Эфектыўны педагагічны калектыў — баланс вопыту і маладосці, мудрасці і дзёрзкасці. У сярэдняй школе № 3 Крупак раўнавага выконваецца. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У педагагічным калектыве гэтай навучальнай установы працуе пяць маладых спецыялістаў — настаўнікі хіміі і біялогіі Яна Швед, фізічнай культуры і здароўя Валерыя Ворашань, пачатковых класаў Таццяна Кароткая, англійскай мовы Мікіта Курэк і педагог-арганізатар Маргарыта Шляхцёнак.
Як адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай дзейнасці Алена Зарэмба, работа з маладымі спецыялістамі вядзецца сістэмна і з’яўляецца адным з важных складнікаў метадычнай работы школы. Вопытныя педагогі гатовы прыйсці на дапамогу не толькі ў межах дзейнасці школы маладога настаўніка. Яны ахвотна адгукаюцца на прафесійныя запыты пачынаючых калег у любы дзень.
“Наша агульная задача — накіроўваць, карэкціраваць дзейнасць маладых настаўнікаў, развіваць іх імкненне да самастойнага кіравання сваім прафесійным развіццём. Вельмі важна дапамагчы ім знайсці ўласны педагагічны стыль”, — адзначыла дырэктар 3-й школы Крупак Ірына Ярышкіна.
“Арыентуем маладых на тое, што ў прафесіі настаўніка дробязей не існуе. Падчас заняткаў у школе маладога педагога выкарыстоўваем актыўныя формы работы, якія забяспечваюць зваротную сувязь, дазваляюць усім праяўляць ініцыятыву. На занятках знаёмім нашых навічкоў з нарматыўна-прававым забеспячэннем вучэбнага працэсу, арганізацыяй сучаснага ўрока, методыкай правядзення самааналізу ўрока, фактарамі, якія ўплываюць на якасць выкладання. Знаёмім з сучаснымі педагагічнымі тэхналогіямі, з арганізацыяй дзейнасці класнага кіраўніка”, — працягнула Алена Зарэмба.
На ўроку англійскай мовы ў Мікіты Курэка
Запатрабаванымі формамі работы сталі майстар-класы, трэнінгі, круглыя сталы, ролевыя гульні, вучэбныя семінары, творчыя справаздачы. Абавязкова праводзіцца дыягностыка цяжкасцей маладых настаўнікаў, вынікі якой улічваюцца пры планаванні далейшай сумеснай дзейнасці.
Важным напрамкам работы з’яўляецца кансультаванне, у межах якога вырашаюцца складаныя педагагічныя сітуацыі, напрыклад, ва ўзаемадзеянні з бацькамі. Для маладых настаўнікаў распрацоўваюцца памяткі па падрыхтоўцы да ўрока, алгарытм складання самааналізу ўрока, даюцца парады па захаванні ментальнага здароўя.
Такія падыходы ў рабоце з маладымі спецыялістамі прыносяць станоўчы эфект — іх прафесійныя дасягненні становяцца заўважнымі на ўзроўні раёна і вобласці. Напрыклад, навучэнец Валерыі Ворашань заваяваў дыплом І ступені на нядаўняй раённай алімпіядзе па фізічнай культуры і здароўі. А Валерыя Сяргееўна ў школе працуе толькі другі год.
Настаўніца хіміі і біялогіі Яна Швед праяўляе цікавасць да навукі. У гэтым і мінулым годзе яна прымала ўдзел у міжнародных навукова-практычных канферэнцыях выкладчыкаў, маладых вучоных. У 2024 годзе перамагла ў абласным конкурсе “Малады лідар Міншчыны” ў намінацыі “Навуковая дзейнасць” — распрацавала электронны адукацыйны рэсурс па хіміі “Металы” з практычнымі, лабараторнымі работамі.
“Свой адукацыйны рэсурс актыўна прымяняю на ўроках. Гэта зручна і дазваляе разнастаіць заняткі з вучнямі. Акрамя таго, ён павышае ўзровень іх навучанасці”, — заўважыла Яна Сяргееўна.
Сучасныя дзеці — візуалы і вельмі любяць інтэрактыў, тым больш калі ён прысутнічае на такім няпростым прадмеце, як хімія. Нядзіўна, што рэсурс маладой настаўніцы змог павысіць іх матывацыю.
Таццяна Кароткая са сваімі вучнямі
Яе маладая калега, настаўніца пачатковых класаў Таццяна Кароткая, прадставіла сваю дзейнасць у выглядзе творчай справаздачы — дэманстравала куб з дасягненнямі і набытымі ўменнямі. Таццяна Іванаўна ў школе працуе другі год, але за гэты невялікі прамежак часу паспела напрактыкавацца не толькі ў педагагічнай дзейнасці, але і ў грамадска карыснай, творчай.
Яна стала кіраўніком атрада юных інспектараў дарожнага руху, які прадстаўляў навучальную ўстанову на абласным этапе конкурсу ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. Удзельнічала ў акцыі, прысвечанай пасадцы лесу, а таксама ў раённых святах, школьных канцэртах.
Таццяна Іванаўна з’яўляецца настаўніцай і класным кіраўніком 2 класа. Педагог імкнецца рабіць свае ўрокі цікавымі і запамінальнымі, актыўна працуе над развіццём правільнага маўлення сваіх падапечных. На раённым пасяджэнні вучэбна-метадычнага аб’яднання праводзіла практыкум па выкарыстанні наглядных метадаў наву-
чання.
***
Увага і падтрымка старэйшых калег дае веру ў сябе і свае магчымасці. У гэтым змаглі пераканацца
на міні-ўроку, які для пачынаючых калег правяла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вера Свідзерская.
Маладыя настаўніцы Яна Швед, Валерыя Ворашань, Маргарыта Шляхцёнак з Верай Свідзерскай
Вера Сяргееўна — сучасны настаўнік, які прапагандуе перадавыя педагагічныя тэхналогіі і формы работы. У 2023 годзе яна стала лаўрэатам абласнога этапу конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” і не спыняецца да дасягнутым. Па яе меркаванні, конкурс — найперш пляцоўка для асобаснага росту і руху наперад, бо побач знаходзяцца высокапрафесійныя калегі, а гэта матывуе да самаразвіцця.
Цяпер сваім запалам яна ахвотна дзеліцца з маладымі. Нездарма яе педагічнае крэда — словы Васіля Ключэўскага: “Каб быць добрым педагогам, трэба любіць тое, што выкладаеш, і тых, каму выкладаеш”.
Для нас і сваіх пачынаючых калег Вера Сяргееўна падрыхтавала міні-ўрок “У кожным чалавеку — сонца, толькі дайце яму свяціць”.
На ўроку маладыя настаўнікі былі запрошаны на работу ў рэкламнае агенцтва. Далей педагог патлумачыла, чаму і па якіх параметрах адабрала ў агенцтва такіх супрацоўнікаў.
“Усе вы валодаеце крэатыўным мысленнем, маеце добрую памяць, шырокі кругагляд, вытанчаны мастацкі густ. Гэтыя характарыстыкі ўласцівы і прафесіі настаўніка”, — заўважыла Вера Сяргееўна.
Далейшыя 20 мінут супрацоўнікі рэкламнага агенцтва #Магутнасцьслова працавалі з воблакам слоў. Ім неабходна было выбраць ключавое, якое аб’яднае ўсе астатнія. Затым частка супрацоўнікаў стала капірайтарамі, а іншыя — дызайнерамі. Капірайтары атрымалі заданне скласці яркі тэкст, слоган з ключавым словам. А дызайнеры стваралі макет для сторыс у Instagram. І ўвесь гэты час нельга было забываць сакратаўскае “У кожным чалавеку — сонца, толькі дайце яму свяціць”.
Атрымалася вельмі творча і крэатыўна, але галоўнае — уся гэтая дзейнасць дапамагла паразважаць над выразам Сакрата, які, насамрэч, працуе ў адносінах як да вучняў, так і да настаўнікаў. Бо ў кожным ёсць сонца — таленты, здольнасці, якія пры пэўных умовах заўсёды раскрываюцца.
На сваім міні-ўроку Вера Свідзерская імкнулася паказаць сутнасць педагагічнай прафесіі (адкрываць вучнёўскія таленты і здольнасці) і прадэманстраваць магутнасць слова (яго асветніцкі і выхаваўчы сэнс), якое нясе ў класы педагог.
Усе гэтыя “не” знікнуць, калі працаваць самааддана і з душой. Ёсць вялікая верагоднасць, што, гледзячы на Веру Сяргееўну і іншых педагогаў свайго калектыву, пачынаючыя настаўнікі сярэдняй школы № 3 Крупак хутка змогуць стаць сапраўднымі прафесіяналамі.
Зваротная сувязь паміж пакаленнямі ў гэтай навучальнай установе моцная і прадукцыйная. Дырэктар школы Ірына Ярышкіна заўважыла: “Яны вучацца ў нас, а мы — у іх. Гэта выдатна, бо дае магчымасць нашай педагагічнай камандзе ісці ў нагу з часам”.
Маладыя настаўнікі толькі ў пачатку свайго шляху, але сэнс іх жыцця ўжо вядомы — вучыць і вучыцца, адказваць на шматлікія пытанні вучняў і адкрываць новыя таленты і здольнасці. А пакуль:
- не саромецца запытацца ў вопытных калег;
- не імкнуцца прымяняць усе новыя методыкі адразу;
- не баяцца чужых ацэнак;
- не перашкаджаць дзецям праяўляць самастойнасць;
- не ставіць крыж на складаных вучнях.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА