Як выхаваць патрыёта, спартсмена, акцёра, IT-спецыяліста, ведаюць у гімназіі Петрыкава

- 9:00Главная, Гомельская область, Индекс успеха, Образование

Педагогі гімназіі Петрыкава выхоўваюць школьнікаў сапраўднымі патрыётамі, спартыўнымі, камунікабельнымі і ініцыятыўнымі людзьмі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Цудоўны падарунак

Петрыкаўская гімназія ў наступным годзе адзначыць 20-гадовы юбілей. Гэта па-сапраўднаму ўнікальная ўстанова адукацыі, якая знаходзіцца ў глыбінцы Беларускага Палесся. Тут закладваюцца самыя лепшыя традыцыі, якія аб’ядноўваюць педагогаў, навучэнцаў і бацькоў ужо шмат гадоў. Дырэктар Людміла Хільман у самым пачатку аповеду пра сваю ўстанову пачала здзіўляць адметнымі фактамі: была адкрыта ў 2005 годзе як сярэдняя школа № 3, а перарэзаў чырвоную стужку сам Прэзідэнт! Тады ж кіраўнік дзяржавы зрабіў вельмі каштоўны падарунак: па-першае, у Петрыкаве з’явілася новая адукацыйная ўстанова, па-другое, на памяць ён перадаў сталы шахмат і шашак з масіву дрэва. На перапынках па­змагацца ў турнірах спяшаюцца як малышы, так і вучні старшых класаў. У 2007 годзе школа атрымала статус гімназіі. Адукацыйны працэс для 661 навучэнца на высокім узроўні ажыццяўляюць 54 педагогі.

Па словах дырэктара, пра кожнага настаўніка можна шмат чаго расказаць, адзначыўшы яго самыя моцныя бакі. Кожны з іх адкрыты да ўсяго новага і перадавога, майстар сваёй справы.

Маючы каманду аднадумцаў, у якую ўваходзяць намеснікі і настаўнікі, можна смела пакараць розныя вяршыні педагагічнага алімпу. Што тычыцца асобы дырэктара — яна з дынастыі педагогаў, чым вельмі ганарыцца.

— Я была генетычна схільная да прафесіі педагога: мама — настаўніца беларускай мовы і літаратуры, тата выкладаў хімію, — расказвае суразмоўніца. — У мамы заўсёды было шмат сшыткаў, якія яна правярала дома, на стале ляжалі часопісы “Народная асвета”, “Полымя” і любімая “Настаўніцкая газета”. Пры паступ­ленні выбар стаяў паміж педінстытутам і медыцынскім. І перавагу аддала педагогіцы, паступіла ў БДУ на спецыяльнасць “Біёлаг” з кваліфікацыяй “біёлаг, выкладчык біялогіі і хіміі”.

У кабінеце дырэктара на вочы трапляюцца ўнікальныя творчыя работы: вялікі размаляваны шар для навагодняй ёлкі, прыгожы тапіярый, зроблены сваімі рукамі. Відавочна, Людміла Рыгораўна — захоплены чалавек, прычым не толькі педагогікай.

— У нашай гімназіі існуе настаўніцка-бацькоўскі клуб разумных, юных, таленавітых, — працягвае кіраўнік. — У выхадны дзень разам з педагогамі, бацькамі (вядома, далучаюцца і дзеці) займаемся творчасцю: нехта вышывае крыжыкам, нехта натхняецца на неверагодна прыгожыя вырабы. Прыклад з дарослых бя­руць і дзеці, наведваючы працоўны лагер, старанна шыюць пасцельную бялізну для групы прадоўжанага дня, фартухі ў сталовую гімназіі, удзельнічаюць у распрацоўках эскізаў касцюмаў для выступленняў нашага ўзорнага тэатральнага калектыву “Купалінка”.

Брава, “Купалінка”!

Нездарма размова зайшла пра ўзорны тэатральны калектыў. Ён сапраўды на слыху, яго ўдзельнікі праслаўляюць гімназію, родны край. Пад кіраўніцтвам педагога Вольгі Марцынкевіч вучні з першага класа пачынаюць удзельнічаць у пастаноўках мюзіклаў на рускай, беларускай мовах, а цяпер і на англійскай. Дарэчы, англійскі кірунак узначальвае Ірына Рагалевіч, якая зараз праходзіць перападрыхтоўку па кітайскай мове, што можа стаць у будучыні яшчэ адным з напрамкаў развіцця творчага і інтэлек­туальнага патэнцыялу вучняў. Тэат­ральны калектыў выступае як на сцэнічнай пляцоўцы гімназіі, прычым прэм’еры праходзяць з аншлагам, так і ўдзельнічае ў конкурсах і фестывалях раённага, абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Забягаючы наперад, адзначу: Вольга Мікалаеўна не толькі педагог дадатковай адукацыі, але і настаўніца гісторыі, грамадазнаўства, музыкі.

— Паспелі праявіць сябе на міжнародным фестывалі-конкурсе “Новыя вяршыні”, “Хрустальны васілёк”, — далучаецца да дыялогу Вольга Марцынкевіч. — З самых яркіх рускамоўных пастановак — “Малыш і Карлсан”, на англійскай мове — “Кухцікі”. Кожная пастаноўка ўнікальная і непаўторная. З яркіх адзначу мюзіклы “Нотр-Дам дэ Пары”, “Стылягі”, якія паспелі пакарыць гледачоў сваім каларытам і непаўторнасцю, “Паўлінка” Янкі Купалы, “Трыбунал”, “Хто смяецца апошнім” Кандрата Крапівы. Адметнасць кожнага выступлення — вакальныя і харавыя спевы, харэаграфія.

На пытанне, чаму так важна развіваць ва ўстанове тэатральны напрамак, кіраўнік калектыву адказала не задумваючыся:

— Таму што тэатр развівае не толькі творчы патэнцыял чалавека, у першую чаргу заняткі дазваляюць дзецям зняць унутраныя заціскі, развіць гаворку і дыкцыю. Гэтыя ўменні ў будучыні ім вельмі спатрэбяцца. Ужо зараз радуемся поспехам і дасягненням нашых выхаванцаў. Напрыклад, адна з вучаніц і ўдзельніца калектыву Марына Беластоцкая прымала ўдзел у рэспубліканскім тэлевізійным праекце “Я ведаю!”. Яна была ў чацвёрцы найлепшых. Цяпер у гэта цяжка паверыць, але калісьці дзяўчына адчувала сябе заціснутым дзіцем, на здымках шоу Марына праявіла сябе на ўсе сто.

Яшчэ адзін напрамак, які дазваляе дзецям адчуваць упэўненасць у сабе, — мастацкае слова. Выхаванцы калектыву ўсё часцей становяцца лаўрэатамі адкрытага рэспубліканскага разнажанравага конкурсу “Жарынка”, шматжанравага конкурсу-фестывалю “Звездочёт”, конкурсу чытальнікаў “Жывая класіка”. Акрамя таго, навучэнцы разам з настаўнікамі прызнаны лепшымі Дзедам Марозам і Снягуркай рэспублікі. Да гэтай мары ішлі 10 гадоў, і, дзякуючы таленавітым вучням і настаўнікам, яна ажыццявілася.

Важна, што ў “Купалінку” не адбіраюць, абапіраючыся толькі на талент. Сюды запрашаюць тых дзяцей, якія сапраўды хочуць займацца і дасягаць пэўных поспехаў. На першым месцы — жаданне. Не толькі дзеці і кіраўнік захоплены тэатральнай работай, але і ўвесь педагагічны калектыў. У каманднай падрыхтоўцы адзначаны настаўніца абслуговай працы, якая дапамагае шыць сцэнічныя касцюмы, настаўнік тэхнічнай працы, які робіць дэкарацыі, бо на рэспубліканскіх і міжнародных пляцоўках трэба трымаць марку.

— У нас неверагодна прыгожыя сцэнічныя вобразы, большую частку калекцыі зай­маюць нацыя­нальныя касцюмы. Ёсць мара прадэманстраваць увесь спектр і хараство беларускага ўбрання, якое ўжо даўно лічыцца брэндам Петрыкаўшчыны, — падсумавала Вольга Марцынкевіч.

Камп’ютарныя геніі

У гімназіі вялікая ўвага ўдзя­ляецца адораным дзецям і інавацыйным падыходам у іх навучанні. Гэтыя задачы паспяхова рэалізуе больш за 20 гадоў настаўнік геаграфіі і інфарматыкі Аляксандр Дарошка. Менавіта ён рыхтуе камп’ютарных геніяў, захопленых робататэхнікай і мадэляваннем.

Апынуўшыся ў кабінеце інфарматыкі, нароўні з абсталяваннем вучэбнага класа ўвагу прыцягвае 3D-прынтар, чуваць, як тэхніка працуе: друкуецца чарговая дэталь для праекта.

Навучэнцы з радасцю дэманструюць магчымасці сабранага і запраграмаванага імі робата, які рэагуе на адлегласць, анемометра, які праз чат-бот перадае дакладную інфармацыю аб тэмпературы навакольнага асяроддзя.

— Дзякуючы гэтаму праекту, узялі 3-е месца на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, — тлумачыць Аляксандр Іванавіч. — Наша актыўная работа пачалася з распрацоўкі ўласнай устаноўкі для вымярэння якасці вады, потым заняліся стварэннем устаноўкі для вымярэння канцэнтрацыі водных раствораў. Сёння сярод падлеткаў вельмі папулярны скрэтч, схематэхніка пад сілу дзецям старшых класаў, яны ствараюць больш складаныя праекты, займаюцца даследчай дзейнасцю. Таксама ў гімназіі вядуцца факультатыўныя заняткі па падрыхтоўцы да алімпіяды, праходзяць заняткі па робататэхніцы. Вучні актыўна праяўляюць свае здольнасці, удзельнічаюць у конкурсах па робататэхніцы, даследчых праектаў, а зараз рыхтуемся да турніру юных географаў. Напэўна, у гэтым і ёсць унікальнасць нашай установы: мы развіваем дзяцей у розных напрамках. Мне падабаецца, калі вучні захапляюцца, калі яны перамагаюць у спабор­ніцтвах. Гэта вельмі моцна іх матывуе. Рады за сваіх навучэнцаў — дзевяцікласнікаў Філіпа Ганцэвіча і Марка Балабкіна, якія адправіліся на адукацыйную змену ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Канечне, прыемна, калі пра нашу гімназію ведаюць. Заўсёды лічыў, што Петрыкаў павінен гучаць.

У кабінет інфарматыкі спяшаюцца на заняткі як хлопчыкі, так і дзяўчынкі. Тых дзяцей, якім цікавы свет лічбавых тэхналогій, імкнуцца падтрымліваць, і вынік не прымушае доўга чакаць.

— Вялікая роля ў развіцці адукацыйнай траекторыі ў гэтым напрамку належыць Міністэрству адукацыі, бо, дзякуючы пастаўленаму абсталяванню, гімназія мо­жа пахваліцца класам робататэхнікі, а таксама фізікі, хіміі, біялогіі. І гэта выдатна! — з удзячнасцю адзначыла дырэктар установы.

Праз веды да званняў

Патрыятычнае выхаванне пачынаецца з парога гімназіі — такога меркавання прытрымліваецца кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Мікалай Жукоўскі. Для гэтага тут створаны ўсе ўмовы, наладжана супрацоўніцтва з камандаваннем Мазырскага пагранічнага атрада, ваенным камісарыя­там, РАНС, органамі ўнутраных спраў, што, несумненна, узмацняе праф­арыентацыю. Асоба педагога адыгрывае важную ролю ў выхаванні падрастаючага пакалення. Мікалай Аляксандравіч любіць сваю справу, ганарыцца ёй — безумоўна, выхоўвае сапраўдных патрыётаў.

— Як сказаў кіраўнік дзяржавы, трэба рыхтаваць патрыётаў — сапраўдных абаронцаў Радзімы. Гэтым і займаемся, — падкрэсліў Мікалай Жукоўскі. — Выхаванцы ў гімназіі асвойваюць ваенна-спецыяльную падрыхтоўку, веда­юць, як арганізавана служба на пагранзаставе, старанна рыхтуюцца да розных спаборніцтваў і конкурсаў. Многія з хлопцаў ужо сёння задумваюцца аб кар’еры міліцыянера, ратавальніка і ваеннага, яны абавязкова паступяць у сілавыя УВА. Штогод нашы выпускнікі паступаюць у Ваенную акадэмію, Акадэмію МУС, Універсітэт грама­дзянскай абароны МНС Беларусі. За перыяд маёй работы больш за 100 школьнікаў выпусціліся з сілавых УВА, атрымалі званні лейтэнанта, капітана, маёра, падпалкоўніка, палкоўніка — ганаруся імі!

Юніёр у гульні № 1

А яшчэ ва ўстанове паспяхова рэалізуецца рэспубліканскі праект “Мой школьны футбольны клуб”, які накіраваны на прыцягненне дзяцей у гульню № 1 у свеце. Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Аляксандр Шпакевіч — сапраўдны знаўца гульні з мячом, ён зацікаўлены ў развіцці названага праекта.

— Удзельнічаем у рэспубліканскім праекце з 2021 года, у мінулым зарэгістравалі наш школьны футбольны клуб, цяпер ён называецца “Гімназіст”, — не без гонару паведамляе Аляксандр Васільевіч. — Удзельнічаем ва ўсіх фестывалях, якія праводзіць Беларуская федэрацыя футбола, і дзецям такая актыўнасць вельмі падабаецца. Дарэчы, вельмі папулярны футбол сярод дзяўчынак. Яшчэ зусім нядаўна вучаніцы не верылі, што змогуць нароўні з хлопчыкамі гуляць у футбол, а зараз яны ўпэўнена забіваюць мяч у вароты. Гадуем таленты, пачынаючы з 3—4 класа. Спадзяюся, што з хлопцаў і дзяўчат атрымаюцца будучыя зоркі айчыннага спорту, веру ў гэта ўсім сэрцам. Для педагогаў важна, каб навучэнцы былі заняты карыснай справай, маглі рас­крыць свае здольнасці на спартыўнай арэне.

Дзяцей спорт захапляе. Пакуль у хлопчыкаў атрымліваецца выканаць навясны ўдар, дзяўчынкі трэніруюцца ў набіванні мяча — у іх гэта добра атрымліваецца.

— У гэтым сезоне дзяўчынкі праявілі свой спартыўны характар, малайцы, стараюцца, — хва­ліць дзяцей настаўнік фізічнай культуры і здароўя. — Трэніруемся не толькі на ўроках, але і ў шос­ты школьны дзень, падчас факультатываў, а таксама ў вячэрні час да 20.00. Штодзень працуюць дзве пляцоўкі, заняткі з вучнямі праводзяць два-тры педагогі. Нам ёсць дзе разгуляцца: акрамя спартыўнай залы, гуляем на стадыёне гімназіі. Прыемна, што, дзякуючы праекту, атрымалі абсталяванне, форму, усё неабходнае для таго, каб зрабіць заняткі яшчэ больш якаснымі, на добрым узроўні. Безумоўна, у спецыяльнай форме дзеці сябе адчуваюць футбалістамі.

Педагог адзначае, што футбольны праект не толькі неверагодным чынам аб’ядноўвае дзяцей, але і дапамагае падтрымліваць здароўе падрастаючага арганізма. І галоўнае — дазваляе вучням паверыць у сябе, свае сілы і поспех.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара