Як выхаваць культуру энергазберажэння

- 11:58Навіны рэгіёнаў

Гомельская сярэдняя школа № 44 імя М.А.Лебедзева, Гомельскі дзяржаўны абласны ліцэй і абласны Палац творчасці дзяцей і моладзі днямі прымалі гасцей са сталіцы ў рамках двухдзённага навучання педагагічных работнікаў і кіраўнікоў устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

“Варыятыўнасць форм і метадаў выхавання культуры энергазберажэння і энергаспажывання на розных узроставых этапах станаўлення асобы” — так гучала тэма мерапрыемства. Больш як дваццаць калег з Мінска прыехалі да гомельскіх педагогаў, каб пазнаёміцца з рэгіянальным вопытам работы.

Пачатак двухдзённым курсам быў пакладзены ў сярэдняй школе № 44 імя М.А.Лебедзева за круглым сталом, дзе абмяркоўваліся праблемы выхавання культуры энергазберажэння ў сучасных дзяцей і падлеткаў.
Удзельнікі мерапрыемства таксама прысутнічалі на пазакласных занятках “Мусор разделяешь — природу сберегаешь”, падчас якога навучэнцы 3 “А” класа разам з класным кіраўніком не толькі прадэманстравалі свае веды па тэме асобнага збору бытавых адходаў, але і запрасілі гасцей паўдзельнічаць у інтэрактыўнай гульні “Сартаванне”. Напрыканцы хлопчыкі і дзяўчынкі стварылі аб’ёмную інсталяцыю “У нас ёсць выбар”, якая наглядна адлюстроўвала наступствы забруджвання навакольнага асяроддзя бытавым смеццем.

Пасля госці наведалі школьны практычны цэнтр па энергазберажэнні, дзе педагогі гомельскай школы прэзентавалі сістэму работы сваёй установы па фарміраванні навыкаў рацыянальнага энерга- і рэсурсаспажывання ў вучняў. Увага звярталася на тое, што важная роля ў фарміраванні ў дзяцей разумных патрэб, беражлівых адносін да прыродных рэсурсаў і энергіі належыць сям’і, а таму школе неабходна цесна працаваць з бацькамі ў гэтым кірунку. Добры ўплыў на дзяцей робяць заняткі па інтарэсах у школах энергазберагальнага і экалагічнага напрамкаў, а таксама падрыхтоўка праектаў, даследчых работ, удзел у конкурсах “Энергамарафон”, “Энергія і асяроддзе пражывання”.

У другой палове дня слухачы праграмы навучання наведалі Гомельскі абласны ліцэй. Установа была выбрана невыпадкова. У сценах ліцэя размяшчаецца адзіны ў рэспубліцы музей энергазберажэння з вучэбна-практычным цэнтрам і лабараторыяй па энергазберажэнні.

Якія метады і формы можна выкарыстоўваць ва ўстановах дадатковай адукацыі, прадэманстравалі педагогі Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі.

Каб дасягнуць рашэння тых задач, якія ставяцца перад выхавальнікамі і настаўнікамі ў выхаванні культуры энергазберажэння і энергаспажывання, неабходна пачынаць працаваць з дзецьмі з самага маленькага ўзросту і неадступна весці работу на працягу ўсяго перыяду сталення.

Наталля ЛУТЧАНКА.