Як вырабіць мыла і шампунь у дамашніх умовах?

- 14:31Навіны рэгіёнаў

— Конкурс праводзіўся з мэтай выяўлення, падтрымкі і развіцця здольных вучняў, павышэння іх пазнавальнай актыўнасці, фарміравання інфармацыйна-камунікацыйных і арганізацыйных уменняў і навыкаў, — расказала метадыст Ляхавіцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета С.А.Маляр. — Вучні чарговы раз даказалі, што самымі каштоўнымі і трывалымі ведамі з’яўляюцца тыя, якія былі здабыты самастойна, падчас уласнага творчага пошуку. Канкурсанты паказалі пазнавальныя і даследчыя здольнасці, уменні знаходзіць прычынна-выніковыя сувязі, фармуляваць вывады, даваць ацэнку з’явам навакольнага свету, працаваць з навуковай і энцыклапедычнай літаратурай, выступаць перад аўдыторыяй. Так, чацвёртакласнікі даследавалі незвычайныя ўласцівасці солі, праводзілі эксперыменты па вызначэнні свежасці і якасці прадуктаў харчавання, доследным шляхам вызначалі фактары, якія ўплываюць на якасць мыла, зробленага ў дамашніх умовах, выраблялі дома мыла і шампунь.

Пераможцай конкурсу стала Яніна Доўнар з сярэдняй школы № 2 Ляхавіч. Дзяўчынка прэзентавала даследчую работу “Фізіка яйка, ці Незвычайная шкарлупіна”, прысвечаную вывучэнню ўласцівасцей яечнай шкарлупіны, яе трываласці і спосабам прымянення ў побыце. “Як вызначыць свежасць яек?”, “Ад чаго залежыць колер яечнай шкарлупіны?”, “У якіх умовах яечная шкарлупіна можа страчваць сваю трываласць?” — адказы на гэтыя і іншыя пытанні Яніна атрымала падчас даследавання.

Дыплом ІІ ступені атрымала работа Аляксандры Ганжа з Тальмінавіцкай сярэдняй школы. Юная даследчыца вырабляла экалагічна чыстыя і бяспечныя для здароўя чалавека мыйныя сродкі. Аляксандра прапанавала рэцэпты іх вырабу з гаспадарчага мыла, бульбянога соку, попелу, гарчычнага парашку, фасолі і солі, а таксама азнаёміла з вынікамі эксперымента па вызначэнні эфектыўнасці вырабленых мыйных сродкаў.

Дыпломам ІІІ ступені была адзначана работа Данііла Міхайлава з Ліпскай сярэдняй школы. Хлопчык вырабляў у дамашніх умовах паперу ручным спосабам з макулатуры для святочных паштовак. Юны даследчык вызначыў, якім чынам атрымліваецца папера рознай якасці: тонкая, шчыльная, гладкая, порыстая.

“Цуд пад назвай школьная крэйда” — так называлася даследчая работа Таццяны Яварчук з Конькаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы. У даследаванні, адзначаным дыпломам ІІІ ступені, дзяўчынка вывучала склад, уласцівасці і ўплыў крэйды на здароўе чалавека, а таксама спосабы яе прымянення ў побыце.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.