Як зрабіць фізічныя законы зразумелымі кожнаму вучню? Адказ на гэтае пытанне ведае Святлана Здаранкова

- 13:00Учитель года

Настаўніца фізікі сярэдняй школы № 34 Бабруйска Святлана Здаранкова пераканала карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”: фізіка становіцца простай для ўспрымання, калі заняткі напоўнены нагляднымі эксперыментамі і даступнымі жыццёвымі прыкладамі.

Жыццё Святланы Здаранковай звязана з педагогікай ужо дваццаць тры гады. Але спачатку мары аб настаўніцтве ў яе не было. Педагога ў дачцэ разгледзелі бацькі, і да іх парад яна прыслухалася.

— Ніколі не шкадавала аб сваім выбары. Фізіка заўсёды была маім любімым вучэбным прадметам. Мама і тата параілі накіравацца на вучобу ў БДПУ. Паехала ва ўніверсітэт без асаб­лівага энтузіязму. Аднак усё змяніла першая практыка. Я прыйшла ў сярэднюю школу № 30 Мінска, дзе маім кіраўніком практыкі была настаўніца Ганна Георгіеўна Ясковіч. Сваім стаўленнем да працы яна змяніла мой погляд на прафесію. І я зразумела, што таксама хачу вучыць дзяцей, хачу быць педагогам, — расказала Святлана Уладзіміраўна.

Студэнцкія гады прайшлі непрыметна. Атрымаўшы дыплом, Святлана Здаранкова па размеркаванні накіравалася на малую радзіму — у Бабруйск. І ўжо на этапе першых прафесійных крокаў не бачыла для сябе іншага шляху, акрамя як педагагічнага. Зараз яна настаўнік-метадыст са сваёй сістэмай паспяховага навучання.

Гаджэты і праекты

На сваіх уроках Святлана Уладзіміраўна робіць упор на практыкаарыентаванасць. Яна пераканана: фізіка становіцца простай для ўспрымання, калі заняткі напоўнены нагляднымі эксперыментамі і даступнымі жыццёвымі прыкладамі. Важнымі фактарамі з’яўляюцца таксама матывацыя і зацікаўленасць вучняў, таму настаўніца стараецца развіваць пазнавальную актыўнасць навучэнцаў.

— Фізіка — навука эксперыментальная, практычная, таму даволі часта выкарыстоўваю ў навучанні праектную дзей­насць. Па многіх тэмах навучэнцы складаюць міні-праекты непасрэдна на ўроку. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Праваднікі і ды­электрыкі” прапаноўваю вучням стварыць экспанаты для праекта дэманстрацыйнага стэнда. Падчас заняткаў па тэме “Маса цела. Шчыльнасць рэчыва. Адзін­кі шчыльнасці” дзеці выконваюць праекты па інфаграфіцы, арыентуючыся на якую праводзяць потым даследаванні. Вядома, у працэсе работы над праектамі ў навучэнцаў узнікаюць цяжкасці, таму я распрацавала для іх заданні-падказкі, — паведаміла С. Здаранкова.

Каб вызначыцца з мэтай праекта, Святлана Уладзіміраўна прапаноўвае дзецям выканаць заданне “Дзеяслоў + ШДК” (дзея­слоў плюс адказы на пытанні “Што?”, “Дзе?”, “Для каго?”) або “Дзеяслоў плюс ШН” (дзеяслоў плюс адказы на пытанні “Што?”, “Навошта?”). Для фарміравання ўмення вылучаць гіпотэзу і ба­чыць праблему настаўніца ра­іць вучням шукаць незвычайныя спосабы ўжывання рэчаў ці прапаноўваць свае здагадкі аб развіцці сюжэту. Не згубіцца ў багацці інфармацыі вучням дапамагаюць інтэлект-карта ці воблака слоў з асноўных паняццяў па тэме.

— У праектнай дзейнасці неабходна ўменне аналізаваць. Каб развіць у дзяцей гэты навык, шырока прымяняю магчымасці віртуальных лабараторый і анлайн-дадаткаў. Так, дадатак Arduino Science Journal — гэта лічбавы навуковы часопіс, які можна выкарыстоўваць у якасці дзённіка праекта. У ролі памочнікаў у нас таксама выступаюць канструктары LEGO WeDo, LEGO WeDo 2.0, LEGO Mindstorms EV3, мікракантролеры Microbit і Arduino, — растлумачыла Святлана Уладзіміраўна.

У сістэме навучання С.У. Здаранковай заўсёды прысутнічае і прынцып BYOD (Bring Your Own Devices — вазьмі свой уласны дэвайс). Педагог пераканана: смартфоны і планшэты можна эфектыўна задзейнічаць у вучэбным працэсе.

— Сучасныя навучэнцы з’яўляюцца актыўнымі карыстальнікамі мабільных прылад. Аднак гаджэты можна выкарыстоўваць не толькі для зносін або гульняў, але і з карысцю. Практычна ва ўсіх смартфонах ёсць датчыкі для вымярэння розных велічынь. Тэлефоны дапамага­юць маім вучням падчас выканання дамашніх заданняў. Выкарыстоўваючы іх, навучэнцы право­дзяць эксперыменты і міні-даследаванні, — ад­значыла настаўніца.

Цікавыя гульні

Святлана Здаранкова захапляе фізікай, робячы вучэбны ма­тэрыял даступным для разумення. А замацоўвае веды вучняў пры дапамозе нестандартных заданняў і інтэлектуальных гульняў.

— Вучням падабаецца ўсё, што весела і займальна. Гэта стымулюе да вучобы, таму пастаянна распрацоўваю для іх ін­тэлектуальныя фізічныя гульні, віктарыны, квесты, — расказала Святлана Уладзіміраўна.

На працягу навучальнага года настаўніца рэгулярна праводзіць для вучняў гульні “Брэйн-рынг”, “МазгаБойня”, “Турнір юных фізікаў”, “Што? Дзе? Калі?”, “Фізіка — спартыўная паласа перашкод” і іншыя. Акрамя гэтага, ладзіць круглагадовую канферэнцыю “Навука доследным шляхам”, дзе дзеці дэманструюць дамашнія эксперыменты. А яшчэ арганізоўвае прадметныя тыдні і прыдумляе адукацыйныя квесты.

— Укараненне элементаў гейміфікацыі станоўча адбіваецца на вучэбнай паспяховасці. Праз цікавыя гульні вучні ахвотна авалодваюць неабходнымі ведамі і ўменнямі, — падкрэсліла настаўніца фізікі.

Яна прапаноўвае навучэнцам займальна і адначасова карысна праводзіць і летні адпачынак. Настаўніца стварыла праект “Канікулы ў стылі STEAM”, які ўяўляе сабой профільны аздараўленчы лагер. Наведваючы незвычайны летнік, дзеці ў інтэрактыўнай гульнявой форме зай­маюцца праектаваннем, асвойваюць асновы робататэхнікі і праграмавання.

Акцэнт на выхаванні

Шмат увагі Святлана Здаранкова ўдзяляе класнаму кіраўніцтву. Пад сваё куратарства яна бярэ ў асноўным старшакласнікаў. Паразуменне з падлеткамі шукае праз узаемапавагу і сумесную дзейнасць.

— Разам з дзецьмі мы распрацоўваем спіс правіл, якія рэгламентуюць зносіны ў класным калектыве. Часта сустракаемся з вучнямі пасля вучобы: робім культурныя выхады, падарожнічаем ці проста гутарым. У нефармальных размовах раблю акцэнт на выхаванні: імкнуся прывіць навучэнцам правільныя жыццёвыя арыенціры, дапамагчы ім зрабіць свядомы прафесійны выбар, далучыць іх да нацыянальных традыцый, сфарміраваць патрыятычныя якасці і сямейныя каштоўнасці, — заўважыла Святлана Уладзіміраўна.

Гэтая неардынарная настаўніца ў літаральным сэнсе прападае ў школе з ранку да вечара. Акрамя пазакласных мерапрыемстваў, яна паспявае кіраваць школьным навуковым таварыствам “Юны даследчык”, віртуальным кабінетам энергазберажэння і экалагічным цэнтрам “ЗААДНО”.

— Як фізіку мне блізкая тэма энергазберажэння і экалагічнага выхавання. У гэтым напрамку праект “ЗААДНО” — мая гордасць. У яго рамках навучэнцы міжпрадметна вывучаюць прыродныя працэсы і з’явы, асвойваюць экарамёствы, ствараюць гульні экалагічнага зместу ў асяроддзі Scratch, сочаць за чысцінёй экасістэмы свайго мікрараёна, прымаюць актыўны ўдзел у рэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу”. Усё гэта спрыяе фарміраванню ў дзяцей экалагічнага светапогляду, прывівае ім навыкі эканамічнага рэсурсаспажывання, вучыць беражліва адносіцца да прыроды роднага краю, — запэўніла Святлана Уладзіміраўна.

Час адкрыццяў

Важнае месца ў педагагічнай дзейнасці Святланы Здаранковай займае работа з адоранымі навучэнцамі. У настаўніцы добра атрымліваецца раскрываць юныя таленты. Яе вучні пастаянна становяцца прызёрамі другога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы, праяўляюць сябе ў конкурсе “Энергамарафон”, на розных узроўнях рэспубліканскага конкурсу даследчых работ.

За плячыма Святланы Ула­дзіміраўны — значны педагагічны вопыт. Але, нягледзячы на гэта, яна нястомна працягвае прафесійнае развіццё.

— У гэтым плане вельмі дапамагае конкурс “Настаўнік года”. Удзельнічаю ў гэтым спаборніцтве не ўпершыню. Не першы раз выходжу і на заключны этап. І кожны раз для мяне гэта моцны штуршок да ўдасканалення педагагічнага майстэрства, час для адкрыцця кропак далейшага прафесійнага росту. З нецярпеннем чакаю фіналу, каб зноў акунуцца ў гэтую неверагодную атмасферу натхнення і творчасці, — падзялілася С. Здаранкова.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота з архіва Святланы ЗДАРАНКОВАЙ