Ярка і цікава праходзіць лета ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Клімавіч

- 17:04Новости

З улікам інтарэсаў навучэнцаў — такім чынам арганізуюць летнюю аздараўленчую кампанію ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Клімавіч. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Лета — спрыяльны час для ўсебаковага развіцця дзяцей, набыцця імі новых ведаў, уменняў і навыкаў. Па гэтай прычыне імкнёмся зрабіць дзіцячы адпачынак яскравым. Каб летнія дні былі вясёлымі і карыснымі, зыходзім з запытаў вучняў. Усе планы работы распрацоўваем па іх пажаданнях, — паведаміла намеснік дырэктара Наталля Рабцава.

Летам у цэнтры ніколі не спыняецца функцыянаванне гурткоў. Актыўна наведвае клімавіцкая дзятва таксама забаўляльныя і гульнявыя пляцоўкі, якія па мікразонах горада ладзяць педагогі ўстановы.

— Вялікай папулярнасцю ў дзяцей карыстаецца наш кругласутачны лагер “Арляня”. Што нядзіўна, бо там мы змаглі стварыць усе ўмовы для якаснага адпачынку. Навучэнцаў і іх бацькоў прываблівае маляўнічая прырода, стадыён, клуб, спартыўны комплекс, утульныя і камфортныя жылыя карпусы, наяўнасць уласнага пляжа. Яшчэ больш падабаецца дзецям тое, што жыццё ў летніку насычана падзеямі, кожны дзень тут адметны нечым цікавым, — расказала Наталля Мікалаеўна.

Па яе словах, работа лагера “Арляня” ла­дзіцца па метадзе праектнай дзейнасці. Як паказала практыка, такая методыка спрыяе сумеснай творчасці педагогаў і навучэнцаў.

— Аздараўленчыя змены арганізуем у фармаце напоўненых прыгодамі гульняў. Асабліва даспадобы прыйшлася вучням грамадзянска-патрыятычная накірава­насць. Неаднаразова праводзілі праект “Я, ты, ён, яна — мы адзіная краіна”. Дзеці змаг­лі праявіць сябе, паўдзельнічаць у сацыяльна значных справах, адчуць датычнасць да будучыні Радзімы. Дзеці засталіся ў захапленні, таму сёлета мы зноў запланавалі змены ў такім ключы. Будуць і новаўвядзенні: плануем правядзенне бацькоўскіх дзён, каб мамы і таты далучыліся да нашых мерапрыемстваў, — адзначыла Наталля Рабцава.

Штогод у цэнтры няма адбою і ад дзяцей, якія хочуць прайсці аздараўленне ў лагеры з кругласутачным знаходжаннем “Рамантык”. Аднойчы трапіўшы ў гэты летнік, на адпачынак сюды школьнікі прыхо­дзяць рэгулярна.

— У нас ёсць вучні, якія ўпершыню адпачывалі ў “Рамантыку” ў 5 класе. Зараз яны ўжо старшакласнікі, а ўсё роўна захапляюцца такой формай аздараўлення. Прыцягвае дзяцей магчымасць падарожнічаць. Вандруем па родным раёне, нашай вобласці і ўсёй краіне. Летнік існуе каля двух дзесяцігоддзяў, і магу з упэўненасцю сказаць, што мы аб’ехалі ўсю Беларусь. Вабяць навучэнцаў і турыстычныя рытуалы. Калі жывём у палатках, па вечарах нязменна распальваем вогнішча, спяваем песні, размаўляем пра важнае. Усё, што звязана з побытам, дзеці робяць самі. Гэта фарміруе ў іх адказнасць і самастойнасць, — расказала метадыст Таццяна Асмалоўская.

Змены ў “Рамантыку” тэматычныя. Гэтым летам вучням прапануюць аздараўленне з армейскім каларытам на базе сапраўднай вайсковай часці. Пасля дзяцей чакаюць экскурсіі на цягніках па маршруце Гродна — Брэст — Мінск і падарожжа з палаткамі па адметных мясцінах Клімавіцкага раёна. Навучэнцы, якія сур’ёзна займаюцца турызмам, сумесна з педагогамі ўжо рыхтуюцца да падарожжаў.

— Я ўжо тры разы адпачываў у “Рамантыку”. Убачыў як вялікія беларускія гарады, так і малавядомыя вёскі, райцэнтры. Запомніліся не толькі пэўныя славутасці, а і сустрэчы з неверагоднымі людзьмі. Уражанняў заўсёды шмат, — падзяліўся дзевяцікласнік Кірыл Паўлоўскі.

Дарэчы, аздараўленнем у Цэнт­ры дадатковай адукацыі ахопяць звыш 350 хлопчыкаў і дзяўчынак. Калектыў установы прыкладае ўсе намаганні для таго, каб лета кожнага навучэнца было яркім і запамінальным.

Аздараўленнем у Цэнт­ры дадатковай адукацыі ахопяць звыш 350 хлопчыкаў і дзяўчынак. Калектыў установы прыкладае ўсе намаганні для таго, каб лета кожнага навучэнца было яркім і запамінальным.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара