Як знаёміць малышоў з тэатрам

- 12:06Дашкольная адукацыя, Рознае

Наўрад ці мы знойдзем малыша, які не любіць камп’ютарныя гульні, кінафільмы, мультфільмы. Але сапраўдных аматараў тэатральнага мастацтва сярод малышоў не так ужо і многа. Каб выхаваць сапраўднага аматара тэатральнага мастацтва, дарослым самім трэба выконваць пэўныя правілы і нормы паводзін, ведаць законы тэатра і рыхтаваць малыша да ўспрымання вобразнай тэатральнай мовы.

Самае папулярнае месца адпачынку жыхароў Гродна — парк Жылібера, які быў закладзены як батанічны сад. З цягам часу ад яго мала што засталося, але зараз энтузіясты і проста неабыякавыя людзі вяртаюць яго да жыцця. Жамчужынай гэтага парку з’яўляецца будынак Гродзенскага абласнога лялечнага тэатра. Ужо на працягу амаль двух стагоддзяў сюды прыходзіць Яго Вялікасць Глядач. А апошнія 30 гадоў тэатр аддадзены самаму патрабавальнаму і сур’ёзнаму гледачу — нашым дзецям.

Тэатр налічвае ў сваім рэпертуары больш за 35 пастановак для дзяцей, моладзі і дарослага гледача, здольных задаволіць любы густ. Ёсць пастаноўкі для малышоў пачынаючы з 3-, 5-, 6-гадовага ўзросту — такім чынам, улічваюцца ўзроставыя і псіхалагічныя асаблівасці дашкольнікаў.

Уся трупа тэатра ўдумліва і сур’ёзна падыходзіць да эстэтычнай, маральнай і філасофскай якасці спектакляў для дзяцей, выбару рэпертуару. У любым спектаклі шырока выкарыстоўваюцца выразныя сродкі: разнастайныя лялькі, маскі, касцюмы і яркія дэкарацыі, цікавая драматычная работа акцёраў.

Усё гэта робіць спектаклі Гродзенскага абласнога тэатра лялек аднымі з самых цікавых не толькі ў Беларусі, але і ў краінах блізкага і далёкага замежжа.

Некаторыя бацькі імкнуцца прывесці малыша ў тэатр ледзь не ў раннім узросце. Для малыша гэта вялікі стрэс і, як вынік, пераўзбуджэнне нервовай сістэмы. На думку псіхолагаў, першае наведванне дзіцем тэатра павінна адбыцца не раней чым у 5 гадоў. Але перад першым наведваннем дарослыя павінны падрыхтаваць малыша.
Агаварыце з дзіцем дату і зручны час паходу ў тэатр, пажадана разам загадзя купіць білеты. Акружыце гэтае дзейства нейкім таемствам, стварыце рытуал, прыгожа адзеньце дзіця. Спектакль павінен быць кароткім па часе (30—40 мінут). Пажадана, каб сюжэт быў вельмі простым, а яшчэ лепш — знаёмым дзіцяці (прачытаныя казкі, гісторыі). Прыйдзіце ў тэатр загадзя, прайдзіцеся па фае, пазнаёмцеся з інтэр’ерам. Зазірніце ў музей лялек або ў тэатральнае кафэ.

Яшчэ дома раскажыце дзіцяці, што наведванне тэатра патрабуе цішыні і ў час паказу нельга ўставаць, бегаць, есці, крычаць і г.д.

Калі вы бачыце, што дзіцяці цяжка ўспрымаць спектакль, у час перапынку можна прапанаваць яму пайсці прагуляцца ў парк.

Калі ваша месца знаходзіцца ў сярэдзіне рада, то праходзіць да яго трэба, павярнуўшыся тварам да гледачоў, якія сядзяць. Калі ваша месца занята, пастарайцеся не высвятляць адносін, а звярнуцца да адміністратара або білецёра.
Пасля спектакля падрабязна абмяркуйце з дзіцем усе нюансы тэатральнага дзейства, карысна некалькі разоў схадзіць на адну і тую ж пастаноўку. Вялікая памылка лічыць, што так званыя культпаходы ў тэатр усёй групай або класам змогуць прывіць вашаму дзіцяці пачуццё эстэтычнага задавальнення і любоў да тэатра. Наведванне тэатра — сямейная добрая традыцыя.

Дарагія чытачы! Ад вас і толькі ад вас маленькі чалавек навучыцца культуры паводзін не толькі ў тэатры, але і ва ўсіх грамадскіх месцах. Не будзьце абыякавымі і інертнымі, прывівайце малышу эстэтычны густ, маральныя нормы паводзін, паважлівыя адносіны да ўсяго навакольнага, і вы будзеце шчаслівымі сведкамі таго, як з дзіцяці вырасце той, хто глыбока думае, маральна чысты і адкрыты ўсяму прыгожаму на зямлі, — Чалавек!

Ганна САЎКО,
выхавальнік-метадыст дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 60 Гродна.