Якім павінен быць сучасны ўрок біялогіі?

- 10:21Навіны рэгіёнаў

Адказ на гэтае пытанне шукалі настаўнікі біялогіі абласной творчай групы, якая працуе пры Брэсцкім абласным ІРА. Семінар-пасяджэнне “Практыка-арыентаваны падыход пры навучанні біялогіі як фактар развіцця творчых здольнасцей, ключавых і прадметна-спецыфічных кампетэнцый вучняў” прайшоў на базе Маларыцкай раённай гімназіі.

Члены абласной творчай групы наведалі ўрокі біялогіі ў 6 класе па тэме “Клетачная будова жывых арганізмаў. Будова расліннай клеткі” (настаўніца біялогіі кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання Нэлі Шпетная) і ў 11 класе па тэме “Дынаміка колькасці папуляцыі” (настаўніца біялогіі кіраўнік раённай творчай групы Ала Чуль).

Нэлі Андрэеўна і Ала Сяргееўна прадэманстравалі, як выкарыстоўваюць практыка-арыентаваны падыход пры выкладанні біялогіі. Настаўніцы перакананы, што сучасны ўрок павінен быць цэласным, звязаным з папярэднімі і наступнымі заняткамі, быць звяном ва ўсёй сістэме ўрокаў па пэўнай тэме.

— Настаўнік на любым уроку біялогіі павінен ствараць умовы для фарміравання вучэбнай матывацыі, прымяняючы розныя метады, прыёмы і сродкі, — гаворыць Нэлі Шпетная. — Вучням трэба выкарыстоўваць атрыманыя веды і ўменні ў розных сітуацыях штодзённага жыцця. Настаўніку неабходна найперш арыентавацца на развіццё ў вучняў практычных навыкаў, іх пастаяннае ўдасканальванне, на адкрыццё новага і невядомага раней. Толькі такі ўрок будзе эфектыўным і выніковым.

Ала Чуль лічыць, што настаўнік заўсёды павінен паведамляць вучням мэты і задачы ўрока: чаму яны навучацца, пра што новае даведаюцца, якія навыкі выпрацуюць і для чаго яны спатрэбяцца. Не абысціся на занятках і без выкарыстання інфармацыйна-камп’ютарных тэхналогій.

Нэлі Шпетная правяла майстар-клас “Выкарыстанне мнематэхнічных прыёмаў пры вывучэнні біялогіі як спосаб павышэння якасці ведаў вучняў”. Удзельнікі мерапрыемства наведалі Маларыцкі кансервава-агароднінасушыльны камбінат, дзе азнаёміліся з асаблівасцямі тэхналагічнага працэсу і прадукцыяй прадпрыемства.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.