Як сфарміраваць у падлеткаў гатоўнасць да службы ў арміі, свядомага выбару ваеннай прафесіі? Праверана на практыцы: толькі праз выхаванне і навучанне. Па такім прынцыпе выбудавана сістэмная работа па ваенна-патрыятычным выхаванні ў сярэдняй школе № 1 Новалукомля імя Ф.Ф.Дуброўскага Чашніцкага раёна, расказаў карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— Сфарміраваць у падлеткаў гатоўнасць і здольнасць абараняць Айчыну — адзін з прыярытэтаў нашай работы, — адзначае Фаіна Вішнеўская, дырэктар сярэдняй школы № 1 Новалукомля. На яе думку, такой справай можа займацца толькі чалавек, які сам з’яўляецца патрыётам, энтузіястам, мае вопыт ваеннай службы, можа знайсці агульную мову з падлеткамі. Менавіта пад такім ракурсам навучэнцы глядзяць на Уладзіслава Улаховіча, кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні, які працуе настаўнікам дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі на сваёй малой радзіме.
Не па фармальным прынцыпе
У бягучым навучальным годзе ў цэнтры дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі займаюцца 289 навучэнцаў 10—11 класаў з 8 школ раёна.
— Заняткі ў цэнтры па фармальным прынцыпе не пройдуць: хлопцаў трэба матываваць на авалоданне ваеннай справай, — расказвае Уладзіслаў Улаховіч. — Дзякуючы супрацоўніцтву з вайсковай часцю асобнай механізаванай брыгады, за апошнія два гады было праведзена звыш 40 заняткаў з удзелам салдат і афіцэраў. Практыка-арыентаваны падыход дапамагае навучэнцам усвядомлена ставіцца да службы.
Супрацоўніцтва школы з факультэтам сувязі аўтаматызаваных сістэм кіравання Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь прадастаўляе шырокія магчымасці для павышэння прафесійных кампетэнцый выкладчыка і прафарыентацыі навучэнцаў.
— Карысныя таксама практыка правядзення адкрытых урокаў, метадычных пасяджэнняў па іх выніках і выпрацоўка спецыялістамі рэкамендацый па выкладанні прадмета, — дадае Уладзіслаў Аляксеевіч. — Чаго толькі вартыя практычныя заняткі па агнявой падрыхтоўцы!
Супрацоўнікі акадэміі аказваюць значную метадычную падтрымку ў фарміраванні ў падлеткаў неабходных для службы маральна-псіхалагічных якасцей, перш за ўсё самадысцыпліны і гатоўнасці ахвяраваць асабістымі інтарэсамі дзеля Айчыны.
Дарэчы, матэрыяльна-тэхнічная база цэнтра адпавядае сучасным патрабаванням. Гэта спрыяе набыццю старшакласнікамі ведаў і ўменняў, неабходных для асваення абавязкаў вайскоўца, фарміраванню практычных навыкаў па аказанні першай медыцынскай дапамогі.
У структуру цэнтра ўваходзіць стралковы цір. Заняткі па стралковай падрыхтоўцы і, вядома ж, самі вучэбныя стрэльбы выклікаюць у падлеткаў вялікую цікавасць.
Цір абсталяваны па ўсіх правілах: тут спецыяльнае асвятленне, вучэбныя сталы для стральбы са становішча седзячы і “вокны” для стральбы стоячы. Вучні могуць трэніравацца ў стральбе з любога віду агнястрэльнай зброі. Ёсць і вынікі. Каманда ўстановы неаднаразова станавілася пераможцай на раённых спаборніцтвах па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, прысвечаных памяці Героя Савецкага Саюза ўраджэнца Чашніцкага раёна Л.У.Буткевіча.
Выхаванне — усяму пачатак
На базе цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі дзейнічае раённы рэсурсны цэнтр па грамадзянска-патрыятычным выхаванні “Патрыёт” пад кіраўніцтвам Ганны Васільевай. На думку Ганны Аркадзьеўны, адчуванне Радзімы ў чалавека пачынаецца з любові да непаўторнай прыроды свайго краю, з захаплення яго гісторыяй і культурай. З ведання гісторыі свайго краю нараджаецца гордасць, а гэта важны складнік любові да Радзімы. Нездарма навучэнцы школы актыўна займаюцца краязнаўствам.
І, канечне ж, вялікае значэнне ў выхаванні мае гісторыя ад першай асобы. Падчас сустрэч са сведкамі вайны навучэнцы сабралі больш за 50 успамінаў пра падзеі таго часу. Праз шматлікія формы работы школьнікі далучаюцца да гераічнага і трагічнага мінулага краіны. Тут варта адзначыць аперацыю “Абеліск”, інтэрактыўны гісторыка-патрыятычны праект “Лічбавая зорка”.
Як вядома, патрыятызм — адзін са складнікаў маральнага выхавання. Удзельнікі школьнага валанцёрскага атрада “Добрае сэрца” заўсёды ведаюць, каму і дзе патрэбны іх падтрымка і дапамога. А на факультатыўных занятках “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму” навучэнцы 5—7 класаў спасцігаюць непарушныя прынцыпы маралі, вучацца жыць у згодзе са сваім сумленнем і грамадствам. Педагог Святлана Міхайлаўна Ешчанка фарміруе ў навучэнцаў духоўна-маральныя якасці праз раскрыццё самых шчырых і пранікнёных пачуццяў. Наладжана цеснае супрацоўніцтва з Праваслаўнай царквой пад духоўным кіраўніцтвам протаіерэя Аляксея Шауры.
“Музей памяці і падзякі” і “Музей баявой славы” — галоўныя памочнікі ў патрыятычным выхаванні навучэнцаў. Сапраўды, школа, у якой вучаць захоўваць удзячную памяць пра мінулае, і ёсць крыніца духоўнай сілы.
Падмуркам ваенна-патрыятычнага выхавання, на думку Фаіны Аўсееўны, з’яўляецца пошукавая і даследчая дзейнасць школьнікаў. Даследчыя работы “Генацыд — канвеер смерці” (настаўнікі А.А.Васільева, У.А.Улаховіч, навучэнка Дар’я Грынжэўская); “Дарогамі вайны” па біяграфіі былога дырэктара школы ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Н.Я.Гусева (настаўнік А.А.Васільева, навучэнец Данііл Ліпатаў) уражваюць суровай праўдай вайны, непаказной мужнасцю сапраўдных патрыётаў. Удзельнікі аб’яднання “Юныя экскурсаводы” расказваюць пра тое, якія гераічныя ўчынкі здзяйснялі іх землякі ў імя Радзімы, як самааддана яны абаранялі родны край у баях і сумленна працавалі для яго росквіту ў мірны час. Юныя экскурсаводы на канкрэтных фактах тлумачаць сучаснікам, што такое вайна і што такое мір, аплачаны крывёю і невычэрпнымі пакутамі тых, хто яго здабыў. Як заўважыў В.А.Сухамлінскі, не трэба баяцца, што маладое пакаленне дакранецца да гора чужога чалавека, такі дотык выклікае жаданне дапамагаць людзям, а таксама пачуццё адказнасці за іх лёсы.
У рэаліі салдацкіх будняў
Пасля заканчэння навучальнага года юнакоў з 10-х класаў устаноў адукацыі раёна чакае профільны ваенна-патрыятычны летнік з кругласутачным знаходжаннем.
— Пад кіраўніцтвам Уладзіслава Улаховіча школьнікі пагружаюцца ў рэаліі салдацкіх будняў. Пад’ём, фіззарадка, здача нарматываў, працоўны дэсант, строгая дысцыпліна, распісаны па мінутах дзень… Але хлопцы не дазваляюць сваім слабасцям узяць над сабой верх, — адзначае дырэктар школы.
Загартоўка волі, характару, развіццё сілы, спрыту, вынослівасці — прыярытэты ваенна-патрыятычнага летніка. Любы юнак тут адразу разумее, чаму са спортам і здаровым ладам жыцця трэба быць на ты.
У летніку бегаюць крос, падцягваюцца на перакладзіне, маршыруюць, спаборнічаюць. У вольны час — песні пад гітару ля вогнішча, конкурсы, захапляльныя і пазнавальныя гульнявыя праграмы. Вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю камунікабельнасці, бесканфліктнасці, узаемадзеянню ў камандзе.
Як бачым, навучэнцы назапашваюць маральную і фізічную сілу, веды і адказна рыхтуюцца да службы ў арміі. У цяперашні час больш за 50 выпускнікоў школы № 1 і ўстаноў адукацыі раёна служаць ва Узброеных Сілах Беларусі. Аб тым, што яны годна нясуць тэрміновую службу, сведчаць лісты падзякі бацькам ад камандавання воінскіх часцей. У іх — словы ўдзячнасці за дастойнае выхаванне сыноў.
Дарэчы, штогод выпускнікі школ паступаюць і ў ваенныя УВА. Улічваючы сістэмнасць, змястоўнасць і практыкаарыентаванасць работы раённага цэнтра дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі, можна не сумнявацца: навучэнцы набылі неацэнныя навыкі для ваеннай службы і жыцця.
Людміла Курыльчык