Якія «прыхаваныя спружынкі» ёсць у механізме лёсу маладога харэографа з Жыткавіч Настассі Мароз?

- 14:00Первое рабочее место, Проекты

Малады харэограф, якая родам з Турава, пакуль толькі год адпрацавала ў Жыткавічах. Але ж менавіта Насця — з пятага пакалення педагагічнай дынастыі, першыя прадстаўнікі якой былі нашчадкамі тураўляніна Данілы Жыткаўца і амаль сто гадоў назад выбралі настаўніцкую сцежку. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З адказнасцю і сардэчнасцю

 “Штуршок” да танцаў для Настассі быў лёгкім, як павеў летняга ветрыка з-па-над Прыпяці: “Ніхто да выбару прафесіі не штурхаў, прыйшла да яе спантанна. Неяк зайшла ў бібліятэку, а дзяўчынкі мне гавораць: “Пойдзем з намі танцаваць!” Я і пайшла з імі, запісалася ў гурток эстрадных танцаў “Дэгажэ” пры Доме культуры.
З 2-га класа займаюся харэаграфіяй, гадоў 12 ужо танцую”.

Ёсць “прыхаваная спружынка” ў механізме яе лёсу: мама Вольга, тата Сяргей танцавалі ўжо тады і дагэтуль танцуюць у народным ансамблі танца “Прыпяць”. Там і звёў іх лёс дзякуючы харэографу Міколу Котаву, які ў ­1964-м заснаваў гэты гурт. За плённую працу па развіцці, пашырэнні палескай культуры Міколу Конанавічу (сялянскі сын, паляшук з Рэчыцкага раёна, які заснаваў на Палессі яшчэ і народныя гурты “Верасок” і “Ніва”) было нададзена званне ганаровага жыхара Турава. М.Котаў і расказаў мне пра дынастыю Сілковых-Мароз. Насціны пра­дзед, прабабуля, іх браты, сёстры і дзеці — многія былі і ёсць настаўнікамі. Дрэва велічнае: агульны педагагічны стаж лю­дзей, якія да яго належаць, перавышае 300 гадоў.

Уявім сабе магутнае сілавое поле: з аднаго боку — дынастыя педагогаў, з другога — бацькі-танцоры. Сяргей Мароз прыгожа спявае, намеснік дырэктара, галоўны захавальнік фондаў Тураўскага краязнаўчага музея, праводзіць экскурсіі. Так што “па генах”, па фізічных даных і па музычным слыху рухалася тураўлянка “ў сваім жыццёвым струмені”. Вось і адважылася паступаць на харэографа ў Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Там прайшла падрыхтоўчыя курсы, конкурсны адбор. Вялізная радасць была, і адначасова туга набягала, бо гэта ж “бывай, дзяцінства”, у чужы горад, адной…

Прывітанне са школы

Перш чым сустрэцца з Настассяй, я пагутарыў з Тамарай Сямёнаўнай Заяц і Ірынай Вітальеўнай Клаус у Тураве. Т.С.Заяц — яе першая настаўніца, і на здымку “Мой любімы 1 клас” яны побач, як, дарэчы, і Насціна сяброўка-сястрычка Сняжана Мароз, у якой тата і мама — настаўнікі. Тамара Сямёнаўна цёпла сказала пра вучаніцу: “У Насці вельмі развітое пачуццё адказнасці, з маленства ў яе рознабаковыя інтарэсы. Памятаю, займалася ў гуртках: і маляваннем, і лепкай. Займалася рознымі відамі спорту, і сёння яе фота — на стэндзе лепшых спарт­сменаў школы”.

Насціны пра­дзед, прабабуля, іх браты, сёстры і дзеці — многія былі і ёсць настаўнікамі. Дрэва велічнае: агульны педагагічны стаж лю­дзей, якія да яго належаць, перавышае 300 гадоў.

Ірына Вітальеўна, таксама настаўніца пачатковых класаў, часам праводзіла заняткі ў Насціным класе, таму добра з ёй знаёма: “Гэта чалавек адказны і мэтанакіраваны, ва ўсіх школьных справах яна была вялікая актывістка, таму яе ўсе ведалі: як настаўнікі, так і вучні. Мы верым, што Настасся выдатна сябе праявіць, з яе атрымаецца добры спецыяліст. Вы ж ведаеце, настаўнікі між сабой гавораць пра вучняў: кім хто стане? Свое­асаблівае развіццё інтуіцыі, прадбачання ў нас такое. То наконт Насці былі ўпэўнены: гэта будзе танцорка ці харэограф, кіраўнік нейкага калектыву, педагог… Так і сталася! Насця — ча­лавек цёплы, сардэчны, яна знойдзе з дзецьмі паразуменне. У музычную школу хоць і не ха­дзіла, але мае добрае пачуццё рытму, добры густ. А ў нашай прафесіі гэта ж таксама важныя якасці”.

Абедзве настаўніцы вельмі рады, што Насця пайшла ў педагогі, мае сваіх вучняў.

Цёплы хлеб дзяцінства

У час нашай размовы і Настасся з цеплынёй, удзячнасцю прыгадала першую настаўніцу: “Мы з Тамарай Сямёнаўнай заўсёды сустракаемся, нібы родныя людзі. У некаторых сваякоў, пэўна, такой роднасці душэўнай няма. Памятаю, калі вучылася ў пачатковай школе, яна купляла нам фармавы хлеб у школьнай сталовай, і мы яго елі, калі ішлі дадому. Гэта незабыўна… Я Тамару Сямёнаўну вельмі люблю і буду ёй заўсёды ўдзячна за тую сардэчнасць і любоў, з якімі яна нас і вучыла, і ненадакучліва так, акуратненька выхоўвала”.

А бабуля, Таццяна Іванаўна, застаецца Насціным анёлам-­ахоўнікам і дарадцам. Амаль паўстагоддзя, 49 гадоў, адпрацавала яна ў школе, выкладала хімію і біялогію. Да таго ж 27 гадоў была намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце.

“Як настаўніца бабуля спалучала ў сабе і дабрыню, і патрабавальнасць. На ўроках хіміі нікому не рабіла патуранняў, асабліва мне. Можа, нават да мяне як унучкі ў яе былі павышаныя патрабаванні. Я павінна была заўсёды быць гатовай выйсці да дошкі, ра­шыць задачу, дапамагчы іншым. Таму я хімію добра ведала, усё разумела”, — адзначыла малады харэограф.

За сталом з пернікам “Настаўніцкі” і чаем: Настасся Мароз, яе бабуля Таццяна Іванаўна і дзядуля Уладзімір Аляксандравіч, іх сын Аляксей Уладзіміравіч (дзядзька Настассі) і яго жонка Таццяна Пятроўна — усе педагогі

…Скончыўшы 9 класаў, Настасся па мэтавым накіраванні чатыры гады адвучылася ў Пінску і вярнулася ў свой раён — у Жыткавіцкую дзіцячую школу мастац­тваў імя Уладзіміра Будніка, вядомага кампазітара, які родам з райцэнтра. Дырэктар школы Жанна Валер’еўна Гарэлава прызналася: “Настасся хацела прыехаць у Жыткавічы — і я пра тое паклапацілася. Мы ра­зам цяпер працуем, ставім танцы. Я акардэаніст і шмат гадоў кірую ансамблем барабаншчыц. Без яго не абыходзіцца бадай што ніводная культурная імпрэза раённага маштабу. Цяпер у ансамблі 10 удзельніц, харэограф пры падрыхтоўцы выступленняў вельмі патрэбен”.

Гады вучобы не былі для дзяўчыны лёгкімі. “Здаралася, было ну вельмі цяжка. Я ж сабе спачатку як уяўляла: прыйду, патанцую — і пайду. Але ж не! Часта бывала, што з 8 раніцы і да 8 вечара займаліся ў каледжы. Цяпер, папрацаваўшы, скажу так: вельмі добрая школа ў Пінску, грунтоўная і сур’ёзная. Тым, хто хоча ў нашу прафесію, раю менавіта там яе набываць”, — прызналася Настасся.

Харэограф нарасхват!

Досвед упартай працы, грунтоўныя веды Настассі вельмі спатрэбіліся, бо цяпер малады харэограф у Жыткавічах, як кажуць, нарасхват. Яна вучыць сваіх дзяўчынак (“і адзі-і-н толькі хлопчык”) мастацтву танца. Што­дзень занята з самай раніцы. Вя­дзе 3 асноўныя гурткі (30 чалавек) плюс 2 падрыхтоўчыя: “Даю маім вучням урокі танцаў. Заняткі праходзяць у Доме культуры: там добрая зала з люстэркамі. Дзеткі розных узростаў, у падрыхтоўчых групах ім гадоў па 5—6”. Прафесія Насці па душы: “Дзеці, адчуваю, мяне вельмі любяць, я іх таксама. Раней думкі розныя былі пра далейшы лёс, але паглыбляюся ў прафесію — і крыху па-іншаму гляджу на жыццё, на свае перспектывы. Мне ў школе мастацтваў падабаецца, хоць, можа, гады праз 2—3 нешта будзе інакш. Маю намер працаваць харэографам і далей, завочна вучыцца на псіхолага”.

Настасся патлумачыла, чаму пінскі досвед прыйшоўся дарэчы: “Так усё складваецца, што на розныя сцэны, імпрэзы патрэбны тэматычна розныя пастаноўкі. Вельмі ўдалай атрымалася мая кампазіцыя да Дня Перамогі “Месяц май”: мы з вучнямі “ілюструем” там ваеннае жыццё дзяўчыны-шафёра пад вядомую песню Юліі Паршута. Рабілі кампазіцыі да Дня Незалежнасці, Дня горада… Таму асвойваем з дзецьмі розныя танцы: класічны, народны, гістарычна-бытавы. Запатрабаваны і эстрадны, бо праводзіцца шмат канцэртаў, робім падтанцоўкі. А задзейнічалі мяне, як ка­жуць, у розных фарматах. У школах таксама просяць пазаймацца: на выпускныя развучвалі вальс. А на раённым свяце вальса для выпускнікоў, якое прахо­дзіла на плошчы ля райвыканкама, я была ў ролі вядучай разам з рэжысёрам Стасам Піліпенкам: ён працуе ў гарадскім Цэнтры культуры. Мы былі ў форме сцюарда і сцюардэсы і нібы суправаджалі сёлетніх выпускнікоў у іх жыццёвы палёт. Новая роля мне спадабалася, і ўжо на Дзень медыка я таксама была вядучай. Хоць увесь адпачынак у клопатах, амаль ні дня не абыходзіцца без рэпетыцый, але мне прыемна, калі ка­жуць: “Мы вас, Настасся Сяргееўна, хочам бачыць на сцэне!” Зна­чыць, я нечага вартая, нешта ўмею…”

 Іван ЖДАНОВІЧ