Як з дапамогай сенсорных скрынак наладзіць кантакт з дзецьмі з аўтызмам

- 11:06Образование, Портфолио

Выкарыстанне сенсорных скрынак дапамагае педагогу-псіхолагу Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Івацэвіч Вользе Карнейчык наладзіць эмацыянальны кантакт з дзецьмі з РАС. Падрабязнасці даведалася карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

— Першыя цяжкасці ў рабоце з дзіцем з РАС звычайна ўзнікаюць ужо пры знаёмстве. Яно альбо не заўважае новага дарослага, альбо становіцца напружаным ці агрэсіўным. Патрабуецца час, каб асвоіцца ў новай сітуацыі і прывыкнуць да педагога. Цікавасць да сацыяльнага свету ў дзяцей з аўтызмам не праяўляецца сама па сабе. Яны амаль не цікавяцца цацкамі для сюжэтна-ролевых гульняў, бо ў цацачнага посуду, мэблі, лялечнага адзення няма яркіх сенсорных уласцівасцей і характарыстык. Дзяцей з РАС прыцягваюць менавіта сенсорныя ўласцівасці прадметаў і цацак: яркія колеры, незвычайны пах, гладкая ці шурпатая паверхня, гукі, якія выдаюць прадметы. Хлопчыкам і дзяўчынкам падабаецца мацаць, дакранацца, круціць, падкідваць, выпускаць з рук на падлогу, нюхаць і прабаваць на смак разнастайныя рэчы. Каб заваяваць давер дзіцяці, наладзіць з ім кантакт, я пачала праводзіць гульні з сенсорнымі скрынкамі, — адзначае В. Карнейчык.

Сенсорная скрынка ўніверсальная — гэта ёмістасць з любым напаўняльнікам, які толькі дазволіць фантазія. Гульні з ёй можна адаптаваць пад любы ўзрост, прыдумваць іх розныя варыяцыі. Яна дасць магчымасць дзіцяці пашырыць тактыльны вопыт. Да скрынкі можна дакранацца, перасыпаць ці пераліваць у яе, нешта закопваць ці адкопваць і проста гуляць з ёй.

Што выкарыстоўваецца ў якасці асноўнага напаўняльніка? Крупы (рыс, грэчка, манка і інш.), макароны розных форм (спіралькі, ракавінкі, банцікі, зорачкі і трубачкі, ражкі ў выглядзе літар, лічбаў або фігурак жывёл), бабовыя (гарох, фасоля), прыродныя матэрыялы (шышкі, каштаны, жалуды, насенне раслін, спілы і кара дрэў і інш.), дэкаратыўныя каменьчыкі, пясок (звычайны рачны або кінетычны). Таксама гэта можа быць змятая папера, кавалачкі тканіны, гузікі, шарыкі з ваты, пража. Неабходна ўлічваць: чым меншае па ўзросце дзіця, тым больш буйным павінен быць напаўняльнік. І, вядома ж, усё павінна праходзіць пад наглядам дарослага.

Ёсць і дадатковы матэрыял — прадметы невялікага памеру (фігуркі жывёл, цацкі з кіндар-сюрпрызаў або канструктара, кубікі, геаметрычныя фігуры, пластыкавыя літары, лічбы і інш.), рознага роду ёмістасці і дапаможныя прадметы для гульні (шкляначкі, міскі, каструлькі, сіта, лупа і інш.), інструменты для маніпулявання і сартавання (сподачкі, шклянкі, мерныя лыжкі, шчыпцы, грабелькі…).

Прадметы для сенсорнай скрынкі трэба старанна падбіраць, яны павінны быць розныя па форме, колеры, памеры.

— Сенсорныя скрынкі можна напаўняць па сезоне. Гэта дапаможа азнаёміць дзяцей з рознымі порамі года, замацаваць іх паслядоўнасць і прыметы, — адзначае В. Карнейчык. — У дапаўненне і ў адпаведнасці з сезонам можна падабраць пальчыкавыя гульні, загадкі, практыкаванні («Паслядоўнасць падзей», «Недарэчнасць»), разразныя карцінкі, атрыбуты для гульняў з прышчэпкамі, карцінкі для пластылінавых латак, мема-парачкі і інш. Можна пагуляць у гульні «Знайдзі лісток» (жоўты, чырвоны і г. д.), «Знайдзі пару», «Знайдзі такі ж», «Збяры сняжынкі», «Знайдзі такога ж колеру» і г. д.

Гульні з сенсорнымі скрынкамі станоўча адбіваюцца на настроі і паводзінах. Метад садзейнічае карэкцыйнай рабоце, бо дзіця з аўтызмам атрымлівае новую сенсорную інфармацыю, пашырае сваё ўяўленне аб навакольным свеце. Развіваецца візуальнае, нюхальнае, датыкальнае ўспрыманне, а таксама сістэма каардынацыі і ўяўленні аб уласным целе.

Прапануем спасылку на гульні з сенсорнымі скрынкамі, якія Вольга Карнейчык распрацавала ў працэсе заняткаў.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва ўстановы адукацыі