Настаўніца геаграфіі Здзітаўскай школы Ганна Давідзюк пра горы і рэкі можа не толькі расказаць, але і спець

- 14:00Первое рабочее место, Проекты

З’яўленне новага географа ў Здзітаўскай сярэдняй школе Бярозаўскага раёна было з энтузіязмам успрынята і калегамі, і дзецьмі, і бацькамі. Да таго ж Ганна Вітальеўна з першых дзён ярка праявіла сябе: на святочнай лінейцы ў Дзень ведаў парадавала ўсіх выкананнем песні, паведамляе карэспандэнт  «Настаўніцкай газеты».

Карта ў рукі

— Настаўніцай геаграфіі я вырашыла стаць таму, што ў гэтай спецыяльнасці сышліся два важныя для мяне фактары: я люблю дзяцей і мне блізкія ідэі зберажэння прыроды, экалагічнага ладу жыцця. Паспрыяў майму выбару і прыклад школьнага настаўніка геаграфіі Аляксандра Ільіча Кебеца, які выкладаў свой прадмет цікава, з захапленнем. Дарэчы, у нашай школе быў створаны музей геалогіі з выдатнай калекцыяй мінералаў, — дзеліцца Ганна Давідзюк.

Да яе педагогаў у сям’і не было, але родныя выбар падтрымалі. Да таго як прыехаць на працу ў вёску Здзітава, Ганна Вітальеўна жыла ў вялікім горадзе. У Брэсце скончыла школу, потым Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна па спецыяльнасці “Геа­графія”. Але змена гарадскіх пейзажаў на вясковыя ёй падабаецца, як адзначае мая суразмоўніца. Яе бабуля і дзядуля жывуць у вёсцы на Піншчыне, так што яна з дзяцінства ўмее бачыць і цаніць прыгажосць невялікіх куткоў роднай краіны.

— У мяне быў выбар: застацца працаваць у Брэсце ці паехаць настаўнічаць у Здзітаўскую школу. Пасля таго як я сазванілася з яе дырэктарам Таццянай Сяргееўнай Ажажа, спынілася менавіта на Здзітаве. І не шкадую. Усё, пра што мы з ёй гаварылі, так на справе і аказалася. І калектыў выдатны, і ўмовы добрыя — як для працы, так і для жыцця, — гаворыць мая суразмоўніца.

Жыве настаўніца ў Белаазёрску, дзе здымае кватэру. Як малады спецыяліст штомесяц атрымлівае кампенсуючыя выплаты на наём жылля ў памеры дзвюх базавых велічынь, што пакрывае большую частку платы за яго. На працу з Белаазёрска ў Здзітава ездзіць разам з калегамі, якія маюць аўтамабіль, ці на школьным аўтобусе.

Пачынаючы педагог карыстаецца ўсімі прадугледжа­нымі для маладых спецыялістаў мерамі падтрымкі. Атрымала грашовую дапамогу, так званыя пад’ёмныя, і сродкі на ўладкаванне на новым месцы жыхарства. Ёй устаноўлены надбаўкі ў памеры 30% ад акладу згодна з заканадаўствам плюс 50% ад акладу па калектыўным дагаворы. За маладым педагогам з першых дзён замацаваны вопытны настаўнік Ксенія Аляксандраўна Дзенішчук, якая выкладае ў школе гісторыю. Ганна Вітальеўна звяртаецца да яе з любымі пытаннямі і заўсёды атрымлівае зразумелыя тлумачэнні, карысныя парады.

— Лічу, што з калектывам мне вельмі пашанцавала. Сама здзівілася, як хутка я ў яго ўлілася. Была прыемна ўражана, што тут працуе шмат моладзі: сем з шаснаццаці педагогаў маладзейшыя за 30 гадоў. Акрамя мяне, ёсць яшчэ адзін малады спецыя­ліст — настаўніца англійскай мовы, — заўважае Ганна Вітальеўна.

Натхняльнае суседства

У мінулым навучальным годзе свайго настаўніка геаграфіі ў школе не было, тут па сумяшчальніцтве працавала педагог з іншага населенага пункта. Таму з’яўленне новага географа было з энтузіязмам успрынята і калегамі, і дзецьмі, і бацькамі. Да таго ж Ганна Вітальеўна з першых дзён ярка праявіла сябе: на святочнай лінейцы ў Дзень ведаў парадавала ўсіх выкананнем песні.

Настаўніца расказвае, што вакальнае майстэрства асвоіла падчас вучобы ў Брэсцкім дзяржуніверсітэце дзякуючы студыі народных спеваў Zolak. У Здзітаўскай школе яе талентам таксама знайшлося прымяненне. Акрамя выкладання геаграфіі, ёй даручылі весці ўрокі музыкі ў вучняў 1 і 2 класаў. А яшчэ яна ўзяла палову стаўкі педагога-арганізатара. Актыўна занялася арганізацыяй мерапрыемстваў, вучнёўскім самакіраваннем, дзейнасцю навучэнцаў па лініі БРСМ і БРПА.

— У нашай школе 60 вучняў, класы невялікія, можна ўдзяліць увагу кожнаму. Работа настаўніка тут больш нагадвае рэпетытарства, падыход сапраўды індывідуальны. Калі нехта не вывучыў урок — не адсядзіцца, я адразу ўсё бачу. Гэта стымулюе навучэнцаў да вучобы. Фактычна за першы месяц я ўжо зразумела, у каго які характар, здольнасці, матывацыя, і ўлічваю гэта ў сваёй рабоце. Мне вельмі імпануе, што дзеці добразычлівыя, таварыскія, няма такога, каб на перапынку сядзелі па кутах кожны са сваім гаджэтам. Да таго ж тут больш адчуваецца павага да настаўнікаў, чым у гарадской школе, — адзначае мая суразмоўніца.

Што яшчэ падабаецца, дык гэта пульс жыцця школы — энергічны і неардынарны.

Здзітава знаходзіцца побач з рэспубліканскім біялагічным заказнікам “Спораўскі” — найбуйнейшым масівам нізінных балот Палесся, які з’яўляецца ўнікальным па плошчы і натуральнай захаванасці для цэнтральнай часткі Еўропы. Спораўскія балоты дайшлі да нас практычна ў першародным выглядзе, што дазволіла захавацца шматлікім знікаючым відам раслін, жывёл і птушак. Такое суседства адкрывае перад вучнямі і настаўнікамі дадатковыя магчымасці. Яны з цікавасцю вывучаюць флору і фаўну гэтага ўнікальнага кутка прыроды, займаюцца даследчай работай. Ёсць планы пабудаваць на адным з балот назіральную пляцоўку, каб сачыць за жыццём птушак непасрэдна на тэрыторыі заказніка.

У свой час на базе школы быў рэалізаваны шэраг праектаў па Праграме развіцця ААН (ПРААН), вынікамі якога плённа карыстаюцца да гэтага часу. Так, у школьным кабінеце працы створана сапраўдная пчаліная хатка, прадстаўлена разнапланавае абсталяванне для пчалярства, ёсць нават прыстасаванні для сушэння пяргі, для апітэрапіі. Дзецям падабаецца знаёміцца з жыццём пчол, назіраць за імі праз шкло вулея і атрымліваць салодкія пачастункі — у гэтым годзе сабрана сем рамак уласнага мёду. На тэрыторыі школы ўсталявана сучасная метэастанцыя, даныя з якой можна атрымліваць, не выходзячы з кабінета геаграфіі. Ёсць прыстасаванні для паглыбленага вывучэння глебы, выкідаў вуглякіслага газу, біноклі для назірання за птушкамі і шмат чаго яшчэ. Ганна Вітальеўна прызнаецца, што плануе абавязкова скарыстацца ў рабоце такімі спрыяльнымі магчымасцямі, ініцыіраваць экалагічныя акцыі, далучыцца да даследчай дзейнасці.

Школа ў Здзітаве беларускамоўная, але праблем з выкладаннем на беларускай мове ў маладога педагога няма: ведае яе добра.

Настаўніца расказвае, што перад паступленнем ва ўніверсітэт здавала цэнтралізаванае тэсціраванне і па рускай, і па беларускай мовах. Па абедзвюх паспяхова, па рус­кай набрала на 1 бал больш.

Настаўніца прызнаецца, што выношвае планы адносна далейшага прафесійнага росту. Хоча атрымаць другую вышэйшую адукацыю і паступіла ўжо на юрыдычны факультэт сваёй альма-матар, выбраўшы завочную форму навучання. Разумее, што ўсё паспець і па рабоце, і па вучобе будзе цяжкавата. Але, калі ёсць жаданне педагога і падтрымка кіраўніцтва, магчыма ўсё! І гэта якраз такі выпадак.

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара