Якія адкрыцці зрабіла Ірына Данянкова падчас работы дырэктарам сталічнай гімназіі № 37

- 9:30Интервью

Пра заахвочванне маладых педагогаў і лепшую матывацыю для калег мужчын карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» пагутарыла з дырэктарам сталічнай гімназіі № 37 Ірынай Данянковай.

— Ірына Валер’еўна, чаму вы выбралі настаўніцкую прафесію?

— З дзяцінства была ўпэўнена, што стану настаўніцай, а паколькі любімым прадметам у школе была матэматыка, то, вядома, марыла стаць настаўніцай матэматыкі. У 1995 годзе з адзнакай скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Доўгі час працавала ў 145-й школе Мінска, потым — у 158-й, дзе ўзначальвала метадычнае аб’яднанне, удзель­нічала ў семінарах, з задавальненнем дзялілася вопытам работы, давала адкрытыя ўрокі. Праз некаторы час стала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, а са жніўня 2010 года — дырэктарам школы № 158. Праз год школа атрымала статус гімназіі № 37. У ёй я працую і сёння.

— Ваша ўстанова адукацыі чацвёрты год запар займае лідзіруючыя пазіцыі па выніках работы сярод гімназій Фрунзенскага раёна. Як нацэліць педагогаў на пос­пех?

— Галоўны прынцып у рабоце з калектывам — прынцып супрацоўніцтва, стварэнне сапраўднай каманды, у якой мы, педагогі, больш чым проста калегі — мы становімся ў нейкай ступені адной вялікай дружнай сям’ёй.

Асноўны стрыжань калектыву — гэта людзі, якія прыйшлі ра­зам са мной 1 верасня 2003 года, калі адкрылася школа-новабудоўля, і працуюць тут па сённяшні дзень. 78 працэнтаў педагогаў маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Усе ўключаны ў работу, раскрываюць свае моцныя бакі: хтосьці працуе ў алімпіядным руху, хтосьці рыхтуе дзяцей да НПК, хтосьці рэцэнзуе школьныя падручнікі, хтосьці задзейнічаны ў метадычнай рабоце па распаўсюджванні вопыту, хтосьці прымае ўдзел у конкурсах. Няма ў калектыве такіх, хто б нідзе не быў задзейнічаны. Як гаворыцца, было б жаданне!

Натхнёна працуюць настаўніца гісторыі і грамадазнаўства настаўнік-метадыст Наталля Вячаславаўна Гошка, настаўніца геаграфіі Таццяна Сяргееўна Бародзіч, нас­таўніца хіміі Святлана Станіславаўна Шаціла, якая летась атрымала званне “Мінчанін года”, і іншыя. Штогод нашы педагогі ўдзельнічаюць у конкурсе “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы” і атрымліваюць прэміі і гранты Мінгарвыканкама. Апошні прадстаўлены праект — па арганізацыі сеткавага ўзаемадзеяння з дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтрам “Лідар”. Мы не проста накіроўваем дзяцей адпачываць, але і самі далучаемся да работы па правядзенні мерапрыемстваў, адкрытых вучэбных заняткаў і інш. І маладыя педагогі, якія прыходзяць у школу, актыўна ўключаюцца ў дзейнасць. Яны разуме­юць, што па-іншаму нельга.

Каб нацэліць калектыў на пос­пех, трэба пачаць з сябе. Быць патрабавальнай перш за ўсё да сябе. Калі нешта вырашыла, дзейнічаю рашуча і іду да канца. Толькі так можна дасягнуць пастаўленай мэты, павесці іншых за сабой, запаліць навакольных сваімі ідэямі. Настаўнік, які жыве поспехамі і праблемамі свайго калектыву, адчувае дачыненне да агульнага выніку, будзе па-сапраўднаму захоплены сваёй працай. А захопленыя людзі могуць дасягнуць неверагодных вынікаў.

— Наколькі важныя ў рабоце матывацыя настаўнікаў да творчасці і іх стымуляванне?

— Матывацыя і стымуляванне з’яўляюцца неад’емнай часткай эфектыўнай дзейнасці ўстановы адукацыі. Таму ў сябе ў калектыве імкнуся, каб педагогі адчувалі задавальненне ад працы, а для гэтага ствараю камфортныя ўмовы, сачу за мікракліматам у калектыве, прыцягваю настаўнікаў да прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў, заахвоч­ваю дасягненні і асабісты ўклад кожнага ў развіццё гімназіі. Маладыя педагогі любяць паўта­раць мае словы пра тое, што кожны чых у нашай гімназіі заахвочваецца, а таму — калі лас­ка, чхайце на здароўе! 

Часам лепшым стымулам для педагога з’яўляецца ўважлівае і чулае да яго стаўленне, усмешка і словы падзякі за працу. Традыцыйна па выніках навучальнага года лепшыя настаўнікі ўзнагароджваюцца дыпломамі і сімвалам гімназіі — мудрым філінам. Кожны супрацоўнік павінен адчуваць сябе патрэбным у калектыве, толькі тады ён будзе зацікаўлены ў дасягненні вынікаў.

Адкрыцці, якія зрабіла І.В.Данянкова падчас работы дырэктарам:

  1. Кожны вучань і педагог унікальныя.
  2. Перамогі гімназіі — заслуга ўсяго калектыву, а няўдачы — недапрацоўкі кіраўніка.
  3. У слове “дзякуй” хаваецца вялікая сіла. З яго дапамогай вы можаце вельмі многае змяніць і многага дасягнуць.

— Ірына Валер’еўна, ці ёсць у вас у калектыве мужчыны? Як прыцягнуць іх у педагогіку?

— Так, у нас у калектыве працуюць 12 мужчын-педагогаў. Да гэтага часу мы адны з нямногіх у сістэме адукацыі горада, дзе прадстаўнікі моцнага полу прык­метна разбаўляюць жаночы калектыў. Заўсёды лічыла, што ўдзел мужчын у адукацыйным працэсе вельмі важны. Яны ствараюць у гімназіі асаблівую атмасферу, становяцца ўзорам для пераймання, дэманстру­юць прыклад мужчынскіх паводзін. І тут галоўнае нават не прыцягнуць мужчын у педагогіку, а ўтрымаць іх. Вельмі важна стварыць для іх умовы для самарэалізацыі, прафесійнага росту, творчасці. Мужчыны любяць, калі іх прыцягваюць да ўдзелу ў конкурсах прафесійнага майстэрства, канферэнцыях, майстар-класах па абмене вопытам. Важнае і асяроддзе, у якім яны пачынаюць працаваць, умовы для развіцця. Даволі часта лепшай матывацыяй становяцца самі дзеці, якія зацікаўлены ў прадмеце і дасягаюць вынікаў.

— Кім складаней кіраваць: жанчынамі ці мужчынамі?

— Ніколі не задумвалася над гэтым пытаннем. Трэба ўмець кіраваць і жанчынамі, і мужчынамі. Патрабаванні да ўсіх аднолькавыя. А вось падыход трэба знайсці да кожнага. Прызнаюся, што складаней усё ж з жанчынамі, больш эмацыянальнымі, дзесьці капрызнымі. Калі ўзнікаюць спрэчныя пытанні, як матэматык спрабую знайсці ў іх логіку. Выслухоўваю абодва бакі, але ніколі не арганізоўваю паказальных сходаў.

І.В.Данянкова ў педагогіцы ўжо больш за 25 гадоў. Уладальніца прэміі і пяці грантаў Мінгарвыканкама за распрацоўку адукацыйных праектаў у галіне інфарматызацыі. Узнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”.

— Чым адметная ваша гімназія на адукацыйнай карце сталіцы?

— Гімназія № 37 — рэсурсны цэнтр інфармацыйных тэхналогій. Мы з’яўляемся аднымі з лідараў у Мінску па інфарматызацыі сталічнай адукацыі. Гэты кірунак і вызначае развіццё гімназіі. А сёння гэта і асваенне сучаснага інтэрактыўнага абсталявання, і арганізацыя электроннага навучання, і робататэхніка, віртуальная і дапоўненая рэальнасць, і нават 3D-мадэляванне і прататыпаванне.

На старшай ступені ў нас прадстаўлены практычна ўсе профільныя напрамкі: фізіка — матэматыка, хімія — біялогія, хімія — матэматыка, англійская мова — гісторыя Беларусі і інш. Упершыню сёлета быў адкрыты ІТ-напрамак, дзе на павышаным узроўні вывучаюцца матэматыка, інфарматыка (вучні асвойваюць мовы праграмавання Piton, C++). У профільных класах выкарыстоўваюцца сучасныя метады: падчас урокаў навучэнцы карыстаюцца электроннымі мікраскопамі, акулярамі вір­туальнай рэальнасці, гаджэтамі.

З гэтага года актыўна вя­дзецца і дапрофільная падрыхтоўка. Мы ідзём у нагу з часам, адпаведна з запытамі рынку працы, развіцця эканомікі краіны. Сёлета таксама рэалізуем невялікі эксперымент: адкрылі
ІТ-клас на І ступені навучання, дзе вывучаецца матэматыка на павышаным узроўні. За кошт факультатыўных заняткаў, платных адукацыйных паслуг, аб’яднанняў па інта­рэсах малодшыя школьнікі будуць асвой­ваць вучэбныя праграмы курсаў “Інфарматыка без разеткі” (1 клас), “Робататэхніка” (2 клас), “Scratch-праграмаванне” (3 клас), а ў 4 класе будуць вывучаць тэставыя і графічныя рэдактары, Fotoshop, стварэнне прэзентацый, мультфільмаў і інш. З 2 па 4 клас навучэнцы асвояць анг­лійскую мову з дапамогай канструктара LEGO.

— Якой бачыцца вам гімназія ў найбліжэйшай будучыні?

— У найбліжэйшай будучыні бачу нашу гімназію сучаснай установай адукацыі, якая ніколі не спыняецца на дасягнутым і кожны раз знаходзіць новы вектар для свайго развіцця. Плануем адкрыццё інжынерных і медыцынскіх класаў у межах сеткавага ўзаемадзеяння з установамі вышэйшай адукацыі. Мы часта гаворым, што гімназія № 37 — гэта дом, у якім утульна ўсім. Хацелася б, каб так было заўсёды.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА