Якасць, кампетэнтнасць, эфектыўнасць

- 11:08Навіны рэгіёнаў

Галоўнай мэтай укаранення сістэмы менеджменту якасці ў сярэдняй школе № 3 Ашмян было павышэнне якасці адукацыйнага і выхаваўчага працэсу. Па выніках укаранення плана мерапрыемстваў сістэмы менеджменту ва ўстанове і правядзення сертыфікацыйнага аўдыту 28 чэрвеня 2017 года школа атрымала сертыфікат сістэмы менеджменту якасці на адпаведнасць патрабаванням міжнароднага стандарту СТБ ІSО. Пра тое, як праходзілі ў школе гэтыя працэсы, якія змены зараз адбываюцца ў навучальнай установе, мы гутарым з дырэктарам школы У.В.ВОЙНЮШАМ.

— Уладзімір Віктаравіч, якія перадумовы для ўкаранення сістэмы менеджменту якасці былі ў школе і чаму вы вырашылі ўзяцца за гэтую работу?

— Нацыянальнай стратэгіяй устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на перыяд да 2020 года прадугледжана вывядзенне айчыннай сістэмы адукацыі на ўзровень, які адпавядае сусветным стандартам. Вопыт сусветных лідараў у галіне адукацыі паказвае, што асновай канкурэнтнай стратэгіі з’яўляецца арыентацыя на якасць праз сістэму менеджменту якасці (СМЯ), якая адпавядае патрабаванням міжнародных стандартаў ISO серыі 9001. Мы бачым павышэнне якасці адукацыйных паслуг як стратэгічную мэту ў рамках дзяржаўных задач і як сродак забеспячэння жыццядзейнасці, развіцця і росквіту нашай установы. А перадумовы — гэта высокі прафесійны патэнцыял педагагічнага калектыву і жаданне працаваць эфектыўна, з карысцю для нашых вучняў і грамадства.

— Як вялася работа па стварэнні сістэмы менеджменту якасці?

— Работа па ўкараненні сістэмы менеджменту якасці ў нашай установе адукацыі ажыццяўлялася з мая 2016 года. Загадам дырэктара быў прызначаны адказны за стварэнне і функцыянаванне СМЯ, упаўнаважаны па якасці — намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, сфарміраваны склад савета па якасці і склад рабочай групы па распрацоўцы СМЯ, вызначана вобласць сертыфікацыі СМЯ і складзены план мерапрыемстваў па яе ўкараненні. Далей на працягу 2016/2017 навучальнага года праходзіла навучанне ўладальнікаў працэсаў СМЯ праз наведванне семінараў, арганізаваных Гродзенскім інстытутам развіцця адукацыі, Гродзенскім цэнтрам стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі, былі праведзены ўнутраныя аўдыты па працэсах і пададзена заяўка на праходжанне вонкавага аўдыту.

Распрацавана неабходная прававая база для ўкаранення сістэмы менеджменту якасці. Распрацоўку, укараненне і развіццё сістэмы менеджменту ажыццяўляе творчая група. Кіраўніцтва школы на аснове прынцыпу галоснасці (з улікам меркаванняў усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу) сфарміравала місію і стратэгічныя прыярытэты развіцця ўстановы адукацыі, якія ахопліваюць усе віды дзейнасці.

— Хто ўдзельнічаў у распрацоўцы дакументаў, як былі размеркаваны абавязкі і якія працэсы вучэбнага і выхаваўчага працэсу ахоплівае СМЯ?

— У распрацоўцы дакументаў для функцыянавання СМЯ (кіраўніцтва па менеджменце якасці, кантэкст арганізацыі, стандарты школы, працэдуры па кіраванні рызыкамі) прымалі ўдзел намеснікі дырэктара па вучэбнай рабоце, па выхаваўчай рабоце, па адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце, інспектар па кадрах, загадчык бібліятэкі.

Вызначаны ўладальнікі працэсаў, адказныя за складанне матрыцы размеркавання адказнасці і паўнамоцтваў па працэсах, выдадзены загад “Аб парадку распрацоўкі стандартаў сістэмы менеджменту якасці”.

— Як праходзіў аўдыт?

— Аўдыт праходзіў у форме гутаркі з уладальнікамі працэсаў, кіраўнікамі структурных падраздзяленняў, у рамках якога была вывучана дакументаваная інфармацыя, сістэма перадачы ведаў персаналу, размеркаванне адказнасці і паўнамоцтваў, сістэма работы нашай установы.

Асаблівыя словы падзякі хочацца выказаць кіраўніку каманды па аўдыце, начальніку аддзела сертыфікацыі сістэм кіравання Гродзенскага цэнтра стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі Але Яўгенаўне Маскевіч, якая ўвесь час дапамагала пры распрацоўцы дакументаў, неабходных для функцыянавання СМЯ.

— Уладзімір Віктаравіч, а як памянялася дзейнасць калектыву ў сувязі з укараненнем сістэмы менеджменту якасці?

— У сувязі з укараненнем СМЯ ў адукацыйны працэс вызначана празрыстая сістэма арганізацыі работы, выпрацаваны адзіны падыход да дакументаабароту, створана арганізацыйна-метадычная і нарматыўная аснова для дасягнення прыярытэтных задач у нашай установе, дзе галоўнымі параметрамі развіцця адукацыйнага працэсу з’яўляюцца даступнасць, якасць, кампетэнтнасць, эфектыўнасць.

У сувязі з укараненнем СМЯ ў навучанне з боку адміністрацыі праведзены аналіз выніковасці асноўных працэсаў, які ахапіў усе напрамкі работы школы.

Аналіз выніковасці працэсу “Навучанне навучэнцаў” склаў 92% і паказаў дастатковы ўзровень ведаў навучэнцаў, пра што сведчаць вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, алімпіяды па вучэбных прадметах, навукова-практычных канферэнцый усіх узроўняў, конкурсаў. Сярэдні бал па школе вышэйшы за раённы паказчык.

Аналіз выніковасці працэсу “Выхаваўчая і ідэалагічная работа” склаў 97%. Дадзены паказчык сведчыць аб тым, што ўся сістэма мерапрыемстваў, арганізаваных у школе, спрыяе выхаванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі і высокай маральнасці навучэнцаў на аснове дзяржаўнай ідэалогіі. Навучэнцы школы прымаюць актыўны ўдзел у конкурсах рознага ўзроўню і становяцца пераможцамі і прызёрамі.

Аналіз выніковасці працэсу “Менеджмент персаналу” склаў 97,4%. Гэты паказчык дэманструе, што педагагічны калектыў школы вылучаецца высокай якасцю прафесійнай падрыхтоўкі, пра што сведчаць прызавыя месцы настаўнікаў у навукова-практычных канферэнцыях, конкурсах розных узроўняў.

Аналіз выніковасці працэсу “Менеджмент рэсурсаў” склаў 99,4%. Дадзены паказчык сведчыць пра тое, што матэрыяльна-тэхнічная база школы спрыяе ажыццяўленню якаснага адукацыйнага працэсу.

Таксама ацэньвалася задаволенасць усіх спажыўцоў адукацыйнага працэсу. Анкета змяшчала пытанні, што тычыліся як умоў, створаных у школе для навучання, так і прафесійнай кампетэнцыі педагогаў, адміністрацыі, а таксама ацэнкі іміджу ўстановы адукацыі. Задаволенасць навучэнцаў вызначалася пра дапамозе анкетавання вучняў 4, 9 і 11 класаў, іх бацькоў і педагогаў. Адзнака выніковасці выкарыстання інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя па выніках 2016/2017 навучальнага года склала 83,38%, што адпавядае яе высокаму ўзроўню.

— Сістэма менеджменту якасці прадугледжвае пастаяннае развіццё і ўдасканальванне дзейнасці ўстановы? Далейшае развіццё ў чым вы бачыце?

— Дасягненне якасці адукацыйнага працэсу шляхам максімальнага задавальнення запытаў навучэнцаў, бацькоў, педагогаў і грамадства праз удасканаленне прафесійных кампетэнцый педагогаў школы ў галіне комплекснага суправаджэння індывідуальнага развіцця навучэнцаў. І, як вынік, выпускнік школы — гэта кампетэнтная, сацыяльна інтэграваная і мабільная асоба, здольная да паўнавартаснага і эфектыўнага ўдзелу ў грамадскай і прафесійнай жыццядзейнасці ва ўмовах сучаснага грамадства.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.