Якія яны — маладыя педагогі сучаснасці, што прыйшлі ў прафесію пасля заканчэння педкаледжа?

- 13:40Первое рабочее место

Якія яны — маладыя педагогі сучаснасці, што прыйшлі ў прафесію пасля заканчэння педкаледжа? Наколькі складана ім уліцца ў рабочы працэс і знайсці агульную мову з вучнямі і калегамі? Ці не расчараваліся яны ў выбраным шляху за першы год работы? Высветліла карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Артыст і выдумшчык, які ўмее зацікавіць

Менавіта такім павінен быць настаўнік музыкі, пераканана педагог сярэдняй школы № 9 Пінска Анастасія Козел. У гэтую школу Анастасія Уладзіміраўна прыйшла па размеркаванні. Першы працоўны год атрымаўся няпростым, бо ёй амаль адначасова прыйшлося знаёміцца з вучнямі 16 класаў пачатковай школы. Праўда, агульную мову са сваімі навучэнцамі яна знайшла вельмі хутка, бо на яе ўроках музыкі ніхто не сумуе. Ёй даручылі весці школьны TikTok, і дзеці з радасцю пачалі дапамагаць ёй здымаць відэаролікі.

— Першы год работы быў вельмі складаным, бо вучняў мноства, а вопыту мала. Да таго ж давялося арганізоўваць гуртковую дзейнасць, вучыцца ставіць нумары і працаваць з апаратурай. Спачатку я хвалявалася, калі нешта не атрымлівалася, але калегі дапамаглі мне адаптавацца. Асабліва намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ў пачатковай школе Алена Ула­дзіміраўна Фурманава, якая стала маім сапраўдным настаўнікам, — прызналася Анастасія Козел.

Цяпер хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем наведваюць яе музычны гурток і выступаюць на школьных мерапрыемствах.

— Прафесія настаўніка музыкі — няпростая. Яна патрабуе ўважлівай падрыхтоўкі да кожнага ўрока, ідэальнага ведання музычнага матэрыялу, умення ўзаемадзейнічаць з дзецьмі. Але, дзякуючы ведам, атрыманым у педагагічным каледжы, я з усім спраўляюся. Бо там нам далі азы і па педагогіцы, і па методыцы музычнай адукацыі, і па псіхалогіі. Акрамя таго, у час вучобы я павышала ўзровень музычнага майстэрства: адточвала ігру на інструментах, займалася вакалам, дырыжыраваннем і харэаграфіяй, вывучала музычна-камп’ютарныя тэхналогіі і тэорыю музыкі, — дадала Анастасія Ула­дзіміраўна.

Зараз яна вучыцца ў Брэсцкім дзяр­жаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна на спецыяльнасці “Лагапедыя” сацыяльна-педагагічнага факультэта.

— Я пайшла атрымліваць вышэйшую адукацыю, бо яна будзе спрыяць майму прафесійнаму развіццю і кар’ернаму росту, — патлумачыла педагог. — Галоўная мэта маёй работы — прывіць дзецям любоў да музыкі, навучыць разумець яе і аналізаваць, бо музыкай можна вылечыць і хваробу, і душу. Хоць, канечне, кожны настаўнік павінен быць адказным не толькі за навучанне па сваім прадмеце, але і за выхаванне пачуцця прыгожага, духоўнага і ўзвышанага ў дзецях.

***

Пінскі каледж (філіял БрДУ імя А.С.Пушкіна) рыхтуе будучых педагогаў па чатырох спецыяльнасцях: “Пачатковая адукацыя”, “Дашкольная адукацыя”, “Музычная адукацыя” і “Навучанне замежнай мове (англійскай)”. Штогод са сцен установы выходзіць каля 180 маладых спецыялістаў.

— Нашы выпускнікі вельмі запатрабаваныя. Мы не задавальняем усе заяўкі заказчыкаў кадраў. У асноўным спецыялістаў рыхтуем для Брэсцкай вобласці, але і Мінскі рэгіён часта просіць нашых выпускнікоў. Дарэчы, сёлета ў рэспубліканскім конкурсе прафмайстэрства ProfSkills Belarus — 2023 па спецыяльнасцях “Пачатковая адукацыя”, “Музычная адукацыя” і “Дашкольная адукацыя” нашы навучэнцы заваявалі адпаведна залаты, сярэбраны і бронзавы медалі. Хоць гэта і нядзіўна, бо паступаюць да нас абітурыенты з высокімі баламі. Так, у гэтым годзе сярэдні прахадны бал быў 8,5, — паведаміла дырэктар каледжа Святлана Андрэеўна Барчук.

Добры старт

Адукацыя павінна быць сапраўднай, поўнай, зразумелай і трывалай. Гэты выраз знакамітага чэшскага педагога Яна Каменскага стаў дэвізам маладой настаўніцы Ленінскай сярэдняй школы Жабінкаўскага раёна Паліны Астапюк.

— У сучасным свеце адукацыя дзяцей зале­жыць ад умення педагога не толькі даступна паднесці матэрыял, але і ад умення матываваць вучняў да атрымання інфармацыі, — акцэнтавала ўвагу Паліна Вячаславаўна.

Першае працоўнае месца яна знайшла сама, бо заўсёды хацела пачаць свой педагагічны шлях са школы ў невялікім аграгарадку або вёсцы. Так, пасёлак Ленінскі стаў для яе ідэальным варыянтам. Зараз яна выкладае прадметы “Абслуговая праца” ў 5—9-х класах, “Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)” у 5-х, вядзе гурток “Выяўленчае мастацтва” ў 5—6-х класах і факультатыў “Канструяванне і мадэляванне адзення” ў 8—9-х, а яшчэ яна класны кіраўнік 6 “А”.

— Першы год работы, як і для ўсіх педагогаў-пачаткоўцаў, быў хвалюючым, бо невядома было, як прыме калектыў і ці ўдасца знайсці падыход да вучняў. Але цяпер, азіраючыся на мінулы год, з упэўненасцю магу сказаць, што ў мяне ўсё атрымалася, — адзначыла Паліна Астапюк.

Яе першая сустрэча з вучнямі і іх бацькамі стала прыемнай. Дзеці з радасцю прынялі маладога педагога, і адносіны неяк адразу склаліся даверлівыя. Адміністрацыя і педкалектыў школы таксама аднесліся да яе з цеплынёй, заўсёды гатовы падзяліцца багатым вопытам і падтрымаць у любых пачынаннях. А старэйшым сябрам і настаўнікам Паліны Вячаславаўны стала Марына Анатольеўна Пракошына, якая дапамагла ёй уліцца ў працоўны працэс.

Увогуле, маладую настаўніцу з самага дзяцінства вабіла педагогіка. Спачатку яна марыла стаць харэографам, пасля — настаўніцай музыкі, а затым зразумела, што хоча выкладаць працоўнае навучанне. Пасля 9 класа на адпаведную спецыяльнасць набіралі толькі ў Ваўкавыскім каледжы.

— Там нам далі вялікі багаж ведаў, які стаў добрым стартам у прафесію. Асабліва запомніліся заняткі па малюнку і жывапі­се, канструяванні і мадэляванні адзення, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. А Марына Сцяпанаўна Клімчук — гуру педагогікі — не толькі даступна і цікава выкладала матэрыял па сваім прадмеце, але і прывіла мне вялікую любоў да педагогікі. Зай­мальнымі і карыснымі былі і куратарскія гадзіны з Галінай Анатольеўнай Старавойтавай, якая на асабістым прыкладзе паказала, як згуртаваць калектыў. Усё гэта дапамагло мне стаць доб­рым класным кіраўніком, якому давяраюць дзеці, — расказала Паліна Вячаславаўна.

Хоць у каледжы малады педагог і атрымала вялікі багаж ведаў і практычных уменняў, аднак летась вырашыла паступіць у Брэсц­кі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна на спецыяль­насць “Лагапедыя” сацыяльна-педагагічнага факультэта.

— З гэтай спецыяльнасцю я вызначылася на апошнім курсе каледжа. Калі праходзіла практыку “Пробныя ўрокі”, мне давялося папрацаваць з дзецьмі з асаблівасцямі ў развіцці. Прафесія лагапеда дасць магчымасць дапамагаць такім вучням пера­адольваць моўны бар’ер, — па­дзялілася сваімі спадзяваннямі Паліна Астапюк.

Дарэчы, на 3 курсе кале­джа яна ўдзельнічала ў конкурсе “Лепшы па прафесіі” і перамагла. Каледж скончыла з адзнакай і была запрошана на рэктарскі баль у ГрДУ імя Янкі Купалы. Усё гэта яшчэ раз падмацавала яе ўпэўненасць у правільным выбары прафесіі.

***

Выпускнікі Ваўкавыскага каледжа (філіял ГрДУ імя Янкі Купалы) — настаўнікі абслуговай працы і выяўленчага мастацтва, педагогі дадатковай адукацыі, а таксама швачкі — размяркоўваюцца ў асноўным па Гродзенскай і Брэсцкай абласцях.

— Кожны год наш каледж выпускае каля 160—170 маладых спецыялістаў па 7 спецыяльнасцях, 5 з якіх педагагічныя: “Пачатковая адукацыя”, “Абслуговая праца і выяўленчае мастацтва”, “Навучанне замежнай мове (англійская, нямецкая)”, “Дашкольная адукацыя” і “Педагагічнае суправаджэнне”. Сёлета 119 нашых выпускнікоў размеркаваліся ва ўстановы адукацыі, школы і дзіцячыя сады. У гэтым годзе прыём павялічыўся, і мы набралі 200 абітурыентаў на бюджэтнае навучанне і 35 — на платнае, якія таксама праз тры гады папоўняць настаўніцкія рады. Звычайна каля 90% нашых выпускнікоў застаюцца ў прафесіі, — расказала дырэктар каледжа Галіна Сяргееўна Зялік.

Падабраць ключыкі

Дзяцей у першую чаргу трэба любіць, сказаў Шалва Аманашвілі. З ім на сто працэнтаў згодны і настаўнік пачатковых класаў сярэдняй школы № 160 Мінска Віктар Мядзведзеў.

— Гледзячы на сучаснае пакаленне дзяцей, разумееш, што яны маюць вялікую патрэбу ў любові, таму я стараюся пасябраваць са сваімі вучнямі. Яны мне могуць патэлефанаваць у любы час і параіцца, спытаць нешта, такім чынам у нас наладжваецца канэкт, — патлумачыў Віктар Сяргеевіч.

Дарэчы, ён пасля заканчэння сярэдняй школы № 4 Касцюковіч збіраўся паступаць у Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Аднак аднакласнікі расказалі, што ў Горацкім педагагічным каледжы можна атрымаць спе­цыяльнасць “Пачатковая адукацыя” са спецыялізацыяй “Замежная мова”.

— Мяне гэта вельмі зацікавіла, і я пайшоў туды вучыцца. І хоць у дзяцінстве мне больш за ўсё падабалася гуляць у школу і быць настаўнікам, але я і падумаць не мог, што некалі стану ім, — усміхаючыся, прызнаўся Віктар Мядзведзеў. — Канечне, у гэтым заслуга выкладчыкаў нашага каледжа, якія не толькі дзяліліся прафесійнымі ведамі, але і давалі жыццёвыя парады.

У сталічную сярэднюю школу № 160 Маскоўскага раёна Віктар Сяргеевіч трапіў выпадкова. Першапачаткова, пасля ўдзелу ў конкурсе “Лепшы будучы настаўнік”, які праводзіўся МДУ імя А.А.Куляшова, яму прапанавалі работу ў магілёўскай сярэдняй школе № 45. Аднак маладому спецыялісту вельмі хацелася ў Мінск, а 160-я школа якраз і шукала сабе настаўніка.

— Я не ведаў, як мяне там сустрэнуць, але зараз гэта мая любімая школа. Сярод калег я знайшоў падтрымку, за якую асабліва ўдзячны Ірыне Серафімаўне Садоўскай, а сярод вучняў — паразуменне. Першы год работы запомніўся атрыманнем вялізнага фідбэку — зваротнай сувязі ад дзяцей. Канечне, гэты перыяд быў няпростым, але калі ты па-сапраўднаму ўкладаешся ў сваю працу, то гэта нармальна, бо ты прывыкаеш да пэўных школьных стандартаў, да дзяцей і іх бацькоў, а яны ўсе розныя — да кожнага трэба падабраць свой ключык, — перакананы педагог.

Яго першая сустрэча з вучнямі-другакласнікамі адбылася ў канцы жніўня, акурат год назад. Ён правёў гульні на знаёмства і даведаўся, як яны правялі лета.

— Хлопчыкі і дзяўчынкі су­стрэлі мяне ветліва, і з першых тыдняў у нас наладзілася пара­зуменне. Зараз на перапынках мы часта гуляем з імі, праводзім сумесныя кінапрагляды, круглыя і салодкія сталы, розныя конкурсы і спартакіяды ў вучэбны і пазаўрочны час, ходзім у паходы і наведваем культурныя аб’екты, — расказаў Віктар Мядзведзеў.

Па яго прызнанні, веды, атрыманыя ў каледжы, найкаштоўнейшыя. За тры гады навучання ён прайшоў пяць практык: педагагічных, выхаваўчых, у летнім лагеры. Яны дапамаглі засвоіць асновы і набыць вопыт.

— У каледжы выкладчыкі даюць веды і парады, якія сапраўды працуюць на практыцы. Аднак у гэтым годзе я вырашыў паступіць у БДПУ па сваёй спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя” на скарочаны тэрмін навучання. Лічу, вышэйшая адукацыя павінна быць. Вельмі цікава, як будуць выкладаць ва ўніверсітэце, якія веды і тэорыю дадуць. Бо карысна мець розныя пункты гле­джання, якія таксама дапамогуць у маім прафесійным станаўленні, — дадаў настаўнік.

Не прыходзіцца сумнявацца, што ў такога маладога спецыя­ліста ўсё атрымаецца. Да таго ж і педагагічны дэвіз Віктара Сяргеевіча — выраз Льва Талстога: “Калі настаўнік спалучае ў сабе любоў да справы і да вучняў, ён — дасканалы настаўнік”.

— Перакананы, што да вучняў трэба падыходзіць з любоўю і ставіцца да іх як да дарослых, улічваючы іх перажыванні, пачуцці і пытанні, якія ім трэба дапамагчы вырашыць, каб знайсці сябе ў гэтым свеце, — падзяліўся меркаваннем Віктар Мядзведзеў.

***

 У Горацкім педагагічным каледжы (філіял МДУ імя А.А.Куляшова) вядзецца падрыхтоўка па трох спецыяльнасцях: “Дашкольная адукацыя”, “Пачатковая адукацыя” і “Навучанне фізічнай культуры”. Штогадовы набор складае 105 чалавек. Усе яны размяркоўваюцца ў асноўным па Магілёўскай вобласці, хоць не абыходзяць бокам і сталіцу, і Віцебскі рэгіён. Многія працягваюць адточваць свае прафесійныя веды і ўменні ва УВА краіны.

— У гэтым годзе ў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова на вочную форму навучання паступілі пяць нашых выпускнікоў і яшчэ некалькі на завочнае аддзяленне. А тыя, хто размеркаваўся ў Мінск, пайшлі атрымліваць вышэйшую адукацыю ў БДПУ. Навучанне ў нашым каледжы ў першую чаргу практыка-арыентаванае. Мы многа гадзін адводзім менавіта на практыку, таму нашы выпускнікі добра падрыхтаваны да работы з дзецьмі як у школе, так і ў дзіцячых садах. Дарэчы, каля 75% нашых выпускнікоў застаюцца працаваць у сістэме адукацыі, — праінфармаваў дырэктар каледжа Аляксей Мікалаевіч Лявіцкі.

Усё атрымаецца

Скажы мне, і я забуду, пакажы мне, і я запомню, дай мне зрабіць, і я зразумею. Гэта прынцып работы выхавальніцы дзіцячага сада № 3 Рэчыцы Ангеліны Нікіцінай.

Калісьці гэты садок наведваў малодшы брат Ангеліны Юр’еўны. Затым яна трапіла туды на летнюю і пераддыпломную практыку. Ёй так там спадабалася, што захацелася застацца, і яна ні разу не пашкадавала аб гэтым.

— Яшчэ ў дзяцінстве я зразумела: хачу быць выхавальніцай. Прычым не проста выхавальніцай, але і сябрам, памочнікам і нават другой мамай для маленькіх дашкалят. Я вельмі люблю дзяцей, бо яны шчырыя, добрыя, зараджаюць пазітывам і дзеляцца сваімі ўсмешкамі. Калі я вучылася ў школе, Рэчыцкі дзяржаўны педагагічны каледж запрасіў нас, навучэнцаў 9 класа, на дзень адкрытых дзвярэй. Тады я канчаткова вызначылася: хачу стаць часткай гэтай установы, і стала, — прыгадала Ангеліна Нікіціна.

Калі малады спецыяліст прыступіла да работы, ёй давялося яшчэ шмат чаму навучыцца. Праўда, пры падтрымцы Алесі Аляксееўны Галавач зрабіць гэта было нескладана. Да таго ж і выхаванцы дапамаглі ўключыцца ў працоўны працэс, бо калі Ангеліна Юр’еўна была на практыцы, то змагла ўлюбіць іх у сябе.

— Пачала працаваць у сярэдняй групе. Базавыя веды, розныя методыкі выхавання і навучання, атрыманыя ў каледжы, дапамагалі мне ў рабоце. З верасня мае выхаванцы пяройдуць у старшую — выпускную групу. Для мяне гэта вельмі хвалююча, бо гэта будуць мае першыя выпускнікі, — прызналася педагог.

Думаецца, што і з задачай падрыхтоўкі да першага класа Ангеліна Юр’еўна справіцца на выдатна, гэтак жа як і з конкурсам маладых спецыялістаў Рэчыцкага раёна, на якім яна стала пераможцай.

— Пра тое, што я ўдзельнічаю ў гэтым спаборніцтве, мне паведаміла загадчыца нашага сада Людміла Анатольеўна Буглак. Для мяне гэта было вельмі нечакана і хвалююча. Падрыхтоўка была маштабнай, але мне дапамагалі многія. Дзякуючы конкурсу, я пераадолела боязь сцэны, стала больш упэўненай у сабе, пазнаёмілася з новымі людзьмі, атрымала прыемны вопыт і зразумела галоўнае: калі многа працаваць, то ўсё атрымаецца, — падкрэсліла Ангеліна Нікіціна.

***

Штогод каля сотні выпускнікоў Рэчыцкага дзяржаўнага педагагічнага каледжа спе­цыяльнасцей “Навучанне замежнай мове (англійская і нямецкая)” і “Дашкольная адукацыя” становяцца часткай настаўніцкай супольнасці Гомельскай вобласці. Бо кожны выпускнік бюджэтнай формы навучання атрымлівае першае працоўнае месца. Аднак і выпускнікі платнай формы не застаюцца без накіравання на работу.

— 1 верасня наш каледж чарговы раз гасцінна расчыніць свае дзверы для тых, хто вырашыў спасцігнуць прамудрасці педагагічнай прафесіі. Нашымі першакурснікамі стануць 116 чалавек, 29 з іх — будучыя выхавальнікі, а астатнія — настаўнікі замежнай мовы. Большасць нашых выпускнікоў працягвае навучанне па скарочанай форме ў МДПУ імя І.П.Шамякіна, МДЛУ і ГДУ імя Ф.Скарыны. Гэты станоўчы момант характарызуе іх як людзей, якія вырашылі застацца ў прафесіі і працягваць работу па ўдасканаленні свайго майстэрства, — пераканана дырэктар каледжа Людміла Анатольеўна Ягорава.

P.S. Сотні маладых педагогаў у сярэдзіне жніўня прыйшлі на свае першыя працоўныя месцы. Многія з іх — выпускнікі педкаледжаў, прычым іх, як правіла, расхопліваюць першымі. Чаму? Адказ просты: у каледжах упор на адточванні практычных навыкаў. Адпаведна, затым такія маладыя спецыя­лісты лягчэй уліваюцца ў працоўны працэс, хутчэй знаходзяць агульную мову з вучнямі і лепш адаптуюцца ў педкалектыве.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота з архіваў герояў