Лідар прафсаюзнай арганізацыі не проста пасада, а стыль жыцця. Аб гэтым і не толькі карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» пагутарыла з пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Прафсаюзны лідар” Інесай Сямёнавай, старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі сталічнай сярэдняй школы № 109 імя Веры Харужай.
— Перамога ў конкурсе ў намінацыі “Лідар пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі” не толькі мая, але і ўсяго калектыву, — прызнаецца Інеса Уладзіміраўна. — Шмат хто выклікаўся дапамагчы мне, падтрымаў. Была створана творчая група: хтосьці рыхтаваў дэкарацыі, хтосьці прыдумваў танцы, пастаноўку. Я наноў вывучыла Статут Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. На гарадскім этапе мы пісалі эсэ “Быць лідарам для мяне — гэта…”. Адказвалі на пытанні па статуце ў фармаце тэста. На рэспубліканскі этап рыхтавалі візітоўку — творчы нумар, у якім расказвалі пра сябе. Я ўдзячна за падтрымку сваім блізкім, калектыву роднай школы і прафсаюзнай арганізацыі Заводскага раёна. Без іх я не верыла б у сябе так моцна, а значыць, і не перамагла б.
Прафсаюзная арганізацыя сярэдняй школы № 109 з’яўляецца адной з лепшых у Заводскім раёне Мінска на працягу пяці гадоў. У 2018 годзе яе калектыў атрымаў падзяку за надзейнае і дзейснае сацыяльнае партнёрства ад Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Перш чым прыйсці працаваць у 109-ю сярэднюю школу, з якой Інеса Уладзіміраўна і выпускалася, яна шэсць гадоў шукала сябе ў іншых установах адукацыі. Потым усё ж зрабіла выбар — у той жа год уступіла ў прафсаюзны камітэт, адказвала за работу з ветэранамі, арганізацыю ўнутрышкольных імпрэз. А ў 2009 годзе яе выбралі прафсаюзным лідарам.
— Безумоўна, калі я стала лідарам нашага прафсаюза, маё жыццё змянілася, — успамінае Інеса Уладзіміраўна. — Да абавязкаў настаўніка пачатковых класаў дадаліся і задачы старшыні пярвічкі. Усё было новым, было страшна і незразумела, таму і складана. З часам я стала атрымліваць неверагоднае задавальненне ад сваёй работы. Прафсаюзным актывістам важна не баяцца цяжкасцей, хацець чуць і слухаць людзей. Бескарысліва дапамагаць ім, імкнуцца знаходзіць агульную мову з адміністрацыяй сваёй школы, таму што яна — незаменная падтрымка і апора ў пошуку рашэнняў. І, канечне, трымацца сваёй каманды. Толькі разам можна чагосьці дасягнуць.
Прафсаюзная арганізацыя сярэдняй школы № 109 з’яўляецца адной з лепшых у Заводскім раёне Мінска на працягу пяці гадоў. У 2018 годзе яе калектыў атрымаў падзяку за надзейнае і дзейснае сацыяльнае партнёрства ад Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Не стаяць на месцы, а развівацца — адно з правіл калектыву прафсаюза.
— Як не бывае генерала без войска, гэтак і не бывае лідара без каманды, — гаворыць кіраўнік прафсаюза сярэдняй школы № 109. — У прафесійнай дзейнасці мала проста кіраваць, важна зацікавіць, захапіць, натхніць. Я імкнуся рабіць так, каб кожны адчуў важнасць свайго ўдзелу ў прафсаюзнай дзейнасці. Тлумачу каштоўнасць укладу кожнага актывіста арганізацыі ў развіццё нашага прафсаюза. Важна заўважыць кожнага чалавека, пачуць яго жаданні і патрэбы, знайсці спосаб дапамагчы яму ў іх рэалізацыі.
Актыў прафсаюзнага камітэта складаецца з 7 настаўнікаў-перадавікоў. Задача Інесы Уладзіміраўны — арганізаваць камандную работу эфектыўна і пры вырашэнні ўсіх пытанняў зрабіць правільны выбар. Арганізацыя і яе актыў займаюцца пытаннямі аздараўлення: пуцёўкі ў санаторыі — адзін з самых запатрабаваных запытаў ад калектыву. Камітэт сочыць за тым, каб маладыя настаўнікі павышалі сваю катэгорыю і развіваліся прафесійна і духоўна, арганізоўвае ўрачыстыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да свят, спартакіяды, займаецца дапамогай ветэранам і падрыхтоўкай святочных канцэртаў для іх.
— Каб добра працаваць, трэба і добра адпачываць, — дзеліцца сакрэтам Інеса Уладзіміраўна. — Мы вельмі любім ездзіць на экскурсіі, у санаторыі і асабліва на турыстычны злёт педагагічных работнікаў Заводскага раёна. Помню, у першы год мы на яго не паехалі, бо палічылі, што не справімся. Але ў наступным усё ж адважыліся і… занялі 1-е месца! Зараз прымаем у ім удзел кожны год. Лес, палаткі, спартыўныя і творчыя выпрабаванні… Добра, што такое ёсць.
Прафсаюзны лідар павінен быць дасведчаным, актыўным, кампетэнтным, самадастатковым. А самае галоўнае — павінен заставацца чалавекам, якому хочацца верыць, з якім хочацца працаваць і за якім хочацца ісці.
— Быць актывістам прафсаюза — нялёгкая праца, — падкрэслівае Інеса Уладзіміраўна. — Трэба шмат часу і сіл, матывацыі. І дапамагае ў гэтым вучоба ад прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі Заводскага раёна. Мы кожны месяц удзельнічаем у нарадах Заводскай раённай прафсаюзнай арганізацыі. Гэта дае магчымасць расці як спецыялiстам. Каб адсочваць эфектыўнасць працы, рэгулярна праводзім маніторынгі аб выкананай рабоце, аб абароне працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў.
— Які ён, сучасны лідар прафесійнага саюза? — пытаюся ў сваёй гераіні.
— Такі чалавек — лідар ва ўсім, — гаворыць Інеса Уладзіміраўна. — Ён павінен быць дасведчаным, актыўным, кампетэнтным, самадастатковым. А самае галоўнае — павінен заставацца чалавекам, якому хочацца верыць, з якім хочацца працаваць і за якім хочацца ісці. У гэтым плане для мяне прыкладам была і ёсць дырэктар нашай школы Людміла Васільеўна Кузняцова. Яна натхняе не толькі мяне, але і ўвесь калектыў ісці да сваіх мэт і мар.
Соф’я ЦЫКУНОВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА