Як зрабіць урок мовы ў пачатковай школе жывым і эмацыянальным, ведаюць настаўнікі-практыкі

- 9:00Главная, Образование

Лега-канструяванне, мнематэхніка, інтэлект-карты дазваляюць малодшым школьнікам развіць творчую актыўнасць, ініцыятыву і самастойнасць. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Станоўчы элемент

Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 134 Мінска імя Т.С. Марыненка Дар’я Лясун прымяняе на ўроках LEGO-тэхналогіі, якія спалучаюць у сабе элементы гульні і эксперыментавання, даючы магчымасць стварыць камфортную атмасферу ў класе: школьнікі вучацца гуляючы. Навучанне ў гульні дапамагае дзіцяці ўвасабляць у жыццё свае ідэі, будаваць і фантазіраваць. Пачатковец захоплена працуе і бачыць вынік сваёй работы. А любы поспех абуджае жаданне вучыцца.

Гульні з канструктарам LEGO настаўніца выкарыстоўвае з 1-га класа на розных этапах вучэбных заняткаў. З дапамогай LEGO на плато навучэнцы будуюць літары, гукавыя мадэлі слова, складаюць схемы сказа, вызначаюць колькасць літар, гукаў у слове або колькасць слоў у сказе. Педагог прапаноўвае дзецям гульні «Перакладчык» (настаўніца называе слова на беларускай мове, навучэнцы на плато будуюць адказ), «Дэтэктыў» (навучэнцы шукаюць памылканебяспечныя месцы ў словах, вызначаюць арфаграмы і пазначаюць іх на плато кубікамі пэўнага колеру), «Веру/не веру» або «Так — не» (выкарыстоўваюцца для адпрацоўкі навыку хуткага самастойнага адказу, напрыклад, пры вывучэнні часцін мовы вучні выкладваюць адказы на плато і педагог адразу бачыць цяжкасці школьнікаў і разумее напрамкі работы па карэкцыі), «Складзі слова» (прапаноўваецца для работы ў групе), «Святлафор» (для арганізацыі працэсу рэфлексіі).

Выкарыстанне канструктара эфектыўнае і пры вывучэнні літаратурных твораў. Прыём «Фантазёр» дазваляе пабудаваць важны элемент твора (пра што ці пра каго будзе твор), сцэну з апавядання (навучэнцы працуюць у групе), адгадаць загадку (адказ вучні будуюць на плато). У выглядзе размінкі, каб задаць настрой уроку, Дар’я Сцяпанаўна падбірае класічны музычны твор, і на працягу 3—5 мінут навучэнцы будуюць тое, з чым у іх асацыюецца музыка.

— Прымяненне LEGO на ўроках — гэта станоўчы элемент адукацыйнага працэсу, ён дапамагае дзіцяці развівацца. Навучэнцы праяўляюць творчыя здольнасці, фантазіруюць, вучацца ўзаемадзеянню з аднагодкамі, узаемадапамозе, уменням дамаўляцца і выконваць правілы, прымаць рашэнні, развіваюць камунікатыўныя навыкі. У школьнікаў захоўваецца вучэбная матывацыя, яны лепш засвойваюць матэрыял, а гэта самае галоўнае ў нашай рабоце, — адзначае Дар’я Лясун. — Праўда, у прымяненні гульняў з канструктарам LEGO на ўроках ёсць як перавагі, так і недахопы. Да пераваг можна аднесці тое, што маніпуляцыі з дэталямі канструктара спрыяюць развіццю ў дзяцей разумовых аперацый, уяўлення, назіральнасці, настойлівасці, вучаць іх супрацоўніцтву. Да мінусаў можна аднесці тое, што на выкананне заданняў з канструктарам навучэнцам патрабуецца больш часу, таму варта ўважліва падыходзіць да планавання вучэбнага часу на ўроку. Акрамя таго, не для кожнай тэмы можна падабраць гульню з LEGO.

