Як выбудаваць сістэмную работу па падтрымцы дзяцей з асаблівасцямі развіцця

- 12:56Образование

Як выбудаваць сістэмную работу па падтрымцы дзяцей з асаблівасцямі развіцця? Адказ дакладна ведаюць у Лоеўскім раённым ЦКРНіР. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Вучыць і выхоўваць дзяцей з асаблівасцямі развіцця — значыць прымаць іх такімі, якія яны ёсць. Радавацца дасягненням, можа, нязначным для звычайных дзяцей, але неверагодна вялікім для асаблівых, — адзначае дырэктар установы Алена Петрусевіч. — Спадзявацца на цуд не прыходзіцца. Лепшае магчыма, але толькі праз карпатлівую штодзённую работу бацькоў разам з педагогамі. Кожнаму з нас важна верыць у сваё галоўнае прызначэнне — тварыць дабро! І ўспрымаць выхаванне асаблівага дзіцяці як асобае даручэнне ад Бога. Даручэнне як бацькам, так і педагогам.

Штодзень і сумеснымі намаганнямі

У Лоеўскім раённым ЦКРНіР створана комплексная сістэма псіхолага-медыка-педагагічнай дапамогі дзецям з АПФР. Ажыццяўляецца адукацыйная, карэкцыйна-педагагічная, дыягнастычная, сацыяльная, метадычная, кансультацыйная і інфармацыйна-аналітычная дзейнасць, аказваецца псіхалагічная дапамога. З мэтай пошуку аптымальных шляхоў вырашэння праблем, звязаных з выхаваннем асаблівых дзяцей, дзейнічае бацькоўскі клуб “Сёмы пялёстак”. Дарэчы, у верасні гэтага года Лоеўскі раённы ЦКРНіР і клуб адзначылі 20-гадовы юбілей.

Ва ўстанове працуюць 9 кваліфікаваных педагогаў. Пра шырокі спектр іх задач гавораць лічбы: раённы банк даных змяшчае інфармацыю аб 161 дзіцяці з АПФР, сярод якіх 16 — з інваліднасцю. Спецыялісты працуюць з рознаўзроставымі навучэнцамі ад 3 да 15 гадоў, аказваюць раннюю комплексную дапамогу дзецям ад нараджэння да 3 гадоў. Для 4 дзяцей па медыцынскіх паказаннях арганізавана навучанне дома. Кожны, хто мае патрэбу ў карэкцыйна-педагагічнай дапамозе, атрымлівае яе ў поўным аб’ёме.

Для навучання дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра, у тым ліку негаворачых, педагогі выкарыстоўваюць альтэрнатыўную сістэму камунікацыі — карткі PECS. Усе спецыялісты, якія працуюць з гэтай катэгорыяй выхаванцаў, дасканала валодаюць невербальнымі сродкамі маўлення.

У цэнтры ў поўным аб’ёме створана безбар’ернае, адаптыўнае і прасторава-прадметнае асяроддзе. Штодзень для 9 выхаванцаў з аддаленых населеных пунктаў арганізаваны падвоз спецыялізаваным транспартам.

Уключыць у жыццё радасць

Адным з галоўных кірункаў работы ўстановы з’яўляецца аказанне псіхалагічнай дапамогі бацькам дзяцей з АПФР. У склад клуба “Сёмы пялёстак” уваходзяць бацькі ўсіх катэгорый навучэнцаў і педагогі. У клубе праводзяцца кансультацыі, лекторыі, трэнінгі і іншыя мерапрыемствы, па выніках якіх распрацоўваюцца памяткі і буклеты. Ладзяцца майстар-класы, выставы творчасці, святы, спартыўныя мерапрыемствы.

— Кожны дзень бацькам асаблівых дзяцей даводзіцца спраўляцца з невырашальнымі, на погляд звычайных людзей, праб­лемамі. Як вядома, у стане пастаяннага стрэсу чалавек эмацыянальна выгарае і, як кажуць, можа ўвогуле махнуць на сябе рукой. Таму мы дапамагаем бацькам, асабліва мамам дзяцей з інваліднасцю, навучыцца ўключаць у сваё жыццё радасць, — адзначае кіраўнік клуба Вольга Недзяляй.

У клубе дзейнічаюць творчыя майстэрні, што дазваляе яго ўдзельніцам набыць новыя інтарэсы, хобі. Гэта рэальная магчымасць пераключыцца на пазітыў, акунуцца ў свет фантазіі, творчасці і, канечне, адчуць шчырую маральную падтрымку. Бацькоўскі клуб невыпадкова названы па аналогіі з аднайменнай казкай В.Катаева “Сёмы пялёстак”: дабрыня, чуласць і спагада тут не ведаюць меж.

Людміла КУРЫЛЬЧЫК