Юнацкі інтэлект для будучыні

- 16:12Якасць адукацыі

У Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку завяршыўся рэспубліканскі тыдзень тэхнічнай творчасці “Юнацтва Інтэлект. Будучыня”. Пачынаючы з 22 лістапада, навучэнцы ўстаноў адукацыі з усіх рэгіёнаў краіны дэманстравалі свае веды ў галіне інавацыйных тэхналогій. Галоўнай падзеяй тыднёвай праграмы стаў конкурс камп’ютарных распрацовак “ПАТРЫЁТ.by”, які прайшоў у фармаце прэзентацый даследчых праектаў ад удзельнікаў лістападаўскай адукацыйнай змены.

Стварыць незабыўную атмасферу крэатыву і адкрыццяў, даць магчымасць дзецям падзяліцца вопытам і радасцю першых дасягненняў, закласці падмурак паспяховай будучыні — менавіта з гэтымі мэтамі Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк штогод праводзіць рэспубліканскі тыдзень тэхнічнай творчасці “Юнацтва. Інтэ­лект. Будучыня”.

У межах тыдня адбылося шмат займальных мерапрыемстваў. Гэта і дні адкрытых дзвярэй “Творчасць. Адкрыццё. Дасягненні”, якія далі магчымасць падрастаючаму пакаленню пазнаёміцца з работай дзіцячага тэхнапарка, і наведванне інфармацыйнага цэнтра па атамнай энергіі і інтэрактыўнай асветніцкай студыі “Экатэхнум”, дзе праходзяць пазнавальныя лекцыі і практычныя заняткі. Праграма тыдня прадугледжвала таксама правядзенне прафарыентацыйнага анлайн-вэбінара для навучэнцаў “Хобі, як прафесія і прафесія, як хобі” і рэспубліканскага семінара “Асаблівасці рэалізацыі адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі” для педагогаў і работнікаў устаноў дадатковай адукацыі. Акрамя таго, для ўсіх удзельнікаў былі арганізаваны анлайн-прэзентацыі аддзелаў і лабараторый дзіцячага тэхнапарка, аснашчаных па апошнім слове тэхнікі.

Сярод мерапрыемстваў асаблівае месца заняў рэспубліканскі конкурс камп’ютарных распрацовак патрыятычнай накіраванасці “ПАТРЫЁТ.by”. Кожны год гэтае інтэлектуальнае спаборніцтва адкрывае новыя імёны юных праграмістаў, якія, пачынаючы са школьнай парты, падаюць вялікія надзеі. Конкурс уключаў у сябе тры намінацыі: “Памятаем мінулае, цэнім сучаснасць, будуем будучыню”, “Мінулае і будучыня краіны — адзінства пакаленняў” і “Маё месца ў гісторыі маёй краіны”.

Навучэнцы прадставілі камп’ютарныя гульні і творчыя праекты, якія раскрываюць сутнасць гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі, найбагацейшых нацыянальных традыцый, а таксама дасягненняў беларускага народа ў розных сферах жыццядзейнасці. Па выніках конкурсу пераможцы і прызёры (з іх спісам можна азнаёміцца на сайце Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка) атрымалі дыпломы ад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і памятныя прызы.

Удзельнічаючы ў мерапрыемствах тыдня тэхнічнай творчасці, размаўляючы з аднагодкамі і спецыялістамі, школьнікі мелі ўнікальную магчымасць павы­сіць свой узровень кампетэнтнасці ў сферы інфармацыйных тэхналогій, інжынернай экалогіі, стварэння рабатызаваных сістэм, “зялёнай хіміі” І іншых галінах.

Дзмітрый АРХІПЕНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.