Сёлета выхавальніца дзіцячага сада № 8 Асіповіч Алена Балвановіч стала лепшай у сваёй намінацыі на рэгіянальным этапе рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года». З дашкольнай адукацыяй яе жыццё звязана на працягу ўжо звыш 16 гадоў. Педагогіка для яе не проста работа, а любімая справа. А між тым выбар прафесіі яна некалі ажыццявіла спантанна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
— Пасля заканчэння школы апынулася на своеасаблівым раздарожжы. Дакладна не ведала, якім прафесійным шляхам пайсці. Не было нейкіх адназначных імкненняў. Памятаю, незнарок сустрэлася са сваім педагогам, якая натхніла паспрабаваць сябе ў якасці выхавальніка. Прыслухалася — і паступіла ў профільны каледж. А ўжо на першай практыцы зразумела: гэта сапраўды маё. Работа з дзецьмі прыносіла задавальненне. Так выпадковы выбар аказаўся для мяне самым верным жыццёвым рашэннем, — паведаміла суразмоўніца.
Маладым педагогам А. Балвановіч трапіла на малую радзіму — у Асіповічы. Пачала працаваць і паралельна працягвала адукацыю: завочна скончыла БДПУ. Па яе словах, работа выхавальніка толькі на першы погляд здаецца лёгкай.
— Існуюць розныя стэрэатыпы. Здаецца, хіба складана пагуляць, памаляваць ці паляпіць з дзецьмі, развучыць з імі вершы, накарміць і пакласці спаць? Але ўсё не так проста. Гэтая дзейнасць патрабуе шмат любові, цярпення, сіл. Каб арганізаваць выхаванцаў на сумесныя заняткі, трэба да кожнага здолець знайсці падыход. А ёсць яшчэ метадычная работа, узаемадзеянне з сям’ёй, —адзначыла А. Балвановіч.
За яе плячыма багаты педагагічны вопыт, таму, нягледзячы на занятасць, удаецца ўсё паспяваць.
— Сёння пад маім куратарствам сярэдняя група, або 24 хлопчыкі і дзяўчынкі. Разам са сваімі маленькімі чамучкамі пастаянна акунаюся ў свет дзяцінства, казкі, фантазіі і адкрыццяў. Кожны малыш — унікальны. Разумею, што на мне ляжыць вялікая адказнасць за фарміраванне характару і асобы выхаванцаў. Таму стараюся разглядзець моцныя бакі дзяцей, акружыць сваёй любоўю і падтрымкай, накіраваць іх здольнасці ў патрэбнае рэчышча, — адзначыла суразмоўніца.
Пільную ўвагу А. Балвановіч удзяляе ўсім напрамкам выхаваўчай работы. Яна пераканана: у маленстве дзеці ўбіраюць у сябе інфармацыю, як губка, таму нельга нічога ўпускаць. Неабходна прывіць малышу маральныя арыенціры і патрыятычныя пачуцці, сфарміраваць экалагічную культуру, імкненне да пазнання і фізічнага развіцця, навыкі бяспечнай жыццядзейнасці. І ўсё гэта ў тандэме і плённым супрацоўніцтве з бацькамі. Толькі такім чынам можна выхаваць дзіця гарманічнай асобай.
Дабрыня і ўсебаковая падтрымка педагога не праходзяць дарма. Выхаванцы А. Балвановіч рэгулярна паспяхова праяўляюць сябе. Яны паспяхова выступаюць на розных творчых конкурсах, з задавальненнем удзельнічаюць у культурных мерапрыемствах горада.
— Мне невядома сумная, аднастайная, руцінная работа. Калі б зараз прапанавалі зноў выбраць прафесію, нічога б не памяняла. Тая выпадковасць паўтара дзесяцігоддзя назад стала для мяне шчаслівай, бо ў дашкольнай адукацыі я знайшла сваё прызначэнне, — запэўніла педагог.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота з архіва Алены Балвановіч