Якімі прававымі гарантыямі валодаюць у Беларусі педагогі — маладыя спецыялісты

- 9:05Главная, Образование, Приложение, Школа управления

Як і кожны год, сёлета ў сярэдзіне жніўня айчыннае настаўніцтва папоўніцца маладымі спецыялістамі. Пра сацыяльныя гарантыі маладым спецыялістам, іх правы і абавязкі расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” галоўны прававы інспектар працы Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Васільеўна Манюк.

У Рэспубліцы Беларусь правы і абавязкі маладых спецыялістаў рэгулююцца шэрагам дакументаў.

Гэта Працоўны кодэкс Рэспуб­лікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, Палажэнне аб парадку размеркавання, пераразмеркавання, накіравання на работу выпускнікоў, якія атрымалі пасляўніверсітэцкую, вышэйшую, сярэднюю спецыяльную ці прафесійна-тэхнічную адукацыю, і іншыя нарматыўна-прававыя акты. Выпускнікам месца работы прадастаўляецца шляхам размеркавання ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю (напрамкам спецыяльнасці, спецыялізацыяй) і прысвоенай кваліфікацыяй.

Тэрмін абавязковай работы пры накіраванні на працу для выпускнікоў, якія атрымалі пасляўніверсітэцкую адукацыю І ступені за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, складае 2 гады, а для тых, хто атрымаў пасляўніверсітэцкую адукацыю ІІ ступені, — 1 год. Для выпускнікоў-мэтавікаў тэрмін абавязковай адпрацоўкі пры накіраванні на работу не меншы за 5 гадоў, для выпускнікоў, што атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, — не меншы за 3 гады, а прафесійна-тэхнічную адукацыю на тых жа ўмовах — не меншы за 2 гады. У тэрмін абавязковай працы па размеркаванні па жаданні выпускніка залічваюцца перыяд вайсковай службы па прызыве, службы ў рэзерве ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, іншых войсках і вайсковых фарміраваннях нашай краіны, а таксама перыяд знаходжання ў водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў, іншыя перыяды, якія вызначаны ўрадам Рэспублікі Беларусь.

Педагогі — маладыя спе­цыялісты ў нашай краіне валодаюць шырокімі прававымі гарантыямі.

Выпускнікам, месца працы якіх вызначана шляхам размер­кавання, прадастаўляецца шэраг гарантый. Першая з іх — працаўладкаванне ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю, прысвоенай кваліфікацыяй ці ступенню. Здараецца, што маладому спецыялісту прапаноўваюць месца працы не па атрыманай ім спе­цыяльнасці. (Дарэчы, у маёй практыцы быў выпадак, калі выпускніку прапанавалі месца… дворніка.) А яшчэ здараюцца выпадкі, калі яму прапаноўваюць працаваць на палову стаўкі. Зразумела, у такім выпадку маладыя педагогі скардзяцца, у тым ліку звяртаюцца па дапамогу ў галіновы прафсаюз. Зарплата ўчарашняга выпускніка невялікая, таму на зарплату за палову стаўкі пражыць яму будзе вельмі складана. Калі прапаноўваюць работу не па спецыяльнасці, раю маладому спе­цыялісту звяртацца ў пярвічную прафсаюзную арганізацыю ва ўстанове адукацыі. Сваіх прафсаюзных лідараў мы настройваем на тое, каб маладому спецыялісту аказвалася рознабаковая падтрымка.

Трэба аддаць належнае сістэ­ме адукацыі: на першым рабочым месцы маладых спецыялістаў сустракаюць добра, заўсёды імкнуцца даць ім поўную стаўку, замацоўваюць за кожным з іх вопытнага настаўніка. За ўвесь час, што я працую ў галіновым прафсаюзе, мы вырашаем адну важную задачу — умацаваць са­цыяльны статус настаўніка. Таму што доб­ры настаўнік здольны вырасціць паспяховага ўрача, інжынера і нават касманаўта. Усё пачынаецца з настаўніка. Прычым умацаванне сацыяльнага статусу педагога павінна быць задачай не толькі Міністэрства адукацыі і галіновага прафсаюза, але і ўсяго грамадства. І малады спецыяліст — гэта той чалавек, на якога варта звяртаць асаблівую ўвагу.

Што рабіць маладому спецыялісту, калі яму не могуць прапанаваць работу па спецыяльнасці?

Малады спецыяліст мае поўнае права адмовіцца ад такой работы, паведаміць пра гэта ў арганізацыю, якая выдала яму накіраванне, і атрымаць там пераразмеркаванне. Магчымы варыянт, калі пераразмеркаванне нельга атрымаць, і тады маладому спецыялісту з яго згоды прапаноўваюць даведку аб самастойным працаўладкаванні. Я заўсёды гавару маладым спецыялістам: “Калі вы прыйшлі на работу і згадзіліся з умовамі працы, якія вам прапанавалі, то недарэчна праз год скардзіцца, што ўмовы вас не задавальняюць. Трэба было гаварыць пра гэта адразу”.

Выпускнікам, накіраваным на работу ў якасці педагагічных работнікаў, прадастаўляецца водпуск у 45 каляндарных дзён.

Па ініцыятыве маладога спецыяліста працягласць адпачынку можа быць скарочана. Таксама выпускнікам прадастаўляецца кампенсацыя ў сувязі з пераездам у іншую мясцовасць у адпавед­насці з заканадаўствам аб працы і грашовая дапамога, памер, крыніцы фінансавання і парадак выплаты якой вызначаюцца ўрадам Рэспуб­лікі Беларусь. У нас склалася такая практыка: маладых спецыялістаў стараюцца накіроўваць на работу па месцы іх ранейшага жыхарства. У гэтым ёсць плюс: не трэба клапаціцца пра жыллё маладога спецыяліста. Аднак ёсць і мінус: магчыма, малады настаўнік хоча па­чаць самастойнае жыццё, а не жыць з бацькамі. Калі маладому спецыялісту неабходна жыллё, то старшыня райкама прафсаюза разам з кіраўніком аддзела, упраў­лення па адукацыі выканкама пішуць хадайніцтва на адрас выканкама аб прадастаўленні жылля маладому спецыялісту. Мне спадабаўся вопыт Брэсцкай вобласці, дзе ў адным з раёнаў, у якім я была надоечы, пабудавана шмат арэнднага жылля і яго актыўна прадастаўляюць маладым спецыялістам, у тым ліку педагагічным работнікам. Маладых педагогаў таксама засяляюць у інтэрнаты горада ці “на кватэру” ў вясковую хату, калі малады спе­цыяліст накіраваны на работу ў сельскую школу. Прафсаюз стараецца адгукацца на ўсе просьбы маладых спецыялістаў, не пакідаць іх сам-насам з праблемамі. Калі не можа дапамагчы пярвічная прафсаюзная арганізацыя, то падключаецца райкам, абкам, уласна галіновы прафсаюз.

Маладога спецыяліста пры прыёме на працу павінны азнаёміць са службовай інструкцыяй.

Мы акцэнтуем увагу на тым, што службовую інструкцыю, якую выдаюць маладому спецыялісту, трэба ўважліва прачытаць, а не толькі падпісаць. Тое ж тычыцца калектыўнага дагавора і правіл унутранага распарадку. Таксама малады спецыяліст пры прыёме на работу атрымлівае кантракт у 2 экзэмплярах, які ён падпісвае пасля азнаямлення, з ім право­дзіцца інструктаж па ахове працы. (Акрамя кантракта, з маладым спецыялістам па яго жаданні можна заключыць працоўны дагавор на нявызначаны тэрмін.) Праф­саюз патрабуе, каб у кантрактах маладых спецыялістаў былі прапісаны ўсе заахвочвальныя гарантыі. Мы падказваем пачынаючым настаўнікам, што яны павінны выконваць толькі тую работу, якая прапісана ў іх кантракце, службовай інструкцыі. Праўда, не сакрэт, што ва ўстанове адукацыі ёсць такія віды работ, якія не прапісваюцца і не аплачваюцца, аднак іх таксама трэба выконваць. Маладым спе­цыялістам мы раім дапамагаць наймальніку, каб пасля атрымаць за выкананую працу надбаўкі і прэміі. Лічу, што ў гэтай справе варта быць патрыётамі сваёй установы, бо настаўнік не можа перастаць быць настаўнікам, выйшаўшы за школьны парог.

Часам маладому спецыялісту ў школе могуць прапана­ваць класнае кіраўніцтва. Прафсаюз рэкамендуе кіраўнікам установы адукацыі не прызначаць маладога педагога класным кіраўніком, таму што яму самому яшчэ неабходна шмат чаму навучыцца.

Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

Меры стымулявання для маладых спецыялістаў устанаў­ліваюцца на падставе рашэнняў адпаведных дзяржаўных органаў.

Напрыклад, стымулюючыя выплаты для маладых спецыялістаў, якім месца працы прадастаўлена шляхам размеркавання (пераразмеркавання), накіравання на работу ў бюджэтныя арганізацыі, падпарадкаваныя Міністэрству адукацыі, складаюць ад 20 да 45 працэнтаў ад акладу. У раёнах радыеактыўнага забруджвання педагагічным работнікам і іншым спецыялістам устаноў адукацыі, якія працуюць у зонах з правам на адсяленне, у тым ліку маладым спецыялістам, якія заключылі кантракт пасля 31 снежня 2012 года тэрмінам на 5 гадоў на работу ў гэтых зонах, назначаецца адначасовая выплата ў 200 базавых велічынь (пры заключэнні першага кантракта на 5 гадоў) і 300 базавых велічынь (пры заключэнні другога кантракта на 5 гадоў пасля 5 гадоў працы ва ўмовах першага пяцігадовага кантракта). Такім работнікам таксама ўстанаўліваюцца надбаўкі ад іх акладаў і выплачваецца адначасовая дапамога.

Ва ўстановах адукацыі за кошт фонду надбавак у кантракты можа быць уключана павышэнне тарыфных ставак (акладаў) маладым спецыялістам, якія згадзіліся праца­ваць на ўмовах кантрактнай формы найму. А маладым спецыя­лістам з вышэйшай адукацыяй, уключаным у банкі даных адоранай і таленавітай моладзі і прынятым на работу ў арганізацыі, што фінансуюцца з бюджэту, устаноўлены павышэнні тарыфных ставак (акладаў) на 50 працэнтаў — на працягу 2 гадоў з моманту заключэння з імі працоўнага дагавора (кантракта). У рэгіёнах мясцовыя органы ўлады могуць прымаць рашэнні (праз раённыя пагадненні) аб дадатковых выплатах маладым спецыялістам са сваіх бюджэтаў.

У галіновым пагадненні па­між Міністэрствам адукацыі і прафсаюзам устаноўлена, што з маладымі спецыялістамі кантракты пры прыёме на работу могуць быць заключаны з іх пісьмовай згоды ў межах максімальнага тэрміну дзеяння на тэрмін, не меншы за тэрмін абавязковай работы па размеркаванні.

Таксама ў гэтым пагадненні ёсць пункт, за які мы доўга змагаліся: з маладымі спецыялістамі, якія знаходзіліся ў водпуску па доглядзе дзіцяці да ўзросту 3 гадоў і якія вярнуліся на сваё месца працы і выказалі жаданне праца­ваць далей, неабходна заключаць кантракт да дасягнення 5-гадовага ўзросту дзіцяці. Мы аргументавалі гэтую пазіцыю тым, што маладой жанчыне неабходна 2 гады стажу, каб яе прымалі на работу. А малады спецыяліст, магчыма, з-за нараджэння дзіцяці стажу не напрацавала. Мы падтрымліваем маладых педагогаў, бо яны не толькі члены прафсаюза і маладыя спецыялісты, але і грамадзяне Рэс­публікі Беларусь, члены нашага грамадства, пра якіх трэба клапаціцца. Важна, каб кожная маладая жанчына, нарадзіўшы дзіця, змагла сацыялізавацца ў грамадстве і працаўладкавацца.

Усе маладыя спецыялісты прыступаюць да працы 15 жніўня.

Прадстаўнікі галіновага прафсаюза праводзяць для іх семінары, кансультацыі ў СМІ па пытаннях заканадаўства аб працы, тлума­чаць правы і абавязкі маладых спецыялістаў. Лічу гэтыя сустрэчы з пачынаючымі настаўнікамі над­звычай важнымі. Прывяду прыклад з практыкі. У адзін са жнівеньскіх дзён на прыём прыйшла дзяўчына і расказала, што яна малады спецыяліст і хацела працаўладкавацца ў школу. Дырэктар установы даў згоду на гэта і запрасіў яе прыходзіць у жніўні. Дзяў­чына так і зрабіла, аднак прыйшла на работу не 15 жніўня, а крыху пазней. (На той час, дарэчы, у школе змяніўся дырэктар.) Мне давялося доўга размаўляць з дзяў­чынай, бо я ніяк не магла высветліць, чаму ж яе не бяруць на працу і ўжо аформілі на яе месца іншага педагога. Аказалася, што дырэктар падпісаў яе заяву прыняць на работу, але яна не здала дакумент у аддзел кадраў. Менавіта пасля гэтага выпадку мы вырашылі, што неабходна сустракацца з маладымі спецыялістамі, вучыць іх, расказ­ваць пра іх правы і абавязкі.

Як галіновы прафсаюз дапамагае маладым спецыялістам у абароне іх правоў?

Мы аказваем маладым спецыялістам бясплатную прававую дапамогу, што падразумявае кансультацыі з выездам на месца і праверкай дакументаў. Таксама пры неабходнасці аказваем ім бясплатную прававую дапамогу ў судзе. Раскажу выпадак з практыкі. Да нас па дапамогу звярнулася малады спецыяліст з БДУ. Дзяўчына мела статус сіраты, аднак ва ўніверсітэце вырашылі, што гэта не так, бо ў яе ёсць бацька. Міністэрства адукацыі першапачаткова згадзілася з БДУ, малады педагог была пазбаўлена сіроцкага статусу. У мяне былі склада­насці з гэтым зваротам, бо было адчуванне, што справа няпростая. Урэшце я зразумела, у чым справа: у гэтай дзяўчыны пасля смерці мамы апекуном была прызначана бабуля. І ў рашэнні суда, якое было прыкладзена да дакументаў, пытанне пакінуць дзяўчынку пад апекай бацькі нават не разглядалася. Гэта значыць, суд адразу вырашыў, што гэты мужчына не здольны сам выхоўваць дачку, хаця з рашэння суда не было зразумела, ці быў ён пазбаўлены бацькоўскіх правоў. У любым выпадку бацька першапачаткова не падыходзіў на ролю апекуна. Калі я прывяла гэтыя аргументы ў Міністэрстве адукацыі, з імі згадзіліся і маладому спецыялісту аднавілі статус сіраты з выплатай грашовых сродкаў за той перыяд, калі выплаты не праводзіліся. Таму я заклікаю маладых спе­цыялістаў звяртацца са сваімі праб­лемамі ў пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі, нават калі яны на той момант не з’яўляюцца членамі галіновага прафсаюза. Наш прафсаюз — гэта не толькі бясплатная прававая дапамога, але і значная матэрыяльная дапамога членам прафсаюза ў выпадку цяжкай жыццёвай сітуацыі, хваробы і г.д.

Што рабіць маладому спе­цыялісту, калі ён не можа прыступіць да работы па ўважлівых прычынах (змяніліся жыццёвыя абставіны)? І як такому педагогу можа дапамагчы галіновы прафсаюз?

У такім выпадку важна, каб былі 2 наймальнікі, якія згодны на пераразмеркаванне маладога спецыяліста: адзін павінен быць не суп­раць адпусціць, а другі — прыняць на работу маладога спецыя­ліста. Наймальнік павінен дакладна разумець, што калі ён беспадстаўна звольніць маладога спе­цыяліста, то грошы за падрыхтоўку спецыяліста яму давядзецца выплачваць з уласнай кішэні. Важна таксама разумець, што пераразмеркаванне па месцы работы ці службы мужа (жонкі) магчыма толькі тады, калі ў яго (яе) ёсць вышэйшая адукацыя. Калі адукацыя не вышэйшая, маладому спецыялісту давядзецца адпрацоўваць тэрмін па размеркаванні, нягледзячы на тое, што змянілася жыццё, стварылася сям’я і г.д. Яшчэ раз заклікаю маладых спецыялістаў звяртацца ў прафсаюзныя пярвічкі па месцы працы, бо бязвыхадных сітуацый не бывае. На месцах любую праб­лему вырашыць прасцей.

Запісала Наталля КАСТЭНКА