Як зрабіць урок цікавым: гульні для навучэнцаў пачатковых класаў стварае Наталля Кулік

- 15:20Образование

Вучні заўсёды чакаюць на ўроку чагосьці цікавага, незвычайнага і загадкавага, таму настаўніца пачатковых класаў Наталля Кулік з Антопальскай сярэдняй школы Драгічынскага раёна стварае на занятках загадкавы і незразумелы свет, каб зацікавіць выхаванцаў і адправіцца з імі ў захапляльнае падарожжа па краіне ведаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Гульня — прывычны від дзейнасці не толькі для дашкольнікаў, але і для малодшых школьнікаў, — расказвае педагог. — Творчыя гульні на ўроках рускай мовы дапамага­юць у той ці іншай ступені вырашыць шэраг задач, звязаных з узбагачэннем слоўнікавага запасу, запамінаннем матэрыялу, яго вывучэннем і замацаваннем на эмацыянальным узроўні, што развівае пазнавальную цікавасць і пашырае кругагляд. Акрамя таго, гэтыя гульні выхоўваюць творчыя якасці: ініцыятыву, настойлівасць, мэтанакіраванасць, уменне знаходзіць рашэнне ў нестандартнай сітуацыі.

Па словах Наталлі Кулік, любую творчую гульню можна выкарыстоўваць неаднаразова, а каб цікавасць да яе не зніжалася — мадыфікаваць за кошт замены абсталявання ці ўвядзення новых правіл. Вельмі карысна прыцягваць да гэтага дзяцей, каб яны, фантазіруючы, мянялі гульню ці стваралі новую, а потым ахвотна гулялі не толькі ў дашкольнай установе, але і па-за ёй.

Аднаму з выхаванцаў педагога вельмі цяжка запаміналіся галосныя. Каб вырашыць праблему, Наталля Кулік прыдумала дыялог іншапланецян, які хлопчык хутка і з радасцю прайграваў: “Першы: “О — Э — А?”. Другі: “У — Ы!”. Першы: “Е — Ё?” Другі: “І — Ю — Я!”

— Інтанаваць такія “фразы” можна па-рознаму: вітаць адно аднаго, штосьці паведамляць ці пытацца, — тлумачыць настаўніца. — Гэтая немудрагелістая гульня вырашае адразу некалькі задач: галосныя запамінаюцца, дзеляцца на групы па абазначэнні імі мяккасці ці цвёрдасці зычных, а таксама адпрацоўваецца інтанацыя сказанага.

Любяць дзеці і гульні, дзе трэба прыдумваць словы па зададзеных правілах.

(Кіт, куст, карта, кніжка і інш.)

(Лямпа, лапка, лічба, луста і інш.)

Адна з гульняў дапамагае засвоіць род назоўнікаў і прыметнікаў, іх канчаткі, узбагачае слоўнікавы запас і ажыўляе заняткі. Наталля Кулік прапаноўвае дзецям не называць прыметнікі “добры” і “дрэнны” і не паўтарацца. Педагог шэпча на вуха аднаму з вучняў пэўны назоўнік, які можна запісаць на адваротным баку дошкі, паведамляе яго род, а дзеці ўсляпую падбіраюць азначэнні. У выніку атрымліваюцца даволі смешныя словазлучэнні: “бот — шкляны, дажджлівы, паветраны”; “булачка — злая, галодная, далікатная, клапатлівая, сіняя”. Гэтая гульня дазваляе ­зняць эмацыянальнае напружанне ці проста адпачыць.

— Прапаную скласці ланцужок слоў, перадаючы яго адно аднаму, як эстафету, — гаворыць педагог. — Дзеці працуюць у парах: “вада — празрыстая, месяц — серабрысты, кепка — летняя” і г.д.

Наталля Кулік даводзіць выхаванцам, што словы можна не толькі перадаваць адно аднаму, але і кідацца імі, як каменьчыкам у ваду. У якасці “каменьчыка” настаўніца прапаноўвае слова “крок”, якое запісвае на дошцы. Да кожнай яго літары трэба прыдумаць новае слова: “к — качка, р — рэклама, о — ордэн, к — кацяня”. Далей вучні складаюць міні-казку. Напрыклад: “Жыла-была маленькая рознакаляровая качачка. Паглядзела яна неяк рэкламу па тэлевізары і даведалася пра незвычайную ўзнагароду — ордэн, які атрымала кацяня за прыгожыя спевы. Купіла білет і адправілася на канцэрт. Ад спеваў кацяняці качачка была ў захапленні!”

— Дзеці любяць выпраў­ляць памылкі ў прыказках і тлумачыць іх сэнс: “Адзін у попеле не воін”, “Купіць кіта ў мяшку”, “У здаровым целе — здаровы пух”, “Мы самі з вушамі”, “Лес сякуць — кепкі ляцяць”, — паведамляе настаўніца.

На ўроках літаратурнага чытання яна прапаноўвае розныя творчыя заданні-гульні. Напрыклад, убачыць супярэчнасці ў чым-небудзь: знайсці станоўчыя і адмоўныя бакі ў зіме, ацаніць учынкі пэўнага літаратурнага персанажа з розных пазіцый.

Цікавасць выклікае і гульня, дзе неабходна пазнаць героя па апісанні: “Які герой насіў шырокі блакітны капялюш і падарожнічаў на паветраным шары?”, “Гераіня якой казкі прыляцела ў цёплыя краіны разам з ластаўкай?”, “Гэтая гераіня такая пяшчотная, што ўсё яе цела было ў сіняках, таму што яна спала на…”, “Ён вывернуў ваўка навыварат, застрэліў шалёнае фут­ра, выцягнуў сябе з балота”, “На ўроках ён страляў варон і лавіў двойкі, у лесе разбураў птушыныя гнёзды”.

Падабаецца вучням скажаць вядомыя казкі пра Золушку, Дзюймовачку і рыбака і залатую рыбку. Напрыклад: “Жыла-была Жоўтая Шапачка. Пайшла яна неяк наведаць сваю цётку. Дала ёй маці чамадан з мёдам і абаранкамі, і пайшла Жоўтая Шапачка па сцяжынцы праз тайгу. Сустрэўся ёй там добры Мядзведзь і пытаецца…” Калі вучні расказваюць свае казкі, астатнія ўважліва слухаюць іх, а потым выпраўляюць памылкі.

— Прапаную адным дзецям уявіць сябе героямі пэўнай казкі, а астатнім — даць ім параду, паўшчуваць ці падтрымаць (мачаха Золушкі, Золушка, Нільс і Старая з пушкінскай казкі), — адзначае Наталля Кулік. — Пытаюся, каму з іх ім бы хацелася падзякаваць за нешта, і прапаноўваю ўявіць, што гэтыя героі могуць падысці да чароўнага тэлефона і выслухаць іх.

У сваёй рабоце педагог не абыходзіць увагай шкодныя парады і смешныя задачы Рыгора Остэра, якія развіваюць не толькі пачуццё гумару, але і логіку, кемлі­васць, падтрымліваюць цікавасць да вучобы.

З захапленнем дзеці склада­юць загадкі па прапанаваным алгарытме: “які”, “што робіць”, са звязкай “але не”. Напрыклад, жоўтае, але не сонейка, пухнатае, але не кацяня, маленькае, але не мышка (кураня).

Наталля Кулік лічыць, што дзіцячая творчасць невычэрпная, а яе пажыўнае асяроддзе — таямніцы, якія хочацца разгадаць. Настаўніцы даводзіцца знахо­дзіцца ў іх пастаянным пошуку, каб зрабіць заняткі цікавымі і незвычайнымі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