Які ўплыў маюць інавацыі ў сістэме адукацыі, абмеркавалі на рэспубліканскім семінары

- 10:02Актуально, Образование

Як развіваецца навучальная ўстанова пры ўдалай асіміляцыі ў сацыяльна-­культурную прастору свайго населенага пункта і які ўплыў маюць інавацыі ў сістэме адукацыі? Гэтыя і іншыя пытанні сталі прадметам вывучэння на рэспубліканскім семінары, які прайшоў на базе гімназіі № 1 Слуцка, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Тэмай семінара стала “Традыцыі і інавацыі — важнейшы фактар развіцця ўстаноў адукацыі”. Мерапрыемства, удзельнікамі якога сталі дырэктары школ, гімназій, прадстаўнікі абласных упраўленняў па адукацыі, рэктары і супрацоўнікі абласных інстытутаў развіцця адукацыі. Кожны рэгіён накіраваў сваё прадстаўніцтва, што пацвердзіла зацікаўленасць у заяўленай тэме. Арганізацыя і правядзенне семінара сталі магчымы дзякуючы Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі Беларускага педагагічнага таварыства.

Начальнік інавацыйна-метадычнага аддзела цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ Людміла Юрчанка, вітаючы ўдзельнікаў семінара, перадала словы падтрымкі ад намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая, які пажадаў усім плённай працы.

Семінар прайшоў вельмі прадукцыйна. І гаспадары, і спікеры грунтоўна падрыхтаваліся. Пра ролю кіраўніка ў развіцці інавацыйных працэсаў у сучаснай установе адукацыі гаварыла дырэктар гімназіі № 1 Бабруйска Ганна Шаціла. Найперш Ганна Мікалаеўна адзначыла крытэрыі эфектыўнага кіравання: “Кіраванне будзе эфектыўным, калі праведзены якасны аналіз і наступнае планаванне дзейнасці ўстановы. А для гэтага неабходна стварыць адпаведныя арганізацыйна-педагагічныя ўмовы, сярод якіх — нарматыўна-прававыя, матэрыяльна-тэхнічныя, метадычныя, кадравыя”.

Каб педагагічны калектыў запрацаваў у інавацыйным рэжыме, было прынята рашэнне перагледзець сістэму метадычнай работы ў гімназіі. У выніку, акрамя традыцыйных форм работы з педагогамі, пачалі право­дзіць метадычныя мерапрыемствы ў інавацыйных формах. А вядучымі такіх мерапрыемс­тваў сталі настаўнікі ў пары, прычым у пару становяцца педагогі дыяметральна розных прадметаў. 

“Гэта спрыяе станаўленню роўных адносін у калектыве, росту педагагічнага майстэрства, дазваляе па-новаму будаваць сваю работу і ўвогуле павышае метадычны ўзровень настаўнікаў і матывуе іх на далейшае самаразвіццё. У выніку мы маем шэраг дасягненняў”, — адзначыла дырэктар гімназіі № 1 Бабруйска. 

А кіраўнік сярэдняй школы гарадскога пасёлка Мір імя А.І.Сташэўскай Таццяна Шаплыка падзялілася вопытам пабудовы адукацыйнай прасторы на аснове музейнай педагогікі. Безумоўна, свой уплыў зрабіла гістарычная спадчына Мірскага рэгіёна. Але і ў самой школе дзейнічаюць два музеі — народны музей школы і музей гістарычнай асобы Ігната Дамейкі.

Музеі з’яўляюцца адным з асноўных рэсурсаў у адукацыйнай сістэме ўстановы адукацыі, які развівае сутворчасць, актыўнасць, самастойнасць навучэнцаў у працэсе збору, даследавання, апрацоўкі, афармлення і прапаганды матэрыялаў па гісторыі свайго краю. Усё гэта мае выхаваўчую і навукова-пазнавальную каштоўнасць.

“Уся наша дзейнасць накіравана на выхаванне ў дзяцей пачуцця гордасці за гісторыю сваёй школы, шматвекавыя традыцыі роднага паселішча, за гераічнае мінулае нашай краіны, Радзіму і свой народ”, — адзначыла Таццяна Ільінічна.

Пра сістэму адукацыі Слуцкага рэгіёна расказала начальнік упраўлення па адукацыі Слуцкага райвыканкама Іна Серадзінская. Іна Алікаўна засяродзілася на выкарыстанні інавацыйных адукацыйных практык у рабоце ўстаноў адукацыі раёна, якія з’яўляюцца асновай перамог як педагогаў, так і навучэнцаў на конкурсах самага рознага ўзроўню.

Візітку 1-й гімназіі Слуцка прадставіла яе дырэктар Алена Міронава. Гэта ўнікальная навучальная ўстанова са сваёй гісторыяй і традыцыямі (адна з найстарэйшых школ у краіне). У гімназіі дзейнічае музей гісторыі сістэмы адукацыі Мінскай вобласці, існуе галерэя знакамітых выпускнікоў, сярод якіх, напрыклад, Анатоль Уладзіміравіч Фя­дзюшын, прафесар, доктар біялагічных навук, выбітны заолаг, заснавальнік беларускай заалагічнай школы, першы загадчык кафедры заалогіі біялагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, стваральнік заалагічных музеяў пры БДУ і Акадэміі навук БССР, арганізатар і ўдзельнік шэрага навуковых экспедыцый па вывучэнні фаўны Беларусі.

Да ўвагі гасцей былі прадстаўлены гульнявая пляцоўка — вэб-квест “Слуцкія Афіны” з настаўніцай матэматыкі Кацярынай Касцюкевіч, шоу-лекцыя “Падарожжа ў глыб Зямлі разам з героямі Ж.Верна”, дзе настаўніца геаграфіі Марына Цвірко прадэманстравала рэалізацыю індывідуальнага навучання, настаўніца пачатковых класаў Марына Хатэнка разам са сваім вучнем прэзентавалі зборнік задач “Матэматыка вуліц майго горада”. Настаўніца хіміі Ала Мартышэнка разам са сваім выхаванцам расказалі пра стварэнне кампазіцый араматызатараў на аснове атрыманых эфірных масел. А настаўніца фізікі Таццяна Максіменка стала вядучай экскурсійнага маршруту “Случчына касмічная”.

Далей удзельнікаў семінара чакаў “Гімназічны Арбат” — творчая пляцоўка, дзе пад кіраўніцтвам Аксаны Піхцеравай і Святланы Ляшэнка ўсе з задавальненнем вырабілі сабе асеннія брошкі і размалявалі кубачкі. Затым пагля­дзелі калекцыю тэатра моды “Мы любім вучыцца” (кіраўнік Аксана Піхцерава) і паслухалі музычную кампазіцыю, прысвечаную маме і падрыхтаваную пад кіраўніцтвам Ірыны Зарыцкай.

Акрамя таго, педагогі гімназіі падрыхтавалі для ўдзельнікаў семінара майстар-класы, якія правялі кіраўнік раённага рэсурснага цэнтра па геаграфіі Валянціна Енікава і фіналістка конкурсу “Настаўнік года — 2023” настаўніца рускай мовы і літаратуры Юлія Савановіч. Прынамсі, удзель­нікі майстар-класа Юліі Анатольеўны з энтузіязмам візуалізавалі тэкставую інфармацыю.

Падводзячы вынікі се­мінара, старшыня савета Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі Беларускага педагагічнага таварыства дырэктар сярэдняй школы № 1 Ліды Сяргей Фанасаў высока ацаніў дзейнасць 1-й гімназіі Слуцка і падкрэсліў, што, толькі захоўваючы традыцыі, можна будаваць будучыню навучальнай установы.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара