Уважлівы, патрабавальны, з абаяльнай усмешкай, армейскай выпраўкай і бязмежнай любоўю да Радзімы… Якімі якасцямі павінен валодаць кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” спытаў у заслужанага настаўніка БССР Пятра Іосіфавіча Трафімовіча.
Больш за 50 гадоў Пётр Іосіфавіч выкладаў дапрызыўную падрыхтоўку ў Камунараўскай сярэдняй школе Буда-Кашалёўскага раёна. Вопыт вялізны. Таму, безумоўна, нашаму герою ёсць чым падзяліцца, ёсць што сказаць, у першую чаргу пра вопыт савецкай школы па ваенна-патрыятычным выхаванні. Дарэчы, у вучэбным дапаможніку “Ваенна-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў”, які перад навучальным годам паступіў ва ўсе школы і гімназіі краіны, гэтай тэме ўдзелена асаблівая ўвага. Мы ж азнаёмімся з савецкім вопытам з першых вуснаў.
— Вось фотаздымак 1957 года. Настаўніцкі калектыў толькі што пабудаванай школы. Пазналі мяне? А гэта мы з вучнямі на “Зарніцы”, 70-я гады. Гэта ўрок дапрызыўнай падрыхтоўкі. А вось мы на ваенна-палявых зборах, — з прагляду старых школьных фотаальбомаў пачаў нашу размову Пётр Іосіфавіч.
Своеасаблівая прэзентацыя педагагічнага вопыту, дапоўненая яркім аповедам і багатым ілюстрацыйным матэрыялам, доўжылася амаль гадзіну. Пакуль Пётр Іосіфавіч, гартаючы пажаўцелыя старонкі з чорна-белымі фотаздымкамі, успамінаў сваю настаўніцкую працу, мне міжволі падумалася: яму варта было б выступіць на нядаўнім рэспубліканскім семінары кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні. Аповед заслужанага настаўніка БССР, безумоўна, быў бы адным з самых яркіх і запамінальных.
— Пётр Іосіфавіч працаваў не проста настаўнікам фізкультуры і дапрызыўнай падрыхтоўкі. Ён вырасціў цэлую плеяду выпускнікоў (амаль 90 чалавек), якія паступілі ў ваенныя вучылішчы на ўсе ваенныя спецыяльнасці. Афіцэрам, дарэчы, стаў і яго сын, — далучылася да нашай размовы намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вольга Пятроўна Кашлачова. — Мы адзін час працавалі ў тандэме. Я вяла медыка-санітарную падрыхтоўку ў дзяўчат, а ён — дапрызыўную падрыхтоўку ў хлопцаў. Пётр Іосіфавіч патрабаваў дакладнага выканання вучэбнай праграмы. Некалькі гадзін выдзялялася і для сумесных заняткаў, на якіх ён абавязкова прысутнічаў, сядзеў на апошняй парце. Не дай божа, я не навучу хлопцаў накладваць павязкі на ўсе запчасткі! (Смяецца.) Ён гэта ўважліва адсочваў. Кабінеты дапрызаўнай і медыцынскай падрыхтоўкі, цір, зброевая — дзякуючы Пятру Іосіфавічу, усё было абсталявана на высокім узроўні.
Папулярныя сёння “Зарніцы”, экскурсіі па адметных мясцінах Беларусі актыўна праводзіліся ў школе яшчэ ў 70-я гады.
Традыцыі, закладзеныя Пятром Іосіфавічам, працягваюцца, развіваюцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Напрыклад, сённяшні кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Дзмітрый Міхайлавіч Барысевіч у шосты школьны дзень, акрамя названых мерапрыемстваў, праводзіць яшчэ і заняткі клуба “Рубеж”.
На думку Вольгі Пятроўны, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні — гэта адзін з галоўных людзей у школе, па сутнасці, другі чалавек у школе пасля дырэктара, бо на ім уся адказнасць за патрыятычнае выхаванне моладзі. Таму рашэнне аб увядзенні ў 2020 годзе пасады кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні было правільным.
— Няўжо вы і праўда былі строгім? — спытаў у Пятра Іосіфавіча, бо, гледзячы на яго абаяльную ўсмешку, не вельмі верылася ў словы Вольгі Пятроўны пра строгасць педагога. — Наогул, якім раней было пакаленне вучняў (скажам, 1960—1970-х гадоў) у плане дысцыпліны?
— Аб спрэчках, непаслушэнстве і размовы не было. Я служыў у 50-я гады сувязістам на Семіпалацінскім палігоне. У нас дысцыпліна была жалезная. Той парадак я стараўся перанесці і на сваю настаўніцкую работу, патрабаваў дысцыпліны ад вучняў. У мяне ніколі не было выпадкаў, каб я нешта сказаў, а вучань не выканаў. Вялікую ўвагу ўдзяляў і прафесійнаму вызначэнню хлопцаў. Бачыў здольнасці кожнага і, калі трэба, нацэльваў на паступленне ў ваеннае вучылішча. А для матывацыі на школьных стэндах заўсёды размяшчаў партрэты выпускнікоў, якія паступілі ўжо ў такія вучылішчы, — падзяліўся настаўнік.
Пётр Іосіфавіч і сам быў цудоўным прыкладам, як для вучняў, так і для калег. У 60-я гады ён нават працаваў дырэктарам школы. Было няпроста, але прызнаўся, што сённяшняму кіраўніку Міхаілу Мікалаевічу Барысевічу працаваць складаней. Па-першае, пакаленні дзяцей змяніліся, у іх ужо іншае ўспрыманне свету, яны больш раскаваныя, часта лічаць, што многае дазволена. Па-другое, іншымі былі і бацькі вучняў. Раней настаўнік пытанні дысцыпліны вырашаў вельмі проста: прыйшоў, паскардзіўся бацькам на паводзіны сына або дачкі — і праблема знікала. Цяпер жа бацькам нярэдка даводзіцца тлумачыць, чаму паводзіны іх дзіцяці з’яўляюцца непрымальнымі.
Якія б цяжкасці ні ўзнікалі ў працэсе выхавання, настаўнікі Камунараўскай сярэдняй школы заўсёды паспяхова іх пераадольваюць. Адзін з сакрэтаў — моцны згуртаваны калектыў педагогаў, а таксама захаванне традыцый, якія нарадзіліся яшчэ ў канцы 50-х гадоў дзякуючы Пятру Іосіфавічу Трафімовічу.
Заслужаны настаўнік БССР, 89-гадовы ветэран педагагічнай працы заўсёды гатовы дзяліцца сваім вопытам, як, дарэчы, і шматлікія прадстаўнікі яго пакалення. Яны цудоўна ведаюць, як праводзіць урокі мужнасці на высокім узроўні.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара і з архіва Камунараўскай сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна