Яркія лёсы спартсменаў — аснова для выхавання

- 10:18Спартыўныя падзеі

Сёння многія ўдзельнікі выхаваўчага працэсу ў сістэме адукацыі і спорту шукаюць інавацыйныя педагагічныя і кіраўніцкія тэхналогіі. Сучаснаму падлетку нялёгка тэарэтычна даказаць неабходнасць выхавання ў сабе такіх якасцей, як міласэрнасць, разуменне, спагада, павага. А гэта ж каштоўнасці алімпійскага і параалімпійскага руху і іх складнікі.

Без сумненняў, у добрым здароўі падрастаючага пакалення зацікаўлены ўсе: і бацькі, і настаўнікі, і ўрачы, грамадства ў цэлым. Але практыка паказвае, што ўсе яны прыкладаюць недастаткова намаганняў для гэтага.
Часцей за ўсё ў якасці пабуджальных фактараў, якія натхняюць чалавека на здаровы лад жыцця, з’яўляецца хвароба, траўма, іншыя жыццёвыя экстрэмальныя сітуацыі. Далучэнне дзяцей да ідэалаў алімпізму, якія арыентаваны на агульначалавечыя, гуманістычныя духоўна-маральныя каштоўнасці, звязаныя са спортам, з’яўляюцца асабліва важным у сучасных умовах, каб не дапусціць росту празмернага прагматызму, нігілізму і абыякавасці да духоўных каштоўнасцей у падрастаючага пакалення, навучыць дзяцей процістаяць стрэсаваму ўплыву вучэбных перагрузак.Гэта маё меркаванне. Алімпійскую адукацыю неабходна ўкараняць у сістэму адукацыі і спорту. Яркія лёсы спартсменаў, незабыўныя старонкі спартыўнага жыцця, спадчына Алімпійскіх гульняў — добрая аснова для выхавання пачуцця грамадзянскай і сацыяльнай адказнасці. Алімпійскі кантэнт у адукацыі і спорце мае як вучэбны, так і выхаваўчы аспект. І тут ужо не важна, займаецца падлетак спортам або фізічнай культурай.
Падчас вывучэння гісторыі алімпійскага і параалімпійскага руху лічбы і факты адыгрываюць толькі дапаможную ролю: біяграфіі, лёсы, перамогі, паражэнні — гэта люстэрка агульначалавечых каштоўнасцей. Менавіта на гэтай аснове, на мой погляд, павінен будавацца алімпійскі ўрок. Цікавасць навучэнцаў прыцягвае спартыўны змест, часта ідэалам для маладога пакалення становіцца менавіта спартсмен. Такім чынам, матывацыйнае асяроддзе створана, і на гэтую багатую глебу кладуцца чарговыя алімпійскія заняткі. Тут важна гаварыць пра тое, што ў спартсмена дасканаласць цела спалучаецца з сілай духу, прычым гэта тычыцца ўдзельнікаў і алімпійскага, і параалімпійскага руху. І гэта пэўная формула поспеху: дасканаласць цела можа выхоўваць сілу духу — гэта алімпійцы; чым мацнейшы дух, тым больш дасканалым можа станавіцца цела — параалімпійцы.
Ужо 7 гадоў я займаюся распрацоўкай і правядзеннем мерапрыемстваў па алімпійскай адукацыі. У самым пачатку гэтага шляху я разумела, што для вырашэння задач трэба залажыць як мінімум дзве асновы. Першая з іх — прыцягненне спецыялістаў у галіне алімпійскай адукацыі, другая — супрацоўніцтва з прадстаўніцтвам Нацыянальнага алімпійскага камітэта па Гомельскай вобласці. Да праграмы, пра якую я сёння хачу расказаць, у меня асаблівае стаўленне. Я сама з пяці гадоў займалася спортам, ёсць вопыт трэнерскай работы. Для мяне вельмі важны выхаваўчы момант у працэсе вучэбна-трэніровачных заняткаў. Праграма была праведзена падчас спартыўна-аздараўленчага лагера з навучэнцамі дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па боксе, кулявой стральбе Гомеля, але, як паказала практыка, яна можа быць выкарыстана абсалютна ў любым дзіцячым калектыве і ў любы час.
Спецыфіка спартыўнай барацьбы ў шэрагу відаў спорту часам поўная драматызму і нярэдка суправаджаецца махлярствам, жорсткасцю і нават вандалізмам. Выклікае непакой ужыванне допінгу, што прыводзіць да негатыўных і ў шэрагу выпадкаў трагічных наступстваў для здароўя і жыцця спартсмена. Пры распрацоўцы праграмы алімпійскай адукацыі “Краіна спорту” я паставіла мэту сфарміраваць цікавасць да Алімпійскіх гульняў і алімпійскага руху ў выхаванцаў. Пытанні, якія мяне хвалявалі: як у спартсмена-пачаткоўца развіць жаданне ўдзельнічаць у алімпійскіх спаборніцтвах і дэманстраваць у іх сумленныя, высакародныя, рыцарскія паводзіны (у адпаведнасці з прынцыпамі сумленнай гульні); як арыентаваць выхаванцаў стаць не проста (толькі ў плане фізічнай падрыхтоўкі або спартыўнага майстэрства) развітым спартсменам, рэкардсменам, а такім рознабакова і гарманічна развітым атлетам, якога выбіраюць у якасці ідэала (узору для пераймання).
Сучасны дзіцячы калектыў — гэта не проста розныя дзеці, розныя характары, розныя захапленні, у маім выпадку заняткі рознымі відамі спорту. Гэта яшчэ і характэрнае для часу паглыбленне ў інтэрнэт, зносіны праз сацыяльныя сеткі, якія не спрыяюць аб’яднанню ў каманды. Таму для правядзення праграмы ў спартыўным лагеры я выбрала наступныя формы мерапрыемстваў: алімпійскія ўрокі-прэзентацыі, дыскусійныя трыбуны, конкурсы прэзентацый, віктарыны і спецыяльна распрацаваную сеткавую калектыўную гульню.Алімпійскія ўрокі праводзіліся ў форме прэзентацый. Тэмы мы выбіралі разам з дзецьмі, потым з адным-двума энтузіястамі фарміравалі прэзентацыю. Дапамогу ў падрыхтоўцы лічу неабходнай умовай для прыцягнення навучэнцаў не толькі да адукацыйнага, але і да творчага працэсу. Самую вялікую рэакцыю ў выхаванцаў выклікалі прэзентацыі па тэмах “Параалімпійскія гульні”, “Гісторыя ўзнікнення Алімпійскіх гульняў. Стражытнасць”, “Талісманы Алімпіяд”, “Спорт без допінгу. Мы — за!”. Я была прыемна здзіўлена, наколькі жвава рэагавалі дзеці на гісторыі параалімпійцаў, спартсменаў, якія паламалі свае спартыўныя кар’еры з-за ўжывання допінгу. А цікавасць да старажытных Алімпійскіх гульняў была проста надзвычайнай!
Былі праведзены дыскусійныя трыбуны “Шкодныя звычкі: за і супраць”, калектыўныя і індывідуальныя віктарыны, конкурсы прэзентацый пра свой від спорту (кулявая стральба, бокс, грэка-рымская барацьба). Работа ва ўмовах вочных дыскусійных трыбун і гульняў, дзе адначасова з абмежаванасцю па часе на дзяцей дзейнічае мноства фактараў, з’яўляецца добрым трэнінгам псіхалагічнай абароненасці, развівае ўменне адмежавацца і засяродзіцца на галоўным, выпрацоўвае звычку да эмацыянальных нагрузак. Выхаванцы вучацца працаваць у камандзе, прыслухоўвацца да чужога меркавання, цаніць і паважаць чужую работу і пры гэтым не саромеюцца выказваць сваю думку.
Адна з вялікіх праблем сучаснай адукацыі — гэта пасіўнасць падлетка. Ён атрымлівае адказы на пытанні, якія не задаваў. Унікальным педагагічным сродкам з’яўляецца гульня, якая носіць вучэбны і развіццёвы характар. Пры стварэнні сеткавай калектыўнай гульні я ўлічвала работу з інтэрнэтам, сродкамі масавай інфармацыі, прагляд відэафайлаў, выхад на сайты, якія змяшчаюць інфармацыю пра спартыўныя спаборніцтвы, навіны спорту і г.д.
Не будзем забываць, што любая гульня стварае ў гульца матыў, жаданне нечага дасягнуць. Адукацыйная гульня звычайна мяняе месцамі матыў і мэту — тыя веды, авалоданне якімі з’яўляецца адукацыйнай мэтай гульні, разглядаюцца як сродак для дасягнення пэўнай гульнявой мэты.Папярэдне, перад правядзеннем сеткавай гульні, я правяла алімпійскія ўрокі (“Гісторыя ўзнікнення Алімпійскіх гульняў”, “Параалімпійскія гульні”, “Алімпійскія гульні сучаснасці”, “Алімпійская хартыя”, “Сімволіка Алімпійскіх гульняў” і г.д.), правяла размовы на тэмы, якія будуць гучаць у пытаннях (работа Міжнароднага алімпійскага камітэта, Нацыянальнага алімпійскага камітэта, членства МАК і г.д.). У працэсе гэтых заняткаў навучэнцы маглі азнаёміцца з інфармацыйнымі сайтамі па тэмах, навучыцца працаваць з інфармацыяй. У гульні можа ўдзельнічаць любая колькасць каманд. Кожная каманда складаецца з 5—6 чалавек. Каманды загадзя фарміруюць самі ўдзельнікі. У яе могуць уваходзіць удзельнікі як аднаго ўзросту, так і рознаўзроставыя. На кожную каманду даецца камп’ютар любога тыпу з выхадам у інтэрнэт. На выкананне задання адводзіцца да 10 хвілін (зыходзячы са складанасці).
Вы не ўяўляеце, з якім запалам дзеці гулялі ў сетцы. Яны так навучыліся працаваць на сваіх планшэтах і мабільных прыладах з інфармацыяй на тэматычных сайтах, што часам выдавалі мне вельмі рэдкія факты з жыцця спартсменаў або з гісторыі спартыўных спаборніцтваў, пра якія я, на жаль, чула ўпершыню.
Наперадзе аналіз вынікаў праграмы летняга спартыўнага лагера, але ўжо на гэтым этапе я ведаю дакладна, што выхаванцы атрымалі веды, якія ім абавязкова спатрэбяцца і ў жыцці, і ў спартыўнай кар’еры. І мне імпануе той факт, што дзяцей вельмі зацікавілі ідэі алімпізму. Яны навучыліся працаваць у камандзе, прыслухоўвацца да меркавання сяброў. Часта менавіта гэтае ўменне з’яўляецца залогам поспеху работы калектыву ў спорце або ў любой іншай сферы дзейнасці. Задача сучасных педагогаў — паглядзець на свет вачыма сённяшніх дзяцей, самім стаць як дзеці. Толькі тады мы зможам знайсці пункт перасячэння нашых поглядаў, інтарэсаў і памкненняў.

Вольга АСІПЕНКА,
інструктар-метадыст ДЮСШ Гомеля па боксе, кулявой стральбе.