Пішам правільна

Традыцыйныя спосабы вывучэння слоўнікавых слоў, заснаваныя на механічным запамінанні, не даюць жаданых вынікаў. Завучванне і шматразовае паўтарэнне ў большасці пачаткоўцаў выклікаюць антыпатыю, нежаданне завучваць гэтыя словы і, як вынік, зніжэнне пісьменнасці. На думку намесніка дырэктара сярэдняй школы № 16 імя А. Сухамбаева Гродна Вольгі Саўчык, вырашыць гэтую праблему магчыма праз выкарыстанне мнеманічных прыёмаў запамінання.

Калі слова проста механічна завучыць, то яно хутка знікне з памяці, — мяркуе Вольга Альфрэдаўна. — Для доўгачасовага запамінання кожнае слова або паняцце неабходна напоўніць зместам, канкрэтным вобразам або асацыяцыяй. Пры завучванні слоўнікавых слоў прымяняецца наступны алгарытм: інфармацыя — асацыяцыя — запамінанне. Пры гэтым навучэнцы вядуць слоўнічкі, дзе запісваюць слоўнікавае слова, складаюць словазлучэнне, падбіраюць словы-асацыяцыі і малююць ілюстрацыю.

Улічваючы, што навучэнцы ўмоўна дзеляцца на візуалаў, кінестэтыкаў і аўдыялаў, педагог прымяняе наступныя прыёмы работы:

1) шматразовае арфаграфічнае прагаворванне слова ўголас, выкарыстанне вершаў-запаміналак;

2) выкарыстанне ізографаў — шыфроўкі слова літарамі, размяшчэнне якіх нагадвае прадмет, пра які ідзе гаворка;

3) выкарыстанне рыфмовак з асобнымі рухамі рук, ног, пантамімай;

4) складанне рыфмовак да слоўнікавых слоў;

5) пошук слова ў слове (напрыклад, у слове «магазін» — «маг», «газ» і г. д.).

Важным этапам слоўнікавай работы з’яўляецца выкананне практыкаванняў на развіццё і ўзбагачэнне актыўнага і пасіўнага слоўніка навучэнцаў. Гэта зварот да этымалогіі слова, складанне словазлучэнняў і сказаў з прапанаваным словам, падбор роднасных слоў, прыказак і прымавак, фразеалагічных зваротаў.

Методыка работы над слоўнікавым словам з навучэнцамі на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі прадугледжвае наступныя этапы.

  1. Прадстаўленне слова. Пры гэтым педагог стварае праблемную сітуацыю, загадвае загадку, рэбус і г.д. Пры правядзенні хвілінкі чыстапісання прапісвае элементы слоўнікавага слова, якое будзе вывучацца.
  2. Запіс слова «з акенцам», пастаноўка націску (альбо запіс слова са слоўніка і пошук памылканебяспечных месцаў у ім).
  3. Складанне рыфмоўкі-запаміналкі.
  4. Запіс слова ў слоўнік. Складанне словазлучэнняў, сказаў. Замалёўка асацыяцыі са слоўнікавым словам.
  5. Увядзенне слова ў актыўны слоўнік вучняў на розных этапах урока з мэтай развіцця ў іх маўлення і замацавання напісання.
  6. Кантроль засваення напісання новага слоўнікавага слова.

— Прыёмы мнематэхнікі ў спалучэнні з традыцыйнымі метадамі вывучэння правапісу дапамагаюць сфарміраваць устойлівы навык напісання слоў з неправяраемымі арфаграмамі, развіваць усе каналы ўспрымання, тым самым забяспечваюць псіхалагічны камфорт кожнаму вучню. Малодшыя школьнікі авалодваюць прыёмамі запамінання і потым прымяняюць іх ахвотна і самастойна, — заўважае Вольга Саўчык.

Ментальная памочніца

Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 43 Магілёва Ларыса Краўцова аддае перавагу выкарыстанню на ўроках рускай мовы інтэлект-карт.

— Інтэлект-карта, або ментальная карта, — гэта інструмент візуальнага адлюстравання інфармацыі, які дазваляе эфектыўна структураваць і апрацоўваць яе. Інтэлект-карты можна складаць на паперы або з выкарыстаннем інфармацыйных рэсурсаў (напрыклад, Canva, Miro, MindMeister і інш), — тлумачыць Ларыса Яўгенаўна.

Пры стварэнні ментальнай карты педагог прытрымліваецца наступнага алгарытму.

  1. Узяць чысты ліст паперы фармату А4 і размясціць яго гарызантальна.
  2. Стварыць цэнтральны вобраз, што адлюстроўвае тэму, пра якую ідзе размова. Пры гэтым варта выкарыстоўваць мінімум тры колеры. Памер цэнтральнага малюнка павінен быць даволі вялікім, прыкладна 5 см у шырыню і вышыню.
  3. Размясціць галоўныя тэмы вакол цэнтральнага малюнка, як загалоўкі ў кнізе. Іх варта пісаць вялікімі літарамі або намаляваць малюнак.
  4. Дабавіць другі ўзровень думак. Гэтыя словы ці малюнкі звязаны з асноўнай галіной, якая запусціла іх. Злучальныя лініі больш тонкія, словы меншыя па памеры.
  5. Дабавіць трэці і чацвёрты ўзроўні даных, пры гэтым выкарыстоўваць як мага больш малюнкаў.
  6. Дабавіць новае вымярэнне ў сваёй карце памяці. Важныя моманты зрабіць прыметнымі з дапамогай рамак. Можна аддзяліць галіны карты з дапамогай каляровага контуру.

Вопыт паказвае, што навучэнцы пачатковых класаў больш захапляюцца заданнямі з элементамі малявання, таму з імі лепш за ўсё ствараць інтэлект-карту на паперы ў выглядзе малюнка або аплікацыі. У працэсе падрыхтоўкі і выканання работы малодшыя школьнікі вучацца працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі: вучэбнымі дапаможнікамі, ілюстрацыямі, артыкуламі з інтэрнэту, а таксама ўзаемадзейнічаць адно з адным, — адзначае педагог.

Вывучаючы тэму «Часціны мовы», пры пабудове інтэлект-карты Ларыса Яўгенаўна аказвае неабходную дапамогу навучэнцам, тлумачыць ім цяжкія моманты, накіроўвае. Асноўнае паняцце — «назоўнік», на галінах слова — «прадмет», «адушаўлёны», «неадушаўлёны», «множны лік», «адзіночны лік», «мужчынскі род», «жаночы род», «ніякі род», «хто?», «што?», потым заданне дапаўняецца адпаведнымі малюнкамі. Далей пры вывучэнні тэм «Прыметнік» і «Дзеяслоў» дзеці будуюць аналагічныя інтэлект-карты, працуючы ў невялікіх групах па 3—4 чалавекі. Створаныя інтэлект-карты педагог захоўвае, а потым дапаўняе новымі паняццямі па меры паглыблення ведаў. З часам навучэнцы выконваюць такія заданні індывідуальна. Такім чынам ужо былі пабудаваны інтэлект-карты па тэмах «Напісанне цвёрдага і мяккага знака ў словах», «Роля мяккага знака ў словах», «Правапіс прыставак» і інш.

З выкарыстаннем метаду стварэння інтэлект-карты была арганізавана работа па падрыхтоўцы да напісання пераказу па тэксце «Спрытны звярок». Асноўнае паняцце — «вавёрка», паняцці-асацыяцыі — «лес», «пянёк», «шышка», «сабака», «рака», «бярвёны». Былі дабаўлены малюнкі. Інтэлект-карты выкарыстоўваюцца і падчас работы над памылкамі, на стымулюючых і падтрымліваючых занятках.

— Вынікам выкарыстання на ўроку беларускай мовы ў пачатковай школе інтэлект-карт з’яўляецца павышэнне ў вучняў матывацыі да навучання, развіццё творчых здольнасцей, актывізацыя пазнавальнай дзейнасці, выяўленне і карэкцыя недахопаў у ведах. Пачаткоўцы актыўна ўключаюцца ў вучэбны працэс, пры гэтым актывізуецца іх разумовая дзейнасць, развіваюцца маўленне, памяць, упэўненасць у сабе, што спрыяе трываламу засваенню новых ведаў, — падкрэслівае Ларыса Краўцова.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара