Чарговы госць рубрыкі “Мая школа” за 28 гадоў свайго жыцця паспеў паспрабаваць сілы ў розных сферах дзейнасці — ад афіцыянта да спевака славутых “Верасоў”, а ў 2014 годзе на конкурсе “Містар Беларусь” атрымаў званне “Містар мужчынская салідарнасць”. Сёння ў рубрыцы “Мая школа” — тэлевядучы, спявак і кампазітар ЯН МАЕРС.
— Пачнём з таго, што многія лічаць, што Ян Маерс — гэта сцэнічны псеўданім.
— Многія ведаюць мяне як Яна Цыбульку, але Ян Маерс — гэта не псеўданім. Гэта мае сапраўдныя імя і прозвішча, якія зафіксаваны ў пашпарце. У 20 гадоў я свядома ўзяў прозвішча маці, Антаніны Янаўны Маерс. Адным з аргументаў было тое, што прозвішча больш запамінальнае і для шоу-бізнесу больш прыдатнае. Бацькі, Анатоля Віктаравіча Цыбулькі, тады ўжо не было, але ён, упэўнены, таксама адобрыў бы мой выбар. Ён вельмі радаваўся, што я маю поспех у выбранай сферы, заўсёды падтрымліваў мяне. Па нацыянальнасці я — латыш, і гэта таксама юрыдычна замацавана на аснове дакументаў рыжскіх архіваў.
— Што са школьных гадоў зараз грэе душу?
— Памяць у мяне добрая, і 11 школьных гадоў я памятаю поўнасцю і падрабязна. Слуцк, у якім я нарадзіўся і вырас, — горад невялікі, але ў ім аж 13 школ. Я вучыўся ў сярэдняй школе № 6. У гэтай самай школе вучыліся маці і старэйшы брат. А з другога класа я паступіў у музычную школу і вучыўся там таксама 10 гадоў. Яна мне стала фактычна другім домам.
— У музычнай школе ж, здаецца, вучацца менш?
— А не мог з ёй развітацца. (Смяецца.) Спачатку вучыўся ігры на гітары, а потым, праз чатыры гады, дадаўся яшчэ і вакал. Цудоўна памятаю сваіх педагогаў з музычнай школы Алену Валяр’янаўну Лабковіч і Ганну Вітальеўну Русак. Тагачасны дырэктар школы Людміла Іванаўна Грудзініна зразумела, што мне варта ўдзяліць больш увагі ў плане вакалу (ужо ўсе тады ведалі, што я буду спяваць). Пасля паспяховага заканчэння музычнай школы па класе гітары мяне зноў залічылі — па класе харавых спеваў. Я да 11 класа займаўся менавіта вакалам і рыхтаваўся да паступлення ў музычнае вучылішча. Паспяхова паступіў у мінскае музычнае вучылішча імя М.І.Глінкі.
Склалася так, што ў агульнаадукацыйнай школе мяне не вельмі любілі. Я быў вельмі яркі, вёў школьныя мерапрыемствы, многа ездзіў, гадоў з 12 мяне паказвалі па тэлевізары, ды і з паспяховасцю было ўсё ў норме. Зразумела, такіх выскачак у класе недалюблівалі. А вось у музычнай школе мы былі аднолькавыя, там у мяне было абсалютнае паразуменне з усімі. Я быў удзельнікам калектыву “Вясёлка”, якім кіраваў Уладзімір Мікалаевіч Трафімовіч, і ў нас там была сапраўдная сям’я — быў стабільны склад, і, відаць, таму мы ўсе вельмі сябравалі.
Напэўна, кожны можа расказаць слязлівую гісторыю пра адносіны ў школе і непаразуменне ў класе — з такім сутыкаліся амаль усе, але розныя людзі бяруць з гэтага розныя ўрокі. Мае бацькі і школьныя настаўнікі навучылі мяне супрацьстаяць гэтым выклікам. І ў маёй сённяшняй сферы дзейнасці — гэта тэлебачанне і сцэна — атрыманыя навыкі вельмі неабходны. Гэта надзвычай канкурэнтнае асяроддзе, трэба ўмець чуць свой голас сярод чужых галасоў, не распыляцца на чужыя меркаванні і давяраць сабе і блізкім людзям.
— Калі сталі спяваць?
— Стаў спяваць у зусім малым узросце. Першая песня — саўндтрэк да фільма “Целаахоўнік” з Уітні Х’юстан у галоўнай ролі. Гэтую песню памятаюць усе нашы суседзі. Насупраць нашага дома быў луг (акустыка — шыкоўная!). Да гэтага часу з усмешкай успамінаю, як выходзіў на ганак і гарланіў ва ўсю моц. І мяне зусім не турбавала, хто мяне слухае і хто глядзіць.
— Якія ўражанні засталіся ў памяці са школы?
— Добрага памятаю многа, а дрэннае забываецца. З адмоўнымі ўспамінамі і ўражаннямі жыць цяжка, таму іх трэба пакідаць там, у мінулым.
Самае першае свята першага званка было шыкоўнае. У той год, калі я пайшоў у першы клас, школу скончыў мой старэйшы брат. Мне купілі партфель і школьную форму. Да гэтага часу памятаю, як хадзілі выбіраць ручкі і сшыткі. Свежы драўняны пах пачка новенькіх добрушскіх сшыткаў, напэўна, не забуду ніколі. Гэта быў 1994 год, і шмат што прыходзілася, як тады казалі, даставаць. Бацька праз знаёмых недзе купіў прыгожыя спартыўныя штаны і лідскія сінія красоўкі з белай падэшвай. Для мяне гэта быў сапраўдны квест. Мяне патаемна вялі на нейкі склад у магазіне, я ціхенька прымяраў тое, што літаральна даставалі з хованак, бацькі расплачваліся і пад адзеннем, каб ніхто чужы не бачыў, выносілі пакупкі з магазіна.
Калі прыйшлі ў клас, нас пасадзілі за парты і сказалі сядзець, склаўшы рукі. Каб я так сядзеў? Мне ж трэба было ўбачыць і пачуць усё і ўсюды. Мая першая настаўніца Лілія Іванаўна Казлоўская пастаянна падыходзіла да мяне і клала руку мне на плячо, каб я крыху супакоіўся. Я лічу, што настаўнікам пачатковых класаў трэба даваць асаблівую даплату і магчымасць раней пайсці на пенсію. Гэта педагогі, на якіх прыходзіцца асноўны псіхалагічны ўдар, які яны з гонарам вытрымліваюць. Калі ў музычным вучылішчы ў мяне была педпрактыка, я гатоў быў задушыць кожнага са сваіх 15 вучняў, а нас жа ў класе было 20, а ў пятым — 26… І ўсе такія, як і я, актыўныя і няўседлівыя.
Быць настаўнікам — гэта прызванне. Не кожны здолее захаваць адэкватнасць і не страціць цікавасці да сваёй работы, калі праз цябе штодня праходзіць магутны эмацыянальны і інфармацыйны паток.
Летнія канікулі мне паспявалі надакучыць за першы месяц. Мне заўсёды хацелася нейкіх падзей. Я і зараз люблю, калі ў маім жыцці ёсць экшн, калі нешта адбываецца. Кожны год я чакаў першага верасня. Мы жылі ў прыватным доме, у нас быў свой кветнік, і для мяне было надзвычайнай падзеяй падарыць настаўніцы вялікі букет. Першага верасня ўрокаў ніколі не было — гэта было сапраўды свята. А вось ужо другога верасня мне ў школу ісці не хацелася. Запалу хапала толькі на першы тыдзень. Кожны дзень у 8 гадзін пачыналіся ўрокі, і гэта было для мяне мучэннем. Я сава, і сённяшняя мая работа, дзякуй богу, дае мне магчымасць жыць у адпаведнасці з маім біялагічным гадзіннікам. Але да 11 класа не прапусціў ніводнага ўрока. Першы раз прасачкаваў урок сусветнай мастацкай культуры. З гэтым прадметам у мяне было ўсё ў парадку, але мне потым было вельмі сорамна перад настаўніцай. Я сябе доўгі час грыз, але потым усім пра гэта расказаў. Я па жыцці вельмі сумленны чалавек. Нават калі прасачкаваў урок, я не ведаў, куды падзецца… Здаецца, вось яна — вясна, свабода! Але чым сябе заняць? Пасля гэтага адзінага разу я ўпэўніўся, што для сябе самога будзе спакайней рабіць усё як след.
За ўсе школьныя гады ў мяне ніколі не правяралі дамашняга задання. Але за дрэнныя адзнакі мог ад бацькоў і старэйшага брата атрымаць наганяй. А вось дзённік глядзелі рэгулярна — там у мяне было багата сведчанняў майго няўрымслівага характару.
— Якая самая экзатычная заўвага была ў вашым дзённіку?
— “Спяваў на ўроку”. Гэта было ў пачатковай школе. Здаецца, на ўроку матэматыкі. Астатнія заўвагі былі класічныя. Я мог загаварыцца з кім-небудзь і спазніцца на ўрок, бегаць па калідоры падчас перапынку. Таму “нездавальняючыя паводзіны” — самая частая заўвага ў маім школьным дзённіку.
— Хто са школьных настаўнікаў запомніўся найбольш?
— За ўсё, што было ў маім жыцці, я вельмі ўдзячны тым людзям, якія былі са мной побач. Найбольшую удзячнасць адчуваю да настаўнікаў. Увогуле, мне пашанцавала з педагогамі. Я не магу згадаць нікога, хто б мне не падабаўся ці з кім я не знайшоў бы ўзаемаразумення. Нядаўна мая школа святкавала 50-годдзе — мяне запрасілі ўзяць удзел у святочнай вечарыне. Мне пашчасціла пабачыцца з маімі настаўнікамі, многія з якіх да гэтага часу працуюць. У нас чамусьці жыве думка, што пасля нашага заканчэння школы яна павінна закансервавацца, а настаўнікі павінны застацца такімі самымі, як і ў нашым дзяцінстве. На жаль, так не бывае.
На юбілеі давялося зноў пабачыцца з дырэктарам школы Пятром Афанасьевічам Енікавым, які кіруе школьным калектывам з 90-х гадоў. Я нават не ведаю, колькі яму зараз гадоў, але ён не мяняецца зусім. Здаецца, калі я вучыўся ў школе, ён быў такім жа. І, на маю думку, менавіта яго заслуга ў тым, што педагагічная каманда, якую ён сабраў, працуе амаль у нязменным складзе столькі гадоў.
Класных кіраўнікоў у нас было тры. Спачатку — настаўніца рускай мовы і літаратуры Наталля Адамаўна Бабіна, праз тры гады яе змяніла Галіна Мікалаеўна Белік (з яе сынам мы разам вучыліся ў музычнай школе). Як прадметнік яна змагла зацікавіць нас чытаць літаратурныя творы, а не знаёміцца з іх скарочаным зместам ці па крытыцы.
Беларуская мова і літаратура для мяне былі заўсёды складанымі. У маёй сям’і ніхто па-беларуску не гаварыў, і потым у школе нейкім чынам мяне ад беларускай мовы вызвалілі. Зараз я магу гаварыць па-беларуску (я тэлевядучы, і гэта частка маёй прафесіі), але свабодна мовай не валодаю і нават саромеюся гаварыць, бо лічу, што для гэтага ў мяне недастаткова пісьменнасці.
Яшчэ адным, трэцім, класным кіраўніком была настаўніца беларускай мовы Ірына Валер’еўна Алешка, для якой мы былі першым выпускным класам. Яна ўсіх нас памятае па імёнах і імкнецца падтрымліваць з намі сувязь.
Англійскую мову ў нашым эксперыментальным класе мы вывучалі з першага года навучання. І тыя веды, якія дала настаўніца замежнай мовы Ала Пятроўна Кучароўская, актуальныя да сённяшняга дня. Большасць з маіх ведаў англійскай мовы менавіта са школы.
А вось з фізікай у мяне былі праблемы. Дзіўна тое, што матэматыка, хімія і іншыя падобныя прадметы ішлі вельмі добра. А фізіка не ішла. Праблема ў тым, што я не разумеў, пра што ідзе гаворка на ўроках, але справа была не толькі ў прадмеце. Пасля некалькіх не вельмі ўдалых спроб наладзіць адносіны з Адамам Якаўлевічам, настаўнікам фізікі, я проста махнуў на яе — і потым з фізікай было ўсё вельмі дрэнна: адносна добрая адзнака ў атэстаце зараблялася з апошніх сіл.
З хіміяй жа, наадварот, усё было вельмі добра (нават алімпіяднікі часта спісвалі ў мяне лабараторныя работы). Нават калі я задумаўся пра атрыманне нейкай іншай (не музычнай) спецыяльнасці, сярод варыянтаў разглядалася таксама і хімія. Але на сямейным савеце бацькі пераканалі мяне атрымаць эканамічную спецыяльнасць — без кавалка хлеба не застаўся б.
— Чаму вырашылі не спыняцца толькі на музыцы?
— Я такі чалавек, што, робячы любую справу, заўсёды рыхтую для сабе шляхі адступлення, прычым, як правіла, некалькі варыянтаў. Відаць, гэтая якасць з’явілася дзякуючы настаўніцы гісторыі Ірыне Іванаўне Шыловіч. І цяпер успамінаю яе ўрокі і не перастаю здзіўляцца яе энергетыцы: наколькі чалавек умела змог кіраваць вялікім калектывам актыўных і непаслухмяных дзяцей, не прымяняючы крыку, шантажу і іншых “забароненых прыёмаў”. Яна змагла заслужыць павагу вучняў тым, як яна сябе з намі паводзіла: як правярала дамашнія заданні, як тлумачыла новы матэрыял, як умела своечасова спыніць. І гэта ўсё рабілася вельмі далікатна і культурна, не выходзячы за межы дазволенага.
Я ніколі не быў чыімсьці любімчыкам. Проста так, за прыгожыя вочы, мне ніколі — ні ў школе, ні ў вучылішчы, ні ў ВНУ — нічога не давалася. Мне маглі прабачыць пропуск семінара ці не ў час здадзены рэферат, але не больш. Вялікі дзякуй майму дыпломнаму кіраўніку Святлане Леанідаўне Флярко (не ведаю, як яна мяне вытрымала!). Я ўсё разумею і ўсё магу зрабіць, але я па натуры гультай. А пры падрыхтоўцы дыпломнай работы трэба было ўсё здаваць па графіку. Святлана Леанідаўна корпалася са мной, як з малым дзіцем, але дыплом атрымаўся добры. І я без цяжкасцей паступіў у магістратуру, але потым яе паспяхова кінуў.
— Пераважылі іншыя інтарэсы?
— І гэта таксама. (Смяецца.) А калі шчыра, надакучыла пастаянна знаходзіцца ў стане навучэнца. Я бесперапынна вучуся з 6 гадоў. Пасля школы паступіў у музычнае вучылішча, потым — ва ўніверсітэт культуры, на другім курсе паралельна паступіў у эканамічны ўніверсітэт, паралельна працуючы ў “Верасах”. Мазгі пачыналі закіпаць, і я вырашыў, што вучобы ўжо хопіць і што ў 27 гадоў можна пачаць жыць для сябе. Думаў, што з’явіцца вольны час, але гэтага не адбылося.
— Калі выбіраць паміж музыкай і эканомікай, пераможа, відаць, музыка?
— Я не сказаў бы, што эканоміка мне няблізкая. У мяне не было ніякіх цяжкасцей пры асваенні гэтай галіны. Не на ўсё, праўда, хапала ўседлівасці… Я не магу доўга рабіць адну справу. Але для маёй работы зараз гэта добра: калі доўга займацца стварэннем адной песні ці аранжыроўкай, можна зайсці ў тупік. Я люблю рабіць некалькі спраў адначасова. Прычым гэта могуць быць прыгатаванне ежы, напісанне песні і, напрыклад, складанне падатковай дэкларацыі.
— На што вы не будзеце марнаваць час і што гатовы па неабходнасці асвоіць?
— Усё, што нас акружае, — гэта вынік дзейнасці чалавека. Чалавек змог да гэтага дадумацца, зразумець і зрабіць. Я таксама чалавек: у мяне таксама дзве рукі і дзве нагі, мазгі на месцы — значыць, змагу разабрацца, толькі трэба прыкласці намаганні. Нядаўна ўзнікла неабходнасць стварыць уласны сайт. Спачатку я вырашыў поўнасцю заняцца яго праграмаваннем, знайшоў шмат інфармацыі, але потым, зразумеўшы, што гэты працэс зойме шмат часу, вырашыў зрабіць сайт па канструктары, не забіваючы галаву лішняй інфармацыяй.
Канечне, ёсць пытанні, у якія я проста не хачу ўнікаць. Напрыклад, не хачу марнаваць час на даследаванні кан’юнктуры прафесійнага музычнага рынку — гэтым павінны займацца прафесіяналы, і мне шкада часу самому праводзіць сацыялагічныя даследаванні і аналізаваць вялікія аб’ёмы інфармацыі. У мяне сапраўды ёсць на што патраціць час. Напрыклад, на новую песню ці на рэпетыцыю музычнага матэрыялу.
— Ці любіце вы эксперыменты і перамены?
— Мне ўвогуле пашанцавала з эксперыментамі і пераменамі. Спачатку, калі я вучыўся ў школе, увялі 10-бальную сістэму, а потым я трапіў на першае цэнтралізаванае тэсціраванне. Зараз я пастаянна праводжу эксперыменты над сабой, спрабуючы сілы ў розных прафесіях. Першая мая работа была ў рэстаране, дзе я ў 18-гадовым узросце пачынаў памочнікам афіцыянта, потым стаў афіцыянтам, адміністратарам і, нарэшце, у 20 гадоў дарос да старшыні змены. Потым была работа ў ансамблі “Верасы”. Пасля гэтага вырашыў, што музыку трэба на пэўны час адкласці, і некаторы час працаваў менеджарам па продажах (але ў мяне гэта не атрымлівалася, бо не хапае выхавання ўцюхаць чалавеку тое, што яму не трэба), потым — у салонным бізнесе. Але жыццё ўсё роўна прывяло мяне ў музыку.
Тэлебачанне і сцэна ў межах нашай краіны не могуць быць прыбытковай прафесіяй. Таму, каб мець магчымасці нармальнага пражывання, трэба працаваць на некалькіх работах. Зараз я працую ў Маладзёжным тэатры эстрады і на тэлеканале “Мінск-ТБ”, паралельна працую ў розных месцах у якасці спевака і вядучага — калі так можна сказаць, займаюся дыверсіфікацыяй сваіх заробкаў. Калі чалавек не гатовы працаваць у такіх экстрэмальных умовах, ён хутка зламаецца. У маёй рабоце вялікую ролю адыгрывае чалавечы фактар, і ўвесь час патрабуецца наладжваць кантакты з абсалютна рознымі людзьмі, прымаць многія рысы іх характараў і падстройвацца пад кан’юнктуру беларускага медыярынку.
Зараз нялёгкі час, і ў першую чаргу людзі ў такія перыяды адмаўляюцца ад забаў — паходаў у кіно і на канцэрты, выдаткаў на святы. Рынак абваліўся і ў суседняй Расіі, і артысты не грэбуюць працаваць у залах-“тысячніках”. Сёння склалася такая сітуацыя, што сярэдні беларус лепш ад зін раз за год сходзіць на канцэрт таго ж Стаса Міхайлава за 40—50 рублёў, адным разам выбраўшы свой запланаваны ліміт на забавы. Таму нават пры кошце білетаў у 8—10 рублёў айчынныя артысты застаюцца ў пройгрышы, тым больш што за гэтыя грошы мы не можам прывезці столькі сцэнічнага абсталявання, колькі прывозяць расіяне.
— Якія вашы асноўныя прынцыпы ў рабоце на сцэне?
— Я прытрымліваюся думкі, што любую работу трэба рабіць добра, інакш лепш яе ўвогуле не рабіць. І так павінна быць не толькі на сцэне. У ідэале чалавек павінен рабіць любімую работу і пры гэтым атрымліваць за яе дастойную аплату. Не кажу пра мільёны — я не імкнуся зарабіць кучу грошай. Мне б хацелася не задумвацца, якія сасіскі купляць у магазіне. Мае базавыя патрэбы невялікія. Напрыклад, прыязджаючы на канцэрт, я не патрабую супергрымёрак — было б дзе кінуць рэчы, электрычная разетка, люстэрка і чайнік (ці магчымасць выпіць гарачай кавы).
І мне вельмі прыемна працаваць з тымі, хто разумее спецыфіку работы артыста, бо вельмі часта бывае, што ў івент-сферы працуюць людзі, якія мала разумеюць, што і як трэба рабіць.
— Удзел у праекце “Хочу к Меладзе” быў таксама эксперыментам?
— Гэта была спроба сіл. Чаму я там не затрымаўся? Мэта гэтага шоу не пошук талентаў, а раскрутка гатовай групы. Каб потым выгадна прадаць свой прадукт, яны гатовы былі пускаць пад нож лёс маладых хлопцаў. Я даўно знаёмы з тэлевытворчасцю і ў гэтым плане рэаліст. Я ездзіў на адбор у новы бойз-бэнд яшчэ за год да таго, як быў аб’яўлены кастынг у шоу. Потым мне пазванілі з Масквы і прапанавалі прыняць уд зел у шоу. Візітку здымалі ў Кіеве, і ўсё было вельмі прафесійна — з персанальным грымёрам, масоўкай і іншымі атрыбутамі. Я напрамую запытаўся ў рэдактара, да якога моманту мяне пратрымаюць у праекце (я разумеў, што тут мне адведзена пэўная роля). Я цудоўна разумеў, што адназначна я не буду ў шэрагу пераможцаў (бо я пра гэта ўжо ведаў бы!).
Лета. Ліпень. Здымачны павільён, у якім пад 40 градусаў. Пітная вада скончылася праз гадзіну ад пачатку здымак, у прыбіральню — чарга. Напружанасць сярод удзельнікаў узрастае з кожнай хвілінай. На сцэну мяне выпусцілі не з той песняй, якую я рыхтаваў з умовай “не хочаш яе спяваць — едзь дадому”. Праспяваў я добра, тым больш што прыйшлося спяваць “Малінаўку”, якую я на працягу пяці гадоў выконваў у “Верасах” (я магу яе спяваць з закрытымі вачамі і вушамі, дагары нагамі ці стоячы на пальцах — як хочаце!). Ніхто з настаўнікаў мяне не выбраў, і мяне пачалі “кляваць”: і што я дурны, і што песню не тую выбраў, а Паліна Гагарына, мая равесніца, сказала, што я ўвогуле стары для бойз-бэнда. Я зразумеў, што адказваць на гэта нельга, бо потым усё будзе выкарыстана ў тэлеверсіі. Проста падзякаваў і пайшоў. За кулісамі мяне таксама правакавалі на нядобрыя водгукі і слёзы, але я стрымаў сябе. Зразумела, што маё выступленне ў эфір проста не трапіла, бо я не даў прадаваемага матэрыялу, за які можна зачапіцца. Але затое фразы, якія настаўнікі кідалі ў мой адрас, потым зманціравалі на іншых канкурсантаў. Праект сябе апраўдаў, атрымалася сапраўднае шоу накшталт бразільскага серыяла, у якім кіпелі жарсці, і групу раскруцілі шыкоўна. Дзякуй богу, што мой трупік не ляжыць у фундаменце гэтай піраміды.
— Думаю, нашым чытачам будзе цікава даведацца пра ваш удзел у праекце “Голас-5”.
— Я чатыры гады падаваў заяўку на “Голас”, і толькі ў гэтым годзе ўдалося трапіць на праект. Колькі бяссонных начэй было патрачана на падрыхтоўку да ўдзелу ў гэтым знакамітым шоу. Але я не магу сказаць, што гэтыя тры хвіліны ў эфіры для мяне значаць не больш, чым любое іншае выступленне. На кожным канцэрце гледачы чакаюць якаснага выступлення, і я не магу не апраўдаць іх надзеі.
Зараз я стараюся як мага больш часу аддаць рэпетыцыям музычнага матэрыялу, бо ўсе выступленні ў гэтай праграме пішуцца з аднаго дубля. Каб добра выступіць, трэба добра падрыхтавацца.
Свае планы па ўдзеле ў “Голасе” я нават перавыканаў — думаў, што мяне выкінуць яшчэ ў дуэтах. Але ўчора мой настаўнік Дзіма Білан зрабіў выбар не на маю карысць. Аднак гэта ўсё роўна перамога: з 15 тысяч заявак і 8 тысяч чалавек, якія прыйшлі на кастынг у “Астанкіна”, выбралі 56 чалавек, якія трапілі ў эфір. Усе незвычайна таленавітыя, нельга гаварыць, што нехта лепшы, а нехта горшы. Гэта тэлешоу, і ў яго такія правілы. Але тыя, хто мяне падтрымліваў, яшчэ ўбачаць мяне ў межах гэтага праекта.
За час знаходжання ў праекце ў нас склаліся добрыя рабочыя і нават сяброўскія адносіны. Канкурэнцыі не адчувалася, і я абавязкова буду падтрымліваць сваіх фаварытаў, якія засталіся ў “Голасе”. Для ўсіх удзельнікаў былі створаны ледзь не ідэальныя ўмовы для работы. А артысту што трэба? Каб яго хвалілі і давалі магчымасць максімальна паказаць свае магчымасці.
Усё, што я мог атрымаць ад “Голасу”, я атрымаў яшчэ падчас сляпых праслухоўванняў: у мяне быў самы высокі рэйтынг сярод усіх удзельнікаў першага выпуску пятага сезона праекта, і гэта не можа не радаваць. Гэта добрая стартавая пляцоўка, і “прафукаць” яе было б вельмі вялікай памылкай. Акрамя гэтага, я, безумоўна, змог расшырыць свае творчыя далягляды.
Але сённяшні глядач разбэшчаны тэлевізійнымі шоу. І не факт, што пераможца пратрымаецца хоць колькі часу на сцэне і ў эфіры. Гэта праца — сур’ёзная і штодзённая. Поспех у маёй прафесіі — гэта імгненнае паняцце і вельмі зыбкая велічыня. Заўсёды ёсць нехта, хто дыхае табе ў спіну і гатовы заняць тваё месца.
— Ці ёсць нешта такое, што вы не зрабілі за пражытыя гады і што вельмі хацелася б ажыццявіць?
— У мяне заўсёды будзе жаданне неяк адметна адпачыць і больш часу правесці з роднымі і блізкімі мне людзьмі, але рытм жыцця і патрэба ў рэалізацыі маіх мэт патрабуюць ад мяне поўнай аддачы, таму, на жаль, адпачыць так, як хацелася б, не атрымліваецца. Відаць, таму асабліва цэніш тыя рэдкія дні адпачынку, якія бываюць.
Зараз, увосень, у выхадны дзень хочацца выспацца, прачнуцца не па будзільніку і хаця б першыя дзве гадзіны нікуды не ісці, смачна паснедаць і з кубкам гарбаты паглядзець тэлевізар. А летам люблю паехаць на дачу і адключыць тэлефон, адасобіцца ад сацыяльных сетак і інтэрнэту, паглядзець некалькі фільмаў, прывезеных з сабой на флэшцы, або пачытаць.
— Ці шчаслівы вы чалавек?
— Я шчаслівы, што займаюся сваёй любімай справай. Гэта вялікая раскоша. І я вельмі ўдзячны сваім бацькам, што яны ў пэўны час не адгаварылі мяне ад гэтага шляху.
Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з асабістага архіва Яна МАЕРСА.