Днямі ў Выдавецкім доме “Звязда” ў перакладзе на беларускую мову пабачыла свет кніга азербайджанскай пісьменніцы Севіндж Нурукузы “Базгулак і поры года”. З паэтам і празаікам, які працуе ў асноўным для дзіцячага чытача, членам Саюза пісьменнікаў Азербайджана, старшым рэдактарам выдавецтва “Тахсіл” наша гутарка.
— Севіндж, як на ваш погляд, ці патрабуе работа ў дзіцячай літаратуры асаблівага ведання дзіцячай псіхалогіі, пэўных педагагічных навыкаў?
— Так, я думаю, што дзіцячы пісьменнік перш-наперш павінен быць добрым псіхолагам і педагогам. Дзяцінства — гэта той перыяд у жыцці чалавека, калі пачынаюць фарміравацца якасці чалавека, манера паводзін, погляды на навакольны свет. Ад таго, як адбываецца фарміраванне асобы менавіта ў гэты перыяд, залежыць усё яго далейшае жыццё. І ў гэтым працэсе самым непасрэдным чынам удзельнічае і дзіцячы пісьменнік. Добры дзіцячы твор у нейкім сэнсе з’яўляецца навігатарам дзіцячых ідэй. Дзіця шмат што бярэ для сябе нават з маленькага апавядання. Лепей за сапраўднага дзіцячага пісьменніка ніхто і не ўвойдзе ў глыбіню дзіцячай душы. Але, каб дасягнуць поспеху, ты павінен ведаць асаблівасці дзіцячай псіхалогіі. Як, напрыклад, ведае яе ірландскі пісьменнік Сэм Макбратні. Ён адным маленькім апавяданнем “Ведаеш, як я цябе люблю” дае ўрок мільёнам дзяцей. Ён не імкнецца вучыць, як яны павінны любіць, а паказвае, што такое любоў. Як прызнацца ў любові любімым. Як моцна можна любіць. Гэта кніга для дзяцей і іх бацькоў, для ўнукаў і ўнучак, бабуль і дзядуляў, для закаханых юнакоў і дзяўчат, для ўсіх, хто любіць, любіў ці хоча любіць.
— Вы пішаце ў асноўным для чытачоў дашкольнага ўзросту, для тых дзетак, што вучацца ў пачатковай школе. Чым, на ваш погляд, адрозніваецца такі чытач ад дзяцей болей старэйшага ўзросту?
— Пры рабоце над творамі дзіцячай літаратуры ўлічваецца спецыфіка пэўнага ўзросту. Я ў асноўным пішу для дашкольнікаў. Гэта крышачку складаней. Таму што яны перш-наперш чытачы-слухачы, а пасля ўсяго гэтага чытачы. Значыць, пісьменнік, які піша для самых маленькіх, мае справу і з чытачом-гледачом, і з чытачом-слухачом, і з чытачом. Таму пісьменнік, які звяртаецца да дзіцячай літаратуры, павінен адрознівацца асаблівымі адносінамі да жыцця, уяўляць сабе, як навакольная рэчаіснасць успрымаецца дзіцем, адзначаць незвычайнае, яркае — тое, што цікава яго будучым чытачам. Ён павінен быць цікавым для ўсіх гэтых трох тыпаў чытачоў. І гэта вельмі цяжка. І невыпадкова мая кніга “Маленькая азбука” не для першакласнікаў, а менавіта для дашкольнікаў, хаця і памер кнігі ўражлівы ў такім выпадку — 196 старонак. Працуючы з маленькімі, не забываюся, што менавіта ў дашкольным узросце фарміруюцца стэрэатыпы чытача, сярод якіх маюць месца і негатыўныя. Яны часам вельмі сур’ёзна ўспрымаюць прачытанае, і, калі не фарміраваць крытычнае ўспрыманне, вялікая верагоднасць, што будуць капіраваць негатыўныя ўзоры, вобразы, ісці ў паводзінах следам за негатыўнымі персанажамі. Цэлымі днямі тысячы “чаму” і “як” задае маленькі чытач. На ўсе гэтыя пытанні павінен умець адказаць дзіцячы пісьменнік.
— Што больш за ўсё чытаюць азербайджанскія дзеці — сусветную ці нацыянальную класіку, творы сучасных пісьменнікаў Азербайджана?
— І тое, і другое. Наш чытач разумны. У сучаснага чытача вытанчаны густ. У адным зборніку я дала ўрывак з кнігі Свена Нурдквіста “Петсан і Фіндус”. Адна з чытачоў — сямігадовая дзяўчынка — кожны раз пры сустрэчы просіць працяг гэтай гісторыі. Нашы дзеці вельмі любяць класіку — і сусветную, і нацыянальную. Яны чытаюць Астрыд Ліндгрэн, Анне-Катарыну Вэстлі, Элеанор Фарджон, Хрысціну Нёстлінгер, Джані Радары, Хануману Алібейлі, Цеймура Эльчына, Тофіга Муталібава, Ільяса Тапдыга… Пры гэтым азербайджанскія дзеці чытаюць і сучаснікаў. Для іх цікавым падаецца жыццё равеснікаў за межамі краіны. Напрыклад, нядаўна ў маім перакладзе выйшла ў выдавецтве “Тахсіл” кніга беларускага пісьменніка Алеся Карлюкевіча “Вавёрка піша сачыненне”. Гэты аўтар — першы сучасны беларускі пісьменнік, з творчасцю якога знаёміцца наша дзіцячая аўдыторыя. Мяркую па сустрэчах з чытачамі, бібліятэкарамі, кніга вельмі даспадобы прыйшлася дзецям.
— Як сёння адносяцца юныя чытачы да казак?
— Казка з’яўляецца адным з асноўных жанраў фальклору. Пісьменнікі імкнуцца выкарыстоўваць гэты жанр, таму што ён любімы жанр дзятвы. Але ў той жа час казка і няпросты, нават цяжкі жанр для пісьменніка. Таму што яна досыць хутка выдае аўтара, калі ён імкнецца зрабіць пустую падробку. Казка не дапускае фальшу. Тут нельга абысціся штукарствам, падробкай, імітацыяй. Усё павінна ісці ад душы. Я асабліва гэта адчула, калі працавала над аповесцямі-казкамі “Прыгоды Іпекчэ”, “Два дні з Джыя”, “Казка пра незвычайнае паселішча”, “Айсу і месяц”, “Гульня ў хованкі ў шафе”.
— А ці запатрабаваная ў азербайджанскай дзятвы літаратура пра родны край, пра гарады краіны, пра народныя звычаі?
— Вельмі. Я думаю, што для дзяцей усіх часоў і ўсіх народаў гэта было вельмі важна. Але тут узнікае вельмі важная акалічнасць — як пісаць пра ўсё гэта, каб не было сумна. Прывяду адзін яскравы прыклад. У 1901 годзе Таварыства настаўнікаў Швецыі шукала аўтара, які б змог напісаць новы падручнік па геаграфіі для народных школ. Сельма Лагерлёф пагадзілася адразу — і на тры гады згубіла спакой. Яна ездзіла па краіне, вывучала заалогію, батаніку, гісторыю шведскіх правінцый. Збірала легенды і паданні. І напісала сваю прыгожую, унікальную кнігу — “Дзівоснае падарожжа Нільса Хальгерсона з дзікімі гусямі па Швецыі”. Вось што яна шукала! Дзеці змогуць убачыць краіну з вышыні птушынага палёту: яе прыроду, старыя сядзібы, палацы. Жыхары кожнага куточка, кожнай правінцыі, расказваючы Нільсу свае легенды і традыцыі, усё гэта раскажуць і школьнікам усёй краіны. У 51 год Сельма Лагерлёф стала першай жанчынай, якая атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры — за кнігу-падручнік для дзяцей. Вось як трэба пісаць! Так сапраўды можна прывіць любоў да роднага краю!
— Ці ёсць сёння ў азербайджанскім дзіцячым кнігавыданні такое паняцце, як пазнавальная літаратура, грамадска значная, здольная інфармаваць патрыятычныя пачуцці? Ці вы лічыце гэтую справу не зусім абавязковай?
— Сумясціць прыемнае з карысным — гэта адзін з прынцыпаў дзіцячай літаратуры. Гэта ж так добра, чытаючы, не толькі сачыць за захапляльным дзеяннем, але і пры гэтым адкрываць для сябе нешта новае. Пазнавальная літаратура, грамадска значная, здольная фарміраваць патрыятычныя пачуцці, вельмі патрэбная нашым дзецям сёння. Ёсць дзеці, якія згубілі свой дом, сваіх родных, блізкіх… Як фарміраваць іх патрыятычныя пачуцці? Якім чынам?. І я асабіста спрабавала вырашыць гэтую задачу — у кнізе “Агджа і Джупулу”.
— Пра якую кнігу вы самі марыце?
— Я мару пра кнігу, якую ўвесь дзень дзіця носіць з сабой. Ад якой не адрываецца ні на адну хвілінку. Вось гэта і ёсць кніга маёй мары.
— Якіх кніжных герояў не хапае сёння дзецям?
— Вясёлых, разумных, ініцыятыўных.
Мікола БЕРЛЕЖ.
Фота Наталлі АСМОЛА.