Якасны адпачынак для кожнага

- 15:03Навіны рэгіёнаў, Рознае

Цікава, насычана, а самае галоўнае, з карысцю для кожнага праходзілі летнія канікулы ў шматпрофільным цэнтры “Ветразь” Бялыніч.

Як паведаміла дырэктар цэнтра Святлана Зайкоўская, аздараўленне дзяцей — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці ўстановы.

— У летні перыяд мы працуем па рэгіянальнай комплексна-мэтавай праграме “Лета-2016”, якая прадугледжвае розныя формы работы з вучнямi ў канікулярны час. План работы заўсёды распрацоўваем загадзя. Улічваем пры гэтым інтарэсы навучэнцаў і іх бацькоў. Летам у нас працягваюць працаваць дзіцячыя аздараўленчыя пляцоўкі. Навучэнцы актыўна наведваюць пляцоўкі агульнафізічнай падрыхтоўкі і тэхнічнай творчасці, спартыўнага і тэатральна-гульнявога напрамкаў, мастацкай творчасці і дадатковай адукацыі, гісторыка-краязнаўчую і турыстычную пляцоўкі. Не спыняліся ў летні час і заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах. Акрамя таго, у нас была арганізавана работа аздараўленчага летніка з дзённым знаходжаннем, перасовачнага палатачнага лагера. У арганізацыі летняга аздараўлення ўдзельнічае ўвесь наш педагагічны калектыў. Сумесна мы прадумваем праграмы адпачынку так, каб нікому з дзяцей не даводзілася сумаваць, — расказала Святлана Лявонцьеўна.


Паводле яе слоў, у мясцовай дзятвы вялікай папулярнасцю карыстаецца аздараўленчы летнік з дзённым знаходжаннем “Тайфун”. Дарэчы, гэты лагер функцыянуе не толькі летам, але і ў іншы канікулярны час. Штогод гэтай формай аздараўлення ў цэнтры ахоплена звыш 170 навучэнцаў. Бялыніцкія школьнікі любяць “Тайфун”, бо тут створаны аптымальныя ўмовы не толькі для аздараўлення, але і для фізкультурна-спартыўнага развіцця, творчай дзейнасці.

— Плануючы работу аздараўленчага лагера “Тайфун”, мы часта аддаём перавагу праектнай дзейнасці. Як паказала практыка, такая методыка стварае найлепшыя ўмовы для сумеснай творчасці дзяцей і педагогаў, спрыяе паляпшэнню якасці арганізацыі канікулярнага вольнага часу. У мінулым годзе работа летніка была пабудавана на аснове сацыякультурнага праекта “Дзіцячае тэлебачанне”. Апісанне гэтага вопыту работы мы прадстаўлялі на Рэспубліканскі агляд-конкурс “Зробім лета ярчэйшым”. Па яго выніках наша ўстанова была адзначана дыпломамі на абласным і рэспубліканскім узроўні, а яшчэ памятнай стужкай “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку”. Сёлета аздараўленне ў “Тайфуне” праводзілася на аснове фізкультурна-аздараўленчага праекта “Вясёлы летні марафон”. Лагернае жыццё праходзіла ў выглядзе гульні, поўнай прыгод, рамантыкі і жадання дзяцей стаць удзельнікамі ўсіх мерапрыемстваў, — адзначыла Святлана Зайкоўская.


Кожнае лета ў “Ветразі” няма адбою і ад дзяцей, якія хочуць прайсці аздараўленне ў перасовачным палатачным лагеры з кругласутачным знаходжаннем “Брыганціна”. Летнік традыцыйна размяшчаецца ў лясной зоне, недалёка ад возера. Адарванасць ад звыклага сацыяльнага асяроддзя спрыяе развіццю дзіцячай самастойнасці, дазваляе школьнікам у поўнай меры раскрыць свае таленты і здольнасці. Гэтым летам работа лагера была арганізавана ў тры змены, падчас якіх тут выдатна адпачылі 50 дзяцей. Першая аздараўленчая змена мела патрыятычны і ваенна-спартыўны ўхіл, дзве наступныя аб’ядналі падлеткаў, неабыякавых да турызму і краязнаўства.

Адметна, што, плануючы праграму летняга аздараўлення, у “Ветразі” ўдзяляюць увагу не толькі адпачынку мясцовых школьнікаў. У рамках ажыццяўлення пазабюджэтнай дзейнасці кіраўніцтва цэнтра актыўна прыцягвае да аздараўлення дзяцей з іншых рэгіёнаў, прычым не толькі Беларусі, але і суседняй Расіі. Сёлета на базе ўстановы чарговы раз аздаравіліся навучэнцы сталічнай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву па сучасным пяцібор’і. Не першы раз у бялыніцкім “Ветразі” адпачывалі і расійскія дзеці.

— З расійскім бокам мы плённа супрацоўнічаем у плане прадастаўлення комплексных турыстычных паслуг. У жніўні мы ажыццявілі турыстычнае абслугоўванне для трох турыстычных груп юных расійскіх спартсменаў, — патлумачыла Святлана Лявонцьеўна.

Адпачынак дзяцей з Расіі на бялыніцкай зямлі доўжыўся тры тыдні. Кожны дзень спартсменаў пачынаўся з трэніровак, а ў астатні час з гасцямі працавалі педагогі шматпрофільнага цэнтра. Для дзяцей арганізоўваліся культурна-забаўляльныя мерапрыемствы, турыстычныя паездкі.

— Займаючыся аздараўленнем дзяцей, мы заўсёды стараемся рабіць гэта максімальна эфектыўна. Галоўная мэта — якасна і цікава арганізаваць адпачынак для кожнага дзіцяці, — падкрэсліла Святлана Зайкоўская.
Напэўна, менавіта такі падыход да справы і прыцягвае дзятву да аздараўлення ў шматпрофільным цэнтры “Ветразь”. Так, за мінулае лета тут паспяхова аздаравілася амаль 230 дзяцей.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.