчэ на нашым факультэце функцыянуе школа юных гідраэнергетыкаў і капітанаў, у якой мы чакаем усіх зацікаўленых, — запрасіў Д.Г.Ліванскі.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА